Гайды, разборы Подкасты
CityDog.io

«Замест таго, каб ствараць умовы для нараджэння дзяцей, аб’яўляюць ворагамі ЛГБТ і чайлдфры». Экспертка – пра тое, чаму людзі вераць беларускай прапагандзе

«Замест таго, каб ствараць умовы для нараджэння дзяцей, аб’яўляюць ворагамі ЛГБТ і чайлдфры». Экспертка ...
Як працуе беларуская прапаганда? Чаму яна ўсё больш становіцца падобнай да расійскай? Навошта ўлады дзеляць беларусаў на «правільных» і «няправільных»? Ці можна гэтаму супрацьстаяць? На гэтыя і іншыя пытанні пра прапаганду адказвае экспертка ў галіне медыякамунікацый, доктарка навук Ірына Сідорская.

Як працуе беларуская прапаганда? Чаму яна ўсё больш становіцца падобнай да расійскай? Навошта ўлады дзеляць беларусаў на «правільных» і «няправільных»? Ці можна гэтаму супрацьстаяць? На гэтыя і іншыя пытанні пра прапаганду адказвае экспертка ў галіне медыякамунікацый, доктарка навук Ірына Сідорская.

Прапаганда (згодна з «Вікіпедыяй») – гэта распаўсюджванне поглядаў, фактаў, аргументаў, чутак, інфармацыі (у тым ліку скажонай) або загадзя ілжывых звестак з мэтай фарміравання патрэбнай грамадскай думкі і маніпулявання грамадскай свядомасцю.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Хто ўвогуле займаецца прапагандай у Беларусі? Дзяржаўныя СМІ?

Ірына Сідорская
Экспертка ў галіне медыякамунікацый, доктарка навук

– Прапагандай могуць займацца не толькі дзяржаўныя медыя і тэлебачанне. Пэўныя элементы сустракаюцца ў сацыяльных сетках, кіно і серыялах, музыцы. Узгадаць хаця б вядомую песню «Любімую не аддаюць» – або любыя іншыя кампазіцыі, прысвечаныя Лукашэнку.

Важна разумець, што за прапагандай заўсёды стаіць моцная камунікацыйная крыніца: дзяржава, нейкая буйная арганізацыя, сусветная рэлігія. Гэта значыць, нельга сказаць, што дзіця займаецца прапагандай, каб бацькі сталі даваць яму больш кішэнных грошай. Дзеці могуць спрабаваць маніпуляваць, але на большае ў іх няма рэсурсу.

Таму прапагандай можа займацца толькі той, у каго дастаткова сродкаў і хто можа перакрыць альтэрнатыўны пункт гледжання.

Ці можна казаць, што прапаганда заўсёды хлусіць?

– Не, прапаганда хлусіць не заўсёды. Але яна і не працуе ў адпаведнасці з крытэрыямі аб’ектыўнай, поўнай інфармацыі. Прапаганда можа недагаворваць, даваць няпоўныя звесткі, дапускаць аднабаковую падачу даных і фальсіфікацыі: напрыклад, паведамляць толькі тыя факты, якія дапамагаюць выставіць чалавека ў больш пазітыўным ці, наадварот, негатыўным свеце.

Бываюць выпадкі, калі прапаганда дае 90% праўдзівай інфармацыі, але так перакручвае астатнія 10%, што гэта цалкам мяняе наша ўяўленне пра сітуацыю.

Менавіта гэтым прапаганда адрозніваецца ад журналістыкі, для якой важная поўная, дакладная і аб’ектыўная інфармацыя.

Ці можна казаць, што апазіцыя таксама займаецца прапагандай? Яна ж таксама прасоўвае пэўныя погляды

– Прасоўванне і прапаганда – не адно і тое ж. Прасоўванне мы бачым у тым ліку і ў маркетынгу, піяры, сувязях з грамадскасцю. Спецыялісты з гэтых сфер бліжэй да журналістаў, таму што яны не фальсіфікуюць даныя, прытрымліваюцца этычнага кодэксу (ці прынамсі імкнуцца да гэтага) і не дзейнічаюць па прынцыпе «мэта апраўдвае сродкі».

Прапаганда, у сваю чаргу, менавіта гэтай ідэі і падпарадкоўваецца. Ёй не важна, хлусіць яна, фальсіфікуе ці недагаворвае: галоўнае – сфарміраваць пэўную грамадскую думку.

Таму я б казала, што прапаганда прапагандуе, журналісты інфармуюць, а апазіцыя – прасоўвае свае погляды і, магчыма, займаецца контрпрапагандай.

Ці змянілася стратэгія лукашэнкаўскай прапаганды за час яго прэзідэнцтва?

– Думаю, што ў беларускай прапаганды мяняецца хутчэй не стратэгія, а тактыка. Задача – захаваць манаполію на інфармацыю і ўладу – застаецца ранейшай. Прапаганда як расчалавечвала апанентаў, дзяліла беларусаў на «правільных» і «няправільных», так і працягвае гэта рабіць. Адзінае, як мы ўжо зразумелі, дна ў прапаганды няма, таму яна становіцца ўсё больш агрэсіўнай і ўсё больш дэгуманізуе, а апошнім часам яшчэ і шмат што запазычвае ў расійскай.

Асабліва гэта стала прыкметна пасля пачатку вайны Расіі ва Украіне. Тады беларуская прапаганда сінхранізавала свае асноўныя наратывы з расійскай. Да гэтага яна была, можна сказаць, самастойнай – са сваім поглядам на падзеі як унутры краіны, так і за яе межамі.

Сінхранізавацца з расійскай прапаганда Беларусі пачала на тэму вайны, а потым стала выкарыстоўваць і іншыя паняцці. Вось гэта антыгендарная рыторыка (гэта значыць усё, што звязана з ЛГБТ-кам’юніці, чайлдфры, карэкцыяй полу, аховай традыцыйных каштоўнасцей і інш.) – гэта ўсё канцэпцыя рускага свету.

З аднаго боку, пераймаць чужое прасцей, чым прыдумляць сваё. А з іншага – чым менш прасторы для манеўраў ва ўладзе, тым менш свабоды і ў прапаганды. Бо Лукашэнка становіцца ўсё больш і больш прывязаны да Расіі. І калі там прымаюць нейкае чарговае рашэнне, накіраванае супраць ЛГБТ, то і Беларусь не можа застацца ў баку. Хочаш не хочаш, а трэба паказваць, што мы таксама ў гэтай абойме.

Якія мэты пераследуе беларуская прапаганда цяпер?

– У першую чаргу – утрымаць Лукашэнку ва ўладзе. А для гэтага трэба, каб хаця б нейкая частка грамадства падзяляла тую карціну свету, якую прапаганда трансліруе.

У другую – зрабіць так, каб тая частка грамадства, якая гэту карціну свету не падзяляе, адчувала сябе ў меншасці і не была здольнай на супраціў.

Бо чалавек – істота сацыяльная. Ён хоча ведаць, што ягоны пункт гледжання падтрымліваецца іншымі значнымі людзьмі. А прапаганда паказвае рэальнасць так, быццам усе (ці хаця б большасць) беларусаў думаюць як Лукашэнка. А калі ў цябе іншае меркаванне, то ты маргінал, белая варона – і такіх, як ты, можна па пальцах пералічыць. Натуральна, калі чалавек думае, што ягоны пункт гледжання практычна ніхто не падзяляе, то ён будзе маўчаць.

Прапаганда так і працуе: выдае большасць за меншасць – і наадварот.

А чаму прапагандзе выгадна не толькі аддзяліцца ад знешняга свету (нібыта толькі Беларусь – «астравок стабільнасці і бяспекі»), але яшчэ і беларусаў падзяліць на «добрых» і «дрэнных»?

– У прынцыпе, гэта класічны шлях прапаганды. Яна звычайна і кажа, што вось ёсць мы – добрыя, а вакол – кола ворагаў, якія хочуць расцягнуць нас на часткі.

Лукашэнка ж пачаў так казаць нават не ў жніўні 2020 года, а за некалькі месяцаў да таго: відаць, адчуў, што настроі ў грамадстве ўжо не тыя. А ўвогуле, канцэпцыя нейкага калектыўнага Захаду працуе ўжо чацвёрты год.

Гэта класічны прыём, калі замест таго, каб вырашаць рэальныя ўнутраныя праблемы, улада пераносіць наш погляд на тое, што адбываецца па-за межамі краіны. Маўляў, паглядзіце: на нас нападаюць ворагі – цяпер не час выбіраць новага прэзідэнта; наадварот, лепш згуртавацца вакол наяўнага лідара.

А што да падзелу ўнутры грамадства, то тут прапаганда дзейнічае па прынцыпе «разделяй и властвуй». Але дзеліць беларусаў не толькі на правільных і няправільных, але і на розныя групы. Вось, напрыклад, ЛГБТ, якія займаюцца «прапагандай нетрадыцыйных каштоўнасцей», таму «беларускі не хочуць нараджаць новых людзей, і таму ў нас дэмаграфічная праблема ў краіне».

Гэта значыць, замест таго, каб звярнуць увагу на саму дзяржаву – ці стварае яна эканамічныя, жыллёвыя, інфраструктурныя ўмовы для стварэння сем’яў і з’яўлення дзяцей, – лепш аб’явіць ворагамі ЛГБТ, чайлдфры і іншых.

А чалавеку ўласціва дзяліць свет на сваіх і чужых. Пры гэтым нам трэба камусьці давяраць. І калі прапаганда гаворыць: паглядзі, вакол цябе поўна ворагаў і гэтых няправільных беларусаў, – людзі пачынаюць баяцца. Прапагандысты так расчалавечваюць сваіх апанентаў, што чалавеку здаецца лагічным давяраць уласнай дзяржаве, чым тым, хто супраць яе.

Культура і дэмакратыя вядуць да таго, што мы становімся больш талерантнымі і большую колькасць людзей разглядаем як сяброў і партнёраў. Прапаганда, наадварот, спрашчае рэальнасць і грае на нашых біялагічных асаблівасцях. Ёй не трэба, каб чалавек працаваў над сабой, рэфлексаваў, станавіўся лепшым. Ёй больш выгадна, калі мы думаем, што вакол ворагі і толькі наша дзяржава можа нас абараніць.

Паводле якіх асноўных прынцыпах працуе беларуская прапаганда?

1. Мэта апраўдвае сродкі: можна фальсіфікаваць, перакручваць, недагаворваць, каб скласці ў грамадства тое меркаванне, якое будзе зручным уладам.

2. Падзел свету на белае і чорнае, на сваіх і чужых, сяброў і ворагаў. Поўнае расчалавечванне апанентаў.

3. Вяртанне да мінулага. Уся беларуская прапаганда не пра будучыню (як мы будзем жыць праз год, пяць, дзесяць), а пра мінулае – прычым такое расійска-савецкае. Цяпер ледзь не кожны дзяржаўны спікер ці спікерка лічаць сваім абавязкам выказацца, што беларусы не бяруцца шлюбам, позна нараджаюць, робяць аборты ці ўвогуле не хочуць дзяцей. То бок людзі ў 21-м стагоддзі не саромеюцца заклікаць вярнуцца да «традыцыйнай шматдзетнай беларускай сям’і», хаця любому адукаванаму чалавеку зразумела, што шматдзетныя сем’і былі тады, калі фіксавалася высокая дзіцячая смяротнасць. Атрымліваецца, беларуская прапаганда прапануе вярнуцца ў нейкую архаіку.

4. Простыя рашэнні складаных праблем. Так, у Беларусі сапраўды апошніх 20 гадоў складаная дэмаграфічная сітуацыя. Але яе трэба вырашаць комплексна: працаваць з пенсіённым заканадаўствам, займацца лячэннем пэўных захворванняў, праводзіць антыалкагольныя кампаніі па прасоўванні здаровага ладу жыцця, ствараць дзіцячыя сады з гнуткімі ўмовамі – але гэта доўгі і складаны шлях. Можна ж проста сказаць, што ва ўсім вінаватыя геі і чайлдфры: таму дастаткова забараніць іх прапаганду – і ўсе беларускі адразу пачнуць нараджаць.

5. Эмацыйнае прыцягненне ўвагі. Прапаганда не мае нейкіх складаных доказаў і аргументаў, а робіць стаўку на эмоцыі. Некаторыя глядзяць таго ж Азаронка як стэндап. Не трэба траціць грошы на білет у цырк – па тэлевізары бясплатна паказваюць.

А як супрацьстаяць прапагандзе, каб самому не трапіцца на яе вуду?

– Менш схільныя да прапаганды людзі з развітым крытычным мысленнем і пэўным узроўнем медыяграматнасці. Гэта значыць тыя, хто разумее, як працуюць СМІ, як працуе інтэрнэт, якім крыніцам можна давяраць, а якім не – і як іх адрозніваць паміж сабой.

У ідэале ўсяму гэтаму павінны навучаць яшчэ са школы. Але ў Беларусі і раней такіх заняткаў не было, а цяпер тым больш не будзе.

Таму важна ўвесь час працаваць над сабой. Цікавіцца навінамі, параўноўваць розныя крыніцы і пункты гледжання, не сядзець толькі ў сваёй інфармацыйнай бурбалцы і гэтак далей. Нягледзячы на тое, што ўлады пастаянна спрабуюць крыміналізаваць незалежныя медыя, застаюцца сацсеткі, міжасобасныя зносіны – адтуль таксама можна атрымліваць інфармацыю.

Вось зноў жа: чаму пенсіянеры больш за ўсё схільныя да ўплыву прапаганды? Таму што ім няма з кім абмяркоўваць свой пункт гледжання ці тое, што яны пачулі па тэлевізары. А калі чалавек кожны дзень ходзіць на працу, на вучобу, знаходзіцца ў розных групах па інтарэсах, ён усюды абменьваецца інфармацыяй – і можа параўнаць.

Увогуле, каб супрацьстаяць прапагандзе, трэба рабіць актыўныя дзеянні. Але, на жаль, не ўсе да гэтага гатовыя.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Pexels.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter