Гайды, разборы Наша ўсё
CityDog.io

Беларуская паэтка, якую шукалі сілавікі, выйшла замуж, памяняла прозвішча і вярнулася з эміграцыі ў Беларусь. Як такое магчыма?

Беларуская паэтка, якую шукалі сілавікі, выйшла замуж, памяняла прозвішча і вярнулася з эміграцыі ў Бела...
Выбралі для вас гісторыі беларусаў, пра якіх мала гавораць у школе. Або гавораць не тое. Русецкая-Пільштынова, Франкевіч, Цётка, Прышчэпаў – цікавыя лёсы, вялікія дасягненні, нечаканыя павароты гісторыі.

Выбралі для вас гісторыі беларусаў, пра якіх мала гавораць у школе. Або гавораць не тое. Русецкая-Пільштынова, Франкевіч, Цётка, Прышчэпаў – цікавыя лёсы, вялікія дасягненні, нечаканыя павароты гісторыі.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Саламея Русецкая: падарожніца, скандальная пісьменніца, проста моцная жанчына

Першая беларуская трэвел-блогерка і пісьменніца-белетрыстка жыла ў 18-м стагоддзі. Яна нарадзілася ў шляхецкай сям’і ў Навагрудскім ваяводстве, у 13 гадоў выйшла замуж за немца, у 15 нарадзіла дзіця, жыла ў Стамбуле, Нясвіжы, Пецярбургу, Сафіі, без медыцынскай адукацыі лячыла магнатаў і расійскую царыцу. І, самае галоўнае, апісала гэта ўсё ў кнізе «Авантуры майго жыцця».

Стамбул у 18-м стагоддзі.

Мы гаворым пра Саламею Русецкую-Пільштынову. Яе ўспаміны сёння чытаюцца як блог, там шмат чутак і плётак («пра тых вампіраў у Польшчы кажуць, што гэта бабы, якія забіраюць дзяцей і кожнае дзясятае д’яблу аддаюць»). І нават пра сябе, ёсць падазрэнне, аўтарка не ўсё праўдзіва піша («я ў той час вельмі цяжка хварэла на пошасць і чары. Адну нагу мела ўсохлую і карацейшую за другую на паўлокця»). Паўлокця – гэта каля 30 см.

Дзівосна, што і трыста гадоў таму свет быў досыць глабалізаваны – і ВКЛ было яго часткай. Напрыклад, пасля замужжа Саламея едзе ў Стамбул, дзе яе муж, доктар Гальпір, знайшоў працу. Пры ім і цішком ад яго Саламея сама навучылася лячыць. Спецыялізавацца вырашыла на афтальмалогіі, найлепш ёй удавалася выдаляць катаракту. Таму смерць мужа не стала для яе катастрофай. Саламея жыве ў Сафіі, вандруе па Балканах, трапляе ў палон (дакладней, у госці) да разбойнікаў.

Сапраўдных партрэтаў Саламеі Русецкай не захавалася, гэта – адзін з выдуманых у 1990-я. Мастак Яўген Кулік.

Агулам яе кніга пра тое, як моцная жанчына паспяхова выжывае ў свеце мужчын. У брутальным свеце з забойствамі, амаральнасцю і легальным гандлем людзьмі. Русецкая і сама ў Турцыі купляе нявольнікаў – палонных нямецкіх афіцэраў, – каб атрымаць за іх выкуп. За аднаго з іх, Юзафа Фартуната дэ Пільштына, выкуп не прыйшоў, і Саламея з ім ажанілася. Але адносіны адразу сапсаваліся: атрымаўшы ад гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рыбанькі чын харунжага ў войску ВКЛ, дэ Пільштын зазнаўся.

Дарэчы, жонкай таго Радзівіла была яшчэ адна пісьменніца, Францішка Уршуля Радзівіл, аўтарка пастаральных п’ес для прыгоннага тэатра. Пільштынова з ёй, няма сумневаў, сустракалася.

Дзённік Саламеі.

Сляды Саламеі губляюцца пасля 1760-га, калі яна паехала са Стамбула ў паломніцтва ў Палесціну і Егіпет. Што з ёй было пасля? Такое ўражанне, што Саламея спецыяльна пакінула такую загадку прыканцы. І дагэтуль трымае інтрыгу.

Ян Франкевіч: першы беларускі архітэктар

Другі ў свеце будынак у стылі барока паўстаў у Нясвіжы, таму што вельмі багаты і вельмі актыўны Мікалай Радзівіл Сіротка захацеў мець дома такое ж, якое бачыў у Рыме.

І італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні збудаваў яму копію рымскага касцёла Іль-Джэзу, першага ў свеце ўзору барока.

Бернардоні правёў у Нясвіжы 13 гадоў і з’ехаў, пакінуўшы завяршаць будоўлю вучня Яна Франкевіча. Франкевіч быў сынам кушніра (гэта рамеснік, які абрабляе футры) з Мінска. Яшчэ ў Мінску ён далучыўся да езуітаў і ў 1594 годзе быў прысланы ў Нясвіж працаваць пекарам.

Можна толькі ўяўляць, пры якіх абставінах Бернардоні заўважыў у работніку кухні архітэктурны талент. Дакументы сведчаць, што праз пяць гадоў пасля з’яўлення Яна ў Нясвіжы Бернардоні зрабіў яго галоўным па аб’екце і паехаў сеяць барока ў Кракаў.

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы – першы барочны храм у Беларусі.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі заўважыў, што Ян Франкевіч стаў першым архітэктарам у свеце, які ад пачатку працаваў у стылі барока.

У Кіеве захоўваецца альбом з чарцяжамі нясвіжскіх пабудоў (ужо гатовых) і каментарыямі польска-беларускай трасянкай. Традыцыйна ён называецца «Альбом Бернардоні», але той яўна пісаў бы па-італьянску. Даследчыкі мяркуюць, што альбом стварыў яго самы здатны вучань.

Пасля Нясвіжа былы пекар пераехаў у Вільню, дзе кіраваў будаўніцтвам першага віленскага барочнага касцёла – Святога Казіміра. Купал касцёла ўпрыгожвае карона (святы Казімір быў з роду Ягелонаў), па ёй касцёл можна пазнаць з любога пункта Вільнюса. Яшчэ першы віленскі барочны храм вельмі падобны на торт – гэта тэма Франкевічу была блізкая.

Барока прынесла ў беларускую архітэктуру колеры – зялёны, тэракотавы, ружовы, чорны – і дынаміку. Барочныя будынкі робяць уражанне, нібы зараз зварухнуцца, рассыпяцца або паляцяць (успомніць хаця б мінскі Кафедральны сабор). Фрэскі барока поўняцца аптычнымі эфектамі.

Барока, безумоўна, дадало свабоды і яркасці беларускаму краявіду, а за ім – і светаўспрыманню тых, хто ў гэтым барока жыў. Застаецца пытаннем, якую ролю адыграла тут здольнасць першага барочнага архітэктара да пышнай выпечкі.

Цётка: экспансіўная, як феерверк

Школьныя падручнікі прадстаўляюць Цётку (Алаізу Пашкевіч) як сухотную аўтарку жаласлівых вершаў, між тым сама яна ненавідзела «слёзны» стыль пісання для дзяцей: «Трэба больш агню». А вершы, якія мы вывучаем у школе, пісала зусім не для дзяцей.

Калі беларускі рух – гэта рок-н-рол, дык Джонам Ленанам была менавіта яна, а не хто з мужчын. Цётка жыла рок-н-рольна: зрабіла дзясяткі праектаў і пры гэтым не хавалася ад глыбокіх перажыванняў.

«Экспансіўная як феерверк», – пісаў рэдактар «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў. Яны разам выдавалі ў Мінску першы ў гісторыі беларускі дзіцячы часопіс. Іх «Лучынка» была «Каламбурам» і «Адзін дома» пачатку ХХ стагоддзя, дапоўненай дзіцячай энцыклапедыяй.

«Цётка чалавек хоць і культурны, але анархістка», – казала княгіня Магдалена Радзівіл. Яны кантактавалі, ствараючы беларускі дзіцячы дом падчас Першай сусветнай.

«Першая беларуская феміністка», – называў Цётку Антон Луцкевіч (прытым да тагачасных феміністычных арганізацый яна не належала і пагардліва называла ўдзельніц капялюшніцамі).

Падарожныя нататкі па Еўропе Цётка завяршае заўвагай: фінскі народ першы ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабет. Яна вандравала па Італіі, Францыі, Германіі, а Швецыю і Нарвегію прайшла пешкі і пісала дзённік (напрыклад, расказала пра шведскі стол). «Пішу з Goteborga. Маю бабу-таварку муж адзывае дахаты, змаркоціўся, каб яго маланка. Адна пайду па Нарвегіі. Як згіну – не шкадуйце», – весялілася яна.

«Незвычайна жывога характару, нештодзённая, яна вылучалася нават у шматколерным студэнцкім асяроддзі», – успамінаў муж, літоўскі палітык Сцяпонас Кайрыс. Выйсці замуж і змяніць прозвішча Алаізе трэба было, каб вярнуцца на Радзіму з Кракава: пасля рэвалюцыі 1905 года яна была ў вышуку, бо выступала на ўсіх мітынгах, а яе рэвалюцыйныя вершы ўся Вільня ведала на памяць:

Мы не з гіпсу, мы – з камення,
Мы – з жалеза, мы – са сталі,
Нас кавалі ў пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталi.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту…

Памерла яна ў 40 – прыехала да бацькоў на радзіму, заспела эпідэмію тыфу, пайшла валанцёрыць, дапамагаючы лячыць хворых, заразілася сама.

Сакрэт яе асобы – у энергіі, якой яна запальвала ўсіх: Цётка склікала сход Беларускай сацыялістычнай грамады, рассылаючы дэлегатам запрашэнні на сваё вяселле.

Яе вершы ў часы рэвалюцыі 1905-га друкавалі ў сваёй прэсе і літоўцы, і палякі. І ўсе нацыі слухалі яе прамовы, бо ў іх было пра справядлівасць, свабоду і годнае жыццё.

Кола «Минского листка»: беларусаў не задушыш

«Минский листок», першая гарадская газета будучай сталіцы Беларусі, – сярод недаацэненых з’яў беларускай гісторыі. Яна пачала выходзіць у 1886 годзе і была першай ініцыятывай беларускай інтэлігенцыі пасля паўстання Каліноўскага і шматгадовай жорсткай рэакцыі.

Мінск у канцы 19-га стагоддзя.

«Минский листок» быў прыватнай газетай, яго выдаваў мінскі натарыус Іван Фацінскі. Выданне ставіла перад сабой высакародныя мэты. Мінскі паэт Янка Лучына напісаў у першы нумар газеты праграмны верш:

Не ради славы иль почета
Предпринимаем мы «Листок»,
Святая истина-забота
И цель его печатных строк:

Служить стране глухой, забытой,
Где мрак невежества царит,
В лачуге где, соломой крытой,
Мужик печально дни влачит…

Пазней у «Лістку» друкаваліся і беларускія вершы Лучыны. Калі газета пачала выдаваць каляндар, у ім з’явіліся этнаграфічныя замалёўкі пра народную культуру, літаратурны дадатак па-беларуску (календаром займаліся гісторыкі Аляксандр Слупскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі). У газеце была ўпершыню была ананімна надрукавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да таго хадзіла ў рукапісах. Яна была такой папулярнай, што, сведчылі сучаснікі, у 1890-я яе «ў любой хаце было знайсці можна».

Прычым усё гэта адбывалася ва ўмовах забароны на друк па-беларуску (зборнік вершаў таго ж Янкі Лучыны ў 1902 годзе выдалі з пазнакай, што кніжка на балгарскай мове, каб падмануць цэнзуру). Але «Минский листок» выходзіў і распаўсюджваўся так хутка, што цэнзура за ім не паспявала, хоць выпадкі арышту нумароў бывалі. Бывала і прыпыненне выхаду за крытыку мінскіх улад і беларускамоўныя матэрыялы.

«Свабоднай палітычнай думцы газета адводзіла маленечкі прастор, але жыццё горада і злыдні адбівала вельмі добра. Можна было лаяць гарадскую думу сколькі ўлезе, была паліцэйская хроніка, аб начальсцвенных мерапрыемствах. Светлую думку ўсё ж такі гэтыя інтэлігенты праводзілі ў заціснутыя мазгі жыхароў», – успамінаў Аляксандр Уласаў, рэдактар «Нашай Нівы». Яго, маладога, «Минский листок» уразіў: «Гэта была навіна як першыя майскія перуны. Менчукі са слязамі прасвятлення і радасці чыталі “наш” лісток. У Менску ў нас, як у сталіцах, свая газета».

Уласаў казаў, што беларускамоўныя публікацыі «Листка» ўспрымаліся як штосьці «дзеля жарту». Аднак у гэтым бачыцца праява адэкватнасці рэдакцыі: яны адлюстроўвалі настроі жыхароў краю, цікавасць да сваёй гісторыі, літаратурныя пошукі на сваёй мове.

У 1902 годзе газету пераназвалі ў «Северо-Западный край» – з гарадской яна рабілася краёвай, а слова «Беларусь» было яшчэ пад забаронай. У 1905 годзе Янка Купала надрукаваў у ёй свой першы верш па-беларуску, «Мужык».

Наступным этапам была віленская «Наша Ніва» – газета па-беларуску.

Дзмітрый Прышчэпаў: хацеў, каб беларусы былі багатымі

Дзмітрый Прышчэпаў – адзін з нешматлікіх беларускіх савецкіх чыноўнікаў-урадоўцаў, якога добра запомнілі і добрым словам успаміналі людзі.

Бальшавіцкія погляды спалучаліся ў яго з пачуццем справядлівасці. У рэвалюцыйным 1917-м яго, малодшага афіцэра-пехацінца, салдаты абралі камандзірам палка. Калі ў 1918-м полк, які ахоўваў савецка-нямецкую дэмаркацыйную лінію, хацелі перавесці на фронт, пачаўся бунт, і Прышчэпаў да яго далучыўся.

Гэта не перашкодзіла далейшай кар’еры. Прышчэпаў быў у камісіі, якая займалася далучэннем Віцебшчыны да БССР, працаваў у сельскагаспадарчай секцыі Інбелкульта (разам з былымі сябрамі Рады БНР Аркадзем Смолічам і Янкам Серадой).

Яго зорным часам была праца на пасадзе наркама земляробства ў часы нэпу і беларусізацыі. З лозунгам «Беларусь – чырвоная Данія» ён запланаваў перавесці (добраахвотна) 130 тысяч сялянскіх гаспадарак на хутары.

Прышчэпаў пісаў, што трэба браць прыклад з заходніх суседзяў, бо на ўсходзе бытаваў абшчынны парадак жыцця, які «прыдушыў гаспадарчую ініцыятыву сялянства». Фактычна гэтыя словы значылі, што беларусам калгасы ментальна чужыя.

Згортванне хутарызацыі супала з канцом беларусізацыі і нэпу. Пачыналіся страшныя 1930-я.

Але рэформа была нядоўгай. У 1927 годзе БССР выканала толькі 70% плана па хлебанарыхтоўках. План быў спецыяльна завышаны, каб пачаць гвалтоўную калектывізацыю. Хутарызацыю спынілі, сялян сілай загналі ў калгасы. Прышчэпава рэпрэсавалі.

Дзмітрый Прышчэпаў з жонкай падчас спаткання ў лагеры на Беламорканале. 1930-я.

Але прышчэпаўскія хутары ўспаміналі і праз паўстагоддзя – з удзячнасцю за глыток свабоды і магчымасць «людзьмі звацца».

 

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter