Рагвалода і Рагнеды не існавала! Што?! Пачытайце гэты артыкул – вельмі здзівіцеся

Рагвалода і Рагнеды не існавала! Што?! Пачытайце гэты артыкул – вельмі здзівіцеся
Гісторыя першай беларускай дзяржавы – Полацкага княства – толькі праступае контурам з тысячагадовай адлегласці. Час не захаваў яе ўласных летапісаў і хронік, і ўсё, што мы ведаем, – ведаем са слоў суседзяў: выключна прыязных і сімпатычных рускіх князёў і нямецкіх рыцараў. Разбяром асноўныя сюжэты, пра якія хоць нешта вядома.

Гісторыя першай беларускай дзяржавы – Полацкага княства – толькі праступае контурам з тысячагадовай адлегласці. Час не захаваў яе ўласных летапісаў і хронік, і ўсё, што мы ведаем, – ведаем са слоў суседзяў: выключна прыязных і сімпатычных рускіх князёў і нямецкіх рыцараў. Разбяром асноўныя сюжэты, пра якія хоць нешта вядома.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

ВАЖНО 2: этот текст можно прочитать по-русски вот здесь.

Пра што вы прачытаеце ў гэтым артыкуле

Так мог выглядаць Полацк у часы росквіту. Малюнак Паўла Татарнікава.

Так мог выглядаць Полацк у часы росквіту. Малюнак Паўла Татарнікава.

Яшчэ паўбяды, што ацэнкі суседскіх летапісаў часта трэба разумець наадварот. Горай, што ў поле іх зроку палачане траплялі звычайна ў час вайны ці надзвычайнага здарэння кшталту шэсця нячыстай сілы па вуліцах у 1092 годзе.

Вось так паведамленне пра “бесаў ”на вуліцах Полацка ілюстраванае ў Радзівілаўскім летапісе.

Вось так паведамленне пра «бесаў» на вуліцах Полацка ілюстравана ў Радзівілаўскім летапісе. Дагэтуль невядома, што мелася на ўвазе.

Не хапае руціннага апісання жыцця, драматургіі, дыялогаў – няма нават яснай храналогіі падзей. А раз так, чаму б не дапусціць (як доктар гісторыі Алег Латышонак), што князь Усяслаў Чарадзей мог у 1066 г. біцца на Стэмфардскім мосце, спрабуючы заваяваць Англію. Усё адно невядома, чым ён займаўся ў той год.

Палачане так ганарыліся горадам, што падмянялі яго назвай племянное імя

Полацк – адзін з найстаражытнейшых усходнеславянскіх гарадоў. Сваю назву ён атрымаў ад ракі Палаты, каля ўпадзення якой у Дзвіну на высокай гары ў раннім жалезным веку ўзнікла паселішча. Першымі яго гаспадарамі, піша гісторык Дзяніс Дук, былі плямёны балтаў.

Старажытныя балты.Старажытныя балты.

Толькі ад 8-га стагоддзя н.э. тут з’яўляюцца крывічы, якія ад назвы свайго галоўнага горада назавуцца палачанамі. Былі яшчэ крывічы пскоўскія і смаленскія, былі дрыгавічы пад Клецкам і Слуцкам, былі радзімічы каля Чачэрска – але ніхто, апроч палачан, так не ганарыўся сваім горадам, каб ад яго называцца.

Полацк згадваецца ў скандынаўскіх сагах і хроніках, некаторыя сюжэты трапілі ў серыял «Вікінгі»

А яшчэ праз стагоддзе ў Полацку асталююцца вікінгі. Яны шукалі дарог у Канстанцінопаль – цяпер гэта Стамбул, а ў той час была сталіца свету.

Шлях туды ляжаў па рэках Усходняй Еўропы. Па Дняпры можна было трапіць у Чорнае мора, а адтуль – у Міжземнае, да Канстанцінопаля. Па Волзе – у персідскі эмірат Сасанідаў. А найзручнейшы шлях і да Дняпра, і да Волгі з Балтыкі ішоў па нашай Дзвіне. Ключом дзвінскага рачнога шляху быў Полацк.

Меч з пахавання палачаніна, выкаваны ў 900-я нямецкім майстрам Ульфбертам.

Меч з пахавання палачаніна, выкаваны ў 900-я нямецкім майстрам Ульфбертам (на ім захаваўся фірмовы знак Ulfberht). Знойдзены ў 1956 г. падчас будаўніцтва швейнай фабрыкі ў полацкім гістарычным мікрараёне Курганы.

Горад добра ведалі ў Паўночнай Еўропе: Полацк (Polteskia) восем разоў згадваецца ў скандынаўскіх сагах. Там чаго толькі няма – і штурм Полацка гунамі Атылы, і смерць ды пахаванне дзесьці на Полаччыне святога Торвальда Вандроўніка...

Ды і ў першых германскіх хроніках накшталт «Дзеяў данаў» Саксона Граматыка хапае рознай фантастыкі пра палачан. Чытаеш нібыта рэалістычны сюжэт пра караля Фрода, які прыкінуўся мёртвым, каб захапіць Полацк (памятаеце, у серыяле «Вікінгі» такое рабіў Рагнар пад Парыжам? Сцэнарысты ўзялі гэты сюжэт), – а на наступнай старонцы той самы Фрода забівае дракона, каб здабыць грошы на паход.

Срэбраныя дырхемы.

На самой справе грошы – вось такія срэбраныя дырхемы – вікінгі здабывалі, гандлюючы пушнінай і рабамі з Блізкім Усходам.

Дарэчы, імя правадыра палачан у тым сюжэце – Вяспасій, а viẽšpats па-літоўску – «гаспадар, уладар». Можа, гэта водгулле прысутнасці балтаў? Ёсць жа версія, што і крывічы славянамі не былі, а тымі ж балтамі, якія перанялі славянскую мову.

І, раз ужо згадалі пра «Вікінгаў»: згодна са скандынаўскімі паданнямі, напаўміфічны конунг Рагнар Ладброк, паміраючы ў яме са змеямі, спяваў песню пра свае подзвігі ў вусці Дзвіны. Ёсць версія, што род полацкіх князёў быў у сваяцтве з ім.

Як з’явілася назва «Русь» і ад якога нярускага слова яна паходзіць

Першая дата, пад якой прыгадваецца Полацк, – 862 год. Як піша самы старажытны усходнеславянскі летапіс «Аповесць мінулых часоў», варажскі князь Рурык быў запрошаны кіраваць у Ноўгарад і раздаваў «сваім мужам» гарады – каму Растоў, каму Мурам, каму Белавозера. Аднаму з іх (імя не называецца) дастаўся Полацк. Пасля крывічы і палачане згадваюцца ў пераліку ўдзельнікаў паходу кіеўскага князя Алега ў 907 годзе на Канстанцінопаль. Праўда, як сцвярджае доктар гістарычных навук Аляксей Талочка ў кнізе «Очерки начальной Руси» (2015), таго паходу не было: яго прыдумаў кіеўскі летапісец.

Князь Алег прыбівае шчыт да брамы Царграда. А.Кіўшэнка.

А.Кіўшэнка. Князь Алег прыбівае шчыт да брамы Царграда. У рэальнасці гэтай пафаснай сцэны не было.

Таксама ёсць вялікія сумневы адносна Рурыка ды іншых князёў аж да Уладзіміра (980–1015). Няма пэўнасці, што яны існавалі, былі сваякамі і княжылі менавіта ў тым парадку.

«Аповесць мінулых гадоў» пісалі на 250 гадоў пазней, у часы кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха (1053–1125). Летапісы складаліся не столькі з мэтай расказаць пра мінулае, колькі дзеля таго, каб падкрэсліць старажытнасць княжацкага роду і абгрунтаваць яго права на ўладу.

І рускія князі пра свайго слаўнага першапродка, такое ўражанне, даведаліся з летапісу. Бо называць сыноў Рурыкамі яны пачалі пасля яго стварэння.

Але давайце акрэслім, што такое Русь і адкуль узялося гэта слова: сёння навукоўцы сыходзяцца на яго скандынаўска-фінскім паходжанні. Вікінгаў, якія плавалі па рэках Усходняй Еўропы, называлі «руотсі» – «грабцы». Ад гэтага слова і мог утварыцца зборны назоўнік «русь», які спачатку пазначаў групу людзей, а з часам стаў назвай цэлага краю, ім падпарадкаванага.

Ці існавалі Рагвалод і Рагнеда? Ці іх прыдумалі, каб патлумачыць войны Полацка і Кіева?

Гісторыя Рагвалода і Рагнеды ёсць ва ўсіх падручніках: ганарлівая полацкая князёўна адмовілася пайсці замуж за наўгародскага князя Уладзіміра, бо ён быў сынам «рабыні». Раззлаваны Уладзімір захапіў Полацк і ўзяў Рагнеду сілай, а яе бацькоў і братоў забіў. Праз шмат гадоў Рагнеда захацела адпомсціць – забіць Уладзіміра, пакуль той спаў. Князь прачнуўся і хацеў пакараць жонку смерцю, але за яе заступіўся малы сын Ізяслаў. Тады Уладзімір выслаў іх у спецыяльна заснаваны горад Ізяслаўль (цяпер Заслаўе пад Мінскам), а ад Ізяслава пачаўся род полацкіх князёў, якія ўвесь час «уздымаюць меч» на Кіеў.

Рагнеда замахваецца на Уладзіміра Святога, за ёй — Ізяслаў, будучы полацкі князь. Мініятура з Радзівілаўскага летапісу.

Рагнеда замахваецца на Уладзіміра Святога, за ёй – Ізяслаў, будучы полацкі князь. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу. Ці было гэта насамрэч, ці гэта легенда?

Ці праўдзівая гэта гісторыя? Летапіс кажа, што Рагвалод прыйшоў «з замор’я». Імя «дзеда князёў полацкіх» можа быць славянскай адаптацыяй скандынаўскага імя Рагнвальдр. Гісторыкі Алег Латышонак і Алесь Белы атаясамліваюць яго з сынам нарвежскага караля Эйрыка Крывавай Сякеры і ўнукам Гаральда Цудоўнавалосага, аб’яднальніка Нарвегіі.

Але сюжэт пра Рагвалода і Рагнеду мог быць і цалкам прыдуманы. Дакладней, перанесены ў летапіс з «Сагі аб аркнейцах», у якой згадваецца ярл Рангвальд і яго жонка Рагнхільд. (Цікава, што імя Рагвалод у полацкай дынастыі пачынае з’яўляцца толькі ў 12-м стагоддзі, пасля напісання летапісу. Можа, як і пра Рурыка, пра гэтага князя ў Полацку не ведалі?)

Гісторыя пра Рагнеду ўпісана ў летапіс перад паведамленнем пра вялізны супольны паход на Полацк у 1127-м – нібы абгрунтаванне дзеянняў кааліцыі паўднёварускіх князёў, якія разрабавалі край і паланілі мноства народу, у тым ліку ўсіх Рагвалодавічаў. Можа, летапісец прыдумаў легенду, скарыстаўшы паданні пра далёкіх конунгаў?

Яшчэ адну версію выказвае гісторык Аляксандр Груша. Легенда можа паходзіць з нашага Заслаўя, а кіеўскаму летапісцу паданне пра заснаванне свайго горада маглі расказаць яго жыхары, выведзеныя ў палон у 1127-м.

Горад Заслаўе (Ізяслаўль), мяркуе даследчык, заснаваў не Уладзімір Кіеўскі, а сам князь Ізяслаў (лагічна, назваўшы сваім імем, як князь Брачыслаў – Брачыслаўль-Браслаў, а Барыс – Барысаў). І гэты невялікі і небагаты горад на небяспечным памежжы быў вельмі дарагі нашчадкам Ізяслава: старэйшы сын кожнага князя імкнуўся валодаць ім.

Чым полацкія князі адрозніваліся ад Рурыкавічаў: іначай называлі дзяцей, іначай перадавалі ўладу

Такім чынам, Ізяслаў мог быць проста старэйшым сынам Уладзіміра, якога бацька пасля паўналецця без усялякіх канфліктаў і драм адправіў кіраваць у Полацк.

Але ўсё ж полацкія князі адрозніваліся ад іншых Рурыкавічаў. Напрыклад, у дынастыі няма традыцыйных Мсціславаў, Усеваладаў, Юр’яў. Затое ёсць Брачыславы. Гэта тое самае, што заходнеславянскае Вратіслав – так называлі ў той самы перыяд чэшскіх ды польскіх уладароў.

Так што польскі горад Уроцлаў і беларускі Браслаў маюць у корані адно і тое ж імя, бо былі заснаваны князямі-цёзкамі.

Імя Усяслаў таксама было чыста полацкім: відаць, пасля войнаў Усяслава Чарадзея (1044–1101) з Кіевам і Ноўгарадам паўднёварускія князі не мелі жадання даваць сынам імя найзлейшага ворага.

Усяслаў Чарадзей — самы культавы полацкі князь. Карціна Язэпа Драздовіча.

Усяслаў Чарадзей – самы культавы полацкі князь. Карціна Язэпа Драздовіча «Усяслаў Чарадзей у порубе пад палатамі кіеўскага князя», 1923 г.

Бывалі перыяды, калі Полацк мірна суіснаваў з суседзямі і нават браў удзел у сумесных ваенных акцыях накшталт паходу на торкаў 1060 года. Але фактычна ад 1021 года, калі Брачыслаў упершыню спаліў Ноўгарад, і да 1129-га, калі ўсіх полацкіх князёў выслалі ў Візантыю, Полацк не быў паўнавартаснай часткай кіеўскай дзяржавы. Бо нічога, апроч княжацкай дынастыі, не трымала тады разам землі.

Ніжнія ярусы Полацкай Сафіі захаваліся з часоў Усяслава.

Ніжнія ярусы Полацкай Сафіі захаваліся з часоў Усяслава.

У Полацку ў часы Брачыслава і Усяслава нават збудавалі Сафійскі сабор – такі самы, як у Кіеве і Ноўгарадзе, што пацвярджала роўнасць крывіцкай сталіцы з імі і амбіцыі полацкіх князёў.

Рагвалодавічы радніліся з каралямі Даніі і Польшчы

Але адкуль у полацкіх князёў такія незвычайныя імёны? Можа, у гонар дзядоў па лініі маці? Мы не ведаем, кім была мама Брачыслава, вельмі гіпатэтычна – пра маці Усяслава, нічога – пра жонку Усяслава, маці яго сыноў Рагвалода-Барыса і Глеба Менскага.

Праз стагоддзе Рагвалодавічы радніліся з наймагутнейшымі ўладарамі Еўропы. Унук Усяслава Чарадзея Валадар Глебавіч узяў замуж Рыксу, дачку польскага князя Баляслава Крывавуснага. А іх дачка Сафія выйшла за дацкага караля Вальдэмара І – і ад яе паходзяць 12 каралёў.

Сафія Полацкая – яе чэрап захоўваецца ў музеі Капенгагена.

Сафія Полацкая – яе чэрап захоўваецца ў музеі Капенгагена.

Што яшчэ Рагвалодавічы рабілі не так, як іншыя князі, – перадавалі ўладу. Ва ўсёй астатняй Русі яна перадавалася «па старшынстве»: пасля смерці кіеўскага князя яго месца займаў найстарэйшы ў родзе (часцей за ўсё брат). Ён пераходзіў у Кіеў, а на яго месца, напрыклад у Чарнігаў, «падымаўся» наступны па старшынстве – і гэтак далей. У выніку адна смерць часам перасоўвала князёў па ўсім краі.

У Полацку такога не было: улада пераходзіла ад бацькі да сына.

«Полацкія ўдзельныя князі не пераходзяць з аднога ўдзелу на другі <…> яшчэ сыны Усяслава аселі ўжо ў сваіх удзелах. Так, мы ведаем, што Глеб Усяславіч атрымаў Менск і моцна трымаўся за яго; сыны яго таксама валодалі Менскам і прыналежнымі гарадамі», – пісаў гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі.

Полацкі князь не меў права жыць у Полацку, гараджане маглі ў любы момант выгнаць яго ці выдаць ворагам

Цікава паразважаць пра ідэнтычнасць першых полацкіх князёў. І ўвогуле пра тое, чым была ідэнтычнасць у 10-м стагоддзі, ва ўмовах беспісьмовай культуры. Кім яны сябе адчувалі? Вікінгамі? Ці памяць пра Скандынавію выветрылася за 3-4 пакаленні? Ці гаварылі Усяслаў і Глеб Менскі па-старанарвежску? Брачыслаў умеў па-скандынаўску – неяк жа мусіў ён камунікаваць з наёмнікам Эймундам, якога пераманіў да сябе на службу з Кіева.

Скандынавы прынеслі ва Усходнюю Еўропу традыцыю моцных ваенных правадыроў-князёў, дружыннага побыту, гандлю з далёкімі землямі. Свайго роду мясцовай процівагай-рэгулятарам было народнае самакіраванне – веча. Збор дарослых мужчын для супольнага вырашэння важных пытанняў – традыцыя, характэрная і для германцаў, і для кельтаў, і для грэкаў.

Але цікава, што ў «рускіх» гарадах веча мацнела па меры таго, як купцы і рамеснікі пачыналі адыгрываць усё большую ролю.

Руіны Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра – месца пахавання полацкіх князёў.Руіны Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра – месца пахавання полацкіх князёў. Малюнак І. Трутнева, 1866.

Амаль незаўважнае пры першых князях, да 12-га стагоддзя полацкае веча настолькі ўвабралася ў сілу, што магло выгнаць князя або схапіць і выдаць ворагам, калі лічыла патрэбным. У 1151 годзе полацкае веча выдала князя Рагвалода Барысавіча яго стрыечнаму брату, мінскаму князю Расціславу Глебавічу. А ў 1159-м – выгнала Расціслава Глебавіча і паклікала назад Рагвалода Барысавіча, папрасіўшы прабачэння…

У Полацку князь з дружынай нават жыў не на тэрыторыі горада, а ў сяле Бельчыцы, на іншым баку Дзвіны.

Полацк і Кіеў ваявалі за кантроль на гандлёвых шляхах

Тлумачэнне, чаму Рагвалодавічы ўвесь час «уздымалі меч» на Рурыкавічаў, можа быць эканамічнае – гэта была спрэчка за транзіт, за кантроль на гандлёвых шляхах. Нават калі і была нейкая старая крыўда, яна выкарыстоўвалася, калі з’яўлялася нагода для вайны.

І самы першы канфлікт адбыўся якраз з-за таго, што Брачыслаў Ізяславіч у 1021 годзе захапіў Ноўгарад і па выніках той вайны далучыў да сваёй дзяржавы Віцебск і Усвяты. Апошні пункт быў важным, бо там былі волакі, якія злучалі прытокі Дзвіны і Дняпра.

Багата ўпрыгожаная зброя была статуснай рэччу ў часы Полацкага і Кіеўскага княстваў.

Багата ўпрыгожаная зброя была статуснай рэччу ў часы Полацкага і Кіеўскага княстваў. Наверша дзіды з Кіева.

Старажытныя гандлёвыя шляхі мелі развітую інфраструктуру: па Дзвіне на адлегласці дзённага пераходу стаялі крэпасці (Дзісна, Герсіке, Кукенойс і г.д.) Там, дзе не было воднага шляху, паміж рэкамі існавалі волакі – штосьці накшталт сучасных лагістычных цэнтраў з аховай, складамі для тавараў, вазамі і цяглавой сілай, каб «перавалачы» ладдзі і тавары з адной ракі ў іншую. Загадвалі волакамі менеджары – княжацкія цівуны. Ясная справа, што частка транзітных тавараў і грошай асядала ў княжацкіх скарбонках.

Ваяваў Ноўгарад, і Брачыславаў сын, Усяслаў Чарадзей, нават з наўгародскай Сафіі зняў званы і завёз у Полацк. А яго спрэчка з Кіевам за Менскую воласць завяршылася знакамітай бітвай на Нямізе ў 1067 г.

У тым самым годзе паўднёварускія князі падманам захапілі Усяслава з сынамі ў палон пад Оршай і пасадзілі ў падземную турму-поруб у Кіеве. Полацкая дынастыя магла б так і скончыцца, калі б не выпадак: паўсталі гараджане, скінулі Ізяслава Яраславіча кіеўскага і зрабілі князем Усяслава. Праўда, скора ён сам сышоў у звыклы Полацк.

Гандаль нявольнікамі: княжацкі бізнес, пра які звычайна маўчаць

Гандаль быў асноўнай крыніцай прыбытку для тагачасных дзяржаў. Узровень сельскай гаспадаркі быў такі нізкі, што дазваляў хіба карміць сябе. Ды і бедныя паўночнабеларускія глебы не давалі лішкаў ураджаю. Прадукты для абмену давала пушча: мёд, воск, звярыныя футры. Была і яшчэ адна крыніца ўзбагачэння, пра якую гісторыкі стараюцца маўчаць, – рабы.

«Русы жывуць далёка на поўначы, не ведаюць сельскай гаспадаркі, гандлююць футрамі собаляў і вавёрак, а таксама рабамі, якіх здабываюць, нападаючы з караблёў на славян, каб пасля прадаць у Балгарыі ды Італіі. Мячы ў іх франкскай работы, і носяць яны іх увесь час каля сябе», – пісаў арабскі падарожнік ібн-Фадлан, які сустракаў вікінгаў на Волзе.

Клады са срэбрам вікінгаў.

Дзясяткі кладаў са срэбрам вікінгаў дагэтуль знаходзяць у Беларусі і Літве абапал старажытных гандлёвых шляхоў.

У гістарычны час, калі фармацыі русаў на Дняпры і Дзвіне з гандлёвых факторый парабіліся паўнавартаснымі раннесярэднявечнымі дзяржавамі, ад нявольніцкага гандлю яны не адмовіліся. Князі, ваюючы адзін з адным, выводзілі «палон». Гэтых людзей маглі прадаць на нявольніцкіх рынках, а маглі пасяліць недзе на ўласнай тэрыторыі – як зрабілі Яраславічы, знішчыўшы Менск у 1067 годзе, ці Глеб Менскі ў 1116 годзе, разбурыўшы Слуцк, ці чарнігаўскія князі Ольгавічы, якія ў адказ напалі на Друцк. Ніякіх забарон на такія дзеянні тады не існавала. Вялікімі цэнтрамі нявольніцкага гандлю гісторыкі называюць Друцк і Менск.

Калі ўсіх полацкіх князёў выслалі ў Візантыю, Еўфрасіння Полацкая занялася палітыкай

100-гадовае супрацьстаянне Полацка і Кіева скончылася татальным нашэсцем у 1127 годзе. Нагодай стала тое, што полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся ад удзелу ў сумесным паходзе на полаўцаў. Кіеўскае войска падзялілася на часткі, кожная з якіх была нацэлена на пэўны горад полацкай зямлі. Рагвалодавічаў паланілі, адвезлі ў Кіеў, дзе адбыўся паказальны «суд». Пастанавілі выслаць увесь род у Візантыю.

Але… у Полацку засталася ігумення Еўфрасіння – дачка князя Святаслава-Георгія Усяславіча. Яе (а таксама яе сясцёр, якіх яна сагітавала пайсці ў манастыр) манаскі сан уратаваў ад высылкі.

Еўфрасіння Полацкая не толькі перапісвала кнігі і будавала храмы.

Еўфрасіння Полацкая. Фрэска 12 стагоддзя.

Еўфрасіння Полацкая – магчыма, прыжыццёвая выява. Фрэска 12-га стагоддзя.

У адсутнасць сваякоў-князёў ёй даводзілася вырашаць палітычныя пытанні. Яе свінцовыя пломбы-пячаткі знаходзяць і ў Ноўгарадзе, і ў Какнэсе (цяпер Латвія, колішні полацкі фарпост ніжэй па Дзвіне), і ў самім Полацку. Шкада, не захаваліся дакументы, якія імі запячатваліся.

У Полацку сядзеў у той час кіеўскі стаўленнік, але ён, пэўна, нічога не мог проціставіць аўтарытэту Еўфрасінні.

У Візантыі ж палачане служылі ў імператарскім войску. Можна меркаваць, што яны, адпаведна свайму княжацкаму статусу, атрымалі пасады начальнікаў атрадаў. Імперыі тады пагражалі туркі-сельджукі, з імі і змагаліся нашчадкі Рагвалода. Вярнуцца дадому ім удалося толькі праз дзесяць гадоў – пасля смерці Мсціслава і з’яўлення ў Кіеве новай дынастыі. Але аднавіць полацкую незалежнасць у ранейшых правах гэтай генерацыі ўжо не было суджана.

Чаму Полацкае княства – першая беларуская дзяржава

Але хто мог уявіць, што Кіеў праз пару пакаленняў будзе змецены мангола-татарамі? А Полацк закруціцца на зусім іншых арбітах?

Першым званочкам надыходу новых часоў стала з’яўленне каталіцкіх місіянераў на балтыйскім узбярэжжы ў самым канцы 12-га стагоддзя. Першыя з паклонам прыйшлі да «караля русаў» – полацкага князя, пытаючыся дазволу хрысціць паганцаў-ліваў, яго даннікаў. А следам у вусці Дзвіны з’явіліся крыжакі-мечаносцы, і вырас каменны горад Рыга, які замкнуў палачанам гандаль на Балтыцы.

Вялікі паход 1216 года сарваўся з-за раптоўнай смерці полацкага князя Валодшы. У процістаянні з новай сілай Полацк усё часцей пачынае кааперавацца з суседзямі-літоўцамі. Неўзабаве дойдзе да дынастычных сувязяў, і ў гарадах полацкай зямлі з’явяцца князі з літоўскімі імёнамі: Таўцівіл, Гердзень, Альгерд. Пазнейшыя летапісы будуць і род вялікіх князёў літоўскіх выводзіць з ганаровага полацкага кораня.

Гэта дае нам адказ на філасофскае пытанне, ці можам мы называць Полацкае княства першай беларускай дзяржавай. (Ці ўсяго толькі «першым дзяржаўным утварэннем на беларускіх землях»). Вядома, можам. Бо ад Полацка ідзе традыцыя дзяржаўнасці, перанятая пасля Вялікім Княствам Літоўскім – калыскай беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў.

 

#Беларусь
Еще по этой теме:
Такога пра Францыска Скарыну вы не ведалі. Беларускі першадрукар быў неўрастэнікам? І, падаецца, выкрадаў людзей. Пачытайце: такое ў школе не раскажуць
Каханай жанчыне ён падарыў уласнае забальзамаванае сэрца. Прачытайце гісторыю дзіўнага беларуса, у гонар якога ў ЗША стаіць каля дзясятка помнікаў
поделиться