Нілу Гілевічу было 84 гады, апошнім часам ён пакутаваў на анкалогію, прызнаваўся, што адным вокам зусім не бачыць, а другім – ледзь-ледзь. Апошні Народны паэт Беларусі, ён стаў тым чалавекам, які адыграў ці не найважнейшую ролю ў наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай (1989 г.) і наданні нацыянальнай сімволіцы статусу дзяржаўнай (1991 г.).
Некалькі апошніх гадоў за ўласныя грошы выдаваў свой збор твораў.
Нават калі вы кепска вучылі беларускую літаратуру ў школе, то, напэўна, ведаеце яго класічныя радкі:
Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце свой напеў векавы,
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
На духмяным пракосе недаспелай травы.
7 важных думак Ніла Гілевіча, пра якія нам заўжды варта помніць
За колькі месяцаў да смерці Ніл Сымонавіч, які вось ужо колькі гадоў не выходзіў з дому і не размаўляў з журналістамі, даў інтэрв'ю Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Мы сабралі колькі цытат з яго.
Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні. Дык вось, на вялікі жаль, гэту ісціну, апрабаваную дзясяткамі народаў на працягу стагоддзяў, у нас разумеюць далёка не ўсе. І таму падымаюць пытанні, патрабуюць вырашаць эканамічныя праблемы, сацыяльныя, экалагічныя і іншыя. Не ўсведамляючы, што паперадзе ўсіх праблем павінна ісці праблема мовы.
Сказаў жа некалі першы вялікі, першы народны беларускі паэт Францішак Багушэвіч: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» Усё! Што ж незразумелага? Калі не хочам памерці, а хочам жыць, значыць, павінны перш за ўсё ратаваць мову.
Мне цяжка сказаць, але я ведаю, што мы падзелены на дзве палавіны, і, зноў жа «на вялікі жаль», нашмат больш тых, хто падтрымлівае Расію і не перажывае, не хварэе за лёс Украіны. Што хацець, калі наша насельніцтва, у вялікай сваёй частцы, за Беларусь не змагаецца і не перажывае — дык дзе ж ужо там за Украіну!
У мяне на маладых вялікая-вялікая надзея. Я некалі і верш напісаў «Кліч да беларускай моладзі», і заклікаў не падаць духам. «Не падайце духам, хлопцы, і гнеў не тапіце ў стопцы». Толькі так.
Вельмі бывае цяжкі настрой ад усёй брыдоты, якую бачыш, чуеш. Але, як у народзе кажуць, перажылі зіму, перажывём і лета…
Мяне заўсёды падтрымлівае веданне, як выстаялі народы еўрапейскія, не проста меншыя колькасна за Беларусь, а ў некалькі разоў меншыя. Славенцы квітнеюць. Чарнагорцы, македонцы, славакі, фіны. Нават чэхаў і балгараў менш, чым беларусаў. І трымаюцца, не скардзяцца Богу на свой лёс. Тут можна задушыцца ад крыўды: чаму беларусы нічога не бачаць і не разумеюць? Дзякуй Богу, моладзь пачала разумець, асабліва як стала ездзіць за мяжу.
Будзем аптымістамі, іншага не дадзена. Будзем верыць у нашу праўду, у нашу перамогу.
Фота: novychas.by