Люди, истории Места
CityDog.io

«Вясковая хата, абстаўленая Zara Home, тут звычайная рэч». Дзяўчына вярнулася з Мінска ў родны аграгарадок – і вось як гэта

«Вясковая хата, абстаўленая Zara Home, тут звычайная рэч». Дзяўчына вярнулася з Мінска ў родны аграгарад...
Сашы 24, яна нарадзілася і вырасла ў аграгарадку Нарач, потым паступіла ў Мінск, пражыла там 5 гадоў – і вырашыла вярнуцца назад. Як жывецца ў сельскай мясцовасці, калі ты малады, і ці праўда, што вёскі выміраюць, – CityDog.io працягвае расказваць пра жыццё ў рэгіёнах.

Сашы 24, яна нарадзілася і вырасла ў аграгарадку Нарач, потым паступіла ў Мінск, пражыла там 5 гадоў – і вырашыла вярнуцца назад. Як жывецца ў сельскай мясцовасці, калі ты малады, і ці праўда, што вёскі выміраюць, – CityDog.io працягвае расказваць пра жыццё ў рэгіёнах.

«Калі я заканчвала школу, адчувала, быццам Нарач вымірае, – а цяпер людзі ад 30 гадоў актыўна вяртаюцца сюды з сем’ямі»

– Я працую ў сферы IT і магу рабіць гэта дыстанцыйна, таму пасля ўніверсітэта вярнуцца ў Нарач для мяне не было праблемай, – расказвае дзяўчына. – Паколькі я вырасла тут, жыццё ў невялікім населеным пункце для мяне зразумелае і натуральнае – я адчуваю сябе вельмі камфортна. А вось да горада, наадварот, прывыкала доўга: Мінск для мяне аказаўся занадта шумным, хуткім і стрэсавым, і я вельмі хацела дадому. Усе канікулы праводзіла тут і літаральна адпачывала душой. Таму была рада вярнуцца.

Акрамя таго, што я сама па сабе больш схільная да спакойнага жыцця, тут банальна выгадней: за зарплату, якая ў Мінску лічыцца сярэдняй, у Нарачы можна жыць даволі добра. Да таго ж мы з татам купілі дом, цяпер займаемся яго рэстаўрацыяй і адбудовай, і мне не трэба марнаваць лішнія грошы на арэнду жылля.

Нягледзячы на тое, што Нарач – гэта сельская мясцовасць, усё ж гэта не зусім тыповая вёска, а аграгарадок, прычым даволі вялікі. Так, тут амаль няма шматкватэрных дамоў (у асноўным тыя, што будаваліся для калгаснікаў, – раней у нас была вельмі развіта сельская гаспадарка), і пераважны працэнт жылля – прыватная забудова. Але апошнім часам мясцовасць развіваецца, інфраструктура паляпшаецца, і, як ні дзіўна, становіцца больш людзей.

Калі я заканчвала школу, адчувала, быццам Нарач вымірае: быў моцны адток насельніцтва. Але за гэтыя 7 гадоў яна нібыта зноў стала папулярнай. Вядома, тут шмат пажылых людзей, як і ў любой сельскай мясцовасці. Але на здзіўленне апошнім часам стала прыбаўляцца насельніцтва сярэдняга ўзросту – людзей ад 30, якія вяртаюцца сюды з сем’ямі, будуюць дамы, адкрываюць лакальныя бізнесы. Яшчэ гадоў 5 таму ішлі размовы пра тое, каб закрыць мясцовую школу, таму што ў суседнім пасёлку ёсць яшчэ адна, а ў нашу няма каму хадзіць, – але за гэты час у Нарачы настолькі прыбавілася дзяцей, што цяпер напаўненне школы нават вышэйшае, чым калі яе заканчвала я.

Прыязджаюць сюды ў асноўным мясцовыя, якія паспрабавалі жыць у гарадах у юнацтве, а потым завялі сем’і і вырашылі вярнуцца. Але хапае і людзей з іншых месцаў, якія едуць да нас, бо гэта курортная зона. Тут класная прырода, і на беразе азёр будуецца даволі шмат шыкоўных дамоў па дастаткова высокіх коштах. Ёсць дом і за мільён рублёў адразу каля Нарачы – і такіх асабнякоў хапае. Іх набываюць людзі з высокім дастаткам, а ўсялякія дырэктары заводаў будуюць тут сабе дачы, каб часам прыязджаць адпачыць.

Увогуле, дзякуючы азёрам, якія сталі месцам прыцягнення, наш аграгарадок адраджаецца – чаго нельга сказаць пра многія іншыя вёскі. У суседняй, напрыклад, раней была ўласная школа, бальніца, бібліятэка, клуб, пошта – а цяпер няма нават крамы. Насельніцтва старэе, памірае, і, на жаль, такія населеныя пункты сапраўды могуць знікнуць. Нам проста пашанцавала больш.

 

«Вясковая хата, абстаўленая Zara Home, тут звычайная рэч»

– У прынцыпе, для жыцця ў Нарачы ўсё ёсць. Крам, напрыклад, больш чым дастаткова – асабліва прадуктовых. Ёсць сеткавы «Еўраопт», але большасць менавіта прыватныя, адкрытыя мясцовымі прадпрымальнікамі. І асартымент у іх розны: калі я іду за пакупкамі, то разумею, што малочныя прадукты куплю ў адным месцы, мяса – у іншым, а хлеб – у трэцім. Па цэнах нешта таннейшае, чым у супермаркеце, нешта даражэйшае, але ў цэлым амаль так жа. Ёсць і «Е-Дастаўка» – мая бабуля, напрыклад, карыстаецца толькі ёю, і для пажылых людзей гэта вельмі зручна.

Адзенне можна купіць у «гаспадарчых таварах»: там ёсць Mark Formelle, «Мілавіца» і ўсё такое, але для рэгіёна гэта даволі дарага. Працуе і прыватная крама, якую трымаюць людзі ўсходняй нацыянальнасці: рэчы там таннейшыя, але як быццам з рынку. А яшчэ ёсць секанд-сток, дзе можна набыць H&M, Mango, Adidas і іншыя брэнды: прычым амаль усё або новае, або з неістотнымі нюансамі. Мясцовыя скардзяцца, што паднялі кошты, але на самой справе там усё яшчэ значна выгадней, чым купляць непасрэдна ў масмаркеце. Да таго ж часта прывозяць не толькі адзенне, але і тавары для дома – так што вясковая хата, абстаўленая Zara Home, тут звычайная рэч.

Установы таксама ёсць – але шмат у чым, зноў жа, дзякуючы таму, што гэта курортная зона. Ёсць клуб «Вега» – ён крыху крынжовы, з вайбамі 90-х і мужычкамі ў малінавых пінжаках, але зімой гэта практычна адзінае месца, куды можна пайсці патусавацца і патанцаваць, таму што пляцоўка крытая. Ёсць два бары, дзе можна папіць піва і добра паесці, і невялікая кафэшка на беразе возера з панарамнымі вокнамі і прыгожым выглядам. І гэта не лічачы санаторыяў, якіх тут шмат і ў якіх ёсць свае рэстараны і дыскатэкі, на якія таксама ходзяць мясцовыя.

Мая любімая ўстанова – Dark Fox: тут рок-музыка, добрая кухня і цэны крыху ніжэйшыя, чым у астатніх кафэшках. А так яны ў нас цалкам сабе мінскія: піца за 20 рублёў, кава за 7, пры гэтым не ад барыста, а з аўтамата. На самай справе для мясцовага насельніцтва, якое тут не адпачывае, а жыве, гэта неабгрунтавана дорага.

Летам опцый больш, бо пачынае працаваць яшчэ некалькі адкрытых устаноў – выбар ёсць, але ўсё даволі аднолькавае і не зусім арыентаванае на моладзь. Хочацца, канечне, якой-небудзь альтэрнатывы: раней, у 2010-я гады, у нас быў рэстаран BBQ, дзе грала добрая музыка і нават прыязджалі дыджэі. Расказваюць, што людзі ездзілі тусавацца да нас аж з Мінска. Але чамусьці ён цяпер не працуе.

Ёсць грамадскі транспарт: дабрацца да раённага цэнтра або да найбліжэйшых вёсак без праблем можна на аўтобусе – але гэта калі ехаць праз трасу на Мінск або на Літву. У супрацьлеглы бок ад цывілізацыі складаней: там у нейкі момант проста заканчваецца асфальтаваная дарога і пачынаецца пясок. У адной з такіх вёсак якраз у тым напрамку ў мяне жыве сяброўка: памятаю, неяк праводзіла яе дадому, аўтобуса не было, але нам пашанцавала – яе падхапіў бобік «Белпошты», які ехаў у той бок.

Да і з медыцынай у нас непагана. Ёсць паліклініка і нават стацыянар, у санаторыях можна атрымаць дадатковую платную кансультацыю ў дактароў. Хуткая дапамога ў нашым населеным пункце таксама ёсць. Быў, праўда, аднойчы выпадак, калі здарылася памылка ў перанакіраванні і чамусьці да людзей адправілі машыну з іншага горада: ехала яна 2 гадзіны, і, на жаль, усё скончылася сумна. Але ў цэлым на выклік прыязджаюць за 20 хвілін, і з гэтым праблем няма.

 

«Не ўсе разумеюць, чаму я вырашыла застацца ў вёсцы, а я, у сваю чаргу, – чаму ўсе так імкнуцца ў горад»

– Мне здаецца, людзі, якія скептычна ставяцца да вясковага жыцця, мысляць стэрэатыпна і ўяўляюць сабе сельскую мясцовасць як глухамань без інфраструктуры, дзе абавязкова трэба мець гаспадарку і цяжка выкладвацца ў агародзе. Але на самой справе не – часта гэта не патрабуе занадта шмат працы.

У нас, напрыклад, дастаткова вялікі ўчастак, дзе мы спачатку зрабілі сад і невялікі агарод, таму што мне проста хацелася такога экспірыенсу. Але, паколькі мы рэстаўрыруем дом і гэта займае шмат сіл, хутка ад агарода я адмовілася і проста засадзіла зямлю саджанцамі дрэў. Даглядаю за імі і кашу траву – на гэтым пакуль усё.

Не думаю, што хачу сабе гаспадарку, ды і ў прынцыпе не бачу ў гэтым асаблівага сэнсу, калі ёсць хаця б сярэдні даход: больш рэлевантна купіць мяшок бульбы, чым бясплатна працаваць у другую змену на ўчастку. Так, агародаў вакол усё яшчэ шмат, але ў асноўным у пажылых людзей: у маладых жа сем’яў, як правіла, газоны і лужкі, і гэта традыцыя не захавалася.

Акрамя свайго дома, спакою і цішыні, вёска – гэта яшчэ і ідэальнае месца для тых, хто любіць фізічную актыўнасць. Хайкінг, паходы з палаткамі, рыбная лоўля і паляванне (з ліцэнзіяй і па лімітах, вядома), катанне на лодцы і нават на яхце, пракат якіх у нас таксама ёсць, ды і проста прагулкі па запаведніку – неверагодная прырода, чыстае паветра і добрая нагрузка. Ды і ў горадзе так не паганяеш на веласіпедзе, бо трэба сачыць за пешаходамі і машынамі, а тут – поўная свабода.

У агульным, калі выбраць населены пункт накшталт нашага, тут можна жыць цалкам камфортна. Але ж, вядома, я чую дастаткова пытанняў: не ўсе разумеюць, чаму я вырашыла застацца ў вёсцы, а я, у сваю чаргу, – чаму ўсе так імкнуцца ў горад і гатовы плаціць такія сумы за жыццё там. Думаю, гэта проста пытанне густу і прыярытэтаў, бо сярод маіх знаёмых ёсць і тыя, хто быў бы рады жыць спакойным жыццём у сельскай мясцовасці.

Не магу сказаць, што чагосьці мне тут моцна не хапае, хіба што тусовак і сустрэч з сябрамі. Па сутнасці, усе яны засталіся ў Мінску, бо ў такім узросце моладзь як раз сканцэнтравана ў гарадах, а тут яе амаль няма. З моманту майго вяртання прайшло ўжо 2 гады, за гэты час я асабліва нікуды не выязджала і пачала задумвацца пра тое, што, напэўна, можна было б пажыць месяцок у сталіцы: усё ж такі маладосць патрабуе руху, ды і камунікацыі мне тут не хапае. Часам бывае сумнавата і адзінока – але затое вельмі спакойна.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: асабісты архіў гераіні.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter