Люди, истории Гісторыя
CityDog.io
9

Патопы ў Мінску: як гэта было 100 год таму

Патопы ў Мінску: як гэта было 100 год таму
Цяпер гарадскі патоп – гэта весела, і летнія дажджы з вадой па пояс нават цешаць менчукоў. А раней высокая вада была больш небяспечнай.

Цяпер гарадскі патоп – гэта весела, і летнія дажджы з вадой па пояс нават цешаць менчукоў. А раней высокая вада была больш небяспечнай.

Старажытны Менск, здаецца, не ведаў патопаў, бо меў лагічную структуру: забалочаныя і заліўныя часткі горада проста не засяляліся. Частка вады ад Нямігі сыходзіла ў роў вакол замка. У дакументах 16-17 ст. ёсць звесткі пра водаправоды, водаадводы, дрэнажы і каналізацыйныя сістэмы.

Забалочаная частка паказаная кароткімі рысачкамі.

«Замкавы ўчастак, што размяшчаецца ў Менску на левы бок ад моста, па якім уязджаюць у вароты замка з боку горада» доўга стаяў пустым, і яго заўсёды залівала вада. А ў 1625 годзе нейкі Марк Якімовіч купіў гэты кавалак (паводле граматы караля Жыгімонта ІІІ), пабудаваўся за немалыя сродкі і ўзяўся насыпаць плаціну ад вады.

Няміга стала адначасова і вуліцай, і ракой – у 13 стагоддзі вада была часткова прыхаваная пад драўлянымі насціламі. Тады яе шырыня складала каля 4 метраў. Яшчэ ў 19 стагоддзі абмялелая сон-рака падчас разліваў змывала масты і залівала падвалы ды першыя паверхі. У 1850 годзе падымалася пытанне аб добраўпарадкаванні канала, каб ён стрымліваў паводку, але спачатку па фінансавай прычыне, потым праз вайну праект адклалі. Бетонны калектар у ніжняй частцы Нямігі з’явіўся толькі ў 1926 годзе. А ў верхняй частцы ракі вада струменіла аж да сярэдзіны 1950-х.

На фота – драўляная маставая на вул. Нямігскай у 1923 годзе, зняты насціл у 1926 годзе, падрыхтоўка да змяшчэння ракі ў калектар.

Паміж вуліцай Зыбіцкай (вул. Балотная з 1866 года, зараз Гандлёвая) і Свіслаччу знаходзіліся «Лавы» – прадмесце, дзе гандлявалі малочнымі вырабамі. Насупраць сённяшняга павільёна «Белэкспа» быў Лаўскі мост, на якім збіралася гарадская бедната ў пошуках працы. Гэты раён найбольш пакутаваў падчас разліваў рэк.

За гэтым мастом на Свіслачы быў яшчэ адзін – Лаўскі. На фота злева – вул. Гандлёвая ў 20 стагоддзі. З цягам часу рынак шырыўся і захапіў таксама пляцоўку сучаснай «Журавінкі».

У канцы 19 стагоддзя менчукі паднялі пытанне аб тым, што Плябанская плаціна і млыны (сённяшні сквер Я.Купалы) шкодзяць гораду: мясцовасць забалочваецца, брудная вада становіцца прычынай захворванняў, здараюцца паводкі. Першыя наступы ўзмоцненых плацінай паводак тут, ля Аляксандраўскага моста, заўсёды і здараліся. Адзін млын належаў праваслаўным, другі – каталікам, натуральна, і тыя, і іншыя хацелі ад горада кампенсацыю за знос будынкаў. Справа пагрозы гораду праз рэлігійна-тэрытарыяльныя непаразуменні зацягнулася далёка ў наступнае стагоддзе. А праз млыны нават з’явілася легенда пра горад, абаронены магіяй з закапанымі каштоўнымі камянямі, пра касавокую дачку млынара і яе мужа-рыцара і пра першую страшную менскую паводку – пачытаць варта.

 

Вялікі патоп 1906 года

Паводкі здараліся і ў дарэвалюцыйным, і ў пазнейшым Мінску. Мінск патанаў і ў 1900, і ў 1903, але татальны патоп адбыўся ў 1906 годзе. Зіма была вельмі снежнай, у канцы лютага пачалася адліга, а горад стаў рыхтавацца да бяды: жыхары прыбярэжных раёнаў збіралі свае рэчы і пераводзілі ў бяспечныя месцы жывёлу.

24 лютага Мінск ужо быў падзелены разлівам на дзве паловы. Старшыня Мінскага вольнага пажарнага таварыства пісаў: «Во втором часу ночи 24 февраля я выехал на Садовую улицу, куда к тому времени прибыла городская команда. К этому времени вода уже успела затопить почти всю эту улицу и от нее до моста – часть Захарьевской. Служители вольно-пожарной и городской команды спасали жителей, кого на лошадях, других – на лодке, особенно из домов, находящихся во дворах Садовой, где местами вода доходила уже до двух аршин. К домам по набережной у Плебанской мельницы лошадям пришлось почти плыть…» Газеты перасцерагалі менчукоў ад выкарыстання лодак па прычыне надта хуткай плыні. Паводле сведак, з моста ў Губернатарскім садзе (зараз парк Горкага) мясцовыя разявы назіралі «прыгожую карціну разліва ракі», нягледзячы на тое, што частка моста ўжо апынулася пад вадой. Пад ваду сышлі Татарскія гароды, быў знесены Плябанскі мост, а ў наступную ноч затапіла электрастанцыю – і горад пазбавіўся электрычнага святла.

Від з Аляксандраўскага маста, 1920-я гады, Плябанскія млыны знаходзіліся крыху далей.

Свіслач ля Замкавай гары. Малюнак Я.Драздовіча, 1920.

Праз некалькі дзён вада сышла, і горад стаяў у брудзе: паўсюль былі раскіданыя дровы, дошкі, кавалкі тратуараў, усё гэта занесла рачным глеем, які пакрыў не толькі вуліцы, але і пакоі дамоў. У хатах было сапсаванае ўсё начынне, сярод бруду валяліся трупы мышэй і пацукоў. Газета «Мінскі голас» даводзіць: «На городской электростанции потоки разгромили и уволокли много бочонков из-под нефти. Зато та же неугомонная вода щедро компенсировала потери станции. С одного из дворов Захарьевской улицы стремглав вылетело деревянное здание клозета и задержалось у станционного забора. Это архитектурное сооружение – два нуля – долго украшало улицу, служа прекрасным объектом для местных фотолюбителей и темой для журналистов». Мінск прыводзілі ў парадак цэлы месяц.

На фота злева – не заледзянелы гарадскі сад, а вясенняя залева. Пры фатаграфаванні на доўгай вытрымцы струмені вады зліваюцца ў адну плоскасць.

Яшчэ адзін патоп – 1931 г.

Да электрастанцыі талая вада дабралася яшчэ раз у 1931 годзе і таксама выцягнула адтуль бочкі з машынным алеем. Але мясцовыя працаўнікі хуценька вылавілі і вярнулі на месца бочкі і адпампавалі ваду. У Губернатарскім садзе праз імклівую плынь загінулі два салдаты, якія вырашылі пакатацца на лодцы. Невялікія падтапленні былі ў 1936 і 37 годзе, таму ў 1940 пачалі рыць Камсамольскае возера, каб адвесці туды частку вады. Апошняя вялікая вясновая паводка адбылася ў Мінску ў 1941, але пасля вайны адкрылі Мінскае мора, і праблема была вырашаная.

Свіслач, від на завод «Крышталь» з даху дома №2 па вуліцы Лодачнай. З архіву Л.Быліны.

Сярэдзіна ХХ стагоддзя, электрастанцыя №1 «Эльвод» і падтопленая вуліца горада.

 

Па ўсёй тэрыторыі дажджы

Праблема веснавых паводак не хвалюе гараджан ужо больш за палову стагоддзя, але следам за ёй прыйшла праблема вадастокавых камунікацый, якія кожнае лета не спраўляюцца з сезонам дажджоў і цешаць сёрфераў. Бадай, самы круты патоп у сучасным Мінску здарыўся ў 2009 годзе, калі затапіла метро.

Няміга, фота Н.А. Іванова, 1965.


Крыніцы: oldmensk.net, minsk-old-new.com, transphoto.ru, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, беларуская вікіпедыя, зборнікі «Памяць. Мінск, кніга першая» і «Гісторыя Мінска», З. В. Шыбека «Мінск сто гадоў таму»,
фэйсбук-суполка “Беларусь на старых здымках», газеты «Минская речь» і «Минский голос».

 
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter