Кнігі, музыка, канцэрты, фільмы і сэрыялы – сёньня Лявон Вольскі, легендарны музыкант, паэт, пісьменьнік і проста менчук, дзеліцца з чытачамі CityDog.by тым, як можа заняць выхадныя.
ШТО ПАГЛЯДЗЕЦЬ
Рэкамэндую паглядзець фільм брытанца Майка Лі “Яшчэ адзін год” (2010). Гэта нетаропкае, задуменнае і стрыманае кіно пра нястрыманыя пачуцьці. Пра роспач, ціхую радасьць і страчаныя надзеі.
Фільм апавядае пра разьмеранае жыцьцё немаладой пары. Да іх прыязджаюць госьці, сваякі, нехта пакутуе, нехта пераймаецца, нехта сыходзіцца, нехта памірае – жыцьцё ідзе па сваёй звыклай арбіце.
Для кагосьці фільм падасца "нудотай", але пасьля чарговых "Піратаў" ды "Вартаўнікоў галяктыкі" глядзіцца вельмі так нязвыкла і сьвежа. Галоўнае – злавіць павольны ягоны тэмп і рухацца ў такт.
Яшчэ мне спадабаўся сэрыял “Сьвет Дзікага Захаду”. Ня буду распавядаць, што там да чаго, але ўсё досыць нечакана, фантастычна і сьвежа. І выдатна граюць акторы.
ШТО ПАСЛУХАЦЬ
Штосьці з багатае спадчыны Крыса Корнэла, які пайшоў з жыцьця днямі. Нешта з Soundgarden ці Audioslave. Раю паглядзець і відэавэрсіі шматлікіх канцэртаў Крыса.
Корнэл вельмі рознаплянавы выканаўца. Ён з тых, хто заснаваў гранж. Але Крыс не абмежаваўся гэтым. З інструмэнталістамі з Rage Against the Machine ён стварыў праект Audioslave, а таксама некалькі пасьпяховых сольных альбомаў, вельмі розных па стылістыцы (адзін нават блізкі да r'n'b – у супрацы з прадусарам Тымбалэндам).
Корнэл ніколі не спыняўся, заўжды рушыў наперад, укручваўся ў новыя й новыя праекты, ставіў перад сабою новыя задачы... Ягонае самагубства пасьля канцэрту ў Дэтройце – абсалютна агаламшальная вестка і яшчэ адзін прыклад таго, наколькі цяжка зразумець душу чалавека. У тым ліку пасьпяховага, спраўджанага і вельмі працаздольнага.
ШТО ПАЧЫТАЦЬ
Пачытайце Новы Запавет. Ён заўсёды актуальны.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.