Беларуская спявачка Ганна Шаркунова напісала музыку да верша палітвязня Максіма Знака і выпусціла кліп, дзе галоўныя героі – маленькія беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму разам з бацькамі, якія з’ехалі па розных прычынах.
Як піша спявачка на сваім YouTube-канале, гісторыя стварэння песні пачалася два гады таму: «У стужцы ФБ я ўбачыла ліст Максіма Знака з турмы. Там ён прасіў каго-небудзь з музыкантаў скласцi мелодыю на яго вершы. У тую ж хвіліну яна і загучала ў маёй галаве.
З таго часу прайшло шмат падзей, але ўсе гэтыя месяцы я насіла гэту мелодыю ўнутры, спявала яе і ведала, што абавязкова зраблю з яе песню», – дзеліцца спявачка.
«Тэма дзяцей баліць мне асабліва. Дзяцей, якія чакаюць бацькоў з турмаў. Тысяч і тысяч дзяцей, змушаных пакінуць Радзіму разам з бацькамі – у невядомасць. Цэлае пакаленне дзяцей, якіх Беларусь можа страціць або ўжо страціла назаўжды».
У запісе песні «Знакi» ўзялі ўдзел дзеці з дзіцячага хору Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага ў Варшаве. А ў кліпе выкарыстаны відэа з маленькімі беларусамі з розных куткоў свету, якія даслалі іх бацькі, вымушаныя разам з імі з’ехаць з радзімы.
«Але мы будзем працягваць кахаць і радавацца, мы будзем убіраць у сябе ўсё лепшае з гэтага вялізнага і яскравага свету. Мы будзем працягваць жыць для нашых дзяцей! І абавязкова захаваем ў іх сэрцы часцінку Беларусі. Каб аднойчы вярнуцца разам з імі дадому», – кажа спявачка.
Паводле звестак Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПACE) ад студзеня гэтага года, пасля жніўня 2020-га з Беларусі з’ехала ад 200 тысяч да 500 тысяч чалавек.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: Unsplash.com. Видео: YouTube.com.