Чужая дзяржава, дзе беларусы «хадзілі пад бізуном». Такое цяпер даводзіцца чуць пра Рэч Паспалітую. Выдумка не новая, яна пайшла ад расійскіх імперскіх (асабліва савецкіх) гісторыкаў, якія хлусілі, што Расія ваявала з ВКЛ і Рэччу Паспалітай, каб бараніць беларусаў і ўкраінцаў ад «палякаў».
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
Пра што вы прачытаеце ў гэтым артыкуле
- Рэч Паспалітая – беларуская назва
- Рэч Паспалітая была не канцом, а перазагрузкай ВКЛ
- Шляхта ВКЛ магла сарваць выбары караля, каб дабіцца сваіх правоў
- Адкуль у нас схільнасць да пракрастынацыі? Дзякуй Рэчы Паспалітай
- Ці хадзілі беларусы пад бізуном?
- Дзяржава многіх народаў
- Шляхце ў Рэчы Паспалітай было дазволена не ўсё
- Беларусы маглі б быць кальвіністамі
- У Рэчы Паспалітай пратэстанты і каталікі не рэзалі адзін аднаго
- У Рэчы Паспалітай палілі кнігі, але не палілі людзей
- Чаму продкаў праваслаўных беларусаў звалі Казімірамі, Феліцыянамі і Петранэлямі
- Рэч Паспалітая дагэтуль вакол нас. Не верыце?
- Чаму загінула Рэч Паспалітая?
Рэч Паспалітая – беларуская назва
Між тым нават тэрмін «Рэч Паспалітая» не польскі. Паспаліты, паспольны – старабеларускае слова, якое азначае «супольны», «народны». Яно вядома з 14-га стагоддзя, яго ўжываў і Францыск Скарына.
А «Рэч Паспалітая» – даслоўны пераклад лацінскага выразу res publica: літаральна «народная справа». Так у Вялікім Княстве Літоўскім казалі пра дзяржаву як супольную справу, супольны інтарэс і супольнае дабро.
У гэтым значэнні яго ўжываў вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст яшчэ да стварэння ў 1569 годзе саюзнай дзяржавы Польскага каралеўства і ВКЛ. «А ў расійскую мову словазлучэнне “Рэч Паспалітая” трапіла менавіта з беларускай», – адзначае гісторык Алег Дзярновіч.
Рэч Паспалітая была не канцом, а перазагрузкай ВКЛ
Магнаты ВКЛ, «паны-рада», якія рэальна кіравалі краінай, пагадзіліся на саюз з Польшчай не ад добрага жыцця. Аб’яднанне адбылося падчас цяжкай вайны з Масквой пасля страты Полацка. Тыя войны ішлі ўжо 50 гадоў, і ім не было відаць канца, маскоўскі цар абвясціў усю «літоўскую зямлю» сваёй вотчынай. Ад палякаў чакалі найперш вайсковай дапамогі. Характэрна, што, як толькі войска ВКЛ выйгравала хоць якую бітву, аб’яднанне адкладалася.
У часы Рэчы Паспалітай войска ВКЛ памацнела. Не толькі таму, што польскія рыцары далучаліся да сумесных паходаў. Літвіны пераймалі ад іх новыя вайсковыя тэхналогіі, не забываючы і пра традыцыйныя козыры войска Вялікага Княства.
Сіла цяжкой гусарскай конніцы ВКЛ і прафесіяналізм наёмнай пяхоты дазвалялі малымі сіламі біць ворага – шведаў пад Кірхгольмам, туркаў пад Венай, рускіх на Уле, пад Ляхавічамі, пад Палонкай.
І ў іншых сферах Рэч Паспалітая не была канцом Вялікага Княства. Яна была яго працягам, спосабам прадоўжыць існаванне ВКЛ яшчэ на некалькі стагоддзяў. А таксама канцэптуальным развіццём яго ідэі.
На піку магутнасці, у часы Вітаўта, Вялікае Княства было ўвасабленнем велічы і сілы, неабмежаванай улады вялікага князя. Масква пайшла далей па гэтым шляху (ёю кіравалі нашчадкі Вітаўта) – і стала дэспатыяй. Грамадства ВКЛ дабівалася свабоды і супольнага ўдзелу ў дзяржаўных справах – і прыйшло да Рэчы Паспалітай.
Шляхта ВКЛ магла сарваць выбары караля, каб дабіцца сваіх правоў
Палякі, вядома, хацелі поўнага падпарадкавання, хацелі земляў, дзяржаўных пасад у Вялікім Княстве. Але грамадзяне ВКЛ ад першага дня змагаліся за незалежнасць і за свае правы. Яны зрывалі соймы ў Варшаве, сабатавалі выбары, паралізавалі палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, пакуль Карона не ішла на саступкі.
Напрыклад, дэлегаты ад ВКЛ у 1588 годзе адмаўляліся на сойме галасаваць за новага караля Жыгімонта Вазу, пакуль той не паабяцаў зацвердзіць Статут ВКЛ. Гэты звод законаў гарантаваў Княству самастойнасць, а палякі ў ім называліся іншаземцамі. Па законах Статута беларускія землі пражылі да канца Рэчы Паспалітай і нават яшчэ трохі пры Расійскай імперыі – да 1840 года.
Асобнымі ад Польшчы былі «скарб і манета, канцылярыі і пячаткі, трыбунал і ўрады, сваё войска і законы, урэшце – свая дзяржаўная мова», – піша гісторык Генадзь Сагановіч.
Кожны новы кароль мусіў асобна прысягаць ВКЛ і пацвярджаць ранейшыя правы магнатам і шляхце.
Адкуль у нас схільнасць да пракрастынацыі? Дзякуй Рэчы Паспалітай
Перад кожным вальным (супольным з палякамі) соймам палітыкі ВКЛ збіраліся на «генеральны соймік» у Слоніме ці ў Ваўкавыску і абмяркоўвалі свае патрэбы і стратэгію дзеянняў.
Яны маглі сварыцца, нават ваяваць паміж сабой, як Радзівілы з Хадкевічамі ці Сапегі з Агінскімі, але ў супольных інтарэсах дзейнічалі разам.
Рэч Паспалітая, дзе ўсе вялікія пытанні абмяркоўвалі на соймах, меншыя – на сойміках і канвакацыях, была для нашых продкаў школай палітычнай дзейнасці, вырашэння грамадскіх спраў праз дамоўленасці.
Нярэдка, асабліва на павятовых сойміках, шляхта бралася за шаблі і пістолі – але і ў сучасных парламентах б’юцца. Мінусам шляхецкай дэмакратыі было і тое, што з-за ўзгадненняў на збор падаткаў ці войска часам сыходзілі месяцы і гады замест лічаных дзён.
Так што наша ўменне каардынавацца і самаарганізоўвацца – наўпрост з Рэчы Паспалітай. І схільнасць да пракрастынацыі таксама.
Ці хадзілі беларусы пад бізуном?
У Рэчы Паспалітай было б няпроста прыгнятаць кагосьці па нацыянальнай прыкмеце. РП існавала ў часы, калі сучасных нацый яшчэ не было.
Нацыі і нацыянальныя дзяржавы аформіліся ў пачатку ХХ стагоддзя. А да таго грамадства было станавае, значэнне мела тое, ці нарадзіўся ты князем, ці шляхцічам, ці селянінам.
Прыняць тое, што ўсе людзі роўныя незалежна ад сацыяльнага статусу, было няпроста. Гэта быў паступовы і доўгі працэс. Плантацыі і рабоў мелі нават стваральнікі Злучаных Штатаў Амерыкі і самай прагрэсіўнай канстытуцыі канца 18-га стагоддзя.
Так што на беларускіх землях Рэчы Паспалітай рабы былі рабамі, сяляне – сялянамі, паны – панамі, святарства – святарствам, шляхта – шляхтай. Але былі і «сацыяльныя ліфты»: селянін ці мешчанін мог за заслугі перад дзяржавай атрымаць шляхецкую годнасць і маёнтак – як Дзяніс Мурашка, які стварыў партызанскае войска на Наваградчыне падчас расійскага нашэсця 1654–1667 гадоў.
Такое было б немагчыма, каб рыцарства і сялянства належалі да розных этнасаў. Як у суседняй Лівоніі, дзе рыцарства было нямецкім, а сяляне – латышамі і эстонцамі. У Беларусі і адны, і другія былі беларусамі.
Расійская імперыя спрабавала адабраць у беларусаў гісторыю. Таму і пісалі, што беларусы ў мінулым – толькі сяляне, «цярпілы», аб’ект заваявання і ўціску з боку «літоўскіх феадалаў», «палякаў», што іх «векавой марай» было ўз’яднанне з Расіяй.
А тое, што беларускія магнаты і шляхта, асабліва пасля 17-га стагоддзя, аддавалі перавагу польскай мове, не робіць іх палякамі – ніхто ж не называе французамі расійскіх дваран, якія ў пачатку 19-га стагоддзя гаварылі па-французску.
Дзяржава многіх народаў
Сакрэт поспеху ВКЛ быў у мірным і ўзаемавыгадным суіснаванні двух этнасаў – русі і літвы. Пасля вялікі князь Гедымін запрашаў немцаў-каланістаў. У часы Ягайлы з’явіліся яўрэі, у часы Вітаўта – татары, потым караімы, шведы, венгры, чэхі, італьянцы, шатландцы…
Улады ВКЛ не апускаліся да пераследу па нацыянальнай прыкмеце. Адзіны выпадак здарыўся ў 1495-м, калі вялікі князь Аляксандр выгнаў з краіны яўрэяў. Праўда, праз восем гадоў пазваў назад з умовай, што будуць выстаўляць тысячу коннікаў у войска.
Розныя народы жылі тут пакаленнямі, стагоддзямі. Гэта была і іх зямля, яны бачылі яе не так, як беларусы, – і мелі на гэта права.
Немец па крыві Караль Чапскі стаў культавым мінскім бурмістрам, немка Эмілія Плятэр збірала беларускія народныя песні на Віцебшчыне, а пасля стала сімвалам антырасійскага паўстання 1830-га, філосаф эпохі Асветніцтва Саламон Майман пакінуў каларытныя ўспаміны пра дзяцінства ў ваколіцах Стоўпцаў і Міра.
Беларусь стала монаэтнічнай дзяржавай толькі ў выніку катаклізмаў 20-га стагоддзя: палякаў і немцаў вынішчылі камуністы ў 1930-я, яўрэяў – нацысты ў 1940-я. Усіх астатніх, у тым ліку беларусаў, спрабавалі саветызаваць пад адзін узор.
Шляхце ў Рэчы Паспалітай было дазволена не ўсё
Калі б Рэч Паспалітая была чужая беларусам, хіба яны спрабавалі б разам з палякамі цаной вялізных ахвяр узнавіць яе? Паўстанне Касцюшкі, паход з Напалеонам, філамацкі рух, паўстанне 1830-га, падполле Канарскага, паўстанне Каліноўскага. І пасля кожнай праявы – рэпрэсіі, рэпрэсіі, рэпрэсіі, выпаленая зямля.
Рухавіком паўстанняў была шляхта. Бо такая была традыцыя з часоў Рэчы Паспалітай, дзе закон даваў шляхце права рокашу – паўстання супраць тыраніі.
Рэч Паспалітая Двух Народаў – так поўнасцю называлася дзяржава. Два народы – гэта шляхта ВКЛ і шляхта Польскага каралеўства. Шляхты-рыцарства ў ВКЛ было 8–10% жыхароў, столькі ж, колькі ў Іспаніі. (У Францыі, Чэхіі ці Расіі – 1%.)
Шляхта ў Рэчы Паспалітай лічылася «палітычным народам», яна мела права ўдзельнічаць у выбарах, соймах, кіраванні краінай. Але, напрыклад, гандляваць ці займацца рамёствамі рыцарству было забаронена. Так што нельга сказаць, што іншыя станы Рэчы Паспалітай былі пазбаўлены правоў. Кожны займаўся сваёй справай. Ды і шляхціч, калі вельмі хацелася гандляваць, мог звярнуцца да пасярэднікаў-фактараў, якія вялі бізнес-аперацыі.
Найлепшыя праявы шляхецкай этыкі– самастойнасці, энергічнасці, пачуцця адказнасці за край – мы бачым у дзеячах канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. Паны-абшарнікі са старых баярскіх фамілій Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт укладалі сілы ў развіццё беларускай гаспадаркі, у яднанне беларусаў спачатку эканамічна, а пасля і палітычна: абодва яны ўвайшлі ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларусы маглі б быць кальвіністамі
За што яшчэ маем дзякаваць Рэчы Паспалітай – за адкрытасць да свету і новых ідэй. Краіна ніколі не была косным глухім «мядзвежым кутом» (хоць мядзведзі і вадзіліся).
У 16-м стагоддзі ВКЛ так бурліва адгукнулася на Рэфармацыю, бо яе ідэі прывозіла моладзь, якая вучылася ва ўніверсітэтах Лейпцыга, Вітэнберга, Цюбінгена. Два наймагутнейшыя магнаты, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны і вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды, сталі пратэстантамі-кальвіністамі. Следам за начальствам пацягнулася шляхта і мяшчане.
У 1591 г. у ВКЛ было 207 пратэстанцкіх збораў (так называліся храмы), з іх у Беларусі – 92, больш за ўсё на Наваградчыне і Берасцейшчыне.
Радзівілы лічылі, што кальвінізм аб’яднае грамадства ВКЛ, не дазволіць ні палякам, ні Маскве ім маніпуляваць.
У Рэчы Паспалітай пратэстанты і каталікі не рэзалі адзін аднаго
Каталіцтва не хацела губляць пазіцыі, пачалася Контррэфармацыя. Даходзіла да масавых забойстваў накшталт Варфаламееўскай ночы 1572 года ў Парыжы, дзе каталікі на загад караля выразалі пратэстантаў. Рэч Паспалітая зрабіла высновы: у 1573 годзе прыняла Варшаўскую канфедэрацыю, зацвердзіўшы свабоду веравызнання для ўсіх.
Сутыкненні здараліся, у тым ліку крывавыя. Але ў асноўным каталікі і пратэстанты спаборнічалі мірна. Ордэн езуітаў у ВКЛ зрабіў стаўку на адукацыю. Езуіцкая Віленская акадэмія (з яе пасля вырас універсітэт) была раўназначная Кракаўскаму ўніверсітэту. Па ўсёй краіне адкрываліся езуіцкія, піярскія, базіліянскія школы і калегіумы. Туды бралі не толькі шляхту, і навучанне шмат дзе ішло па-беларуску. Лаціну вывучалі абавязкова. У 17-м стагоддзі шляхціч сутыкаўся з лацінай штодзённа – гэта была «мова школы і навукі, мастацтва і дыпламатыі, набажэнстваў і соймавых прамоў».
Рэлігійная барацьба ажывіла кнігадрук. Асветнікі і выдаўцы Сымон Будны і Васіль Цяпінскі за прыкладам Скарыны звярнуліся да старабеларускай мовы. Будны заклікаў сваіх патронаў-Радзівілаў не цурацца яе, а Цяпінскі выдаў Святое пісьмо паралельна па-царкоўнаславянску і па-старабеларуску.
У Рэчы Паспалітай палілі кнігі, але не палілі людзей
Уніяцтва стала наступнай спробай аб’яднаць найбольшыя народы ВКЛ супольнай царквой. Дамова пра аб’яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, падпісаная ў 1596 годзе ў Брэсце, справакавала казацкія войны і разлад у Рэчы Паспалітай.
Цікава, што падпарадкаваць Папу Рымскаму праваслаўных прыдумалі не каталікі, а самі праваслаўныя іярархі. Ім хацелася мець большыя прывілегіі і допуск да ўдзелу ў дзяржаўных справах.
Не ўсё ішло гладка, рэзкія дзеянні выклікалі рэзкі адказ. На ўніяцкага мітрапаліта Язафата Кунцэвіча, які выганяў праваслаўных маліцца ў поле і забараняў хаваць памерлых, у Магілёве навялі гарматы, не пускаючы ў горад, а ў Віцебску яго ўвогуле забілі. У адказ кароль Жыгімонт Ваза пазбавіў горад Магдэбургскага права і пакараў смерцю 20 чалавек, яшчэ 100 асудзілі завочна. А праз дзесяць гадоў сын Жыгімонта, талерантны Уладзіслаў Ваза, прыняў «Артыкулы супакаення рэлігіі грэцкай», вярнуўшы праваслаўным маёмасць і правы.
Праваслаўныя мелі сваіх лідараў – накшталт князя Канстанціна Васіля Астрожскага, заснавальніка Астрожскай славяна-грэка-лацінскай акадэміі. Яны ядналіся ў брацтвы, адкрывалі свае школы. Рэлігійная палеміка вакол уніі вялася на соймах і ў друку – у наступнае стагоддзе выйшла 140 выданняў «за» і «супраць». Праваслаўная шляхта шукала аргументы ў мінулым, называла сябе пераемніцай традыцый Кіеўскай Русі і прасіла ў караля пацвердзіць яе 600-гадовыя вольнасці.
Ужываліся і забароненыя прыёмы. Каталіцкі прапаведнік Пётр Скарга наракаў, што яго новую кнігу «багатая русь скупіла» – і больш яе ніхто не бачыў. Так, кнігі палілі, але не палілі людзей, як рабіў расійскі цар Аляксей Міхайлавіч са «стараверамі».
Чаму продкаў праваслаўных беларусаў звалі Казімірамі, Феліцыянамі і Петранэлямі
Пасля уніі, адзначае Сагановіч, і адбыўся раскол беларусаў, якім пасля скарысталіся імперскія ідэолагі. Праваслаўе атаясамлівалася з «рускай» народнасцю, з сялянамі і мяшчанамі. Грамадскія вярхі развіваліся ў сферы лацінамоўнай «заходняй» традыцыі.
Да сярэдзіны 19-га стагоддзя ўніяцтва стала народнай сялянскай верай на беларускіх землях. У 1839 годзе мільёны ўніятаў прымусова перахрысцілі ў расійскае праваслаўе. Але капні генеалогію любога праваслаўнага беларуса – і сярод продкаў-сялян знойдуцца Феліцыяны і Габрыэлі, Петранэлі і Казіміры.
Рэч Паспалітая дагэтуль вакол нас. Не верыце?
У час рэлігійных палемік з падачы езуітаў у ВКЛ прыйшла культура барока. Сёння мы заўважаем найбольш яе слядоў у архітэктуры – Мікалаеўская царква Магілёва, полацкая Сафія, касцёл у Будславе, мінскі Святадухаўскі сабор, храмы з характэрным «двухвежавым» абрысам пазначаюць старыя межы дзяржавы Двух Народаў.
Першыя барочныя храмы і палацы ў ВКЛ будавалі італьянцы – напрыклад, Джавані Марыя Бернардоні, які на замову Радзівіла ўзвёў касцёл езуітаў у Нясвіжы. Там жа ён знайшоў сабе вучня, мінскага пекара Яна Франковіча, які пасля будаваў касцёл Святога Казіміра ў Вільні з 40-метровым купалам. Паступова на землях ВКЛ выпрацаваўся ўнікальны стыль «віленскага барока».
Барока закранула не толькі каталіцтва. Яго рысы мелі і праваслаўныя храмы Магілёва, Супрасля, Жыровіц. Нават драўляныя ліштвы на сялянскіх хатах мастацтвазнаўцы лічаць водгукам на барочную архітэктуру з яе багатым дэкорам.
Чаму загінула Рэч Паспалітая?
У 16-м – першай палове 17-га стагоддзя Рэч Паспалітая вырастала з ролі сыравіннага прыдатку. У краіне адбываліся тыя ж працэсы, што стагоддзем раней на Захадзе. Ішла ўрбанізацыя, колькасць гарадоў і мястэчак у Беларусі вырасла ад 48 да 467. Берасце, Полацк, Слуцк, Пінск, Віцебск, Магілёў налічвалі па 10 тысяч жыхароў.
У гарадах развіваліся гандаль і прамысловасць, працавалі рамеснікі больш як 20 спецыяльнасцяў. Натуральны працэс развіцця краіны, які прывёў бы яе туды, дзе цяпер Францыя, Германія і Швецыя, быў зламаны страшнымі войнамі 17-18-га стагоддзяў і слабасцю эліты.
Гарады раз за разам палілі і рабавалі, мяшчане расцерушыліся, не паспеўшы вырасці ў буржуазію. У дадатак шляхта, якой нарэшце дазволілі гандляваць, дзеля ўласнай нажывы абмяжоўвала эканамічныя правы гараджан, даводзячы іх да галечы.
Палітычны народ Рэчы Паспалітай адрываўся ад рэальнасці і спачатку не хацеў, а пасля ўжо і не мог змяняць краіну ў адпаведнасці з выклікамі часу. Шляхецкае свабодалюбства ператварылася ў сваволю, магнацкая гаспадарлівасць – у драпежніцтва, каралеўская дэмакратычнасць – у бяссілле.
Але Рэч Паспалітая, гэта неідэальная, не змацаваная жалезам і крывёй дзяржава, прастаяла 250 гадоў. І яшчэ стагоддзе пасля яе народы цаной вялізных ахвяр спрабавалі яе аднавіць. За ўсю гісторыю Рэчы Паспалітай у ёй не было ніводнага крывавага тырана, не здарылася ніводнага генацыду. Не таму, што трапляліся такія добрыя каралі: нашы продкі здолелі выпрацаваць механізмы самарэгуляцыі грамадства, якія не дазвалялі гэтага.
Аказваецца, так было можна.