Гарачка, сябры і прагулкі для натхнення. Вось як напісаць верш, які будуць успамінаць і пасля вашай смерці

Гарачка, сябры і прагулкі для натхнення. Вось як напісаць верш, які будуць успамінаць і пасля вашай смерці
«Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…» – першыя радкі знакамітай «Пагоні» ведае, бадай, кожны беларус. Гэты твор меў усе шанцы стаць нацыянальным гімнам Беларусі, а шмат хто лічыць, што дарма не стаў. І тым не менш гэта выключна «мінскі» верш. CityDog.io адабраў адрасы, дзе яго напісаў Багдановіч і ўпершыню пачула мінская публіка.

«Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…» – першыя радкі знакамітай «Пагоні» ведае, бадай, кожны беларус. Гэты твор меў усе шанцы стаць нацыянальным гімнам Беларусі, а шмат хто лічыць, што дарма не стаў. І тым не менш гэта выключна «мінскі» верш. CityDog.io адабраў адрасы, дзе яго напісаў Багдановіч і ўпершыню пачула мінская публіка.

Дапамагаў ахвярам вайны і трапіў да мінскай інтэлігенцыі

Максім Багдановіч жыў у Мінску 5 месяцаў пасля заканчэння Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэя, з канца верасня 1916 г. па люты 1917 г. Тут ён уладкаваўся на працу сакратаром у мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

Галоўным месцам для яго стала «Беларуская хатка», што месцілася на вуліцы Захараўскай, 18, у сталоўцы «Таварыства дапамогі ахвярам вайны». Тут штовечар збіралася сябры і праціўнікі Таварыства, а таксама простыя беларусы, каб супольна правесці час, падзяліцца ўражаннямі і думкамі.

З 1939-га і па сёння гэта адрас вул. Савецкая, 12. Будынак захаваўся з пераробленым першым і надбудаваным трэцім паверхамі.

Тут жа на адным з рэфератаў у Мінску ў 1916 годзе Багдановіч расказаў пра першую задуму «Пагоні»:

«Я быў пад Вострай Брамай, дзе бываюць дзясяткамі тысяч паломнікі-багамольцы. На Браме красуецца герб старога Бел. Літ. Княства — “Пагоня”: узброены рыцар сядзіць на скачучым кані і размахвае мячом. Перад маімі вачыма рыцар вырастае ў вялікія размеры, і меч яго пападае якраз у маё сэрца... Я ранены і запаланёны навекі…»

Выява «Пагоні» на Вострай Браме ў Вільнюсе.

Штодзень натхняўся Чырвоным касцёлам

Пісьменніца і грамадская дзяячка Зоська Верас напісала ўспаміны пра Багдановіча «Пяць месяцаў у Менску». Там яна ўзгадвала, як паэт захапляўся Чырвоным касцёлам:

«Калі пасля марозу прыходзіла адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся серабрыстай шэранню, і гэта было цудоўна, як у казцы. На работу мы з Багдановічам выходзілі разам і адразу пераходзілі на другі бок вуліцы, каб ісці каля касцёла і нацешыцца яго цудоўным выглядам. Багдановіча проста адарваць не можна было, да таго быў захоплены».

І. Пратасеня. «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Менску. 1916 год» (1982).

Увесь вольны час бавіў у бібліятэцы

Мінскі сусед Багдановіча Змітрок Бядуля ўзгадваў: «У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў».

Падчас знаходжання Багдановіча ў Мінску гэта гарадская публічная бібліятэка знаходзілася на вуліцы Хрышчэнскай (сучасная Інтэрнацыянальная, 31).

Напісаў «Пагоню» ў гарачцы

Для жылля Максіму падабралі пакой у кватэры на ціхай вуліцы Мала-Георгіеўскай (сёння Талстога), 12 у доме Рэдзькі. Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, дзе жыў Багдановіч.

У 1980-я гады дом перанеслі на завулак Рабкораўскі, 19. Тут месціцца экспазіцыя філіяла «Беларуская хатка», прысвечаная мінскаму перыяду Багдановіча.

Пакой Багдановіча аднавілі з успамінаў Змітрака Бядулі, удзел у стварэнні экспазіцыі прымаў тагачасны дырэктар музея Багдановіча Алесь Бяляцкі.

Шырокія пафарбаваныя масніцы, белыя сцены, зацемненыя вокны. Лямпа-керасінка, аскетычны жалезны ложак, у куце – маленькі куфар для рэчаў, некалькі кніжак, шынель гімназіста на кручку, тумбачка з лекамі – вось і ўся мэбля.

Як узгадвалі сучаснікі, Багдановіч працаваў не толькі днём, але і ноччу. Нават хвароба не магла яго спыніць. Паэт сам казаў: «У гарачцы пішацца лёгка». Так, у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў тым самым пакойчыку былі напісаны вершы «Пагоня» і «Страцім-лебедзь».

Калядная прэм’ера

Новы 1917 год Максім Багдановіч сустрэў у Мінску – у «Беларускай хатцы». Зоська Верас узгадвала: «Надыходзіў Новы год. Пастанавілі спатыкаць яго ў “Бел. хатцы” ўсёй нашай грамадой. Усё наладзіць і выслаць усім запросіны даручылі Багдановічу, Смолічу і мне. Сабраліся, хто толькі з нашых быў у той час у Менску. Настрой быў мілы, і ўсе былі рады з гэтай імпрэзы».

Адна з наведвальніц «Беларускай хаткі» Апалёнія Радкевіч ужо ў эміграцыі ў ЗША запісала свае ўспаміны пра Багдановіча. Дзякуючы ёй мы даведаліся, як адбылася прэм’ера верша на перадкаляднай вечарыне 1916 года.

Яна запісала, што першым верш прачытаў Аркадзь Смоліч. У слаба асветленым пакоі ён сказаў, што аўтар папрасіў не называць яго імя.

Аркадзь Смоліч.

«Смоліч урачыста-ціха прачытаў “Пагоню”. Скончыў. У прыцемненым пакоі панавала абсалютная ціша. Пасьля ўзрыў пытаньняў.

− Хто гэта? Хто? − Старэйшыя паўскаквалі зь месцаў. − Гэта небывалае ў нашай... ды што ў нашай − у сусьветнай літаратуры. Хто гэта? Хто напісаў?
Акружылі Смоліча.

− Я зьвязаны словам, я не магу сказаць, пастарайцеся адгадаць.

− Прачытайце яшчэ раз. Гэта... гэта... − не знаходзіць слоў Ядвігін Ш. Уселіся зноў, і цяпер ужо Смоліч не чытае, а пранікнёна дэклямуе. Заканчвае амаль скандуючы:

− “Старадаўняй Літоўскай Пагоні не разьбіць, не спыніць, не стрымаць”.

Зноў ціша.

− Гэта можа быць або Янка Купала, або... або наш Максім, − шырака расчыніўшы вочы, выпаліў нехта.

− Ён!

Усе ахнулі, змоўклі. А аўтар сядзіць у процілеглым канцы пакоя, ледзь ухапляючы паветра сваімі сухотнымі грудзьмі».

Багдановіча шчыра віншавалі ўсе, яго твор тут жа назвалі геніяльным, і, па ўспамінах, кожны ў тым пакоі адчуваў, што сам стаў сведкам вялікай падзеі.

Ніхто так ніколі і не пачуў дэкламацыю твора самім Багдановічам. Надрукавалі верш упершыню ўжо пасля смерці Максіма Багдановіча ў Ялце.

Першая публікацыя верша ад 30 лістапада 1917 г. (Вольная Беларусь).

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Yarwiki.ru, Megapolis-real.by, Bis.nlb.by, Wikipedia.org, Nastaunik.info, Vetliva.ru, Yandex.by, Google.com, Zviazda.by, CityDog.io.

#Минск #Беларусь
поделиться