Люди, истории
CityDog.io

Эта россиянка в конце февраля решила разговаривать только по-беларуски: «У мяне няма ілюзій, што “ўсё не так адназначна”»

Эта россиянка в конце февраля решила разговаривать только по-беларуски: «У мяне няма ілюзій, што “ўсё не...
Яна – из российского Ростова-на-Дону, и уже пять лет она живет в Минске. А совсем недавно, в конце февраля, девушка приняла решение: перейти на беларуский язык и разговаривать только на нем. Решила – и сделала.

Яна – из российского Ростова-на-Дону, и уже пять лет она живет в Минске. А совсем недавно, в конце февраля, девушка приняла решение: перейти на беларуский язык и разговаривать только на нем. Решила – и сделала.

– У канцы лютага мы з мужам пачалі перажываць вельмі глыбокія і не заўсёды прыемныя пачуцці ў сувязі з сітуацыяй, якая адбываецца ў нашым рэгіёне. Спачатку я падумала, што гэта нешта не вельмі сур’ёзнае: не магла паверыць, што ў наш час магчыма такое. Але ўжо праз пару дзён нас моцна накрыла.

«У мяне няма ілюзій ці адчування, што “ўсё не так адназначна”»

Мы не маглі спыніцца і не чытаць навіны. Не ведалі, што рабіць: мы былі ў адпачынку і думалі, вяртацца ці не. У мяне няма ілюзій ці адчування, што “ўсё не так адназначна”: я даўно і вельмі добра разумею, хто ёсць хто ў адносінах Расіі і Украіны. Я ў Кіеве жыла, у мяне там вельмі шмат сяброў і знаёмых, а калі ўзарвалі тэлевежу, загінула мая знаёмая, прычым расіянка.

Улічваючы, што я сама нядаўна стала мамай, мяне проста шакіруюць навіны про тое, што бамбардзіруюць радзільныя дамы, што забіваюць дзяцей. Ну якія могуць тут быць адчуванні, акрамя жаху, страху і нянавісці да тых, хто ўсё гэта робіць? Цяпер я стараюся чытаць толькі самыя асноўныя навіны па тэме, інакш мяне проста размазвае. Муж усё ўспрымае гэтаксама.

Усё адбылося адным днём: мы раніцай абмеркавалі і проста пачалі з мужам размаўляць на беларускай. Спачатку, вядома, гэта было намаганне – не пачынаць аўтаматычна размову па-руску або пераходзіць з рускай на беларускую. Але зараз атрымліваецца ўжо прасцей.

Акрамя таго, я б хацела, каб наша дзіця (яму, праўда, яшчэ толькі восем месяцаў) таксама вучыла беларускую мову: акрамя як ад нас ён наўрад ці дзесьці зможа пачуць яе. Мне заўсёды было сумна, што беларуская мова так мала выкарыстоўваецца ў Беларусі. Думаю, што для кожнага народа свая мова – адзін з найважнейшых складнікаў ідэнтычнасці. Мову аберагаюць і перадаюць праз пакаленні, праз яе перадаецца гісторыя, традыцыі, звычаі, казкі – усё тое, што мы ўбіраем з дзяцінства і што потым ідзе з намі праз жыццё.

– А да гэтага вы спрабавалі размаўляць па-беларуску?

– Я даўно прасіла мужа (ён беларус) выкарыстоўваць беларускую мову ў паўсядзённых зносінах, але неяк усё не атрымлівалася. А калі рашэнне было прынята і мы ўсё ж такі перайшлі, мне было дзіўна і нязвыкла. Быццам бы я прамаўляю звыклыя літары і гукі, але яны складаюцца ў нязвыклыя словы. Я здзівілася, што я ў прынцыпе магу падтрымліваць нейкі ўзровень размовы па-беларуску.

Зараз стараемся ўсюды выкарыстоўваць беларускую мову. І гэта таксама было цікава для мяне: як перасягнуць нейкі бар’ер. Я разумею, што размаўляю не ідэальна, але свядома стараюся выкарыстоўваць беларускую ў грамадскіх месцах.

На выхадных у супермаркеце касірка была так натхнёна і рада таму, што мы размаўляем па-беларуску, – гэта было вельмі міла.

– Як знаёмыя і блізкія адрэагавалі на такія змены?

– Негатыву ні ад кога не было. Шмат хто проста дзівіўся, што я магу размаўляць па-беларуску. Некаторыя нашы знаёмыя, гледзячы на нас, таксама сталі выкарыстоўваць беларускую мову, прынамсі ў размовах з намі. Мне здаецца, гэта выдатная ілюстрацыя ідэі «пачні з сябе».

«Выкарыстоўваю Google-перакладчык для вялікіх тэкстаў, а потым перачытваю і запамінаю словы»

– Што было самым складаным?

– Па-беларуску ніколі не размаўляла і мову не вучыла. Таму самае складанае, вядома, – пачаць. Мне не заўсёды хапае слоў, нешта я забываю, нешта ўвогуле не ведаю. Але муж мне сказаў: «Нічога страшнага, калі што – “лупі трасянкай”». Так і раблю.

Яшчэ асобная складанасць – гэта пісаць па-беларуску. Выкарыстоўваю Google-перакладчык для вялікіх тэкстаў, а потым перачытваю, імкнуся запамінаць словы. Ну і ў моманты эмоцый складана: калі я пачынаю злавацца, пераходжу на рускую, бо на беларускай занадта павольна думаю, а хочацца хутка нешта казаць.

– Што вам дапамагае лепей разумець і размаўляць?

– Асобна мову я не вучу, хаця хацела б, але часу ўвогуле няма. Мае лайфхакі – гэта, як я ўжо згадвала, Google-перакладчык, а таксама беларускамоўныя кнігі, якія я купляю дзіцяці. Сама адтуль шмат чаго даведалася, асабліва з бытавых слоў.

Таксама стараюся чытаць навіны па-беларуску, падпісалася на беларускамоўных блогераў у Instagram (напрыклад, нядаўна наткнулася на гэту дзяўчыну) і ў «Тэлеграме», бывае, чытаю гэту старонку. Увогуле імкнуся атачаць сябе мовай, каб яна прасцей запаміналася.

– А не заўважылі, што зараз больш людзей таксама вырашае перайсці на беларускую мову?

Шчыра кажучы, не заўважыла. У сацсетках дакладна прыбавілася пастоў па-беларуску ад знаёмых, а ў афлайн-жыцці не адчуваю, што людзі сталі больш размаўляць. Але тут яшчэ можа адбівацца тое, што, напрыклад, большая частка маіх сяброў і знаёмых з’ехалі, і, калі яны размаўляюць па-беларуску, то не ў Мінску.

«Я была ў Мінску праездам у 2015 годзе, і мне тады тут вельмі не спадабалася»

– Раскажыце: як атрымалася, што вы пераехалі ў Мінск? Складана было адаптавацца?

– У Растове-на-Доне я жыла ўсё жыццё, да 27 гадоў. У 2016-м пераехала ў Кіеў: мне стала цяжка знаходзіцца сярод людзей, якія не прымалі і адмаўлялі тыя каштоўнасці, якія былі важныя для мяне: свабода, павага да іншых.

У той час быў такі яшчэ патрыятычны ўздым (ад Крыма. – Рэд.), і тыя, хто не падзяляў яго, былі ізгоямі, не кажучы ўжо пра пераслед. Мне стала проста невыносна – і я вырашыла з’ехаць. А праз год праездам праз Брэст пазнаёмілася з будучым мужам і пасля пераехала ў Мінск. То бок жыву тут з 2017 года, роўна пяць гадоў.

Да гэтага я была ў Мінску праездам у 2015 годзе, і мне тады тут вельмі не спадабалася (усміхаецца). Быў халодны, непрыемны сакавік, я гуляла па праспекце Незалежнасці і казала сабе, што гэта быў мой апошні прыезд у Мінск, – а вось як выйшла.

Калі я пераехала сюды, я, вядома, убачыла зусім іншы горад: з класнымі людзьмі, цікавымі месцамі. Пасля шумнага, хуткага, дзёрзкага Кіева мне ў Мінску спачатку было складана: усё такое мернае, спакойнае занадта. Цяпер звыклася і палюбіла такі рытм, хоць і ад яго крыху што засталося: жыццё за апошнія паўтара года шмат што памяняла і ў горадзе, і ў асяроддзі.

А адаптавацца ў Мінску было прасцей, чым у Кіеве. Зноў жа з-за мовы: тут большасць размаўляла па-руску, альбо пераходзіла на рускую са мной. Пасля года ў Кіеве я даволі нядрэнна разумела бытавую ўкраінскую, і з большага гэта дапамагала мне разумець беларускую.

Але не размаўляла: і саромелася, і дзве мовы ў галаве блыталіся. Сярод усіх знаёмых толькі некалькі чалавек увесь час гаварылі па-беларуску; напэўна, большую частку свайго актыўнага слоўніка я даведалася і запомніла ад іх.

– Няма ў планах пераехаць у іншае месца?

– З планамі зараз складана. Увогуле ў нас няма жадання пераязджаць з Беларусі назусім. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя некалькі гадоў, пакуль дзіця малое, мы будзем часта падарожнічаць, але ў перспектыве плануем заставацца ў Беларусі.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

#Минск
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter