Люди, истории Подкасты
CityDog.io

Сілавікі затрымлівалі блогерку Ганну Бонд, «Мерзкий Кокобай» знік, а іншых блогераў-мільённікаў улады «нармалізуюць». Тлумачым, што наогул адбываецца

Сілавікі затрымлівалі блогерку Ганну Бонд, «Мерзкий Кокобай» знік, а іншых блогераў-мільённікаў улады «н...
У кастрычніку стала вядома пра затрыманне папулярнай блогеркі Ганны Бонд. Да гэтага на дзяржТБ пачалі актыўна прыходзіць вядомыя беларускія інфлюенсеры з «пакаяннымі» заявамі. Мы вырашылі разабрацца з тым, што цяпер адбываецца з блогерамі ў Беларусі, а таксама даведаліся ў эксперткі, чаго трэба чакаць.

У кастрычніку стала вядома пра затрыманне папулярнай блогеркі Ганны Бонд. Да гэтага на дзяржТБ пачалі актыўна прыходзіць вядомыя беларускія інфлюенсеры з «пакаяннымі» заявамі. Мы вырашылі разабрацца з тым, што цяпер адбываецца з блогерамі ў Беларусі, а таксама даведаліся ў эксперткі, чаго трэба чакаць.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Як нармалізуюць папулярных блогераў?

Ціск на блогераў пачаўся яшчэ ўлетку. Адзін з яскравых прыкладаў адбыўся ў ліпені гэтага года. Тады папулярнага ютубера Дзмітрыя Сіўчыка (Дзім Дзімыча), у якога 2 мільёны падпісчыкаў у TikTok, гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава абвінаваціла ва ўтоенай «прапагандзе ЛГБТ». Асноўнай яе прэтэнзіяй было тое, што хлопец з’яўляецца ў сваіх роліках у адзенні ружовага колеру. Таксама Бондараву абурылі жартоўныя фатаграфіі блогера ў сукенцы.

З гэтай нагоды адэптка «русского мира» напісала скаргі ў МУС, Міністэрства гандлю, Міністэрства адукацыі. Пасля яе заявы тавары з рэкламнай інтэграцыяй інфлюенсера і «Еўраопта» былі зняты з продажу.

Так выглядаў сайт «Еўраопта» перад заявай Бондаравай.

А так банер выглядае пасля таго, як на блогера паскардзілася прапагандыстка.

Літаральна праз некалькі дзён пасля інцыдэнту з «Еўраоптам» Дзмітрый Сіўчык з’явіўся на «пакаянным» інтэрв’ю ў Азаронка. У жывым эфіры хлопец пракаментаваў, што ў 2020 годзе галасаваў за дзеючага прэзідэнта Беларусі. Хлопец падкрэсліў, што гатовы пайсці ў войска і «аддаць даніну Радзіме», але не можа гэтага зрабіць па стане здароўя.

Дзмітрый Сіўчык на шоу Азаронка.

10 кастрычніка Сіўчыка выклікалі ў Міністэрства культуры. Пра гэта блогер расказаў у сваіх гісторыях Instagram.

«Мы пагаварылі наконт майго кантэнту, унеслі правільныя карэкціроўкі, як і ў любой іншай нармальнай працы. Што магу сказаць? Яшчэ раз паўтаруся, што я нармальны чалавек, прапагандую толькі здаровы лад жыцця і правільныя каштоўнасці – ніякія іншыя», – расказаў Сіўчык.

Цікава, што ў гэты ж час Дзім Дзімыч пастрыгся, вярнуў свой натуральны колер валасоў і стаў прапагандаваць фізкультуру.

У той жа перыяд пад ціскам аказаўся Улад Кабякоў, яшчэ адзін папулярны блогер: на YouTube у яго каля 4 мільёнаў падпісчыкаў, у інсце – 1,5 млн. Раней хлопец быў удзельнікам каманды Улада Бумагі (беларускі блогер, на YouTube-канале якога больш за 47 мільёнаў падпісчыкаў), але праз нейкі час пакінуў прадакшн і пачаў весці сваё шоу. Кантэнт Кабякова таксама, як і Сіўчыка, разлічаны на школьнікаў і больш юную аўдыторыю.

У 2020 годзе Кабякоў выходзіў на вуліцы Мінска, каб падтрымаць акцыі пратэсту і выказаць салідарнасць з беларусамі. Свой удзел у маршах блогер тады каментаваў так: «Я не ўяўляю, як перажываюць сваякі тых, хто затрыманы на Акрэсціна, у Жодзіне і гэтак далей. У любым выпадку тое, што я бачу з навін, – гэта жахліва».

Ужо ў 2022 годзе блогер ездзіў у Падмаскоўе, дзе ўдзельнічаў у зборы гуманітарнай дапамогі для дзяцей з Данбаса. Потым ён адправіўся з гастролямі па расійскіх гарадах.

27 ліпеня, у той самы дзень, калі Сіўчык выступаў у Азаронка, на АНТ выйшла праграма з удзелам Кабякова. Блогер даў вялікае інтэрв’ю прапагандысту Марату Маркаву.

У шоу Кабякоў пракаментаваў свой кантэнт і падачу матэрыялу. Ён расказаў, што многія яго расійскія гледачы-падлеткі, якім умоўна па 12 гадоў, могуць не ведаць, хто прэзідэнт Беларусі. «Дзякуючы маім відэа якраз і даведаюцца. Прычым у гэтым нараджаецца пазітыўнае меркаванне [пра яго]», – адзначыў блогер.

Таксама ў інтэрв’ю Кабякоў згадаў і свой удзел у пратэстах. Ён адзначыў, што ў 2020-м яму спатрэбілася паўгода на тое, каб прааналізаваць свае ўчынкі і абдумаць далейшыя дзеянні.

– У 2020 годзе беларусаў спрабавалі знішчыць. Іншыя краіны спрабавалі нас адціснуць, не пускалі нікуды, – адзначыў блогер у інтэрв’ю.

А што цяпер адбываецца з іншымі блогерамі?

У канцы верасня пад крытыкай аказаўся Павел Крамар («Мерзкий Кокобай»). Шакалад з яго калабарацыяй з «Камунаркай» заўважыў старшыня праўладнага моладзевага парламента Мікіта Рачылоўскі. Рачылоўскі – новы прапагандыст, які паабяцаў за Лукашэнку аддаць сваё жыццё, а таму аўтаматычна трапіў у топ прапагандыстаў.

Як лічыць Рачылоўскі, у 2020 годзе блогер крытыкаваў рэжым Лукашэнкі, а таксама ўдзельнічаў у зборы грошай для пацярпелых ад рэпрэсій. У якасці доказаў даносчык апублікаваў старыя допісы з Twitter-акаўнта Крамара, дзе той каментуе сітуацыю ў краіне.

Праз пару дзён акаўнт «Мерзкий Кокобай» перастаў адрывацца ў Twitter (Х), а затым увогуле быў выдалены.

На сённяшні дзень мінулы акаўнт Крамара выглядае так.

Цяпер Павел Крамар знаходзіцца не ў Беларусі. Ён не каментаваў гэту сітуацыю, таму пакуль незразумела, з’ехаў блогер надоўга ці проста адправіўся на адпачынак.

У кастрычніку сілавікі на некалькі дзён затрымалі свецкую львіцу і блогерку Ганну Бонд

14 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра магчымае затрыманне вядомай вядучай і блогеркі Ганны Бонд. Пазней стала вядома, што блогерку судзілі па артыкуле 24.3 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Гэта стандартны артыкул, па якім часта затрымліваюць «палітычных». Паводле артыкула, жанчыне пагражае штраф да ста базавых велічынь, грамадскія працы ці да 15 сутак арышту.

Праваабаронцы заявілі, што цяпер Бонд знаходзіцца на волі. Аднак пакуль падрабязнасці справы і рашэнне суда невядомыя.

Дык чаму прапаганда ўзялася за блогераў? І чым гэта ўсё можа скончыцца? Тлумачыць экспертка

Ірына Сідорская

доктарка філалагічных навук, медыяэкспертка

– Мне здаецца, што беларуская ўлада нарэшце зразумела, што інтэрнэт існуе. У ім, як вядома, ёсць свае гульцы і камунікатары. Сёння нельга працаваць з беларускай аўдыторыяй толькі праз тэлебачанне ці друкаваныя СМІ. Існуюць блогеры і ютуберы, пра дзейнасць якіх рэжым яшчэ даўно павінен быў паклапаціцца.

У лютым 2024 года ў Беларусі адбудуцца парламенцкія выбары. Для мяне не дзіўна, што менавіта цяпер адбываецца больш узмоцнены кантроль інфармацыйнай прасторы. Улады спрабуюць выявіць тых блогераў, на якіх яны могуць разлічваць і абапірацца. Адпаведна, далей яны паспрабуюць нейтралізаваць тых, каго не змогуць скарыстаць.

Тых, на каго яны могуць націснуць, выбіраюць метадам спроб і памылак. З аднаго боку, улады робяць стаўку на забаўляльных блогераў: на тых, па кантэнце якіх бачна, што яны не думаюць пра палітыку, што яны не заклапочаны нейкімі каштоўнаснымі пытаннямі.

Такім чынам, думаю, органы хочуць кантраляваць моладзь. Асабліва іх цікавяць зусім юныя хлопчыкі і дзяўчынкі 18–20 гадоў, якія будуць галасаваць першы раз. Гэта тая аўдыторыя, якая ў першую чаргу заклапочана тым, як пабавіць час, каб убачыць ці паспрабаваць цікавае. Менавіта таму ўлады будуць паступова спрабаваць уплываць на іх праз інфлюенсераў.

Кантэнт блогераў у нейкі момант зменіцца. З аднаго боку, кагосьці купяць: улады пачнуць дыктаваць, што канкрэтна трэба будзе трансліраваць у масы. Іншых паспрабуюць запалохаць.

Зразумела, што ніхто не захоча страчваць сваіх падпісчыкаў. Для блогераў пашырэнне аўдыторыі – адна з самых галоўных умоў працы. Я ўпэўнена, што некаторыя з іх сапраўды пойдуць на тыя ўмовы, якія ім паставіць улада. Частка, магчыма, не пойдзе на саступкі. Тады гэтыя інфлюенсеры проста замаўчаць у публічнай прасторы ці як мінімум стануць менш актыўнымі.

Сваіх блогераў рэжым Лукашэнкі не змог бы «выгадаваць». На гэта ёсць некалькі прычын. Па-першае, улада асабліва не зацікаўлена ў рэальным вырашэнні праблем. Чыноўнікі займаюцца больш імітацыяй вырашэння. Менавіта таму часцей за ўсё паказваюць ці разбіраюць зусім ужо лакальныя і дробныя пытанні. Напрыклад, была яма на дарозе, потым яе засыпалі. Сацыяльныя тэмы дзяржава пакуль не здольная, ды і не хоча закранаць.

Што тычыцца забаўляльнага кантэнту, то тут таксама ўладам дастаткова складана зрабіць прадукт па-сапраўднаму займальным для масавага гледача. Маладыя людзі, на мой погляд, лёгка адчуваюць, дзе адбываецца рэальная камунікацыя, а дзе яе імітацыя.

Каб людзі паверылі ў тое, што адбываецца на экранах, важна, каб шоу сапраўды ішло знізу. Тут трэба, каб гэта ініцыявалі канкрэтныя людзі, а не ўлады. Чыноўнікі гэта разумеюць і выкарыстоўваюць для сваіх мэт блогераў. Тых, хто ўжо стварыў пляцоўку з пэўным асяроддзем.

Прыклад Сяргея Ціханоўскага паказаў, што блогеры могуць быць вельмі моцным інструментам уплыву. Складана сказаць, чаму ніхто за тры гады не вырашыў заняць ягонае месца і працаваць, як ён, над канкрэтнымі глабальнымі праблемамі. Для такога трэба альбо самому быць у краіне, альбо мець там надзейных людзей. Цяпер такі час, калі страшна падстаўляць людзей, якія застаюцца ў Беларусі.

Сёння ўлада не ўспрымае ніякую адмоўную зваротную сувязь. Калі людзі сігналізуюць пра нейкую праблему, чыноўнікі бачаць гэта найперш як крытыку. Замест таго каб вырашыць запыт, яны хутчэй пачнуць расправу над людзьмі, якія гэту тэму ўздымаюць. Думаю, таму ніхто так і не займае нішу Ціханоўскага.

Мяркую, што рэпрэсіі толькі ўзмоцняцца. Зноў жа, усё таму, што чыноўнікам важна, каб людзі прагаласавалі пэўным чынам – або прынамсі каб аўдыторыя не рабіла таго, што не ўваходзіць у планы дзяржавы.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter