Люди, истории Grassroots
CityDog.io

Нешта неверагоднае! Глядзіце: школьнікі пабудавалі плыт з 6 тыс. пластыкавых бутэлек – зараз на ім можна перавозіць 2 легкавыя машыны

Нешта неверагоднае! Глядзіце: школьнікі пабудавалі плыт з 6 тыс. пластыкавых бутэлек – зараз на ім можна...
Лета – гэта рыбалка, сябры, вандроўкі. Мядзельскія школьнікі вырашылі атрымаць усё па максімуме і пабудавалі свой уласны карабель. CityDog.io расказвае, як за чатыры месяцы і з 6 тысяч пластыкавых бутэлек можна збудаваць свой плыт.

Лета – гэта рыбалка, сябры, вандроўкі. Мядзельскія школьнікі вырашылі атрымаць усё па максімуме і пабудавалі свой уласны карабель. CityDog.io расказвае, як за чатыры месяцы і з 6 тысяч пластыкавых бутэлек можна збудаваць свой плыт.

Як усё пачыналася: «Плыт упарта тануў»

Пазамінулым летам кампанія сяброў з Мядзеля пераплыла на бервяне невялікае возера. Пасля гэтага ў Цёмы, аднаго з хлопцаў, узнікла ідэя зрабіць нешта больш надзейнае і маштабнае.

– Нас было трое: я, Цёма Месяц і Мікіта Жукоўскі, – расказвае Аляксей, адзін з членаў каманды. – Першую выпрабавальную канструкцыю мы зрабілі колькі гадоў таму з нейкага ламачча. Сядзелі разам у лесе з камарамі і будавалі сабе. Тады выйшла не вельмі паспяхова: плыт упарта тануў.

У 2021 годзе сябры вырашылі паўтарыць досвед. Праўда, падышлі хлопцы да справы ўжо больш грунтоўна: купілі пілу «Дружба», цвікі, пасеклі некалькі бярвенняў. Атрымаўся невялікі плыт, які вытрымліваў двух чалавек.

Затым Цёма прыдумаў пакласці пад дошкі пустыя пластыкавыя бутэлькі. Тады плыт павінен быў вытрымліваць большую вагу. Так і атрымалася.

Летась хлопцы па падобнай схеме зрабілі два плыты. Яны атрымаліся дастаткова маленькімі і ненадзейнымі, затое стала зразумела, што ідэя з модулямі працуе.

 

Выніковы варыянт плыта складаецца са своеасаблівых модуляў. Канструкцыя падобная да скрынкі, набітай бутэлькамі і закрытай сеткай.

Як будавалі двухпавярховы плыт: «Дзесьці трэба было адшукаць 6 тысяч бутэлек»

– У гэтым годзе мне захацелася зрабіць нешта больш грунтоўнае, каб выкарыстоўваць ужо і матор, і вёслы, і сілу ветру. Каб атрымаць больш ведаў, я слухаў нейкія лекцыі пра мараходства, вывучаў, як будавалі гістарычныя драўляныя караблі, – расказвае Цёма. – Спачатку збіралі бутэлькі: трэба было адшукаць каля 6 тысяч штук, таму гэта заняло нейкі час.

Для гэтага хлопцы ездзілі на звалку, а затым кожную тару ўручную правяралі на цэласнасць. Важна было дакладна ведаць колькасць і пераканацца, што ўсе бутэлькі трывала зачынены і напоўнены паветрам.

 

Плыт складаецца з кіля (150-кілаграмовая бэлька, якая злучае дзве часткі «карабля»), шпангоўкі (таксама шкілет канструкцыі), другога паверха, мачты, носа, кармы, швэрта (прыстасаванне, якое дазваляе хадзіць супраць ветру), а таксама з матора і руля.

Вытрымлівае плыт каля 6 тон, у выпадку неабходнасці на ім праз возера можна перавезці дзве легкавыя машыны або пасадзіць туды пяцьдзясят стокілаграмовых людзей, хаця яны і не змесцяцца на ім фізічна.

Так выглядае васьміметровая мачта.

Навошта ім гэта ўсё?

Гэта быў даволі цікавы досвед, кажуць хлопцы. На будаўніцтва плыта пайшло ўсяго 4 месяцы. І нягледзячы на ​​тое, што паралельна з будоўляй ва ўсіх з каманды ішла даволі актыўная вучоба, яны здолелі зрабіць дастаткова якасную канструкцыю.

Па словах нашых герояў, мясцовыя жыхары не чакалі ўбачыць сапраўдны плыт: «Многія потым прасілі паплаваць разам з намі. Некаторых мы бралі з сабой. Самае прыемнае ў гэтым праекце – магчымасць бавіць час з сябрамі. Мы выплываем штораніцы, гутарым, весялімся, а позна ўвечары вяртаемся дадому. Гэта неверагоднае адчуванне!»

– З уладамі ніякіх праблем не было. Аднойчы толькі нейкія леснікі знайшлі нашу стаянку, дзе мы захоўвалі нарыхтоўкі, – дзеліцца Цёма. – Яны падумалі, што гэта секта. Прыгразілі, што прыйдуць з піламі, калі мы на працягу некалькіх дзён нічога не прыбяром. Мы не сталі чакаць і ўсё перанеслі.

Рабяты разлічваюць, што плыт будзе служыць ім яшчэ не адзін год, і ўжо разважаюць над тым, дзе будуць пакідаць на захаванне гэту канструкцыю.

У хлопцаў скралі два сегменты, таму ім давялося весці спачатку разведвальную, а потым і пошукавую аперацыю. Не знайшлі, на жаль.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў герояў.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter