«Калі чалавек запытваецца “чый я”, то вяртае сабе актыўную ролю». Беларуска даследуе, як гісторыя ўплывае на наш з вамі псіхалагічны стан

«Калі чалавек запытваецца “чый я”, то вяртае сабе актыўную ролю». Беларуска даследуе, як гісторыя ўплыва...
«Што ты тут забыў» – гэта першы беларускамоўны падкаст пра псіхалогію і гістарычную памяць. Вядучая і стваральніца праекта – Кацярына Розіна, псіхолаг і гештальт-тэрапеўтка.

«Што ты тут забыў» – гэта першы беларускамоўны падкаст пра псіхалогію і гістарычную памяць. Вядучая і стваральніца праекта – Кацярына Розіна, псіхолаг і гештальт-тэрапеўтка.

Кацярына адзначае, што шмат у чым падкаст «Што ты тут забыў» – гэта своеасаблівая тэрапія для яе самой. У выпусках яна разважае на тэму трансгенерацыйнай псіхалогіі. Калі коратка і проста – гэта пра тое, як «учора» уплывае на наша «заўтра».

Тэма спадчыны і цяжкага гістарычнага мінулага аўтарку праекта цікавіць даўно. Як кажа Кацярына, пра гэта яна шмат гадоў размаўляе сама з сабою. Форма падкаста падалася вельмі добрай для таго, каб гэту размову весці ўголас.

Захапленне пачалося з кнігі «Жизнь – сапожок непарный» – мемуараў Тамары Петкевіч, якая дзяўчынкай была зняволенай у сталінскім ГУЛАГу. Па словах Кацярыны, пасля чытання для яе адкрыўся нейкі новы сусвет, з яго цяжкай праўдай, болю, жахамі і дадатковымі пытаннямі: «Чаму і як адбыліся такія падзеі?»

Тады жанчына пачала шукаць, чытаць, глядзець далей. Кацярына ўспамінае, што людзі з іх няпростымі лёсамі, якія ўшчэнт разбіла сістэма, напоўнілі прастору вакол яе.

– Шчыра кажучы, я не знаходзіла тады – больш за 10 гадоў таму – выразнага адказу, дзеля чаго я занурваюся ў мінулае і ў тое жыццё. У дзяцінстве была перадача на расійскім тэлебачанні «Чтобы помнили». Ну, вось гэта і было вельмі інтуітыўнае ўнутранае адчуванне, што трэба памятаць.

Матэрыял для падкаста складаецца з уласнага вопыту і навуковых даследаванняў

У снежні Кацярына прыйшла на курс для падкасцераў ад Belarus podcast hub з ідэяй і назвай. Амаль увесь студзень быў прысвечаны авалодванню праграмамі гуказапісу, напісанню сцэнарыя, запісу, шматлікім пераробкам і іншым тэхнічным пытанням.

Што датычыцца падбору матэрыялу, на аснове якога робіцца падкаст, то гэта тыя кнігі, якія ўжо даўно ляжаць на паліцах псіхолага, і тыя дакументальныя фільмы, да якіх яна вяртаецца праз гады. Таксама ў падкасце шмат зваротаў да ўласнай тэрапеўтычнай практыкі Кацярыны.

Інфармацыю па тэме трансгенерацыйнай гісторыі яна бярэ і з бібліятэкі музея Халакосту ў Іерусаліме. Ёсць даследаванні псіхолагаў, якія працавалі раней і працягваюць гэта з першым, другім, трэцім пакаленнямі ацалелых у Халакосце. Падобных даных у постсавецкай прасторы, наколькі ведае Кацярына, не так многа. Таму і даводзіцца карыстацца замежнымі архівамі.

Пра свае планы на падкаст Кацярына разважае таксама з пункту гледжання гісторыі. Успамінае, як яны з мужам аднойчы шпацыравалі па вуліцы ў вёсцы ў Брэсцкай вобласці, дзе жыла яе бабуля. Калі яны праходзілі блізу аднаго з дамоў, да плота падышоў незнаёмы дзядуля і запытаў: «Вы чые?»

– Калі чалавек паставіць сабе пытанне «чый я?», знойдзе сувязь і асэнсуе, што з мінулага сваёй сям’і, суполкі або краіны ён бярэ тое, што яму не падыходзіць, тады ён вяртае сабе ролю актыўнага дзеяча. Акрамя таго, зараз такі час, калі трэба ўмацоўвацца. А за што трымацца, калі не за карані?

 

поделиться