Мы нашли для вас еще одну историю о невероятных белорусах – эта команда исследует умирающие деревни Брестчины.
Что это за парень
Максим Хлебец – журналист (если погуглить его имя, то вся первая страница результатов, как у приличного белоруса, будет про отсидку). В 2018 году он начал проект «Диалекты» (это интерактивная карта, где можно слушать, как говорят белорусские деревни), а прошлым летом собрал команду единомышленников, чтобы делать блог об умирающих деревнях. На канале Natatnik сейчас можно посмотреть 4 видео, скоро появится еще два.
– У нашай камандзе – журналістка Аксана Бровач, фатограф Сяргей Сілівончык і відэограф Ілля Шамілаў. Кожны вельмі любіць гэту справу. Фотаздымкі на стужку атрымаліся проста неверагодныя. Галоўнае, каб у цябе былі людзі побач, якія гэта ўсё падзяляюць з табой і адчуваюць тое ж самае, што і ты.
Сайт «Дыялекты» цяпер на рэканструкцыі, але хутка з’явіцца новы, дзе можна будзе не толькі націснуць на кнопку і паслухаць дыялект, але і паглядзець фота і відэа, нешта пачытаць. Аксана піша вялікія тэксты, спрабуе перадаць настрой – што мы там адчуваем, што бачым.
Як усё пачыналася: «Першая вёска на нашым шляху: там проста дамы і ніхто не жыве – мёртвая»
– Раскажы, як усё закруцілася.
– У дзяцінстве я ўвесь час бавіў у бабулі, і з гэтым звязана вельмі шмат добрых эмоцый. Цяпер паўсюль усё не вельмі добра, і гэтых эмоцый вельмі хочацца. Хочацца быццам схавацца ў гэта дзяцінства. Але таксама хочацца гэтага не толькі для сябе, але і для астатніх.
Спачатку я раблю такі рысёрч – шукаю, куды паехаць: што можа адшукаць Google па запыце «Закінутыя вёскі» альбо «Малыя вёскі», умоўна кажучы, Маларыцкага раёна. Ці, напрыклад, у «Вікіпедыі» ёсць спіс усіх вёсак раёна. Даныя могуць быць за 2002, 2007 ці 2009 год – калі ў гэтай вёсцы ужо дзесяць гадоў таму жыло пяцьдзясят чалавек, то цяпер, хутчэй за ўсё, будзе вельмі мала людзей.
Такім чынам я вызначаю дзесяць, пятнаццаць, часам дваццаць вёсак у раёне, бяру з сабой Аксану, і мы едзем у разведку па гэтых вёсках, размаўляем з мясцовымі жыхарамі.
– Мяне на гэту размову натхніў твой апошні пост у інсце – раскажы, што там было.
– Першая вёска на нашым шляху – а там проста дамы і ніхто не жыве. Мёртвая. Калі б здымалі фільм жахаў з прыгажосцю – ну, каб там не трэба было, каб кагосьці забівалі ці каб хтосьці бегаў за табой па лесе, – то гэта дакладна пра Беларусь. Асабліва пра Палессе. Неверагодна прыгожая вёска, проста не перадаць словамі.
Усе гэтыя дамы, асабліва драўляныя, суперунікальныя і вельмі прыгожыя. Гэтыя ліштвы на іх, дзверы... Мы бачылі дзверы, размаляваныя ў нейкія кветкі. Жыццё калісьці было – мы не паспелі літаральна на пяць гадоў, але падаецца, што жыхары з’ехалі ўчора.
Як занепадае вёска: «Калгас проста адпраўляе бульдозер – развальваюць дамы, закапваюць і засяваюць»
– Зімой можа быць цяжкаватае ўражанне, летам будзе прыгажэй.
– У нас у Берасці зімы амаль што не было, усе дарогі былі разбітыя. Неяк мы паехалі ў разведку: прыехалі ў адну вёску – нам кажуць, што тут жыве пяць чалавек. А ў суседняй – адзін, але «вы не даедзеце – там усё размыла, дарогі няма, бо возяць лес».
І сапраўды: мы праехалі колькі маглі, прыпыніліся і пайшлі пешшу. Ідзём, вакол палі, заходзім у лес. І проста ў лесе стаіць вёска на дваццаць дамоў. Там жыве адзін мужчына, яму восемдзесят шэсць гадоў. Займаецца пчоламі, думае, як адрадзіць гэту вёску! То бок чалавек у сваім узросце прыдумвае нейкія бізнес-планы і ідэі, якім чынам можна гэту вёску зрабіць жывой.
Калі адшукаеш такіх людзей – то гэта ў самае сэрцайка. І гэта прыгажосць наогул – прыгажосць беларускіх дыялектаў, прыгажосць саміх вёсак, прыгажосць Беларусі, якая хаваецца – і якая вельмі хутка знікне.
Колькі мы вёсак праехалі, ва ўсіх расказваюць: у мінулым годзе прыехаў бульдозер, экскаватар, і яны папросту руйнуюць пустыя дамы. Калі ніхто не жыве ў гэтым доме – проста прыязджаюць, развальваюць, закапваюць, засяваюць, каб калгас стаў трошку большы.
– Спачатку так з дарогамі рабілі, а цяпер і з хатамі?
– Так! Людзям, хто яшчэ застаецца ў вёсцы, вельмі шкада такое чуць ці бачыць на ўласныя вочы. У гэтых хатах можна жыць! Яны не развальваюцца самі, яны руйнуюцца, каб было больш поля. «Усё ж павінна быць чысценька ў нас у Беларусі». І вось атрымліваецца, што беларуская чысціня развальвае беларускую прыгажосць.
– А ў цябе ёсць гістарычная адукацыя?
– Так, я якраз скончыў гістфак у Берасці. У нас была практыка, калі ездзілі па вёсках, але я пісаў у той час навуковую працу і не паехаў. Аднак паспеў запісаць сваіх бабулю з дзядулем. Яны мне расказалі пра сваё дзяцінства.
Потым з’явіўся праект «Дыялекты», мяне гэта захапіла. Калі ў студзені прыпыніў працу сайт, проста неверагодная колькасць людзей напісала: «Што з вамі? Чаму я не магу зайсці на сайт?» Статыстыка паказвала дзве-тры тысячы праслухоўванняў. Ну, мы думалі, што слухаюць нас трошкі. Але пачалі пісаць: давайце што-небудзь рабіць, чым дапамагчы?
Новы сайт будзе яшчэ больш прыгожы – не проста можна будзе націснуць на вёску і паслухаць дыялект, але будзе таксама і відэа, і вялікія тэксты. Проста шкада, што гэта можа быць пахавана.
– Я таксама займалася вуснай гісторыяй. Ходзіш па гэтых інтэрв’ю – хопіць якіх два-тры на дзень, і ты ўжо эмацыянальна вычарпаны. Гісторыі жыцця беларусаў не надта шчаслівыя. Ты кажаш, што хочаш ізноў адчуць нешта звязанае з дзяцінствам, з бабуляй, з дзядулем. Але напраўду пасля такіх інтэрв’ю можна мець даволі паганы настрой...
– Ёсць такое.
Але мы самі выбралі для сябе такі шлях. Я быў гатовы, што будзе вельмі дрэнна: я разумею, што гэта памірае, што гэта не захаваць, не зрабіць з малой вёскі вялікую. Дзяржава не дапамагае, людзі не разумеюць, што можна жыць у вёсках, зарабіць неяк там немагчыма, таму ўсе жывуць у гарадах і туды з’язджаюць.
Ёсць невялікі працэнт людзей, якія з’язджае ў вёскі пад Мінскам, бо можна на машыне, калі што, у краму з’ездзіць. А мы ездзім у вёскі, да якіх часам аўталаўка не можа даехаць. Адзін дзядуля нам расказваў, што ён на лыжах да аўталаўкі за тры кіламетры ездзіць, каб нешта набыць. Гэта ж капец! Ці, напрыклад, туды цяжка даехаць медыкам – гэта гучыць вельмі горка.
Але людзі, якія жывуць у гэтых вёсках, даюць табе пазітыву. Усё дрэнна, а яны кажуць: нам падабаецца. Хаця некаторыя кажуць, што зараз ваўкі прыходзяць аж пад дом.
Дзеці, унукі прапануюць пераехаць у горад, а яны не хочуць: «Што я там буду рабіць? Там няма як схадзіць у грыбы ў лес. Там няма як выйсці на вуліцу».
Я бываў, напрыклад, у Грузіі, і мне падавалася, што вось грузіны – такія гасцінныя людзі. Яны цябе і пачастуюць заўсёды, і дапамогуць. Мы ездзім па вёсках даволі часта з лета мінулага года, і ні адной не было паездкі, адкуль бы мы не прыязджалі з нейкімі пачастункамі. Кожны нешта нам даваў!
З адным дзядзькам мы загадзя размаўлялі, дык той пайшоў раніцай і назбіраў нам грыбоў. Ён выразае вельмі прыгожыя клюкі – з галавой бусла: падарыў нам адну. У адной вёсцы нам далі дамашняе малінавае віно, у іншых гэта былі грыбы ці ягады, яблыкі. Паўсюль нешта нам давалі.
Мы часам праходзім яшчэ ўсю вёску і заглядваем у закінутыя хаты. Нічога не забіраем, але можам зайсці паглядзець, калі дзверы прыадчынены. Адразу да нас ставяцца вельмі падазрона: чаго вы ходзіце па гэтых хатах?
І вось бабуля адна выйшла з лесу. Збірала там ягады – у яе былі чырвоныя рукі, такая прыгожая. Вельмі насцярожана да нас паставілася. Напачатку вельмі мала казала, потым больш, больш – мы яе запісалі. Селі ў машыну, развярнуліся і ўжо з’язджалі. Яна выбегла да нас, проста бегла за намі – мы пабачылі, прыпыніліся. І яна нас пачаставала дранікамі!
Вось гэта шчасце! Калі ты адчуваеш і разумееш, што беларусы класныя! Пасля жніўня мы зразумелі, што беларусы неверагодныя, але таксама – якія класныя беларусы, што жывуць самі сабе ў гэтых вёсках. Нас, класных, насамрэч яшчэ больш.
Як выратаваць беларускія вёскі: «Можна было б захаваць хаця б у выглядзе музеяў»
– Першая прыступка – гэта інфармацыя. Вельмі добра, што вы даяце гэту інфармацыю. Але што яшчэ можна зрабіць? Якія крокі патрэбны ад грамадства, каб усё гэта захаваць?
– Мы запытваемся ў гэтых бабуль і дзядуль, якія там жывуць: што рабіць? На дадзены момант два чалавекі сказалі нам, што ў іх ёсць нейкі план. Адна жанчына расказвала, што ў іх ёсць вёска побач. Там стаіць клуб, які нікому не патрэбен. Яна сказала, што там можна было б зрабіць дом састарэлых – і яна б там працавала, займалася б бабулямі, да якіх ніхто не прыязджае.
Дзядуля з лясной вёскі казаў, што ў лесе шмат дрэваў, нешта можна спілаваць, каб прадаць і на гэтыя грошы зрабіць у гэтай вёсцы нейкае свята, каб людзі прыязджалі паглядзець, пчоламі маглі пазаймацца… У яго было шмат ідэй.
Але астатнія кажуць, што нічога ўжо не зробіш. Што немагчыма вярнуць людзей туды, дзе нічога няма. Няма працы, няма бальніцы блізка, «хуткая» да цябе не прыедзе. Няма крамы – аўталаўка два разы на тыдзень. І яны кажуць, што дажывём – і ўсё.
Ёсць пазітыўны прыклад: мужчына з жанчынай адрадзілі вёску Стойлы. Там раней жыў адзін стары дзядуля, ён выразаў з дрэва. Ён памёр, і пасля яго засталася калекцыя «драўляных беларусаў». Ён іх так і называў – беларускі народ.
Яны купілі там хату, пераехалі. У іх аграсядзіба – прыязджаюць замежнікі. І для іх гэта ўсё вельмі незвычайна, у іх вёсак у такім выглядзе ўжо не засталося. У іх вёска – гэта маленькі гарадок, дзе ўсё ёсць і стаяць нармальныя дамы. Пасля гаспадароў людзі таксама пачалі пераязджаць, цяпер там ужо чатыры жылыя хаты, дзве з іх – маладыя людзі. Атрымліваецца, што яны ўзрадзілі гэту вёску.
Мне падаецца, што цалкам драўляныя вёскі можна было б захаваць хаця б у выглядзе музеяў. Зрабіць шлях «Па драўлянай культуры Палесся». Але ж у нас вялікіх турыстычных закінутых аб’ектаў хапае, і на іх не хапае грошай. А пра вёскі ўсе думаюць, што гэта проста нішто. Трэба захаваць вёскі як турыстычны аб’ект.
Вось гэта бабуля, якая вынесла нам дранікі: для яе таксама было б працоўнае месца – была б мэрам сваёй вёскі, сустракала б гасцей, карміла. Яна там адна сапраўды ў лесе жыве, і ёй складана. А так усё весялей было.
– Сам ты разглядаеш магчымасць паехаць жыць у вёску? Ці, можа, нехта з тваёй каманды?
– Іна Хоміч, якая робіць са мной праект «Дыялекты», ужо пераехала ў вёску Зянькі ў Камянецкім раёне з мужам, зараз вось нарадзіла дзіця. Там таксама маленькая вёска – можа, чатыры хаты.
У мяне захаваўся домік бабулі з дзядулем, куды я прыязджаў амаль на ўсё лета. Прачысцілі печ, я прыбраў у адным з пакояў, нават пажыў там некалькі дзён, прыязджаў тапіць печ.
Там такі спакой, цішыня, нішто не перашкаджае. Такога не адшукаць у горадзе. Можна прыйсці да суседкі, у якой ёсць карова, і за рубель набыць два літры малака проста раніцай, калі яна толькі падаіла карову. Прыйсці дадому і выпіць малака з аладкамі.
Гэта проста нейкі іншы свет – там падаецца, што ты проста ўсё змяніў у сваім жыцці. Наш відэограф таксама загарэўся: калі пачнецца лета, будзе нешта рабіць.
– Так пакрысе, пакрысе і ўсіх заахвоціце.
– Спадзяёмся. Я не думаў, што так шмат людзей будзе глядзець нашы відэа на YouTube. Падпісчыкаў няшмат, але апошнія відэа маюць па 3-4 тысячы праглядаў. Гэта для нас проста неверагодная лічба, мы не запускаем аніякай рэкламы. Толькі посцім у сваіх сацсетках.
Самыя класныя каментарыі – калі пішуць: «О! Гэта мая вёска!» А ў той вёсцы тры чалавекі. Ці «крута, вы запісалі майго дзядзьку».
Асабліва цяпер, калі закрыты межы, можна паспрабаваць палюбіць сваё. І гэта не толькі Мірскі ці Косаўскі замак, Нясвіж ці Траецкае. Варта прыехаць у сапраўды старыя вёскі, паразмаўляць з людзьмі. Гэта пакуль яшчэ жывы музей. Музей старажытнасці.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: архіў героя і Сяргея Сілівончыка.