«Дзе тут сумаваць?» Пачытайце, як беларусы праводзяць зіму ў вёсцы. І колькі гэта каштуе

«Дзе тут сумаваць?» Пачытайце, як беларусы праводзяць зіму ў вёсцы. І колькі гэта каштуе
↵ПрПрППраект DownShifter.by вырашыў звярнуцца да сваіх герояў, каб даведацца, як ім зімуецца, ці не холадна і не нудна, ці не закапаліся яны ў снезе і як перажываюць маразы іх гадаванцы. А таксама колькі каштуе гэта задавальненне – зімоўка ў беларускай вёсцы.

↵ПрПрППраект DownShifter.by вырашыў звярнуцца да сваіх герояў, каб даведацца, як ім зімуецца, ці не холадна і не нудна, ці не закапаліся яны ў снезе і як перажываюць маразы іх гадаванцы. А таксама колькі каштуе гэта задавальненне – зімоўка ў беларускай вёсцы.

Рэпетытарка па англійскай мове Ева Гілевіч, Яцкава-Пяскі.

– Сёлетняя зіма дастаткова цяжкая, асабліва калі ў нас быў моцны снегапад і маразы да -20. У нас ёсць сусед з трактарам, таму звычайна мы чысцім вясковую дарогу самі і не дурым сабе галавы. Але ён тут не жыве ўвесь час. І сёлета акурат супала, што ў гэты час яго не было, таму давялося памахаць рыдлёўкай. А камунальныя службы нашу вёску расчысцілі толькі на чацвёртыя суткі. Я ўжо проста званіла і пагражала страшнымі рэчамі, калі не расчысцяць.

Таксама спрабавала пакінуць заяўку на 115. Званю, кажу, пачысціце дарогу ў Яцкава-Пяскі, а цёценька на тым канцы кажа: «А вас няма. У нашым спісе няма такой вёскі».

Ну як так? Я ёй званю, а яна мне кажа: «Вас няма»

Тады я вырашыла пазваніць, каб нашу вёску ўнеслі ў спіс, але аўтаадказчык сказаў, што я 25-я ў чарзе. Таму я вырашыла заняцца гэтым крыху пазней.

У снежнае надвор’е я заўсёды важу з сабой у машыне рыдлёўку. І ведаю ўжо, дзе не варта рызыкаваць, каб праскочыць, а лепш паставіць машыну і прайсці пешшу. А ў тым, каб расчысціць двор ад снегу, нічога складанага. Проста яшчэ адзін клопат узімку. Ну, і ў моцныя маразы стаўлю сабе будзільнік уначы і праграваю машыну, таму што ў мяне дызель і ён можа закапрызіць. Але ж гэта не кожны дзень.

Мае коні пераносяць маразы нармальна, хіба што ядуць вельмі шмат. Ходзяць яны ў непрамакальных цёплых папонах, якія бароняць ад холаду і ветру. Паю коней цёплай вадой, нашу сена, пілавінне. Крыху больш клопату, але я прывыкла. У самыя моцныя маразы, напрыклад у -30, у коней могуць падмярзаць вушы. Але пакуль такога не было. Бывае, з пушчы ў пошуках ежы прыходзяць дзікія коні, даводзіцца іх ганяць, каб яны да маіх не чапляліся і не ладзілі боек.

Дома ў моцныя маразы я ўключаю абагравальнік у дадатак да печак. І тэмпература ў хаце ніколі не апускаецца ніжэй за 19 градусаў. Я не шкадую ні дроваў, ні электрычнасці.

Мне, можа, і хацелася б паляжаць на печы, пахандрыць, але ў мяне такі расклад, што туды проста няма куды ўпісаць сум

Зранку коні, сабакі, каты, печы, прыборка, удзень праца, увечары зноў заапарк. Каля 23-й кладуся спаць. І зноў новы дзень. Па суботах я хаджу ў лазню, а ў нядзелю запрашаю да сябе сяброў. Так што дзе тут сумаваць?

Рамеснікі Насця і Сяргей (Мікіціч) Дабравольскія, Кашчэлічы.

– Сёлета ў канцы лета мы пераехалі з Казіміраўкі на Лоеўшчыне ў Кашчэлічы Валожынскага раёна. Нашай галоўнай задачай было зрабіць да зімы ў нежылым доме мінімум умоў, каб у ім можна было камфортна жыць. Ну, і на што хапіла грошай: зрабіць дах, каб ён не працякаў; паставіць новыя вокны, каб яны не прадзімаліся; пакласці новую падлогу і скласці печкі. Пакуль было цёпла, мы спалі ў намёце ў двары, а калі пахаладала, сталі начаваць у доме суседкі. Раніцай прачыналіся, прыходзілі сюды, працавалі да вечара. Затым ізноў ішлі да суседкі, тапілі печку і клаліся спаць. Чым далей гэта ўсё працягвалася, тым больш мы стамляліся. Але мы прывыкшыя да такога аскетызму.

Нават праз холад не было асаблівага дыскамфорту. Проста рухаешся і табе цёпла

Гэта ўсё падобна на дзень сурка, але ты пашаш, таму што ў цябе ёсць мэта.

Наш сусед Віця вельмі радуецца, што мы тут пасяліліся. Бачна, што людзям неабходны пастаянныя зносіны, асабліва зімой, калі працы мала. Нам жа гэта зусім не абавязкова. Мы з Мікіцічам можам маўчаць цэлы дзень і кожны займацца сваімі справамі: чытаем, нешта глядзім, працуем.

Нават у самы моцны мароз мы ўсё адно выходзім на двор. Трэба ж дровы прынесці. Пойдзеш па дровы – станеш, паглядзіш, як шэрань легла на галінкі дрэў, пазаліпаеш. У туалет выйдзеш на вуліцу, пахрусціш снегам. Можам проста прагуляцца, размяць ногі. Зімой усё максімальна спакойна, уваходзіш у сінхрон з прыродай, становішся крыху затарможаным, запаволеным. Пры гэтым я не ўяўляю, як можна мёрзнуць у хаце, калі ёсць печка.

Што тычыцца расчысткі снегу, мы атрымалі іншы досвед, калі пераехалі сюды. Казіміраўка, дзе мы жылі раней, была ўзорна-паказальнай вёскай. Старшыня сельсавета заўсёды вазіла туды ўсялякія праверкі, каб паказаць, як там кусты прыгожа высечаны і ўсё такое. У нас там былі дачнікі-актывісты, якія, ледзь што не так, званілі ў райвыканкам. Таму дарогу (а там асфальт быў да самага дома) чысцілі спраўна. Мы прачыналіся а сёмай раніцы – дарога ўжо была расчышчана. А тут цяжкавата з гэтым. Дарога калі і чысціцца, то праязная, а другасныя вясковыя вулачкі далёка не адразу.

– Калі пачаўся снегапад, – узгадвае Мікіціч, – мне трэба было на наступны дзень выехаць на машыне. Таму я вырашыў з вечара выгнаць машыну на галоўную дарогу. Але пакуль раскапваў машыну, дарогу замяло так, што я ўжо не змог выехаць. Давялося раніцай ісці пешшу да чыгуначнай станцыі ў пяці кіламетрах. Выйшаў – на дарозе ні следу. Праз метраў 300 выйшаў на сабачыя сляды і пайшоў па іх. Калі ўжо амаль дайшоў да станцыі, сустрэў школьны аўтобус. Кіроўца стаяў з лапатай, нешта адкапваў. Праходзячы міма, я пачуў ад яго: «Тую Рудзеўшчыну, мусіць, у вайну немцы знайсці не маглі, а туды дзіця засялілася! Як туды прабрацца?»

Мясцовыя кажуць, што мы налаўчымся. Будзем такія моманты прадбачыць загадзя. Пачнём заўважаць, калі пачынаецца снегапад, і будзем разумець, што трэба перапаркаваць машыну на галоўную дарогу. А так – чысцім сцяжынкі да асноўных пунктаў: туалета, дроўніцы, калодзежа. І ходзім пасля, як па лабірынце.

Бізнес-анёл Валерый Астрынскі, Барава (фота з архіва героя).

– Я ўжо другую зіму адбываю «хімію» ў Барава на Іўеўшчыне. Нават у самыя моцныя маразы не мёрзну – я павесіў электракацёл, зрабіў электраацяпленне і развёў па ўсёй хаце. А печкі ўжо таплю па вечарах для каларыту.

Хата, у якой я жыву, спажывае зімой каля 2000 кВт⋅г. Пакуль тарыф максімальны 29 капеек за кілават, што значыць, я плачу крыху больш за 500 рублёў у месяц

Але я прайшоў шлях з узгадненнем электраправодкі і хутка, калі прапішуся ў вёсцы, буду плаціць за электрычнасць па тарыфе 10 капеек за кілават.

Валерый Астрынскі з сям’ёй (фота з архіва героя).

Яшчэ летась я ўзяў у лясгасе дзялянку. Цікава было паглядзець, як гэта – здабываць дровы самому. Сабраў брыгаду, нарыхтавалі прыкладна 20 кубоў лесу. Лепшае бярвенне адабраў, паклікаў пілараму і парэзаў на дошкі, з дапамогай якіх цяпер займаюся будоўляй. А 10 кубоў пусціў на дровы. Гэтага хапае і на хату, і на лазню. Па грошах выйшла прыкладна па 100 рублёў за куб дошак, што ў разы танней, чым калі заказваць у лясгасе ці на прыватных піларамах. А дровы, можна лічыць, я атрымаў бясплатна.

Валерый Астрынскі з сям’ёй (фота з архіва героя).

У нашай вёсцы ролю камунальшчыкаў выконвае мясцовы калгас. Недзе на трэці дзень пасля снегападу я ім патэлефанаваў, каб пачысцілі дарогу да хутара. «Амкадор» усё хутка зрабіў, і я нават нікому нічога не плаціў. Калі трэба пасля «Амкадора» крыху падраўняць, можна паклікаць суседа з невялікім трактарчыкам.

У буднія я адзін – раблю рамонт у хаце, якую здаём. А на выхадныя прыязджае жонка з дзецьмі. Цяпер вось на ўсе канікулы прыехалі. Знайшлі тут горку, ходзім туды катацца. Увесь хутар аббудавалі крэпасцямі, снегавікамі. Ходзім па снезе на Нёман пекчы на вогнішчы сала з бульбай.

 

Фото: Downshifter.by.

поделиться