Люди, истории Подкасты
CityDog.io

«Лепш пашкадаваць, што не нарадзіла, чым нарадзіць нежаданае дзіця». Чайлдфры-мінчанка – пра тое, як ёй цяпер жывецца ў Беларусі, дзе яе лічаць экстрэмісткай

«Лепш пашкадаваць, што не нарадзіла, чым нарадзіць нежаданае дзіця». Чайлдфры-мінчанка – пра тое, як ёй ...
У апошні час беларускія ўлады ўсё больш увагі сталі надаваць людзям, якія не хочуць дзяцей, – гэтак званым чайлдфры. Дайшло нават да таго, што ідэалогію чайлдфры назвалі пагрозай нацбяспецы, а тэматычныя паблікі ў сацсетках абвясцілі «экстрэмісцкімі». CityDog.io вырашыў разабрацца, што ўвогуле адбываецца з гэтай тэмай у Беларусі і што пра гэта думаюць прыхільнікі жыцця без дзяцей.

У апошні час беларускія ўлады ўсё больш увагі сталі надаваць людзям, якія не хочуць дзяцей, – гэтак званым чайлдфры. Дайшло нават да таго, што ідэалогію чайлдфры назвалі пагрозай нацбяспецы, а тэматычныя паблікі ў сацсетках абвясцілі «экстрэмісцкімі». CityDog.io вырашыў разабрацца, што ўвогуле адбываецца з гэтай тэмай у Беларусі і што пра гэта думаюць прыхільнікі жыцця без дзяцей.

ГЭТА ВАЖНА: СЛУХАЙЦЕ І (ЦІ) ЧЫТАЙЦЕ

Калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

Спачатку давайце разбяромся, што такое чайлдфры

У перакладзе з англійскай слова childfree азначае літаральна «вольны ад дзяцей». Гэтым тэрмінам прынята называць як усвядомленае нежаданне мець дзяцей, так і прыхільнікаў гэтай ідэалогіі.

Паводле аўтарытэтнага амерыканскага слоўніка Мэрыема-Уэбстэра, упершыню слова «чайлдфры» было ўжыта ў 1901 годзе. А ў сучасным значэнні яго сталі выкарыстоўваць феміністкі ў 1970-х, калі ім спатрэбіўся тэрмін для абазначэння групы жанчын, якія добраахвотна вырашылі застацца бяздзетнымі.

А чым так не дагадзілі чайлдфры беларускім уладам?

Пачалося ўсё з таго, што ў сакавіку 2023 года Лукашэнка назваў папулярызацыю бяздзетных сем’яў «спробай абязлюдзіць і аслабіць дзяржаву» і заявіў, што такая прапаганда «павінна быць па-за законам».

Ужо ў маі Генпракуратура накіравала ў суд заяву, у якой прасіла прызнаць чайлдфры-паблікі і тэлеграм-каналы экстрэмісцкімі. А ў чэрвені і ўвогуле прапанавала штрафаваць за прапаганду свядомага нежадання мець дзяцей. У інтэрв’ю тэлеканалу «НТВ-Беларусь» прадстаўніца ведамства нават назвала ідэалогію чайлдфры «пагрозай нацыянальнай бяспецы».

Чым жа так не дагадзілі чайлдфры ўладам? З відавочнага напрошваецца толькі адна выснова: скарачэнне колькасці насельніцтва ў Беларусі ператварылася ў сапраўды сур’ёзную праблему. Настолькі, што вырашаць яе даручылі ведамству з зусім іншымі задачамі.

Калі верыць даным Белстата, то найбольшая колькасць насельніцтва ў Беларусі была зафіксавана ў 1994 годзе – 10 243 000 чалавек. Але з той пары беларусаў у краіне станавілася ўсё менш, і ў пачатку 2023 года Белстат апублікаваў даныя, з якіх вынікае, што афіцыйна ў Беларусі пражывае толькі 9 200 617 чалавек.

За 2022 год колькасць насельніцтва зменшылася на 54 907 чалавек, за 2021-ы – на 94 100, а ў 2020-м – на 60 600. Таксама другі год запар зніжаецца колькасць жыхароў у сталіцы, дзе ўсе мінулыя гады назіраўся бесперапынны рост. Цяпер Мінск больш не з’яўляецца двухмільённікам – у горадзе налічваецца 1 995 471 жыхар.

Пры гэтым спецыялісты кажуць, што статыстыка Белстата недакладная. Яна ўлічвае толькі тых людзей, хто афіцыйна заявіў дзяржорганам, што з’язджае з краіны. А тых, хто проста з’ехаў, ніхто не лічыў. Яны нібыта прысутнічаюць у краіне.

Так ці інакш, агулам з 2018 па 2023 год насельніцтва нашай краіны скарацілася амаль на чвэрць мільёна чалавек. Спецыялісты адзначаюць, што Беларусь вымірае – і дастаткова хутка. А за апошнія некалькі гадоў гэты негатыўны трэнд толькі паскорыўся.

Валянціна, мінчанка: «У 27 гадоў зразумела, што не хачу дзяцей, – і выдыхнула»

Валянціне (імя зменена) цяпер 35 гадоў. Яна знаходзіцца ў адносінах, але не замужам. Кажа, што нежаданне мець дзяцей сфарміравалася ў яе ў 27 гадоў.

– Цяпер я разумею, што, напэўна, ніколі свядома не хацела мець дзяцей, – расказвае Валянціна. – Хоць у юнацтве гэта здавалася чымсьці непазбежным: бо жанчына абавязкова павінна выйсці замуж і нарадзіць. Так што я думала, што і ў мяне дзеці будуць, проста калі-небудзь «потым».

Складана сказаць, у які менавіта момант я зразумела, што гэта «потым» ніколі не наступіць. Пры гэтым я ведала жанчын, якія сапраўды хацелі стаць мамамі, бачыла, як для іх гэта важна. Я сама ніколі не адчувала нічога падобнага. Для мяне гэта заўсёды была нейкая прыгнятальная перспектыва. І калі я нарэшце дазволіла сабе ўявіць сваю будучыню без дзяцей, то адчула вялікую палёгку.

Па словах Валянціны, бяздзетных жанчын у яе асяроддзі дастаткова. Праўда, дзяўчына не ўпэўнена, што ўсе з іх не хочуць дзяцей ні пры якіх умовах. Магчыма, у кагосьці проста пакуль не знайшлося падыходзячага партнёра, а можа, ёсць іншыя прычыны. У любым выпадку, з боку здаецца, што ўсе яны задаволены жыццём і наконт наяўнасці або адсутнасці дзяцей зусім не перажываюць.

Сама Валянціна тэму чайлдфры звычайна не паднімае. Але калі пытаюцца, то адказвае як ёсць, без ухіленняў кшталту «можа быць, калі-небудзь».

– Мне здаецца важным прама казаць, што не хочаш мець дзяцей і што на гэта не трэба нейкіх асаблівых прычын. Прычыны патрэбныя, каб хацець, а не наадварот.

У мяне няма нейкіх асаблівых скандальных гісторый, ніхто не ўцякаў ад мяне ў жаху, але некаторыя людзі сапраўды не разумеюць і спрабуюць пераканаць. Адзін з асноўных аргументаў – «трэба паспрабаваць, і табе спадабаецца». Але мне такі падыход здаецца вельмі эгаістычным. Дзеці – гэта ж не цацка, каб паспрабаваць пагуляцца і потым вырашыць, трэба табе гэта ці не.

Іншыя гавораць, што таксама не хацелі дзіця, а потым нарадзілі і рады. Або пытаюцца, ці не баюся я, што ў будучыні пашкадую, а будзе позна. Але, па-мойму, лепш пашкадаваць, што не нарадзіла, чым нарадзіць нежаданае дзіця і сапсаваць жыццё і сабе, і яму.

Нават калі хтосьці на 100% загадзя ўпэўнены, што хоча завесці дзяцей, гэта не дае гарантыі, што ўсё пасля складзецца добра. Нават жаданае бацькоўства – гэта складаная праца. І калі ёсць нейкія сумневы, то, на мой погляд, не варта нават пачынаць.

А вось бацькі па гэтым пытанні Валянціну асабліва не даймаюць. Дзяўчына тлумачыць гэта тым, што, па-першае, у іх ёсць унукі ад іншых дзяцей, а па-другое, у сям’і ў яе ёсць пэўная «рэпутацыя», таму сваякі ведаюць, што спрачацца з ёй без сэнсу.

– І ўлічваючы апошнія падзеі ў краіне і ў свеце, я толькі больш пераканалася, што рашэнне не заводзіць дзяцей было правільным, – дадае Валянціна. – Прынамсі я нясу адказнасць толькі за сябе, і мне не трэба турбавацца за кагосьці іншага.

Чытайце, слухайце і засвойвайце беларускую мову. У нас тут багата тэкстаў і падкастаў!

Ці праўда, што чайлдфры ненавідзяць дзяцей?

Валянціна расказвае, што ў яе ёсць пляменнікі і, пакуль яны былі маленькімі, яна даволі часта даглядала іх.

– У цэлым мне падабаецца праводзіць час з дзецьмі. Але я разумею, што гэта зусім не тое самае, што паўнавартаснае бацькоўства. Гэта мужчыны могуць дазволіць сабе займацца дзецьмі эпізадычна і лічыцца пры гэтым нядрэннымі бацькамі, – упэўнена разважае Валянціна. – А ў жанчын такой прывілеі часцей за ўсё няма. Да таго ж я лічу, што калі ўжо заводзіць дзіця, то трэба паглыбляцца ў працэс цалкам, а я да такога не гатова.

Да чужых дзяцей я стаўлюся нейтральна. Калі нейкае дзіця скандаліць у грамадскім месцы, я хутчэй падумаю «бедная яго маці» або «дзякуй богу, у мяне няма такіх клопатаў».

А як наконт таго, што жанчыну, якая не нараджала, некаторыя лічаць непаўнавартаснай?

– Ну як да такога ставіцца? – усміхаецца Валянціна. – Глупства, вядома. Ну і незразумела, чым такі важны статус «паўнавартаснай жанчыны». За гэта ж не прыплачваюць. Так што мне ўсё роўна, хто і што пра мяне думае.

Яшчэ распаўсюджана меркаванне, што ў жанчын, якія не нараджалі, нібыта вышэйшыя рызыкі развіцця розных хвароб. Тут магу сказаць у процівагу, што цяжарнасць і роды – гэта велізарная нагрузка на арганізм з абсалютна непрадбачаным вынікам. Нават зусім здаровыя першапачаткова жанчыны пасля гэтага могуць гадамі аднаўляцца, а тыя ж урачы, якія да гэтага раілі нараджаць «для здароўя», потым разводзяць рукамі і кажуць: «Ну што вы хочаце, вы ж нараджалі».

Нейкія непрыемныя наступствы прынята замоўчваць, і жанчынам сорамна самім пра гэта казаць. Іх скаргі абясцэньваюцца: пачалі крышыцца зубы пасля родаў – ну, ва ўсіх такое, што ты хацела. Таму нашмат прасцей нагугліць страшылкі а-ля «не народзіш – і ў цябе вырастуць рогі і капыты», чым рэальныя рызыкі цяжарнасці і родаў.

І гэта я яшчэ не кажу пра тое, што будзе, калі народзіцца дзіця: пастаянны стрэс, хранічнае недасыпанне і стомленасць, спробы сумясціць мацярынства і працу – усё гэта дакладна не дадае здароўя. Так што з гэтага пункту гледжання выбар відавочны.

Некаторыя мае знаёмыя гавораць, што калі б загадзя ведалі, з чым рэальна сутыкнуцца, то не сталі б нараджаць. Пры гэтым яны любяць сваіх дзяцей, але гэта занадта дорага ім каштавала ва ўсіх сэнсах.

Ну і нават калі б роды неяк «аздараўлялі» (што, вядома, не так), то было б супернеэтычна нараджаць дзіця дзеля гэтага.

Вернемся да Генпракуратуры: ці сапраўды прынцыпы чайлдфры могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы краіны?

– Думаю, дзяржава павінна ствараць спрыяльныя ўмовы для тых, хто хоча мець дзяцей, а не прымушаць тых, хто не хоча, – разважае Валянціна. – А з нагоды таго, што чайлдфры – гэта перашкода развіццю сямейных адносін, дык хто сказаў, што сям’я можа быць толькі з дзецьмі? Хіба муж і жонка – гэта не сям’я? Сем’і бываюць рознымі – і гэта нармальна.

Ды і наогул чайлдфры, наадварот, прапагандуюць адказны падыход да бацькоўства. У выніку будзе менш нежаданых дзяцей і праблемных сем’яў. І калі заводзіць дзяцей будуць толькі тыя, хто хоча і гатовы, то сямейным адносінам гэта будзе выключна на карысць.

А што рабіць з «экстрэмісцкімі» паблікамі?

Валянціна кажа, што сама ў чайлдфры-чатах ніколі не была. Раней чытала паблікі па фемінісцкай тэматыцы – і там гэта тэма рэгулярна ўзнімалася.

– Але зараз я крыху адышла ад гэтага, – прызнаецца наша гераіня. – Мае погляды не змяніліся, проста пакуль не да таго.

Звычайна ў тэматычных чатах людзі проста абмяркоўваюць агульныя праблемы, шукаюць падтрымку. Думаю, гэта дапамагае тым, хто не можа знайсці людзей падобных поглядаў у рэальным жыцці. Ну і проста прыемна мець зносіны з кімсьці, не баючыся асуджэння.

Я сама ў апошні час імкнуся абмяркоўваць такія тэмы толькі са знаёмымі людзьмі, у якіх я ўпэўнена. Вядома, калі за размовы пачнуць штрафаваць, то давядзецца стаць яшчэ больш асцярожнай.

Наогул тэндэнцыя трывожная. Але, спадзяюся, не дойдзе да таго, што некалі было ў Румыніі.

Дарэчы, а што было ў Румыніі?

У 1965 годзе да ўлады ў Румыніі прыйшоў Чаўшэску, адной з асноў унутранай палітыкі якога было павелічэнне нараджальнасці – і, як вынік, рост чалавечага рэсурсу. У 1966 годзе дыктатар забараніў аборты, кантрацэпцыю, сексуальную адукацыю і ўвёў падатак на бяздзетнасць. А літаральна праз 10 гадоў у краіне з’явілася «менструальная паліцыя» – так у народзе называлі чыноўнікаў, якія хадзілі па прадпрыемствах і прымушалі жанчын рабіць тэст на цяжарнасць. А калі цяжарнасць доўга не наступала, то трэба было плаціць «падатак на ўстрыманне».

Нормай для кожнай жанчыны лічылася чацвёра дзяцей, потым паказчык павялічылі да пяці.

Фармальна Чаўшэску дабіўся сваёй мэты: усяго за год нараджальнасць вырасла ўдвая. Але рэальнасць была такой, што сем’і не маглі пракарміць такую колькасць дзяцей, таму многія проста адмаўляліся ад немаўлят.

З 1966 па 1989 гады ў выніку нелегальных абортаў загінула каля 10 тысяч жанчын. Паводле звестак, у 1989 годзе ў румынскіх інтэрнатах і дзіцячых дамах з кепскімі ўмовамі ўтрымання знаходзілася да 170 тысяч дзяцей. Яны атрымлівалі дрэнную адукацыю, раслі з вялікай колькасцю фізічных і ментальных адхіленняў.

Забарона на аборты ў Румыніі існавала з 1966 па 1989 гады, але яе наступствы адчуваліся ў краіне аж да 2005 года, пакуль колькасць адмоў ад дзяцей не знізілася.

У 1989 годзе падчас рэвалюцыі Чаўшэску быў расстраляны разам з жонкай Аленай. Яна сама нарадзіла толькі дваіх, але дзяржаўныя СМІ афіцыйна называлі яе «лепшай маці краіны».

Гэта ілюстрацыйнае фота.

Меркаванне эксперткі: «Не ўсе разумеюць, што рэпрэсіі рана ці позна закрануць кожнага, у каго няма дзяцей»

– Я думаю, што падобная ініцыятыва Генпракуратуры – гэта ў першую чаргу акт запалохвання, – кажа Юлія Міцкевіч, гендарная спецыялістка, пра крыміналізацыю чайлдфры. – Таму што ў той сітуацыі, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь (з неверагодным узроўнем рэпрэсій, парушэннем правоў і свабод чалавека і г.д.), любая праява свайго меркавання або заява аб сваім выбары – гэта патэнцыйная прыкмета пагрозы для ўладаў.

Юлія міцкевіч
гендарная спецыялістка

Плюс трэба разумець, што ў любой краіне з дыктатарскім рэжымам – будзь ён аўтарытарны ці таталітарны – заўсёды адбываецца істотны адкат у развіцці і ўзмацненне так званых «традыцыйных» каштоўнасцей (і ўсяго, што з гэтым звязана).

І найперш гэта тычыцца гендарных роляў. У патрыярхаце (а дыктатура – гэта заўсёды патрыярхат) жанчына ўспрымаецца як функцыя для нараджэння дзяцей, гэта значыць для вытворчасці новых грамадзян. І ў такім выпадку чайлдфры – таксама пагроза.

Праблема ў тым, што гэты акт запалохвання закране ўсіх людзей, у каго па нейкіх прычынах няма дзяцей, і не толькі тых, хто вырашыў не заводзіць іх свядома. Больш балюча будзе біць па тых, хто хоча дзяцей, але не можа.

Усё гэта будзе ствараць моцнае напружанне ў грамадстве. Людзі будуць фрустраваны, будуць узнікаць канфлікты паміж сваякамі, калі нехта паспрабуе адстойваць свой пункт гледжання. Больш стане і гвалту – не толькі псіхалагічнага, але, магчыма, і фізічнага.

Яшчэ адзін варыянт: каб не трапіць у катэгорыю чайлдфры, людзі будуць заводзіць дзяцей без жадання. І гэта таксама праблема. Дзеці, народжаныя без кахання, ужо траўміраваныя. Яны будуць выхоўвацца ў гэтай траўме, жыць у ёй – і ствараць такое ж траўміраванае грамадства. Бо няшчасныя людзі робяць няшчасных людзей.

Рэжыму Лукашэнкі вельмі выгадна сказаць, што чайлдфры – гэта пагроза нацбяспецы, таму што такім чынам можна зняць з сябе адказнасць, напрыклад, за зніжэнне эканамічнага ўзроўню жыцця, праблемы дэмаграфічнай бяспекі і зніжэнне нараджальнасці. Бо тады не трэба разбірацца ў корані праблем і казаць пра тое, што людзі могуць не хацець дзяцей якраз з-за таго, што адбываецца навокал: нестабільная сітуацыя, прававы дэфолт у краіне, гуманітарная катастрофа. Плюс яшчэ вайна ва Украіне, у якой Беларусь таксама з’яўляецца агрэсарам.

Усё гэта псіхалагічна вельмі ўплывае на людзей. Але калі пачаць пра гэта казаць, адразу абрынецца гэты фальшывы міф, які трымаецца доўгія гады: маўляў, Беларусь – нібыта сацыяльна арыентаваная дзяржава з высокім узроўнем сацабароны. Хаця варта прыйсці ў любую паліклініку ці дзяржшколу, і адразу становіцца зразумела, што гэта «сацыяльшчына» – усяго толькі дэкарацыі, якія старанна ствараюцца дзяржпрапагандай.

Безумоўна, падобная ініцыятыва супраць чайлдфры – гэта парушэнне сексуальных і рэпрадуктыўных правоў чалавека. У першую чаргу размова ідзе, вядома, пра жанчын, паколькі менавіта яны валодаюць рэпрадуктыўнай функцыяй і маюць права не проста вырашаць, мець дзяцей ці не, але і калі іх мець, якую колькасць, з якім прамежкам часу, ад каго і г.д. Гэта сукупнасць многіх правоў, пра якія, на жаль, зараз казаць увогуле не даводзіцца, таму што ў Беларусі на дадзены момант няма месца законнасці і свабодам.

Цяжка сказаць, як падзеі будуць развівацца далей. Разважнаму чалавеку бывае складана ацэньваць чарговыя абсурдныя новаўвядзенні ў Беларусі. Але ў цэлым магчыма ўсё. Мяркую, што ў цяперашняга рэжыму дна няма.

Адзін з магчымых сцэнарыяў – тое, што адбывалася ў СССР. Там быў уведзены не штраф, але падатак з заробку для абсалютна ўсіх бяздзетных жанатых людзей: ад 20 да 45 гадоў для жанчын і ад 20 да 50 – для мужчын. Румынскі сцэнарый я таксама не выключаю, бо мы ўжо пераканаліся, што залезці ў ложак да грамадзян – гэта цяпер абсалютная норма. І для дзяржавы няма нічога немагчымага: учора яны назвалі пагрозай нацбяспекі журналістаў і праваабаронцаў, сёння – чайлдфры і феміністак, а заўтра, магчыма, і людзей з ментальнымі расстройствамі. Ну а чаму не?

Для мяне ў гэтай сітуацыі больш важная іншая праблема: мне здаецца, у людзей усё яшчэ няма ўсведамлення таго, што гэтыя рэпрэсіі і новаўвядзенні рана ці позна закрануць кожнага – і не абавязкова для гэтага быць чайлдфры. Любая сацыяльная група па нейкай прычыне заўтра можа аказацца непажаданай. Рэпрэсіі ўжо выйшлі на такі ўзровень, калі іх немагчыма спыніць. І калі сёння да вас не дайшлі, то гэта не значыць, што гэтага не адбудзецца заўтра.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter