Лавіце 13 годных серыялаў, якія выйшлі ў мінулым месяцы. Для тых, хто шукае, што паглядзець на вялікія выхадныя

Лавіце 13 годных серыялаў, якія выйшлі ў мінулым месяцы. Для тых, хто шукае, што паглядзець на вялікія в...
Падрыхтавалі для вас падборку свежых серыялаў, якія выйшлі ў красавіку 2023 года. На выпадак, калі ніякіх актыўнасцей на вялікія выхадныя не плануеце, а хочаце проста адпачыць і пабыць дома.

Падрыхтавалі для вас падборку свежых серыялаў, якія выйшлі ў красавіку 2023 года. На выпадак, калі ніякіх актыўнасцей на вялікія выхадныя не плануеце, а хочаце проста адпачыць і пабыць дома.

«Ваенны марак»

Міні-серыял заснаваны на аднайменным фільме, які вылучаўся на «Оскар» у катэгорыі «Лепшы міжнародны мастацкі фільм», але не трапіў у шорт-ліст. Увесь сюжэт змясціўся ў тры серыі, якія знаёмяць нас з марскім пехацінцам Альфрэдам, з яго жыццём да Другой сусветнай вайны і пасля яе. Тут пра сілу духу, вытрымку і тое, як людзі могуць пайсці на рызыкі дзеля выратавання сваіх блізкіх і радзімы.

Дата прэм’еры: 2 красавіка.
Колькасць серый: 3.

«Добрыя маці»

Гэты брытанска-італьянскі крымінальны серыял – экранізацыя аднайменнага рамана журналіста Алекса Пэры, заснаванага на рэальных падзеях. Стужка расказвае пра тое, як тры смелыя жанчыны ўнутры адной з самых магутных мафіёзных арганізацый свету «Ндрангеты» пачалі супрацоўніцтва з жанчынай-пракурорам, каб разбурыць крымінальную імперыю.

Дата прэм’еры: 21 лютага, у адкрытым доступе серыял з’явіўся 5 красавіка.
Колькасць серый: 6.

«Грызня»

Амерыканская камедыйная драма ад Netflix, у якой галоўныя ролі сыгралі Стывен Ён з «Хадзячых мерцвякоў» і вядомая амерыканская стэндаперша Элі Вонг. Іх героі перажываюць цяжкі перыяд, а калі аднойчы яны выпадкова сутыкаюцца на паркоўцы, адбываецца сапраўдны выбух: канфлікт перарастае ў нянавісць. Абодва з усіх сіл спрабуюць знайсці спосабы, як бы мацней насаліць іншаму.

Па меркаваннях гледачоў і крытыкаў, прэтэндуе на намінацыю «Серыял 2023 года».

Дата прэм’еры: 6 красавіка.
Колькасць серый: 10.

«Брыялін: Узлёт ружовых лэдзі»

Любіце мюзіклы? Гэты новы музычны камедыйны серыял, зняты для Paramount+, якраз для вас. Дарэчы, ён з’яўляецца прыквелам да фільма «Брыялін» 1978 года.

Дзеянне серыяла разгортваецца ў 1954-м у школе «Райдэл-Хай». Чатыры вучаніцы вырашаюць крута змяніць сваё жыццё і ствараюць супольнасць бунтарак.

Дата прэм’еры: 6 красавіка.
Колькасць серый: 10 (выйшла 6).

«За акіян»

Яшчэ адзін новы серыял ад Netflix. Стужка заснавана на рамане Джуліі Оррынгер «Партфоліа палётаў» і расказвае гледачу сапраўдную гісторыю «Камітэта па надзвычайных сітуацыях і выратаванні» – арганізацыі, якая падчас Другой сусветнай вайны вывезла з акупаванай нацыстамі Францыі больш за дзве тысячы ўцекачоў.

Дата прэм’еры: 7 красавіка.
Колькасць серый: 7.

«Выдатныя дробязі»

8-серыйная стужка расказвае пра Клэр – пісьменніцу, якая перажывае не самы просты перыяд: шлюб развальваецца, дачка ўсё больш аддаляецца, а кар’ера зайшла ў тупік. У нейкі момант у яе жыцці з’яўляецца даўні знаёмы, які прапануе Клэр весці калонку парадаў для тых, хто заблытаўся і страціў веру ў сябе. Але ці можа яна раздаваць парады іншым, калі ў яе ўласным жыцці далёка не ўсё добра?

Дата прэм’еры: 7 красавіка.
Колькасць серый: 8.

«Чалавек з Фларыды»

Трошкі дэтэктыў, трошкі трылер, трошкі камедыя. Гэты амерыканскі серыял расказвае пра Майка Валентайна – былога паліцэйскага, якому даводзіцца вярнуцца ў родную Фларыду. Там яму трэба адшукаць збеглую дзяўчыну гангстара з Філадэльфіі. Справа здаецца даволі простай, але герой аказваецца ўцягнутым у дзікую гісторыю, звязаную з крыміналам, скарбамі і небяспечнымі рабятамі.

Дата прэм’еры: 13 красавіка.
Колькасць серый: 7.

«Апошняе, што ён сказаў мне»

Амерыканскі серыял ад Apple TV+, галоўныя ролі ў якім сыгралі Джэніфер Гарнер («Даласкі клуб пакупнікоў») і Мікалай Костэр-Вальдау («Гульня тронаў»). Гэта гісторыя пра Ханну, якая вымушана пасля таямнічага знікнення свайго мужа даглядаць 16-гадовую падчарку Бэйлі. Гераіня знаходзіць канверт з 600 000$ і разам з дзяўчынкай-падлеткам спрабуе разабрацца ў тым, што адбылося.

Дата прэм’еры: 14 красавіка.
Колькасць серый: 7 (выйшла 4).

«Місіс Дэвіс»

Гэтым разам перад намі фантастычны (хоць і ўсё яшчэ амерыканскі) серыял пра манахіню Сімону, якая ўступае ў жорсткую барацьбу са… штучным інтэлектам пад імём Місіс Дэвіс, які хоча захапіць чалавецтва. На дапамогу гераіні прыходзіць яе былы бойфрэнд, які, можа быць, не такі ўжо і былы...

Дата прэм’еры: 20 красавіка.
Колькасць серый: 8 (выйшла 5).

«Звязаныя да смерці»

Гэта рымейк аднайменнага трылера 1988 года, які зняў Дэвід Кроненберг. Серыял расказвае пра сёстраў-двайнят Эліёт і Бэверлі Мэнтл, у якіх і асабістае жыццё, і наркатычная залежнасць адны на дваіх. Пры гэтым жанчыны працуюць у галіне гінекалогіі і хочуць здзейсніць сапраўдную рэвалюцыю – змяніць працэс цяжарнасці ў жанчын.

Дата прэм’еры: 21 красавіка.
Колькасць серый: 6.

«Каханне і смерць»

Сюжэт гэтага міні-серыяла заснаваны на рэальнай жудаснай гісторыі, якая адбылася ў 1980-х гадах. Звычайная хатняя гаспадыня з Тэхаса Кэндзі Мантгомеры праз рэўнасць засекла сякерай сваю найлепшую сяброўку Бэці Гор. Галоўная роля ў серыяле дасталася Элізабэт Олсэн, якая ўжо не першы раз адыгрывае ролю жанчыны на мяжы нервовага зрыву.

Дата прэм’еры: 27 красавіка.
Колькасць серый: 7 (выйшла 3).

«Цытадэль»

Дарагі навукова-фантастычны шпіёнскі трылер, зняты для Amazon Prime Video. Сюжэт у ім разгортваецца вакол былога агента спецпадраздзялення ЦРУ «Цытадэль» Мэйсана Кейна. Яму даўно сцерлі памяць, але вымушана вяртаюць у напружаны свет шпіянажу. Разам з калегай Надзяй Сінгх ён спрабуе высветліць, кім яны былі ў мінулым жыцці, і зразумець, якую менавіта сакрэтную працу выконвалі.

Дата прэм’еры: 28 красавіка.
Колькасць серый: 6 (выйшла 2).

«Ракавая цяга»

Яшчэ адзін рымейк фільма з 80-х: у яго аснове – аднайменны трылер 1987 года з Майклам Дугласам у галоўнай ролі. Новы праект – эратычны псіхалагічны серыял, які раскажа аб адвакаце Дэне Галагеры. Яго ідэальна выбудаванае жыццё перастае быць такім пасля знаёмства з Алекс Форэст, якая становіцца проста апантанай новым палюбоўнікам.

Дата прэм’еры: 30 красавіка.
Колькасць серый: 8 (выйшла 3).

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

поделиться