Новости Премьеры
CityDog.io

Прэм'ера на CityDog.by. Льюіс Кэрал «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»

Прэм'ера на CityDog.by. Льюіс Кэрал «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»
Сёння мы прадстаўляем пераклад кнігі, якую з дзяцінства ведаем пад назвай «Алиса в Зазеркалье». А ці ведаеце вы, што яе нарэшце пераклалі на белмову?  

Сёння мы прадстаўляем пераклад кнігі, якую з дзяцінства ведаем пад назвай «Алиса в Зазеркалье». А ці ведаеце вы, што яе нарэшце пераклалі на белмову?  

Перакладчыца Вера Бурлак разам са сваёй камандай прадстаўляюць пераклад легендарнай кнігі Льюіса Кэрала на беларускую мову. Ілюстратар Кацярына Дубовік намалявала карцінкі, іх сябры завярсталі кнігу – і тая зараз чакае вашай дапамогі. Адсёння на Ulej.by пачалі збіраць сродкі на выданне «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». І нам падаецца, гэтай камандзе трэба дапамагчы.

 

 

ШТО ГЭТА ЗА КАЗКА

Гісторыя стварэння казак пра Алісу добра вядомая: 4 ліпеня 1862 года Чарльз Доджсан (вядомы свету як Льюіс Кэрал) расказаў Алісе Лідэл і яе дзвюм сёстрам займальную гісторыю пра вандроўку Алісы пад зямлю. У 1865 годзе выйшла казка, створаная на аснове гэтай гісторыі. 

А ў 1871 годзе, у студзені (якраз да Калядаў) з’явілася другая казка, аб прыгодах Алісы ў залюстэркавым свеце. Цікава, што калі Льюіс Кэрал пісаў яшчэ першую з казак, Аліса папрасіла, каб там было паболей нісянеціц (бязглуздзіц). Кэрал бліскуча выканаў гэта ў абедзвюх казках. А ў вершах, якія папярэднічаюць і наступнічаюць расповеду другой з казак, ён сам апавёў, як яны ствараліся. 

ХТО ПРАЦАВАЎ НАД БЕЛАРУСКІМ ПЕРАКЛАДАМ

Літаратарка Вера Бурлак. Пераклад быў зроблены досыць даўно, у 2008 – 2009 гадах. Рабіўся ён даволі доўга, бо не было канкрэтных планаў па яго выданні, і можна было дазволіць сабе працаваць не спяшаючыся. Вядома ж, рэгулярна, але не хвалюючыся, калі нешта не артымлівалася: была магчымасць дачакацца добрага рашэння. 

Мастачка кнігі – Кацярына Дубовік, якая ўжо мае прэмію Цёткі за афармленне кнігі казак Н. Ясмінскай «Сем ружаў». Яна стварыла сваю версію «залюстэркавага свету», які мае ўласныя прастору і настрой – дарэчы, вельмі пазітыўны.


А КОЛЬКІ ТРЭБА САБРАЦЬ ГРОШАЙ НА КНІГУ?

22 500 рублёў – за тое, што вы пералічваеце грошы, можна атрымаць падарункі, пра якія можна пачытаць вось тут.

 


А ВОСЬ І ЎРЫВАК З КНІГІ

«...Пасля гэтага яны яшчэ трохі памаўчалі, а потым Рыцар пачаў зноў:

– Я вялікі дока ў розных выдумках. Ці заўважыла ты, як я задумаўся, калі ты апошнім разам падымала мяне на каня?

– Вы былі трохі сумнаватым, – пацвердзіла Аліса.

– Так, бо мне якраз прыйшоў у галаву новы спосаб пералязання праз брамкі. Табе цікава?

– Вядома ж, вельмі! – ветліва сказала Аліса.

– Зараз я раскажу табе, як прыйшоў да гэтага, – паабяцаў Рыцар. – Каб пералезці праз брамку, трэба апынуцца над ёй, так? І я адразу сказаў сабе: самае цяжкае тут – гэта ногі: бо яны ўнізе. А галавасама па сабе ўжо дастаткова высока. Такім чынам, кладзем галаву на верхні край брамкі, потым становімся на галаву – цяпер, як бачыш, і ногі ўжо ўверсе – вось брамка і пераадолена!

– Так, цалкам магчыма, – задуменна сказала Аліса. – Але ці не здаецца Вам, што гэта даволі цяжка?

– Я яшчэ не спрабаваў, – адказаў Рыцар сур’ёзна. – Таму не магу сказаць дакладна. Але, баюся, гэта сапраўды можа быць цяжкавата.

Гэтая думка так засмуціла яго, што Аліса паспяшалася змяніць тэму.

– Які ў Вас дзіўны шлем! – вясёла сказала яна. – Яго таксама Вы прыдумалі?

Рыцар з гонарам зірнуў на свой шлем, прымацаваны да сядла.

– Так, – пацвердзіў ён, – але раней у мяне быў яшчэ лепшы – у выглядзе вялізнай цукровай галавы. Калі я падаў з каня ў ім, ён адразу ж упіраўся ў зямлю. І мне заставалася праляцець зусім трошкі. Але была небяспека праваліцца ў яго. Аднойчы так і здарылася і, як на бяду, я не паспеў з яго выбрацца, калі прыйшоў другі Белы Рыцар і апрануў яго. Ён думаў, што гэта ягоны шлем.

Рыцара гэтыя ўспаміны, здавалася, засмучалі настолькі, што Аліса не наважылася смяяцца.

– Пэўна ж, Вы яму задалі, – прамовіла яна скрозь стрыманы смех, – калі разам са шлемам апынуліся ў яго на галаве.

– Вядома ж, я мусіў яго штурхнуць, – цалкам сур’ёзна адказаў Рыцар. – І тады яму давялося зняць шлем. Але выцягваць мяне адтуль ён мусіў некалькі гадзін. Я схапіўся за яго, а рука ў мяне моцная, як слова гонару!

– Але ж гэта зусім іншая моц, – запярэчыла Аліса.

Рыцар пахітаў галавой:

– Павер, гэта былі ўсе віды моцы адразу.

Кажучы гэта, ён імпэтна ўзмахнуў рукамі – і адразу ж выляцеў з сядла і з галавой праваліўся ў глыбокую канаву.

Аліса кінулася на дапамогу.

Гэтага падзення яна неяк не чакала, бо Рыцар ужо даволі доўгі час трымаўся на кані цалкам упэўнена. Акрамя таго, яна баялася, што гэтым разам ён сапраўды мог быць паранены. Аліса бачыла толькі падэшвы ягоных ног і ўздыхнула з вялікай палёгкай, калі Рыцар працягнуў, быццам нічога не здарылася:

– …так, усе віды моцы. Але якая легкадумнасць – апранаць чужы шлем, ды яшчэ з гаспадаром у сярэдзіне!

– Як Вам удаецца размаўляць так спакойна дагары нагамі? – спытала Аліса, выцягваючы яго за ногі і ўкладаючы на край канавы.

Рыцар здзівіўся:

– Хіба становішча цела для гэтага істотна? Мой розум працуе па-ранейшаму. Напраўду, прыдумляць нешта новае дагары нагамі нават зручней: усе рэчы бачыш па-новаму.

Ён трохі прамаўчаў і працягнуў:

– Пакуль што мая найлепшая прыдумка, – вымавіў ён пасля паўзы, – новы пудынг, вынайдзены, пакуль я ем мяса.

– Каб на дэсэрт – наступнай стравай – ён быў ужо гатовы? – перапытала Аліса. – Гэта сапраўдыхутка.

– Не, не наступнай, – павольна і задуменна адказаў Рыцар, – і нават не стравай.

– Значыцца, на наступны дзень? Пэўна ж, вы не ясцё два пудынгі за адзін абед!

– Не, і не на наступны дзень, – паўтарыў Рыцар. – Не на наступны дзень. Насамрэч… – працягваў ён, апускаючы галаву, і яго голас рабіўся цішэйшым і цішэйшым, – не думаю, што гэты пудынг увогуле быў згатаваны! І нават – што гэты пудынг калі-небудзь будзе згатаваны! І таму гэта вельмі разумны варыянт пудынга.

– А з чаго б Вы яго гатавалі? – спытала Аліса, каб трохі ўзбадзёрыць Рыцара, зусім забітага гэтымі думкамі.

– З прамакальнай паперы, – адказаў Рыцар з цяжкім уздыхам.

– Нешта не вельмі смачна…

– Толькі з яе – зусім нясмачна, – перапыніў ён даволі раздражнёна, – але ведала б ты, як яна мяняецца ў спалучэнні з іншымі рэчамі – напрыклад, з порахам і сургучом! Але тут я мушу пакінуць цябе.

Аліса ў адказ толькі агаломшана паглядзела на Рыцара: яна ўсё яшчэ думала пра пудынг...»

ВАЖНА: калі вы хочаце, каб кніга «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» пабачыла свет, можаце зайсці на Ulej.by, дзе пачалі збіраць сродкі на выданне.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязней – тут.

   Ілюстрацыі: Кацярына Дубовік.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter