Расійская блогерка адкрыла ў Мінску кавярню са свечкамі. А яшчэ з’явіўся прыгожы іспана-аўстралійскі рэстаран і закрыўся вінны бар

Расійская блогерка адкрыла ў Мінску кавярню са свечкамі. А яшчэ з’явіўся прыгожы іспана-аўстралійскі рэс...
За апошні час у Мінску адкрыліся тры рэстараны і адна кавярня са свечкамі. Яшчэ адзін бар спыніў працу. У чарговым выпуску рубрыкі «Рэстаранныя хронікі» расказваем пра навіны сталічнага грамадскага харчавання.

За апошні час у Мінску адкрыліся тры рэстараны і адна кавярня са свечкамі. Яшчэ адзін бар спыніў працу. У чарговым выпуску рубрыкі «Рэстаранныя хронікі» расказваем пра навіны сталічнага грамадскага харчавання.

CityDog.io заўсёды рады расказаць пра беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся. Калі вы адкрываеце бары, рэстараны ці кавярні ў розных краінах свету, расказвайце нам, а мы напішам пра вас бясплатна і з задавальненнем: еditor@citydog.io.

ВОСЬ ШТО АДКРЫЛАСЯ

Рэстаран-бар «Коптильня» на Гікалы

Гэты рэстаран-бар пачаў працаваць яшчэ ў маі, але толькі цяпер каманда скончыла тэставы рэжым. Таму зараз «Коптильня» працуе штодня з 12:00 да 00:00, а ў пятніцу і суботу – да 02:00.

Па інтэр’еры «Коптильня» – нешта сярэдняе паміж рэстаранам і кнайпай, то бок пабам. Унутры – цагляныя сцены, шмат натуральнага дрэва, метал, тэматычныя постары і прыглушанае святло. У цэнтры залы – сцэна для выступаў кавер-бэндаў. Прысесці можна як за маленькія столікі для дваіх, так і за вялікія сталы з канапамі для кампаній. На вуліцы яшчэ і сезонная тэраса ёсць.

У меню прапануюць закускі (ад 17 да 24 руб.), салаты (па 16-17 руб.), мясныя вэнджаныя стравы (ад 20 руб. за порцыю да 90 руб. за сэт), стэйкі (па 40–50 руб. ), бургеры (па 22–24 руб.), супы (ад 9 да 15 руб.), дэсерты (па 12 руб.). Асобна можна ўзяць гарніры (па 5–16 руб.).

Па буднях з 12:00 да 16:00 дзейнічае абедзеннае меню. Салянку, напрыклад, можна ўзяць за 5 руб., а смажаніну са свініны з бульбяным пюрэ – за 9 руб.

Рэстаран бразільскай кухні Rio у «Журавінцы»

У сярэдзіне ліпеня ў «Журавінцы» адкрыўся рэстаран, які пазіцыянуе сябе як першы ў Мінску бразільскі стэйк-хаус і начны клуб адначасова. Асноўная яго фішка ў тым, што ў Rio прапануюць традыцыйную бразільскую падачу Rodizio – гэта значыць безлімітны доступ да страў за фіксаваную плату.

Інтэр’ер рэстарана і праўда падобны на начны клуб: сталы ў два ўзроўні (частка пасадачных месцаў размешчана на ўздыме), мяккія паўкруглыя канапы, паўсюль люстэркі і бліскучыя паверхні, прыглушанае святло, танцпляцоўка і светламузыка. У зале іграюць бразільскія мелодыі (дастаткова гучна, каб танцаваць).

З 12:00 да 16:00 у Rio можна прыйсці на бранч (35 руб. па буднях і 55 руб. на выхадных). З 18:00 да 23:00 – на адзін з варыянтаў «радызія» на выбар: «стандарт» за 99 руб. і «прэміум» за 125 руб. Дадаткова трэба будзе аплаціць абслугоўванне – 10% з чалавека. Пасля 23:00 уваход бясплатны і дзейнічае стандартнае меню, дзе любую страву можна замовіць асобна.

У звычайным меню прапануюць супы (ад 16 да 24 руб.), салаты (ад 22 да 26 руб.), гарачыя закускі (ад 21 да 25 руб.), халодныя закускі (ад 15 да 28 руб.), асноўныя стравы (ад 24 да 32 руб.), рыбу (ад 15 да 50 руб.), мангал (ад 16 да 36 руб.), стравы на кампанію (ад 105 да 260 руб.), пасту (па 24-25 руб.), неапалітанскую піцу (ад 25 да 29 руб.), гарніры (ад 7 да 21 руб.), дэсерты (ад 6 да 15 руб.) і марожанае (па 11-12 руб.).

З панядзелка па сераду рэстаран працуе з 12:00 да 02:00, з чацвярга па нядзелю – да 05:00.

Іспана-аўстралійскі рэстаран Bull&Roo каля «Дынама»

На Свярдлова, 11 з’явіўся іспана-аўтралійскі рэстаран Bull&Roo, вокны якога выходзяць проста на стадыён «Дынама». Адкрыў яго рэстаратар Глеб Грузер, на рахунку якога ўжо 16 праектаў у Абу-Дабі, Дубаі і Шарджы. Праўда, у Мінску гэта толькі другі праект заснавальніка: першы – Middle Ground – працуе на Кастрычніцкай.

Інтэр’ер рэстарана атрымаўся цікавым. Па афармленні ён нагадвае невялікае сямейнае кафэ дзе-небудзь у Іспаніі, аднак вялікая плошча залы дазваляе размясціць нямала гасцей.

Цікава, што дызайнам інтэр’еру займалася маці Глеба, таму праект без перабольшання можна назваць сямейным. Практычна ўся мэбля ў Bull&Roo выканана на замову, а посуд у рэстаране – сапраўдны твор мастацтва.

Як вынікае з канцэпцыі, у Bull&Roo прапануюць стравы іспанскай і аўстралійскай кухняў. Напрыклад, ёсць тапасы (па 7 руб.), тосты (ад 15 да 35 руб.), сырнае ці мясное плато (35 і 60 руб. адпаведна), супы (па 13–15 руб.), салаты (ад 17 да 37 руб.), асноўныя стравы (ад 17 да 55 руб.), бакадзільё і бургеры (ад 27 да 34 руб.), паэлья (ад 50 да 75 руб.), гарніры (па 6 руб.) і дэсерты (ад 12 да 14 руб.).

З панядзелка па пятніцу рэстаран працуе з 17:00 да 00:00, у суботу і нядзелю – з 15:00. Можна прыходзіць з сабакамі.

Кавярня No Filters на Машэрава

Калі памятаеце, у адным з выпускаў «Рэстаранных хронік» CityDog.io ужо пісаў, што ў новым гастрадворыку на Машэрава адкрылася кавярня-кальянная «Усё проста». А зараз побач з ёй з’явілася яшчэ адна кавярня са свечкамі No Filters. Мяркуючы па інфармацыі ў профілі, адкрыла яе расійская блогерка, аўтарка кнігі «Без фільтраў» і «даследчыца магіі» Тата Кальніцкая, у якой 303 тысячы падпісчыкаў у Instagram.

Інтэр’ер установы выкананы ў мінімалістычным стылі, але выглядае досыць утульна. На бетонных сценах і на падлозе нанесены каляастранамічныя малюнкі, столікі выкананы з дрэва. Прысесці таксама можна за барам.

Асаблівасць кавярні ў тым, што ў асобным памяшканні там размешчана яшчэ і крама са свечкамі і алеямі ад той самай блогеркі. А пры замове кавы наведвальнікам даюць свечку, якую трэба запаліць і загадаць жаданне.

У меню – толькі кава (4–6 руб.) і кававыя напоі (6–7,5 руб.), какава (5 руб.), гарачы шакалад (9 руб.), гарбата (5 руб.) і круасаны з рознымі начыннямі (ад 7 да 17 руб.). Ёсць і алкаголь: ад віна і прасэка да джыну.

З панядзелка па чацвер працуюць з 9:00 да 21:00, з пятніцы па нядзелю – з 10:00 да 22:00.

А ВОСЬ ШТО ЗАКРЫЛАСЯ

Рэстаран-бар Owino

Калі памятаеце, CityDog.io пісаў, што 28 красавіка гэтага года на Рэвалюцыйнай адкрыўся другі бар сеткі Owino. Ён заняў памяшканне, у якім да чэрвеня 2020 года амаль 5 гадоў працаваў бар «Вінная шафа», а пасля бар «Час».

Праўда, гісторыя другога Owino не скончылася поспехам: у сярэдзіне ліпеня каманда абвясціла пра закрыццё бара «па тэхнічных прычынах».

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Instagram.com.

#Минск #Беларусь
Еще по этой теме:
В Минске открылось антикафе с живыми ежиками – это вообще нормально? Спросили, что думают посетители и экоактивисты
поделиться