Гайды, разборы Подкасты
CityDog.io

«Прапаганда “русского мира”». У мінскім транспарце круцяць ролікі пра гісторыю Беларусі – прафесійны гісторык разбірае, што з імі не так

«Прапаганда “русского мира”». У мінскім транспарце круцяць ролікі пра гісторыю Беларусі – прафесійны гіс...
Нядаўна мінскія ўлады адказалі на петыцыю, у якой беларусы прасілі патлумачыць, чаму ў транспарце круцяць ролікі са скажонымі гістарычнымі фактамі. Чыноўнікі паабяцалі прыслухацца. Аднак відэа дагэтуль паказваюць у сталічных аўтобусах і метро. CityDog.io даведаўся ад гісторыка пра памылкі, якія прысутнічаюць у некаторых з іх.

Нядаўна мінскія ўлады адказалі на петыцыю, у якой беларусы прасілі патлумачыць, чаму ў транспарце круцяць ролікі са скажонымі гістарычнымі фактамі. Чыноўнікі паабяцалі прыслухацца. Аднак відэа дагэтуль паказваюць у сталічных аўтобусах і метро. CityDog.io даведаўся ад гісторыка пра памылкі, якія прысутнічаюць у некаторых з іх.

Што гэта за ролікі?

Серыя відэа, якія зараз круцяць у мінскім транспарце, называецца «Беларусь. История». Стварылі яе па заказе Мінгарвыканкама «ў мэтах выканання рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2022 годзе Года гістарычнай памяці ...> з мэтай павышэння эфектыўнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва».

Зрабілі і пачалі публікаваць відэа летась, але да нядаўняга часу глядзець іх можна было толькі на YouTube-канале. Сёлета ж, у ліпені, ролікі пачалі трансліраваць у мінскім метро, у ​​аўтобусах і тралейбусах. Пускаць серыю пачалі таксама па рашэнні Мінгарвыканкама.

Чаму беларусы рабілі петыцыю супраць ролікаў?

Аўтары петыцыі прааналізавалі некалькі відэаролікаў і знайшлі ў іх факталагічныя недакладнасці.

Напрыклад, у відэароліку «Брестская уния» расказваецца, што ў кастрычніку 1596 года ў Берасці адбыўся Сабор, «который объявил о присоединении православных к католической церкви». Хаця насамрэч Берасцейская унія падтрымлівала ідэю аб’яднання абедзвюх цэркваў у межах ВКЛ, а не падпарадкаванне адной царквы іншай, як гэта паказана ў відэа.

Стваральнікі петыцыі прасілі патлумачыць, хто рабіў гэтыя відэаролікі, і праверыць відэа на наяўнасць памылак. У выпадку іх выяўлення аўтары патрабавалі перастаць паказваць іх у грамадскім транспарце.

Вось што пра ролікі кажа гісторык: «Гэта не асветніцтва, а свядомая прапаганда “русского мира”»

Аляксандр Пашкевіч

кандыдат гістарычных навук, экс-рэдактар часопіса «Наша гісторыя» 

Ролікі з серыі «Беларусь.История» вельмі кароткія, максімум па паўтары хвіліны. Па словах кандыдата гістарычных навук Аляксандра Пашкевіча, зразумела, што ад прадукту ў такім лаканічным фармаце цяжка вымагаць вычарпальнага ахопу тэматыкі.

Пашкевіч лічыць, што ў гэтых роліках складана знайсці яўную хлусню, калі разглядаць іх з пункту гледжання факталагічнай адпаведнасці. Стваральнікі дзейнічаюць больш тонка. Іх метад – не такая грубая фальсіфікацыя. Яны падбіраюць нават праўдзівыя факты, а потым складаюць іх у пэўны ідэйны ланцужок.

Калі разглядаць ролікі агулам, то можна ўбачыць, што аўтары трымаліся пэўнага прынцыпу: прысвячаць іх выключна тым тэмам і асобам, якія звязаны з гістарычнымі пазітыўнымі сувязямі Беларусі і Расіі. Пра іншых суседзяў, з якімі ў беларусаў былі супольныя Вялікае княства Літоўскае і Рэч Паспалітая, – альбо ніяк, альбо толькі кепска.

Напрыклад, уся віна за падзел Беларусі пасля Першай сусветнай вайны ўскладаецца выключна на польскі бок, хоць падпісантаў дамовы ў Рызе, паводле якой нашу краіну падзялілі, было двое: Польшча і Савецкая Расія.

Польская палітыка ў 1920–1930-х у дачыненні да беларускай меншасці малюецца ў адназначна чорных танах. Параўнання з рэаліямі СССР 1930-х, калі ў БССР ішлі масавыя рэпрэсіі, аўтары роліка проста не робяць.

Пра сталінскія рэпрэсіі ці калектывізацыю ў гэтай серыі ўвогуле няма інфармацыі, затое пры расповедзе пра «жахі» жыцця пад Польшчай у ілюстрацыйным шэрагу з’яўляецца, напрыклад, палаючая вёска – і гэта яўная маніпуляцыя.

– Мэта стварання ролікаў выступае настолькі яскрава, што не падлягае сумненню. Гэта не асветніцтва, а свядомая прапаганда «русского мира».

«Афанасий Брестский. Мученик за Веру»: грубыя асацыяцыі з карнікамі ў Другой сусветнай вайне

Ролік расказвае пра жыццё Афанасія Філіповіча. Яго ў відэа называюць Афанасіям Брэсцкім. Гэты чалавек увайшоў у беларускую гісторыю як прынцыповы праціўнік Берасцейскай царкоўнай уніі ды абаронца праваслаўя. Сюжэт круціцца выключна вакол гэтага.

Паралельна аўтары расказваюць, як у 1648 годзе ва Украіне пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, а «польско-литовские власти начали жесточайший террор против православного населения». І гэты «террор» разам з палаючай вёскай, якую паказваюць на фоне відэа, выклікае яўную асацыяцыю з часамі Другой сусветнай вайны – гэта грубая маніпуляцыя гістарычнымі фактамі.

Багдан Хмяльницкі насамрэч выступаў супраць улады Рэчы Паспалітай. Аднак акрамя «защиты православной веры», як узгадваецца ў відэароліку, было яшчэ некалькі прычын паўстання: рост падаткаў і павіннасцей, а таксама прыгнёт сялян. У відэа пра гэта не згадваецца ні слова.

Гучыць у роліку і моцнае «каратели» – зноў негатыўная канатацыя з Другой сусветнай вайной. Для большага эфекту спосабам пакарання смерцю Афанасія адназначна называецца закопванне яго жывым у зямлю, але ў гістарычных крыніцах наконт смерці рэлігійнага дзеяча ёсць розныя меркаванні.

Такім чынам, асноўныя факты былі захаваны, але не ва ўсім аб’ёме.

«17 сентября – День Воссоединения»: не згадваюцца важныя гістарычныя факты

Гэта відэа расказвае пра падзеі 17 верасня 1939 года. У роліку яны паказаны як «освободительный поход» Чырвонай арміі на «оккупированные земли». Дазволіў гэта зрабіць, паводле аўтараў роліка, «военный крах» Польшчы.

Сапраўды, 17 верасня 1939 года адбылася ваенная аперацыя Чырвонай Арміі па ўстанаўленні кантролю над усходнімі тэрыторыямі Польшчы: Заходняй Беларуссю і Заходняй Украінай.

Пры гэтым наяўнасць заключанай 23 жніўня 1939 года тайнай дамовы паміж СССР і нацысцкай Германіяй, паводле якой і падзялілі Усходнюю Еўропу паміж Сталіным і Гітлерам, не згадваецца ні слова.

Рэзюмэ: «Няма ніводнага сюжэта пра праблемы між народамі»

Як падкрэслівае Аляксандр Пашкевіч, важна памятаць: продкі сучасных беларусаў і рускіх цягам цэлых стагоддзяў жылі ў розных дзяржавах. Паміж сабой яны і сябравалі, і варагавалі. Гэтага не могуць ігнараваць нават прапагандысты – але ў дадзеным выпадку няма ніводнага сюжэту пра праблемныя стасункі між народамі.

Але факт і тое, што ў тыя часы пэўная духоўная сувязь земляў былой Русі паміж сабой утрымлівалася праз праваслаўную веру. У ёй была значная частка насельніцтва. Менавіта на гэты аспект стваральнікі «русскомирских» ролікаў найперш і стараюцца ціснуць.

Пашкевіч зазначае: асноўныя факты згадваюцца ў роліках правільна, але маніпуляцыі праяўляюцца большай часткай праз візуальны шэраг і праз адвольныя інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў і нюансаў. А гэта ўжо класічная прапаганда.

І што паглядзець, каб паглядзець на гісторыю з беларусацэнтрычнага погляду?

Абавязкова звярніце ўвагу на падкаст «Так склалася гістарычна». У ім навуковыя дзеячы простай мовай расказваюць пра складаныя гістарычныя падзеі.

На YouTube можна паглядзець ролікі пад хэштэгам «гісторыяза5хвілін». За кароткі час гісторык расказвае пра пэўныя падзеі. У фармаце вялізных лекцый ёсць серыя відэа «Кава з гісторыкам»: гэта YouTube-версіі афлайн-сустрэч, якія арганізуе «Беларускі моладзевы хаб».

Яшчэ адзін цікавы канал – «Слухай сюды». Лекцыя ідзе разам з візуальнымі матэрыяламі, таму глядзець і карысна, і цікава адначасова.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter