«Табе трэба і навучыць дзіця, і прасачыць, каб яно не забілася». Настаўніца на размеркаванні расказала, як цяпер працаваць у беларускай школе

«Табе трэба і навучыць дзіця, і прасачыць, каб яно не забілася». Настаўніца на размеркаванні расказала, ...
Крысціне* 24, яна ўжо другі год працуе па размеркаванні ў абласным горадзе настаўніцай англійскай мовы. CityDog.io распытаў, што цяпер адбываецца ў беларускай школе, ці хочуць дзеці вучыцца і ці складана адпрацоўваць размеркаванне маладой спецыялістцы.

Крысціне* 24, яна ўжо другі год працуе па размеркаванні ў абласным горадзе настаўніцай англійскай мовы. CityDog.io распытаў, што цяпер адбываецца ў беларускай школе, ці хочуць дзеці вучыцца і ці складана адпрацоўваць размеркаванне маладой спецыялістцы.

– Я працую па размеркаванні пасля ВНУ ў звычайнай школе. Самой знайсці месца для адпрацоўкі было складана: я абтэлефаноўвала розныя школы, і ўсюды казалі «чакайце». У выніку месца знайшлося ў маім родным горадзе.

У тыдзень абавязкова трэба адпрацоўваць як мінімум стаўку – 20 гадзін. Але можна пагадзіцца і на больш вялікую нагрузку. Так зрабіла я, і ў мінулым годзе ў мяне былі амаль дзве стаўкі – 34 гадзіны. Гэта зашмат, але не скажу, што было суперскладана.

Расклад робіць завуч. Калі ўрокі ідуць адзін за адным, без фортачак, гэта выдатна: прыйшла, адпрацавала – і сышла. Але бываюць фортачкі: напрыклад, у цябе ўсяго 4 урокі, а трэба сядзець па 6–8 гадзін. Тым часам можна, вядома, і сшыткі правяраць, і часопісы запаўняць, рабіць нейкую дакументацыю. Насамрэч праца заўсёды ёсць.

У мінулым годзе я вяла англійскую ва ўсіх класаў, акрамя 9-га і 11-га. Гэта складана: трэба рабіць розныя планы, розныя канспекты ўрока.

Пра абавязкі: «Дзеці павінны быць у цэласці і захаванасці»

– Сярод маіх абавязкаў – не толькі навучыць дзяцей прадмету. Трэба сачыць, каб яны ў якім выглядзе прыйшлі на ўрок, у такім і выйшлі, каб ніхто ні з кім не пабіўся, нічога сабе не разбіў, – дзеці павінны быць у цэласці і захаванасці. Гэта самае важнае.

У гэтым годзе групы сталі больш. Калі раней адзін клас дзяліўся на тры групы замежнай мовы, то цяпер на дзве, гэта значыць у цябе не 8–9 вучняў, а 16–18. Для замежнай гэта праўда вялікая група, за 45 хвілін урока трэба зрабіць вялізны блок працы: і граматыку, і лексіку, і чытанне, і пераклад, і маўленне. А яшчэ і правесці фізкультхвілінку, даць дзецям невялікі перапынак. Таму цяжка даць ім нешта звыш праграмы – і так складана ўкласціся ва ўрок.

Школьная доска с надписью «Back to school», воздушные шарики.

Ілюстрацыйнае фота: Fujiphilm, Unsplash.com.

Пра заробак: «За дзве стаўкі – каля 1700 рублёў. А працаваць з дзецьмі цяжка»

– У мінулым годзе, працуючы амаль на дзве стаўкі, я атрымлівала 1600–1700 рублёў. Але гэта проста праца з раніцы да вечара. Сёлета я брала шмат бальнічных і дзён за свой кошт, таму так і не зразумела, які ў мяне ў прынцыпе заробак: у адзін месяц выйшла ўвогуле 1000 рублёў, а апошні раз я атрымала 1600 з улікам таго, што яго паднялі.

Зарплаты маленькія, нават з надбаўкай маладому спецыялісту. Калі, напрыклад, ты здымаеш жыллё, то закрываеш толькі базу і потым ушчамляеш сябе ва ўсім. Калі табе дадуць класнае кіраўніцтва, дык можа выходзіць і 2000 рублёў. Але ці ёсць у гэтым сэнс, калі ты сядзіш на працы невылазна?

Я лічу, што гэта праца, якая павінна аплачвацца ў разы больш. Медыкі, выхавацелі дзіцячых садоў, настаўнікі... Колькі адказнасці ты нясеш на сабе! Табе трэба і навучыць дзіця, і прасачыць, каб яно не забілася, і яшчэ нясеш адказнасць за тое, як ты ўплываеш на дзяцей, што кажаш.

Вельмі шмат пазашкольнай працы, часу, які табе не аплачваецца: праверка сшыткаў, напісанне планаў, дакументацыі. Працаваць з дзецьмі цяжка, вечна баліць галава: я прыходжу дадому – мне трэба гадзіну проста паўтыкаць у сцяну, таму што вар’яцееш ад гэтага галасу. З-за перанапружання заўсёды вечарам узнімаецца тэмпература, баляць галасавыя звязкі. Змяняецца эмацыйны фон, узнімаецца ціск, ты перажываеш, таму што дзеці дрэнна сябе паводзяць.

Пра саму школу: «Калі б увесь клас складаўся з дзяцей, якія хочуць вучыцца, быў бы сэнс у ваў-абсталяваных кабінетах»

– Наконт месца адпрацоўкі паскардзіцца не магу: і калектыў добры, і начальства. Мне пашанцавала. Усе лаяльныя, дапамогуць і падкажуць у працы.

У кабінетах, дзе я вяду ўрокі, камп’ютараў няма, але можна дамовіцца з калегамі і правесці занятак у тым класе, дзе ёсць, напрыклад, мультыборд. А ноўтбук я і так нашу з сабой, аўдыяматэрыялы даю, чуваць добра.

Калі б увесь клас складаўся з разумных дзяцей, якія імкнуцца да нечага, хочуць вучыцца, то быў бы сэнс у ваў-абсталяваных кабінетах, дзе ва ўсіх былі б, скажам, ноўтбукі. Але пытанне ў дзецях, што дзеці не хочуць вучыцца, вельмі нямногія сапраўды прыходзяць і нешта слухаюць. Часцей за ўсё ім банальна ўсё роўна. Скажы дзякуй, калі яны прынясуць на ўрок усё, што трэба: і падручнік, і слоўнік, і працоўны сшытак, і звычайны тонкі сшытак.

Девушка с учебниками и тетрадями.

Ілюстрацыйнае фота: Element5 Digital, Unsplash.com.

Пра вучняў: «Ты лепіш “адзінкі” адну за адной – і ім пляваць»

– Вучні старэйшых класаў не заўсёды ўспрымаюць цябе як выкладчыцу, асабліва калі ты выглядаеш прыкладна як яны. Трэба адразу пазначыць межы адносін «выкладчык – вучань», каб яны не пераходзілі рысу.

Дзеці цяпер не асабліва ўседлівыя, лянівыя, не хочуць вучыцца. Вельмі мала хто захоча зрабіць нешта па-за праграмай, папросіць дадатковае заданне, каб атрымаць вышэйшы бал. А ёсць такія, якім усё роўна. Ты лепіш «адзінкі» адну за адной – і ім пляваць. Табе самой ад гэтых «адзінак» горш, таму што пасля гэтага з дзецьмі трэба праводзіць нейкую выхаваўчую працу, даваць даклад завучу, што ты зрабіла, каб дзіця захацела вучыцца.

Раней да настаўнікаў было больш павагі. Цяпер жа... Не проста так па інтэрнэце ходзяць мемы, што дзіця заўсёды мае рацыю, у любой сітуацыі. І вельмі мала адэкватных бацькоў, якія сапраўды разумеюць, што дзіця робіць глупства. Дзеці для ўсіх «золатка», «маё дзіця не магло такога зрабіць». І нават калі ёсць доказы, не заўсёды табе павераць, будуць вінаваціць настаўніка, на жаль.

Пра перспектывы: «Куды я з гэтай адукацыяй педагога пайду?»

– Раней я была ўпэўненая, што не буду заставацца ў школе пасля адпрацоўкі. У мяне ёсць іншы род дзейнасці, не звязаны з адукацыяй. Але паціху з’яўляецца страх таго, што ты ідзеш у нейкую невядомасць, што ў цябе знікае стабільны даход. Хай ён маленькі, і ўсё роўна гэта падушка бяспекі: ты разумееш, што ў любым выпадку кожны месяц у цябе будуць грошы – заробак. Страшна сыходзіць і прыбіраць гэту падушку бяспекі.

Не скажу, што проста ўсе бягуць са школы. Сярод маіх калег ёсць маладыя людзі, якія засталіся, бо ісці няма куды. Працуюць, нічога страшнага, і не моцна скардзяцца. Наадварот, бяруць больш гадзін, каб зарабіць. У некаторых ёсць і другая праца не ў школе.

Ёсць тыя, каму падабаецца выкладанне, хто разумее, што педагогіка – гэта яго ці яе. А нядаўна сустрэла дзяўчынку, якая збіраецца працаваць у школе па ўласным жаданні, без адпрацоўкі, яна цяпер вучыцца на платным. Я здзівілася. Але яна сказала: «Я не ведаю, чым мне займацца. Куды я з гэтай адукацыяй педагога пайду?»

*Імя зменена па просьбе гераіні.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: Element5 Digital, Unsplash.com.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter