«Вулічныя каты». Фота: Courtesy of Netflix.

Ад супергеройскага дэтэктыва да гісторыі пра катоў, якія лаюцца. Сабралі топ серыялаў жніўня

«Вулічныя каты». Фота: Courtesy of Netflix.

Жнівень абяцае быць насычаным на серыяльныя прэм’еры – ад змрочных трылераў і падлеткавых драм да супергеройскіх гісторый і анімацыі для дарослых. CityDog.io сабраў пяць праектаў, на якія варта звярнуць увагу.

мы здесь

«Аскепкі» / The Shards

Амерыканскі псіхалагічны трылер і падлеткавая драма, дзеянне якой адбываецца ў Лос-Анджэлесе ў 1981 годзе. Галоўны герой – 17-гадовы Брэт, пісьменнік-пачатковец і вучань прэстыжнай прыватнай школы. Яго звыклае жыццё змяняецца пасля з’яўлення загадкавага навічка Роберта Мэлары. У гэты ж час у горадзе пачынае дзейнічаць серыйны забойца па мянушцы Траўлер, і Брэт паступова пераконвае сябе, што Роберт можа быць звязаны са злачынствамі.

Серыял зняты паводле аднайменнага паўаўтабіяграфічнага рамана Брэта Істана Эліса, аўтара «Амерыканскага псіхапата». Пісьменнік зрабіў галоўным героем выдуманую версію самога сябе, а ў сюжэце змяшаў уласныя ўспаміны пра юнацтва з гісторыяй пра серыйнага забойцу.

Журналістка Decider Меган О’Кіф пасля выхаду трэйлера апісала праект як сэксуальную і пужальную гісторыю, у якой атмасфера падлеткавай драмы спалучаецца з трылерам. Увогуле, серыял цалкам можа спадабацца фанатам «Эйфарыі»: тут вам і багатая моладзь, і небяспечныя сакрэты, і серыйны забойца ў якасці бонуса.

Колькасць серый: 10.

Прэм’ера ў свеце: 5 жніўня.

«Стэрлінг Поінт» / Sterling Point

Амерыканская падлеткавая драма пра 17-гадовую Эні Джэйкабсан, якая жыве ў Нью-Ёрку разам з братам-блізнюком і прыёмным бацькам. Пасля смерці загадкавага дзядулі Эні і яе брат нечакана атрымліваюць у спадчыну востраў у Канадзе. Прыехаўшы туды, дзяўчына знаёміцца з новымі сябрамі, аказваецца ў цэнтры любоўнага трохкутніка і даведваецца, што ў яе ёсць сястра, пра існаванне якой яна нічога не ведала. Паступова звычайныя летнія канікулы ператвараюцца ў расследаванне старых сямейных таямніц.

Па настроі «Стэрлінг Поінт» нагадвае сумесь «Знешніх водмеляў», «Шэршняў» і гісторый Лемані Снікета, піша журналістка Vanity Fair Кеніл Патэрсан. Пры гэтым, як адзначаюць у Teen Vogue, звыклыя для падлеткавых серыялаў любоўныя трохкутнікі і сямейныя сакрэты становяцца фонам для больш сур’ёзнай размовы пра страту, сталенне і спробы зразумець уласную сям’ю.

Колькасць серый: 8.

Прэм’ера ў свеце: 5 жніўня.

«Ганна Піджэн» / Anna Pigeon

Амерыкана-канадская крымінальная драма пра былую жыхарку вялікага горада, якая пасля цяжкай страты вырашае цалкам змяніць сваё жыццё і становіцца рэйнджаркай нацыянальнага парку. Аднак схавацца ад мінулага сярод лясоў і гор у Ганны не атрымліваецца: знайшоўшы на тэрыторыі парку сляды злачынстваў, яна пачынае ўласныя расследаванні і паступова ператвараецца ў дэтэктыўку паняволі.

Серыял зняты паводле папулярнай серыі раманаў Невады Бар пра Ганну Піджэн, у якую ўвайшло амаль два дзясяткі кніг. Галоўную ролю выканала Трэйсі Спірыдакас, вядомая па «Паліцыі Чыкага», а некалькі эпізодаў паставіла Ліа Томпсан, якая сыграла маму Марці Макфлая ў трылогіі «Назад у будучыню».

У інтэрв’ю Спірыдакас расказала, што серыял атрымаўся прыкметна лягчэйшым і весялейшым за «Паліцыю Чыкага»: яго персанажы перажываюць сур’ёзныя эмацыйныя гісторыі, але не ставяцца да сябе занадта сур’ёзна, шмат жартуюць і падколваюць адно аднаго. Таму гэта хутчэй прыгодніцкі дэтэктыў пра пошук сябе пасля страты, чым яшчэ адзін змрочны паліцэйскі трылер.

Колькасць серый: 10.

Прэм’ера ў свеце: 7 жніўня.

«Вулічныя каты» / Alley Cats

Брытанскі анімацыйны серыял для дарослых пра кампанію бяздомных катоў. Героі жывуць на вуліцах, шукаюць ежу і прыгоды, спрабуюць знайсці каханне і сяброўства, а заадно разважаюць пра жыццё. Мяркуючы па трэйлеры, усё гэта будзе суправаджацца чорным гумарам, лаянкай і даволі абсурднымі сітуацыямі.

Серыял стварыў Рыкі Джэрвейс, аўтар брытанскага «Офіса», «Масоўкі» і «Жыцця пасля смерці». Ён жа агучыў аднаго з катоў – лянівага, грубага і вельмі самаўпэўненага. Кампанію яму склалі акторы, якія ўжо не раз з’яўляліся ў яго праектах: Даян Морган, Керы Годліман і Том Басдэн.

Журналіст Variety Алекс Рытман апісвае «Вулічных катоў» як «сіткам пра лайдакоў», толькі замест людзей тут – зграя брытанскіх катоў з розных слаёў грамадства. А журналісты The Guardian выказалі здагадку, што ў серыяле Джэрвейс зноў звернецца да знаёмых для яго тэм – смерці, адзіноты, сэнсу жыцця і чалавечай дурасці.

Колькасць серый: 6.

Прэм’ера ў свеце: 7 жніўня.

«Ліхтары» / Lanterns

Амерыканскі супергеройскі дэтэктыў паводле коміксаў DC. У цэнтры сюжэту – Хэл Джордан і яго будучы пераемнік Джон Сцюарт. Абодва яны Зялёныя Ліхтары – супергероі з коміксаў DC, якія ўваходзяць у міжгалактычны корпус і сочаць за парадкам ва Сусвеце. Разам героі расследуюць загадкавае забойства ў амерыканскай глыбінцы, якое паступова прыводзіць іх да значна больш маштабнай і змрочнай таямніцы.

Галоўныя ролі выканалі Кайл Чандлер і Аарон П’ер. Над серыялам працавалі Крыс Мандзі, шоуранер «Озарка», Дэйман Ліндэлоф, адзін са стваральнікаў «Застацца ў жывых» і «Вартавых», а таксама сцэнарыст коміксаў Том Кінг.

Паводле Крыса Мандзі, «Ліхтары» будуць у аднолькавай ступені супергеройскім серыялам і гісторыяй пра напарнікаў-паліцэйскіх. Адной з галоўных тэм стане змена пакаленняў – момант, калі дасведчанаму герою пара адысці ўбок і саступіць сваё месца іншаму.

Увогуле, цалкам прыдатны серыял, каб паступова рыхтавацца да вяртання моды на супергерояў: прэм’ера новага «Чалавека-павука» таксама не за гарамі. І, здаецца, нас зноў спрабуюць закахаць у выдуманыя сусветы. А мы і не супраць.

Колькасць серый: 8.

Прэм’ера ў свеце: 16 жніўня.

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото на обложке: . Видео: .

Еще по теме:
«Комната, где тебя ведут на Окрестина и п****т дубинкой?» Минск засветился в нашумевшем американском сериале – и беларусы строят теории, что это может значить
Сериалы
Запах сельди и гигантский красно-зеленый флаг. Как в иностранных сериалах показывают Беларусь
Сериалы
Кинокритики назвали 50 лучших сериалов XXI века. Вы с ними согласны?
За день
поделиться