Яго партрэты прадаваліся на вуліцах гарадоў – іх малявалі нават на сервізах. Мінакі яму апладзіравалі. Кіраўнікі дзяржаў наперабой запрашалі ў госці… Што ён такога зрабіў? Разбіраемся.
Тадэвуш Касцюшка (1746–1817) нарадзіўся ў маёнтку Малыя Сяхновічы (цяпер Жабінкаўскі раён). Быў прафесійным вайсковым інжынерам – адным з першых у Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША (1776–1781). Як генерал войскаў Рэчы Паспалітай у вайне з Расіяй (1792) выйграў шэраг бітваў. Узначаліў паўстанне 1794 г. за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Цяжка паранены, быў захоплены ў палон, зняволены ў Санкт-Пецярбургу. У 1796 годзе вызвалены новым імператарам. Жыў у ЗША, пасля вярнуўся ў Еўропу. Апошнія гады пражыў у Залатурне (Швейцарыя), дзе і памёр. Цела пасля перавезлі ў Кракаў, на Вавель, а цяпер Касцюшка пахаваны ў саборы Святых Станіслава і Вацлава, побач з каралямі і нацыянальнымі героямі.
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталяў і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
ТОЖЕ ВАЖНО: этот текст можно читать и по-русски.
Тадэвуш Андрэй Банавентура Касцюшка (гэта яго поўнае імя) рос у Мерачоўшчыне пад Косавам. Пасля мільянер-прадпрымальнік Пуслоўскі збудуе побач свой палац са шклянымі падлогамі – спецыяльна так, каб з вокнаў была бачная Касцюшкава драўляная сядзібка.
Ой ты Костюшко хорошый мій,
Як тэбэ люблять, як тэбэ льшчать,
Шчо коло тэбэ грошы брашчать, –
дагэтуль спяваюць у вёсках пад Брэстам. Гэта песня не пра нашага Тадэвуша (грошай у яго заўсёды было мала), а пра нейкага абстрактнага Кастуся. Касцюшка – старажытная мясцовая форма імені Канстанцін.
У юнацтве Касцюшка быў дуэлянтам: ён ледзь не забіў ваяводу, іх мірыў кароль
Калі зрабіць кантэнт-аналіз яго лістоў, то самым частотным словам будзе «справядлівасць».
Першы вядомы партрэт Тадэвуша – з 15 гадоў: пульхныя вусны, румяныя шчокі, дзёрзкі погляд. Далікатнага целаскладу, худы, мініяцюрны. Ён усё жыццё завіваў сабе валасы. Неўзабаве гэты падлетак паступіць на інжынерную спецыяльнасць у новы кадэцкі корпус у Варшаве.
Падлетак Касцюшка. Партрэт невядомага аўтара (1761).
Там упершыню праявіўся яго нораў. Цяжка ўявіць, каб сёння які-небудзь курсант вайсковай вучэльні напісаў скаргу на старшыню аблвыканкама. А Касцюшка выклікаў на дуэль ваяводу, бо той штурхнуў кадэтаў падчас танца і не выбачыўся, – гісторыя ў стылі д’Артаньяна. Іх мірыў сам кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Навучанне Касцюшка скончыў выдатна, але працы па спецыяльнасці не знайшоў – у войску Рэчы Паспалітай не было вакансій. І 23-гадовы Тадэвуш паехаў на каралеўскую стыпендыю ў Парыж – вывучаць мастацтва. Там, як піша аўтар яго грунтоўнай біяграфіі польскі гісторык Тадэвуш Корзан, Касцюшка і заспеў першы падзел Рэчы Паспалітай.
У якой дзяржаве рос Касцюшка: прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай
Як можна самім прагаласаваць за тое, каб тваю краіну падзялілі суседзі? Такое адчуванне, што шляхта была пад гіпнозам. 18-е стагоддзе ў нашай гісторыі – самае балючае. Гэта гісторыя тупасці, абыякавасці, атамізаванасці…
Рэч Паспалітая была вялізнай аграрнай краінай. Яе дзяржаўны арганізм не працаваў: кароль не меў улады, магнаты купаліся ў раскошы і не плацілі падаткаў, гарады занепадалі, прамысловасці не існавала; адукацыя, войска, суды – усё было адсталае. Але змяняць нешта панічна баяліся. А хто не баяўся, таго забівалі або вывозілі ў Расію. Як да такога дайшло?
Палітыку Рэчы Паспалітай тады вызначалі расійскія імператары.
Гэта пачалося яшчэ ў канцы 17-га стагоддзя. Тагачасны кароль Рэчы Паспалітай, саксонец Аўгуст ІІ, і расійскі цар Пётр І пазнаёміліся ў час першай у гісторыі (у 1697-м) вялікай паездкі расійскага пасольства на Захад. Малады Пётр быў захоплены Аўгустам – ён хацеў забаўляцца, а Аўгуст умеў забаўляць: цаляў з пісталета ў мішэнь з заплюшчанымі вачыма, мог выпіць бочку, меў 300 пазашлюбных дзяцей… Яны пасябравалі і сталі хаўруснікамі ў вайне супраць шведскага караля Карла ХІІ.
Паўночная вайна лічыцца шведска-расійскай, але адбывалася яна на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дзве вялізныя арміі тапталіся па Беларусі, Украіне, Польшчы, пакідаючы абрабаваную выпаленую зямлю і ўзарваныя замкі.
Пра тое, што яны тут у гасцях, неяк асабліва не помнілася. Пётр І, якому не спадабалася ікона ў полацкім Сафійскім саборы, пазабіваў манахаў, а ў старажытным храме загадаў зрабіць склад пораху (і порах пасля пасля ўзарваўся).
Нават калі шведаў перамаглі, расійскае войска нікуды не сышло. Яно засталося як «гарант міру» паміж каралём і шляхтай, якая хацела яго выгнаць. А каб кароль не баяўся, уласнае войска Рэчы Паспалітай зменшылі да мізеру. Такую камбінацыю прыдумаў «міратворца» – Пётр І.
Надалей называць Рэч Паспалітую незалежнай дзяржавай ужо не выпадала.
Як Расія і Прусія з дапамогай купленай шляхты блакіравалі рэформы Рэчы Паспалітай
Каб паскорыць дэградацыю Рэчы Паспалітай, яе суседзі, расійскі імператар і прускі кароль, дамовіліся ахоўваць старыя парадкі. Быў верны спосаб: каб увесці новы закон, трэба была аднагалосная падтрымка сойма. Дастаткова было падкупіць аднаго цёмнага шляхціца, які крыкне «вета!», каб праваліць рэформу, якую рыхтавалі найразумнейшыя галовы.
А праводзіць сваіх пратэжэ на выбарах можна было проста з дапамогай войска: так Расія паставіла апошніх каралёў Рэчы Паспалітай – Аўгуста ІІІ і Станіслава Панятоўскага.
Былі і маладыя, адукаваныя магнаты-рэфарматары – прапаноўвалі павялічыць армію, скасаваць «ліберум вета» і прымаць рашэнні большасцю галасоў, ураўняць у правах мяшчан і шляхту, а прыгонных сялян перавесці на падатак… Расія з Прусіяй праз купленых шляхціцаў усё блакіравалі.
Калі імперыя бачыла, што губляе кантроль над сітуацыяй, арганізоўвала скаргі ад праваслаўных пра ўціск веры – і ўводзіла войскі для іх абароны. Апазіцыйна настроеную шляхту арыштоўвалі і адпраўлялі у Расію, а тых, хто браўся за зброю, – проста ў Сібір на катаргу, піша гісторык Генадзь Сагановіч.
Асабістае жыццё Касцюшкі: чаму ён не жаніўся і як гэта паўплывала на перамогу ЗША ў вайне за незалежнасць
У такой дзяржаве рос Касцюшка. Магчыма, ён і захацеў стаць вайскоўцам, каб на штосьці паўплываць. Але на радзіме (якую першы падзел зменшыў на траціну) вакансій не было – Расія і Прусія змусілі Рэч Паспалітую моцна зменшыць войска. Тут Касцюшку прыдалася прафесія, асвоеная ў Францыі: ён пайшоў настаўнікам малявання да дачкі сенатара Сасноўскага. Успыхнула каханне, але яе бацькі былі супраць шлюбу – занадта бедны жаніх.
Касцюшка ўсё жыццё пражыў халасцяком, хоць жанчын любіў і часта закохваўся. Перашкодай было няроўнае маёмаснае становішча: ён заўжды выбіраў статусных і заможных дзяўчат, а іх сем’і лічылі яго занадта бедным.
І нават вялікая слава, якую ён заслужыў з гадамі, не змяніла сітуацыі: да таго часу ён зрабіўся ў вачах дзяўчат яшчэ і занадта старым…
Хоць у радасцях сабе не адмаўляў: калі Касцюшка быў у Амерыцы, да яго ў госці прыходзілі вясёлыя амерыканкі, і ён іх маляваў з натуры – без адзення. А сваёй апошняй даме сэрца ён літаральна адпісаў сваё сэрца. Забальзамаванае.
У Амерыку Касцюшка трапіў з гора: атрымаўшы адмову ад Сасноўскіх, паехаў у Францыю і завербаваўся там у амерыканскае войска. Былыя амерыканскія калоніі тады ваявалі, каб вызваліцца з-пад улады англічан.
На амерыканскай вайне за незалежнасць Касцюшка быў найперш інжынерам: праектаваў плаціны, пераправы, форты, мог затапіць нейкую тэрыторыю, адрэзаўшы варожыя аддзелы, збудаваць непрыступныя ўмацаванні. Яго мастацтва дапамагло ЗША перайграць Брытанію ў той вайне.
Касцюшку шанаваў Джордж Вашынгтан. «Самы сапраўдны сын свабоды, якога я ведаў, прычым свабоды ён хацеў для ўсіх», – казаў пра Касцюшку трэці прэзідэнт ЗША Томас Джэферсан (малавядомы ў нас, бо яго партрэт надрукаваны на рэдкай банкноце ў 2 долары). Захавалася перапіска Касцюшкі і Джэферсана, у якой Касцюшка нязменна звяртаецца да прэзідэнта sir, a Джэферсан да Тадэвуша – «мой дарагі генерал і сябар».
Пасля вайны Касцюшка атрымаў пажыццёвую пенсію і плантацыю ў 200 гектараў – ясная справа, з рабамі. Ім ён, як сапраўдны сын свабоды, даў вольную.
Джордж Вашынгтан узнагароджвае Касцюшку ордэнам. Карціна Міхала Стаховіча.
Касцюшка выйграваў бітвы з рускімі, але пасля яму здрадзіў кароль
Але Касцюшка яшчэ разлічваў прыдацца на радзіме. У войску Рэчы Паспалітай па-ранейшаму не было месца. І ён асеў на вёсцы, у Сяхновічах Жабінкаўскага раёна, піў любімую каву і варыў сыры, а замест фартоў праектаваў садовыя лабірынты.
У 1788 годзе Расія загрузла ў вайне з Турцыяй. Прагрэсіўныя сілы Рэчы Паспалітай пабачылі ў гэтым шанц: у Варшаве сабралі сейм, які засядаў чатыры гады і за гэты час адмяніў «ліберум вета», запусціў у краіне рэформы, прыняў Канстытуцыю.
Першай пастановай войска павялічылі да 100 тысяч чалавек. Касцюшка адразу атрымаў генеральскія паўнамоцтвы. Пакуль Расія апомнілася, паспелі набраць 37 тысяч чалавек. Нават з неабстралянымі навабранцамі Касцюшка пачаў выйграваць бітвы і ў цэнтральнай Беларусі спыніў наступ рускіх, якія прыйшлі «абараніць» старыя законы.
У справу пайшоў подкуп, з прадажнай шляхты ўтварылася прарасійская «Таргавіцкая канфедэрацыя» – і сам кароль, які нядаўна віншаваў Касцюшку з перамогай, яе ўзначаліў… Адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Касцюшка ў знак пратэсту выйшаў у адстаўку і выехаў з краіны.
Менавіта пасля гэтага ён стаў народным героем і найбольшым маральным аўтарытэтам – лепшай кандыдатуры на пасаду кіраўніка паўстання не было. Ведаючы Касцюшкаву дэмакратычнасць, яму не страшна было даць дыктатарскія паўнамоцтвы.
Пабачыўшы ў Амерыцы рэйнджараў, Касцюшка прыдумаў касінераў
Паўстанне было непадрыхтаванае, але адкладаць не было як: войска Рэчы Паспалітай змушалі прысягаць на вернасць Расіі (афіцэраў, якія адмаўляліся, знаходзілі мёртвымі) – а пасля салдатаў адпраўлялі служыць у далёкія губерні, дзе яны выміралі ад голада і хвароб.
Францішак Смуглевіч. Прысяга Касцюшкі на Кракаўскім рынку (1797).
15 сакавіка 1794 года на галоўнай плошчы Кракава было абвешчана Паўстанне грамадзян, і Касцюшка прыняў прысягу. Адзін з галоўных польскіх рэфарматараў таго часу Гуга Калантай успамінаў, што Касцюшку выбралі як чалавека, якога паважалі павальна, загад якога ніхто не падумае аспрэчваць.
Дый Касцюшка кіраваў не анархічнымі паўстанцамі. Пад яго загадам была ўжо абстраляна рэгулярная армія Рэчы Паспалітай. У дапамогу салдатам Касцюшка, паводле ўзору амерыканскіх рэйнджараў, стварыў аддзелы сялян з наточанымі косамі. Касінеры, героі бітвы пад Рацлавіцамі, сталі легендай усіх наступных паўстанняў супраць Расіі ў 19-м стагоддзі.
Каб набіраць касінераў, Касцюшка абвясціў пра вызваленне сялян ад прыгону. (Нагадаем, што нашы продкі змаглі вызваліцца з рабства толькі праз стагоддзе, у 1861–1905 гадах. А праз 25 гадоў зноў пачалася калектывізацыя.)
Яшчэ Касцюшка быў першым палітыкам на нашых землях, які звярнуўся да жанчын – «грамадзянкі!..»: «Ніякіх правоў народ не можа дамагчыся без прыкрых і балючых ахвяр», – рыхтаваў ён суграмадзянак.
Расійская імператрыца Кацярына ІІ, якая пасадзіла Касцюшку ў турму, памерла «в уборной» – але гэта не прыбіральня
Па першым часе паўстанцы мелі поспех. Ім удавалася перамагаць і на полі бою, і ў тыле: партызанскія рэйды даходзілі да Бабруйска, знішчаючы расійскія гарнізоны.
Але тут Расія замірылася з Турцыяй, і ў Беларусь перакінулі войскі пад загадам фельдмаршала Суворава… Паўстанне пратрывала сем месяцаў. Падчас бітвы каля Мацяёвіцаў Касцюшку захапілі ў палон. Пасля таго рускія ўзялі Варшаву. Неўзабаве Рэч Паспалітая была падзелена канчаткова.
Паранены ў бітве Касцюшка спрабаваў застрэліцца, каб не трапіць у палон, але порах у яго пісталеце адсырэў. У турме ў Пецярбургу спрабаваў марыць сябе голадам. Тады яго перавялі з крэпасці ў ганаровае зняволенне – у Мармуровы палац з відам на Няву.
А праз два гады памерла яго турэмшчыца – імператрыца Кацярына ІІ. Злыя языкі казалі: у прыбіральні, на троне Рэчы Паспалітай, які яна туды загадала паставіць. На самой справе Кацярыну ІІ разбіў інсульт «в уборной» – так тады называлі гардэробны пакой, і праўда злучаны з прыбіральняй.
Да ўлады ў Расіі прыйшоў яе сын Павел І, які ўсё жыццё ненавідзеў маці і цяпер меў магчымасць адыграцца. Ён рабіў усё наадварот, таму выпусціў Касцюшку, надзяліў грашыма і мядзвежымі футрамі. А яшчэ паабяцаў выпусціў паплечнікаў і 12 тысяч палонных паўстанцаў – трэба было толькі прысягнуць на вернасць расійскаму імператару.
Касцюшка прысягнуў, але, як выехаў за мяжу, ад прысягі адрокся. А футры перадарыў амерыканскаму прэзідэнту Джэферсану і яго жонцы з парадай улетку націраць іх хмелем, каб моль не ела.
Ёсць дакумент, у якім Касцюшка прызнаецца, што ён не паляк
У Амерыцы Касцюшку чакалі гектары і пенсія, але ехаць туды жыць ён не хацеў. Пісаў Джэферсану, маўляў, калі я з’еду, у Еўропе не застанецца палякаў – бо ўсе прысягнулі чужым дзяржавам. Хоць з-за мяжы, але ён хацеў ціснуць сваёй прысутнасцю на тых, хто цяпер распараджаўся Рэччу Паспалітай. Рэшту амерыканскай пенсіі Касцюшка распарадзіўся патраціць на вызваленне і адукацыю чарнаскурых рабоў.
Давайце разбяромся, што значыла ва ўспрыманні Касцюшкі і яго сучаснікаў слова «паляк». Яно пазначала палітычную («грамадзянін Рэчы Паспалітай») прыналежнасць. Нацыянальная самасвядомасць у тыя часы яшчэ не да канца сфарміравалася і не мела такога значэння. Тым часам якраз этнічныя пачуцці мае на ўвазе прапанагда, калі называе Касцюшку польскім героем.
Выдатна тлумачыў гэта пытанне польскі гісторык, ганаровы доктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Ежы Клачоўскі: «Міцкевіч свае словы “Літва! Мая Айчына!” пісаў як грамадзянін Рэчы Паспалітай. Паляк – гэта была катэгорыя палітычная, але тыя людзі паходзілі з Літвы, Русі, Беларусі, Мазовіі. Касцюшка мог адначасна быць беларусам і палякам».
Дарэчы, існуе дакумент, дзе Касцюшка адмаўляе сваю «польскасць». За некалькі гадоў да паўстання яго залічылі ў войска Польскай Кароны, і ён пагражаў начальству: бачыць бог, я зраблю сабе што-небудзь кепскае, калі мяне не перавядуць у войска Вялікага Княства. «Ці ж я не літвін, не зямляк ваш?!» – цытуе ліст Касцюшкі Тадэвуш Корзан.
Прыхільнасць Касцюшкі да каталіцтва таксама не пацвярджаецца. «Палякі не складуць зброі, пакуль праваслаўныя не стануць свабоднымі і шчаслівымі», – пісаў ён у Паланецкім універсале. Продкі Касцюшкі таксама былі праваслаўныя. А сам генерал, як і многія дзеячы эпохі Асветніцтва, быў агностыкам.
Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVІІІ ст.. Мінск, 2001.
Да Касцюшкі ў эміграцыі прыязджаў Напалеон
На апошніх партрэтах Касцюшка – стомлены эмігрант, з верай, але без вялікіх надзей. Ён асеў у Швейцарыі. Да абеду – настаўніцтва, пасля абеду – карты, більярд і шахматы, конная прагулка ды чытанне. Да канца жыцця ён многа маляваў, такая была яго тэрапія.
Касцюшка не любіў пафас, у побыце быў падкрэслена сціплы, пісаў, што не любіць славы, не мае амбіцый… Але і пасля паразы паўстання, і пасля турмы ён працягваў пільнаваць момант.
Вялікія надзеі на Касцюшку меў Напалеон: ён хацеў, каб Касцюшка сагітаваў дзясяткі тысяч эмігрантаў з Рэчы Паспалітай уступаць у французскае войска. Але дэмакрат Касцюшка гідзіўся папуліста-імператара, які адправіў свае польскія аддзелы душыць паўстанне рабоў на Гаіці.
Напалеон пакрыўдзіўся: «Дурань! Не такі ўжо ён і важны!»
Спадзяваўся на Касцюшку і расійскі імператар Аляксандр І. Яму патрэбен быў паляк, які б кіраваў марыянетачным Царствам Польскім у складзе імперыі. Касцюшка выслухаў план разгневана і вярнуўся ў Швейцарыю. Там, у Залатурне, ён і памёр, зваліўшыся з каня падчас прагулкі. Сваёй апошняй воляй вызваліў сваіх беларускіх сялян і надзяліў іх зямлёй.
Чаму Касцюшка герой – у тым ліку Беларусі?
Каб зразумець гэта, трэба асэнсаваць маштаб яго асобы. Касцюшка быў не проста паўстанец. Ён быў кіраўніком дзяржавы, якая – адна, супраць усяго свету – змагалася за сваю будучыню.
Ідэалам Касцюшкі была не архаічная адсталая Рэч Паспалітая 18-га стагоддзя з рабствам, прадажнымі магнатамі і цёмнай шляхтай. Тадэвуш Касцюшка быў чалавекам будучыні – вельмі важнымі для яго былі рэчы, якіх большасць тады яшчэ не разумела: правы, дэмакратыя, асабістая свабода. Ужо мы разумеем іх вельмі добра.
Тую дзяржаву, якая праглядаецца з пісаных Касцюшкам законаў-універсалаў часоў паўстання, можна назваць першым на кантыненце дэмакратычным эксперыментам: са свабоднымі сялянамі, правамі жанчын, рэлігійным раўнапраўем. Яе затапталі не гатовыя да такога суседзі, але Касцюшка даў узор, перспектыву, да якой можна было імкнуцца, даў надзею. Часам гэта настолькі ж важна, як і перамагчы.
Паўстанне 1794 года не перамагло – але і не прайграла. Бо з дзяцей удзельнікаў паўстання ў 1820-я выраслі філаматы і філарэты – студэнты Віленскага ўніверсітэта, зацікаўленыя пошукам сябе, сваёй ідэнтычнасці, сацыяльнай справядлівасці. (Яны, дарэчы, першыя пачалі збіраць і запісваць беларускія песні.)
Іх пакаленне ўзняло антырасійскае паўстанне 1830–1831 гадоў. Паўстанне не перамагло – але і не прайграла: пасля соцень высылак і канфіскацый маёнткаў вырасла новае пакаленне, якое прыйшло да высновы: кожная зямля мае сваю гісторыю, а кожны народ мае права сабой кіраваць.
Гэты тэзіс паўстання 1863 года развілі дзеці і выхаванцы тагачасных паўстанцаў – нашы літаратурныя класікі, якіх мы вывучаем у школе.
Ніколі не вядома, чым адзавецца жэст, ахвяра і нават меркаваная параза.