«Мне 35. Хачу збегчы з дому. Назаўжды». Спецыялістка – пра прыкметы перадклімаксу, шкодныя звычкі, якія набліжаюць клімакс, і спосабы дапамогі

«Мне 35. Хачу збегчы з дому. Назаўжды». Спецыялістка – пра прыкметы перадклімаксу, шкодныя звычкі, якія ...
Усё часцей накрывае беспадстаўная стомленасць, апатыя і благі настрой? Штораз збоіць цыкл, стамілі цыстыты і малочніца? Гінеколаг-эндакрынолаг расказвае, у чым можа хавацца прычына. (Спойлер: гэта можа быць перадклімакс.)

Усё часцей накрывае беспадстаўная стомленасць, апатыя і благі настрой? Штораз збоіць цыкл, стамілі цыстыты і малочніца? Гінеколаг-эндакрынолаг расказвае, у чым можа хавацца прычына. (Спойлер: гэта можа быць перадклімакс.)

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Што такое перадклімакс і як яго распазнаць?

– Часам да мяне на прыём прыходзяць жанчыны і з парога кажуць: «Я і сама ўжо стамілася выносіць мозг мужу, не разумею, што са мной адбываецца. Свет не мілы, і антыдэпрэсанты ўжо не дапамагаюць», – расказвае стваральніца першага ў Беларусі кабінета клімаксу, гінеколаг-эндакрынолаг Аксана Ледашчук. – Такія змены могуць стаць першымі званочкамі надыходзячага клімаксу.

Аксана Ледашчук

гінеколаг-эндакрынолаг

Клімакс – перыяд жыцця жанчыны, часам гэта многія дзесяцігоддзі, і пражыць іх трэба якасна, захаваўшы здароўе. Так, гэта спыненне менструацый і згасанне рэпрадуктыўнай функцыі арганізма. Але ў жыцці жанчыны, звычайна ў перыяд пасля 35, ёсць тры цыклы: перыменапаўза (перадклімакс), менапаўза (клімакс) і постменапаўза (жыццё пасля клімаксу).

Перадклімакс – стан, калі арганізм пачынае падрыхтоўку да важнага для яго перыяду. Звычайна ён пачынаецца за 10 гадоў да заканчэння менструацый (і пачатку клімаксу). Каб даведацца пра свой прыкладны прагноз, варта распытаць маму, бабулю і цётку, калі клімакс надыходзіў у іх. Высокая верагоднасць, што так паўторыцца і ў вас, генетычная закладка – моцная штука.

Калі ў мамы месячныя спыніліся ў 50 – значыць, перадклімакс у яе пачаўся каля 40. Нярэдка месячныя заканчваюцца і ў 45 – значыць, жаночыя гармоны пачнуць сыходзіць з арганізма прыкладна ў 35. Сітуацыя развіваецца павольна, і першы час жанчына жыве ранейшым жыццём, не заўважаючы змяненняў.

Час наступлення клімаксу розны: да 40 гадоў – гэта дачасны клімакс, да 45 гадоў – ранні. Сярэдні ўзрост наступлення клімаксу – 52 гады.

Што наогул адбываецца з жаночым арганізмам падчас перадклімаксу?

– Паступова вытанчаюцца валасы і пазногці, вяне скура, змяняецца цыкл, часта баліць галава і малочныя залозы, пачынаюцца зацяжныя моцныя менструацыі, ці, наадварот, перыяд паміж месячнымі павялічваецца. Яркі маркер перадклімаксу – усё часцей па дробязях псуецца настрой.

Калі жанчына першапачаткова мела павышаную масу цела, а аб’ём таліі больш за 80 сантыметраў – у яе пачынаецца адкладанне вісцэральнага тлушчу, які правакуе негатыўны стан: ад павышанага халестэрыну да дыябету, сардэчна-сасудзістых хвароб, раку.

У перадклімаксе ўчашчаюцца цыстыты, узнікае сухасць похвы, з-за гэтага жанчына можа адмаўляцца ад сексу – палавыя акты становяцца балючымі. Дасведчаныя ўролагі, калі бачаць цыстыт за цыстытам, а лячэнне не дапамагае, адпраўляюць жанчыну да нас, эндакрынолагаў і гінеколагаў. Мы правяраем гарманальны фон: нярэдка прычына цыстытаў – дэфіцыт эстрагенаў.

Часам перадклімакс развіваецца больш імкліва, і тады жанчына адчувае апатыю, страту цікавасці да жыцця. Здаецца, што «ўсё ўжо было, у чым стымул і цікавасць жыць далей?». Любыя, нават нязначныя, канфлікты з навакольнымі вырастаюць у галаве да праблемы сусветнага маштабу. Узмацняецца плаксівасць, нервовасць.

Чаму падчас перадклімаксу не ўратуе псіхолаг і антыдэпрэсанты

– Жанчына можа звярнуцца да псіхолага, той, калі не спраўляецца, адпраўляе яе да псіхатэрапеўта, які рэкамендуе паспрабаваць нейралептыкі і антыдэпрэсанты. Спачатку здаецца, што жыццё наладжваецца, настрой паляпшаецца. Але неўзабаве ўсё паўтараецца зноў, эмацыянальная нястрыманасць і слабасць выходзяць на новы віток.

Каля 40 гадоў здараецца нямала разводаў у, здавалася б, доўгіх і шчаслівых шлюбах. Бо жаночы перадклімакс суправаджае не менш сур’ёзны стан у мужчын (умоўны мужчынскі перадклімакс у іх не менш яркі; станам мужчын займаюцца сексолагі і ўролагі).

Жанчыны скардзяцца: «Канфлікт на канфлікце, тое, што калісьці здавалася мілым, цяпер моцна раздражняе. Я не хачу разводзіцца з мужам, але нічога не магу з сабой зрабіць».

Калі пашанцуе, жанчына звернецца да гінеколага-эндакрынолага, які параіць здаць аналізы: жаночыя палавыя гармоны, гармоны шчытападобнай залозы, антымюлераў гармон, які паказвае, ці магчыма ў жанчыны яшчэ цяжарнасць ці здольнасць нараджаць блізкая да нуля.

Менавіта да гінеколагаў-эндакрынолагаў адпраўляюць такіх жанчын дасведчаныя псіхатэрапеўты, для якіх гэта не проста зараблянне грошай, але і клопат пра здароўе канкрэтнай жанчыны.

Яшчэ прыкметы перадклімаксу: «амаль не ем – і таўсцею» і «хачу, але не магу зацяжараць»

– Стан будзе пагаршацца, эстрагены – сыходзіць. Акрамя скуры, валасоў, пазногцяў і нервовай сістэмы могуць далучацца праблемы сардэчна-сасудзістай сістэмы, касцяной тканкі, абмену рэчываў.

Звычайна з эстрагенамі, якія сыходзяць, метабалізм запавольваецца, жанчына дадае ў вазе. Нават самыя стройныя і дагледжаныя жанчыны ў перыяд перадклімаксу набіраюць 4-5 кілаграмаў.

У такі перыяд варта дадаць разумныя фізічныя нагрузкі, змяніць рацыён харчавання. Перайсці з вугляводаў і шкодных тлушчоў на міжземнаморскую дыету (гародніна, рыба, ягады, зеляніна, аліўкавы алей), паменшыць аб’ём ежы – перайсці з талерак на сподкі.

Жанчына паўнее яшчэ і таму, што арганізм, губляючы з узростам эстрагены, спрабуе папоўніць іх адусюль, у тым ліку з тлушчавай тканкі, якую ніяк не хоча адпускаць.

З лішняй вагой пачынаецца задышка, павышаецца ціск; калі не рэгуляваць вагу і фізічныя нагрузкі, замаячыць гіпертанія і астэахандроз, стан касцяной тканкі таксама напрамую залежыць ад колькасці жаночых гармонаў у арганізме.

Некаторыя жанчыны пагаршаюць стан перадклімаксу, набліжаючы надыход клімаксу, шкоднымі звычкамі. Даказана, што курэнне спрыяе больш ранняму заканчэнню менструацыі.

Часам жанчына, якая зрабіла кар’еру, пабудавала кватэру, выйшла замуж, ва ўзросце каля 40 гадоў прыходзіць са скаргамі, што хоча, але не можа зацяжараць. Вывучыўшы аналізы, часам даводзіцца тлумачыць, што ў яе ўжо стан перадклімаксу, таму магчымасць зацяжараць мінімальная.

Бываюць і адваротныя сітуацыі, калі жанчына пасля 40 гадоў думае, што на носе клімакс, спыняе засцерагацца і адзінкавая, раптам паспелая яйкаклетка апладняецца. Жанчына «выпадкова» робіцца цяжарнай. Але такія сітуацыі хутчэй выключэнне.

Як паступіць, калі ўрач і аналізы пацвердзілі перадклімакс?

– Кожная жанчына ў залежнасці ад самаадчування, колькасці скаргаў і вынікаў аналізаў патрабуе індывідуальнага падыходу. Калі скаргаў няшмат – мы кантралюем стан аналізаў і назіраем.

Калі аналізы «скачуць» і жанчына стабільна дрэнна сябе адчувае – раім падумаць аб прыёме менапаўзальнай гармонатэрапіі (МГТ) як кампенсацыі гармонаў, якія сыходзяць. Некаторым пацыенткам прызначаю яе ўжо пасля 30 гадоў, яшчэ да наступлення клімаксу. І жанчына «ажывае».

Дапамагаюць і вітамінна-мінеральныя комплексы, якія змяшчаюць вітаміны групы В (у тым ліку фоліевая кіслата, гэта вітамін В9), вітаміны А, С, Е, цынк, селен, жалеза.

Я раю рэгулярна гуляць на свежым паветры, заняцца скандынаўскай хадзьбой, ёгай, пілатэсам, танцамі, плаваннем.

Важны начны сон – лепш класціся не пазней за 23:00. За гадзіну да сну добра б выключыць гаджэты і іншыя крыніцы інфармацыі, лепш спаць у праветраным пакоі ў поўнай цемры, тут дапамогуць шторы блэкаўт.

Перад сном пасля прагулкі можна прыняць расслабляльную цёплую ванну з араматычным алеем (лаванда і інш.), выпіць заспакаяльны травяны чай.

Што рабіць, калі спыняюцца месячныя і надыходзіць клімакс?

– Варта звярнуцца да гінеколага або гінеколага-эндакрынолага, здаць аналізы.

Калі жанчына прыходзіць да нас яшчэ да спынення месячных – мы стараемся зрабіць так, каб яна наогул не адчула непрыемных момантаў надыходу клімаксу. Але важней тое, што мы не дадзім развіцца захворванням, якія наўпрост звязаны са старэннем жанчыны, своечасова прызначыўшы ёй (пры адсутнасці супрацьпаказанняў) менапаўзальную гармонатэрапію (МГТ).

Часам, адмовіўшыся ад прыёму гармонаў («Падумаеш, клімакс: само пройдзе!»), жанчына праз некалькі гадоў прыходзіць да нас знясіленая: «Дапамажыце!» Але час нярэдка ўпушчаны, і, на жаль, мы не заўсёды ўжо можам ёй дапамагчы.

Чым раней пачынаюцца прылівы і клімакс – тым горшы прагноз па сардэчна-сасудзістых захворваннях. Калі да 40 гадоў у лідарах па інфарктах і інсультах мужчыны, то да 50 колькасць пацыентаў у кардыёлагаў сярод жанчын і мужчын прыкладна аднолькавая. Жаночыя гармоны, сыходзяць, наўпрост б’юць па сардэчна-сасудзістай сістэме.

Існуе міф аб сувязі прыёму гарманальнай тэрапіі і ўзнікнення рака. Па-першае, цяперашнія гармоны – не тыя, што мы прызначалі жанчынам яшчэ дваццаць гадоў таму. Значна менш пабочных эфектаў і больш дасканалыя прэпараты.

Плюс кожнай жанчыне мы падбіраем неабходную ёй дозу. Але спачатку правяраем стан арганізма, высвятляем анамнез. Калі ў жанчыны ёсць пухліна ў грудзях – гармонатэрапія ёй не паказана. Тады стараемся дапамагчы іншымі спосабамі, у тым ліку фітатэрапіяй.

Дарэчы, спадчыннасць па раку малочнай залозы не з’яўляецца супрацьпаказаннем для прызначэння МГТ. Але такую жанчыну мы абследуем і назіраем больш старанна.

Некаторыя лічаць, што прыродныя фітаэстрагены, такія як соя і піва, – «гэта паратунак ад клімаксу, і ніякія гармоны мне не патрэбны». Калі налягаць на гэтыя прадукты, жанчына толькі дадасць сабе лішнія кілаграмы.

Ці дапаможа пры клімаксе фітатэрапія?

– Фітатэрапія не пазбавіць вас у поўнай меры ад негатыўных праяўленняў клімаксу і наступных праблем са здароўем. Гэта лайт-варыянт, звычайна мы раім фітатэрапію, калі жанчыне зусім дрэнна, але яна пакуль здае аналізы і чакае прызначэння гармонаў. Або калі паўнавартасная МГТ ёй не паказана ў сувязі з сур’ёзнымі захворваннямі.

У абарону МГТ скажу, што, па статыстыцы, калі жанчына ў перыяд клімаксу адмовіцца ад гармонаў, то хутчэй пацерпіць ад інфаркту або інсульту, чым заробіць рак грудзей, прымаючы МГТ. Хутчэй, нават наадварот: адмовіўшыся ад МГТ, заробіць і інфаркт, і рак.

Неяк слухала выступ расійскай кардыялагіні, яна ўгаворвала гінеколагаў прызначаць жанчынам МГТ, таму што рызыка памерці ад раку малочнай залозы – 3%, а ад інфаркту або інсульту – да 40%.

Гармоны апошняга пакалення практычна не аказваюць анкалагічнага ўздзеяння на малочныя залозы. Прызначэнне гармонатэрапіі ня супрацьпаказана нават пры мастапатыі або фібраадэноме.

За кожнай жанчынай, якой мы прызначаем гармонатэрапію, мы сочым, раз на год яна прыходзіць на прыём, здае аналізы, і пры неабходнасці мы рэгулюем дозу прэпарата.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: личный архив героини; Unsplash.com.

поделиться