Люди, истории Гісторыя
CityDog.io

Мінск, 1911: рэпартаж са скандальнай выставы (фота)

Мінск, 1911: рэпартаж са скандальнай выставы (фота)
У сакавіку 1911 года ў доме Ляхоўскага на Саборнай праходзіла грандыёзная мастацкая выстава, вакол якой лунаў флёр скандальнасці і правакацыі. CityDog.by раскапаў падрабязнасці.

У сакавіку 1911 года ў доме Ляхоўскага на Саборнай праходзіла грандыёзная мастацкая выстава, вакол якой лунаў флёр скандальнасці і правакацыі. CityDog.by раскапаў падрабязнасці.

Wystawa sztuk pięknych w Mińsku грымела на ўвесь Паўночна-Заходні край. Сакавіцкі нумар навукова-літаратурнага часопіса Tygodnik Wileński (выдаваўся ў Вільні) амаль цалкам быў прысвечаны гэтаму івэнту. Не дзіва: 47 мастакоў са 166 арт-аб;ектамі – мерапрыемства выдалася маштабным і дужа мадэрновым.

Экспанаваліся тут не толькі жывапіс і скульптура, але і постэры, ювелірныя вырабы, аб;екты з дрэва, архітэктурныя праекты. А калі ўлічыць сацыяльна-палітычны фон, які быў у горадзе і краі, то чыста культурнае мерапрыемства рызыкавала перарасці ў нешта большае…

ШЛЯХЕТНАЯ ВЫСТАВА

Арганізатарам выставы стаў скульптар Яраслаў Тышынскі (на фота ніжэй), які з’явіўся ў Мінску выпадкова. Пан Яраслаў прыехаў у наш горад па запрашэнні свайго сябра Отана Краснапольскага вучыць дзяцей мінскіх бізнесмэнаў і шляхты маляванню. Малыя Ваньковічаў (іх дом дагэтуль захаваўся – насупраць офіса velcom на вул. Інтэрнацыянальнай), Чапскіх і Прушынскіх вучыліся ў яго малюнку і скульптуры. Калі Тышынскі падсабраў грошай, то адкрыў у горадзе ўласную школу-майстэрню.

У арганізацыі выставы Тышынскаму дапамагаў Фердынанд Рушчыц, знакаміты мастак і дызайнер таго часу (франт з вусамі на фота ніжэй). Ён не толькі пісаў пейзажы, але і займаўся афармленнем тэатральных пастановак, дызайнам плакатаў, вокладак кніг і часопісаў. На мінскай выставе можна было пабачыць нават ювелірныя вырабы па эскізах Рушчыца.

Часопіс Tygodnik Wileński ледзь не ўвесь нумар прысвяціў мінскай выставе. Рэпартаж рабіў і здымаў Ян Булгак, «бацька беларускай і польскай фатаграфіі». Чытаеш – і дзівішся: гэта напісана сто год таму?

«Мінск здолеў самастойна арганізаваць добрую мастацкую выставу – лаканічную, вытрыманую ў добрым шляхетным стылі. Мінск – не пасіўны прымальнік чужых, імпартаваных мастацкіх збораў, а ініцыятар і творца паказвае грамадству ўласныя скарбы, працы мастакоў роднай Літвы, зборы мясцовых аматараў і эстэтаў».

ГАЛОЎНЫ ТВОР КРАМОЛЬНАЙ ВЫСТАВЫ

Выстава праходзіла ў памяшканнях польскага клуба Ognisko, які знаходзіўся акурат у цэнтры – на Саборнай плошчы, 4 (дом Ляхоўскага). Атмасфера ў Мінску таго часу была напружаная: пасля першых рэвалюцый улады імкнуліся кантраляваць усялякія актыўнасці гараджан. Клуб жа Ognisko быў адным з апошніх прыстанкаў інтэлігенцыі.

На ніжнім малюнку – від з Саборнай плошчы на гарадскі тэатр і дом Ляхоўскага. А фотка справа – пажарная каланча, якую зрабілі мясцовыя ўлады замест вежы на дамініканскім касцёле. Пасля паўстання 1863 года з каталікамі ў Мінску не цырымоніліся.

У сваім рапарце ад 20 сакавіка 1910 інспектар мужчынскай гімназіі М. Сахараў пісаў: «Имеются основания предполагать, что ученики-католики посещают вечера в польском собрании «Огниско» без разрешения на это, но установить такого нарушения правил не удалось, так как доступ в это собрание часто бывает закрыт для лиц, которые посылаются для наблюдения за поведением учеников».

Галоўным творам выставы стала карціна Рушчыца Nec Mergitur (1905). Мінчукі былі ў шоку: так эмацыйна, узрушальна і модна! Карціна – фактычнае прысвячэнне «гораду-мары» таго часу. Дэвіз «Хістаецца, але не патоне» і карабель падчас марской буры – сюжэт з парыжскага герба.

Цяпер гэтая карціна знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Літвы.

Рэпартаж Яна Булгака для Tygodnika Wileńskiego пачынаецца менавіта з эсэ пра гэты твор:

«Праз злавесную ноч, праз сіняе ззянне бліскавіц, праз жахлівыя хвалі акіяну, у страху і маўчанні далёкіх нябёсаў, абсыпаных зорным сяйвом, – плыве карабель. Нерухома назірае ноч, ахапіўшы яго халодным хараством сваіх цёмна-гранатавых крылаў, мора адказвае чорнай глыбінёю, вірамі і здрадніцкімі хвалямі – і мора, і неба маўчаць, – у бяздонных глыбінях хаваецца смерць і немінучае забыццё».

Калі прадрацца праз метафары Булгака, становіцца ясна, куды ён хіліць. Nec Mergitur – гэта мінскі No Pasaran!, маркотная гісторыя пра супрацьстаянне беларускай культуры Расійскай імперыі. Такія «інтэлігенцкія выкрутасы» ўладамі не віталіся: выдаваны Рушчыцам мастацкі часопіс быў хутка забаронены царскай цэнзурай. Пан Фердынанд на сконе гадоў перажыў інсульт і ўжо ў родным Багданаве пісаў апошнія творы левай рукой – правую частку цела ахапіў паралюш.

Фердынанд Рушчыц «Старое гняздо» (1901), «Інтэр;ер» (1906).

 

ФОТА, КАРЦІНЫ, СКУЛЬПТУРЫ

Фоткі з выставы ў часопісе Tygodnik Wileński належаць таму ж Яну Булгаку. У 1911 ён быў вельмі заўважнай фігурай у мастацкай тусоўцы Мінска, Вільні і Варшавы. Пан Ян актыўна ўдзельнічаў у прэстыжных міжнародных выставах. У 1911 годзе па ініцыятыве Рушчыца Булгак паступіў на створаную пасаду гарадскога фатографа і сам зладзіў у Мінску фотавыставу.

У каталогу напісана, што ў польскім клубе можна было пабачыць 18 фатаграфій Булгака, палова з іх была выкананая ў складанай тэхніцы: масляны друк з ужываннем афортнай фарбы і дадатковай апрацоўкай фатаграфіі пэндзлем.

Апроч таго, з заўважных прац выставы варта адзначыць творы трох мастачак – спадарыні Іаэльсан з акварэльнымі і скульптурнымі эцюдамі, Алены Рэмер і спадарыні Ястрэмбскай (пейзажы). На жаль, іх твораў (як і ювелірку ад Рушчыца) мы не адшукалі, але некаторыя працы іншых удзельнікаў выставы ў інтэрнэтах можна знайсці.

Генрых Вейсенхоф, «Прадчуванне»

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter