CityDog.io разам з брэндам «Мова вольных» прапаноўвае гульню: мы вам – прыказкі, прымаўкі і ўстойлівыя выразы па-руску, а вы нам – іх жа, але па-беларуску. Праверым, ці справіцеся?

Як сказаць па-беларуску «разбирается как свинья в апельсинах»?
- Разумее як баран на Бібліі.Сапраўды, ёсць такі выраз.
- Глядзіць як гусь на бліскавіцу.Не, гэта адпаведнік рускаму выразу «как баран на новые ворота». Так кажуць, калі чалавек разгублены ці збянтэжаны.
- Набраўся як свіння гразі.Так кажуць у іншай сітуацыі: пра дужа п’янага чалавека.

А можаце перакласці на беларускую «как корове седло»?
- Як певень пасля кукарэку.Не. Так кажуць, калі «застыл как вкопанный».
- Як свінні пацеркі.Так. Або яшчэ кажуць «як свінні завушніцы». Таксама варыянт – «як карове падсядзёлак».
- Як хваробе кашаль.Блізка, але не зусім. Так кажуць пра нешта, што не дапамагае. Падобны рускі выраз – «как мертвому припарки».

А як па-беларуску «в семье не без урода»?
- Ні да печы, ні да рэчы.Блізка, але не: так кажуць, калі нешта адбываецца недарэчы і не да месца. «Ни к селу ни к городу» па-руску.
- У балоце не без чорта.Сапраўды! А яшчэ кажуць «няма роду без выроду».
- Чорт босы нагу зломіць.Не. Гэтак кажуць, калі ўсё заблытана і незразумела.

Перакладзіце «не было печали – черти накачали».
- Чорт чорта пазнаў – на піва пазваў.Упс, не. Гэта прыблізна тое ж, што «рыбак рыбака видит издалека».
- Як нам жаніцца – дык ноч кароткая.Не зусім. Гэтак кажуць, калі хранічна не шанцуе па жыцці.
- Не мела баба клопату – купіла парася.Дакладна!

А як будзе па-беларуску «с гулькин нос»?
- Камарова жменя.Сапраўды. А яшчэ ёсць добрыя выразы «з камарову лытку» і «кату на адзін зуб».
- Кату па пяту.Блізка, але не. Так раней казалі пра чалавека маленькага росту.
- Як сабаку пятая нага.Не, гэта зусім пра іншае. Так кажуць пра нешта лішняе.

Як сказаць па-беларуску «гусь свинье не товарищ»?
- Чэрці адной шэрсці.Не, гэта хутчэй пра падобных людзей – як «абое рабое», напрыклад.
- Першае цялятка – шчанятка.Упс, не. Гэтак кажуць па-беларуску, калі па-руску «первый блин комом».
- Воўк сабаку не радня.Дакладна. Або яшчэ кажуць «раўня як свіння да каня».

«Любишь кататься – люби и саночки возить». Чулі такое? А як па-беларуску?
- Улез у дугу – не кажы «не магу».Не. Гэта пра тое, што непажадана кідаць пачатую справу.
- Любіў цалаваць – любі і дзяцей калыхаць.Дакладна. Яшчэ кажуць «умеў гуляць – умей і дзіця забаўляць».
- У крыніцу не носяць вадзіцу.Не, гэта пра іншае. На рускую можна перакласці як «в гости с чужим самоваром не ходят».

А як па-беларуску скажаце «груши околачивать»?
- Дурня клеіць.Не зусім. Так кажуць, калі нехта прыкідваецца дурнем.
- Рэбры перамацаць.Не, гэта беларускі адпаведнік рускаму «намять бока».
- Сабак сцерагчы.Так. А можна яшчэ сказаць «верабʼям дулі паказваць».

Як па-беларуску «сравнил божий дар с яичницей»?
- Прыраўняў свінню к каню.Дакладна! Або яшчэ «прыраўняў казулю да зязюлі».
- Прыйдзе каза да ваза.Не. Гэта прыблізна тое, што па-руску «не плюй в колодец – пригодится воды напиться».
- Сябры як рысь з мядзведзем.Не. Так кажуць, калі нехта з некім не зусім сябруе.

І апошняе: як па-беларуску будзе «не учи ученого»?
- Рост чалавечы, а розум авечы.Не, гэта пра іншую сітуацыю: калі «вырас да неба, а дурны як трэба».
- Не вучы бацьку дзяцей рабіць.Дакладна. А яшчэ кажуць «не вучы акуня плаваць».
- Не чапай, бо лясне.Не, такое пішуць на прадмеце, які ўяўляе небяспеку. Напрыклад: не лезь у трансфарматар, калі ты не электрык.
Ілюстрацыі: unsplash.com, CityDog.io.