Паліна, Аляксандр і іх дачка Ульяна жывуць усяго ў пятнаццаці кіламетрах ад Мінска – у мястэчку Мачулішчы. Да іх прыехалі журналісты сайта Downshifter.by, які піша аб альтэрнатыўным вясковым жыцці.
Пад’язджаючы да месца прызначэння, мы з прыемнасцю адзначылі бетонную дарогу, якая вяла праз вёскі. «Нехта вельмі багаты тут жыве», – пранеслася ў нашых галовах.
Але неўзабаве мы пабачылі вялікую тэрыторыю, агароджаную бетонным плотам, і таблічку на высокіх варотах «Авіяцыйны вучэбны цэнтр». А затым ужо і на карце знайшлі – тут знаходзіцца вайсковы аэрадром. Раптоўны нізкі гук рухавіка ў небе не даў засумнявацца: аэрадром працуе. Назаўтра мы даведваемся, што менавіта з яго ў Казахстан адправіўся беларускі кантынгент сіл АДКБ (інтэрв’ю рабілі ўзімку 2022 года. – Рэд.).
Вельмі хутка бетонная дарога скончылася, затым не стала асфальту, і навігатар павёў нас проста па бездарожжы і (дзякуй студзеньскай адлізе) гразі. Вакол будуюцца новыя катэджы, працуюць бетонамяшалкі, рабочыя ўкрываюць металам дах. З горам папалам мы прыехалі да патрэбнага адраса, і нашым вачам адкрылася прыгожая карцінка: акуратны нізкі домік, прыгожы белы драўляны плот і нават усыпаны ля яго друзам участак, на якім мы і пакінулі сваю машыну, не баючыся, што яна патоне ў гразі.
Гаспадыня Паліна сустрэла нас на ганку і адразу ж павяла на экскурсію.
– Вось сэрца нашага дома – камін.
– А дзе ж тэлевізар? – не адразу заўважылі мы. І сапраўды, цэнтральнае месца ў вялікай гасцёўні займае камін, па баках – зручныя фатэлі, насупраць – мяккая канапа. Тэлевізар непрыкметна стаіць ля сцяны збоку. Акрамя таго, у памяшканні змясціўся абедзенны стол і кухонная зона.
– Адна з асноўных прычын, чаму я хацела пераехаць у свой дом, – любоў да шматлюдных тусовак. У мінскай аднушцы было занадта цесна, душна і некамфортна.
Сёння сям’я Маслянковых прымае шумныя вечарынкі: «Бывала і па 16 чалавек», – спрабуе палічыць Паліна. У сядзібе ўсё прадумана для тусовак – ад зоны барбекю і альтанкі да двух санвузлоў у доме і гасцявога пакоя.
Другой прычынай пераезду за горад было жаданне завесці сабаку. Але ў дачкі выявілася алергія, таму гадаванца так і не завялі. Аднак да гэтага часу пераезд ужо быў вырашаным пытаннем.
Паліна працуе ў фотастудыі Blenda і ў часопісе Alovak – піша пра майстроў, якія займаюцца хэндмэйдам ды рознымі відамі творчасці. Так што яе праца непасрэдна звязана з візуалам.
З-за таго, што Паліне хочацца прасоўваць творчых беларусаў не толькі ў часопісе, але і ў сваім жыцці, яе дом таксама напоўнены вырабамі беларускіх рамеснікаў
Некаторыя рэчы зробленыя сваімі рукамі – у асноўным рукамі мужа Сашы, прафесійнага праграміста. Ды і рэшта прадметаў мэблі і дэкору ў асноўным беларускай вытворчасці. Хаця дом выглядае зусім не па-беларуску. Гаспадыня не хавае, што чэрпала натхненне ў Pinterest.
– Пабудаваць прыгожы і непрыгожы дом каштуе аднолькавых грошай. У пэўны момант я зразумела, якія колеры мне падабаюцца: гэта пясочны, аква – тыя, што звязаны з акіянам. І таму пачала шукаць нешта ў стылі пляжнага доміка. Начамі малявала планіроўкі – не магла легчы спаць, пакуль не зраблю так, што мяне хаця б на сёння ўсё задаволіць.
Але даводзілася і шмат пераробліваць. Напрыклад, гасцявы пакой атрымаўся толькі з другой спробы. Першы варыянт цудоўна выглядаў на калажы, а ў жыцці не спадабаўся гаспадарам. Таму давялося аддзіраць са сценаў дошкі, ўсё наноў перафарбоўваць і прыдумваць новы дызайн пакоя.
Кухню таксама пачалі пераробліваць ужо тады, калі ўся электрыка была разведзена. Час сям’ю не падціскаў, таму можна было дазволіць сабе па некалькі спроб. Бывала, усё ўпіралася ў рознае бачанне гаспадароў на рэчы. Найбольшую колькасць спрэчак выклікаў фасадны плот. Ды ўрэшце гаспадыня змагла адстаяць свой варыянт – белы драўляны штыкетнік. Хаця давялося даць мужу распіску (скрыншот перапіскі Саша захоўвае ў сябе), што, калі надыдзе час, Паліна сама будзе фарбаваць плот.
Калі трапляеш у карцінку з Pinterest, спярша вельмі цяжка паверыць, што людзі сапраўды так могуць жыць. Паўсюль ідэальная чысціня, на сталах нічога лішняга, пад нагамі нічога не валяецца – а ў сям’і, на хвіліначку, дзевяцігадовае дзіця! Ну проста ідэальная чысціня. Нават на фота, які ракурс ні вазьмі, усё выглядае ідэальна, як у студыі.
– Нашы сябры таксама спачатку не верылі, што мы так заўсёды жывём. Але цяпер ужо прывыклі. Жыццё ў аднушцы нас дысцыплінавала.
Дарэчы, гэта спроба «даўншыфтынгу» ў Маслянковых не першая
З нараджэннем дачкі яны вырашылі, што жыць утрох у аднапакаёвай кватэры цяжкавата. Хацелася больш месца, большай свабоды ад суседзяў, быць бліжэй да прыроды, але знайсці свой фармат удалося не адразу.
Спачатку Саша і Паліна купілі лецішча. Але зразумелі, што на выхадных, калі туды прыязджалі, даводзілася ўвесь час працаваць, а ім хацелася адпачываць. Таму даволі хутка лецішча прадалі і пачалі шукаць участак для будаўніцтва, каб пераехаць туды жыць пастаянна.
Важнай была яшчэ блізасць да маці Аляксандра.
– Мы-та думалі, каб бабулю даглядаць, але ў выніку яна даглядае нас больш. То падкармлівае, то прыходзіць з унучкай пабыць, то дапамагае ў агародзе.
– Я з раслінамі не вельмі ў добрых адносінах, але нешта вырошчваем – нават гарбузы: выключна для Хэлоўіна, бо ніхто з нас іх не есць.
Пустых участкаў на момант пошукаў у Мачулішчах не было, затое прадаваўся ўжо амаль гатовы дом – сцены і дах. Мы пагулялі па ім і зразумелі, што яго праектавалі людзі, блізкія нашаму светапогляду. Былі нават зроблены нішы пад шафы і гардэробныя. Я адчула, што тут мне камфортна. І гэта нам сыграла ў плюс.
– Бо, хутчэй за ўсё, калі б мы замарочыліся з уласным праектам дома, то, верагодна, мы б напланавалі два паверхі, нейкія пограбы. А так мы ўзялі дадзенасць – што маем, то маем. З аднаго боку, гэта нас абмежавала, а з іншага – нам давялося толькі зрабіць перапланіроўку, выразаць пару вокнаў і заняцца аддзелкай. Гэта дазволіла нам хутка ўсё скончыць і забыць пра рамонт. Мы яго не перапынілі, мы яго скончылі.
Хаця да ціхага спакойнага загараднага жыцця пакуль далёка. Каля паловы жыхароў яшчэ будуецца – адпаведна, дарогі пастаянна разбітыя цяжкой тэхнікай
Новыя ўчасткі прадаюцца з аўкцыёнаў. Але, нягледзячы на пастаянны шум будаўніцтва і перыядычны гук рэактыўных самалётаў, птушак вясной тут усё ж такі чуваць, адзначае Паліна.
Перасцярог перад пераездам было шмат.
– Мы баяліся, што будзе цяжка рана ўставаць і далёка ездзіць да школы і працы. Баяліся, што не пацягнем фінансава і не хопіць уменняў абслугоўваць прыватны дом. Страшна было ад думкі, што давядзецца даглядаць аж 12 сотак, што састарэем і не дабудуем дом. Але ніякія з перасцярог не спраўдзіліся.
Выявілася, што ўставаць а 6-й ранку, каб своечасова трапіць у сталічную школу, зусім не цяжка. Бабулі аказаліся значнай падтрымкай у доглядзе агароду. А добрыя работнікі – гарантыя, што яшчэ доўга ў доме нічога не трэба будзе рамантаваць.
Цяпер я асабліва добра сябе адчуваю за горадам. Калі ездзіш па Мінску і ўзгадваеш, што там было, мне становіцца цяжка. Таму прыемна вярнуцца дадому, паглядзець на дрэвы ў шэрані, паназіраць, як промні сонца граюць, і расслабіцца.
Можа, у нас не самая ціхая вёска, хутчэй – наадварот, але мы пастараліся зрабіць унутры ўсё так, каб нам было тут спакойна.
Фота: Downshifter.by.