Люди, истории
CityDog.io

Мінчукі, якія пачалі размаўляць па-беларуску

Мінчукі, якія пачалі размаўляць па-беларуску
CityDog.by сустрэўся з мінчукамі, якія вырашылі адрынуць спрадвечную беларускую сціпласць з абыякавасцю і пачалі размаўляць на сваёй роднай мове.

CityDog.by сустрэўся з мінчукамі, якія вырашылі адрынуць спрадвечную беларускую сціпласць з абыякавасцю і пачалі размаўляць на сваёй роднай мове.

“З НАМІ ДЗІЦЁ БУДЗЕ РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ”

На інтэрв’ю з Настассяй мы едзем у Зялёны Луг – менавіта тут, на Шырокай, знаходзіцца інтэрнат для супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Дзяўчына жыве разам з мужам Анатолем, даследчыкам літаратуры, і малым сынам.

“Мой бацька аддаў мяне ў клас, дзе выкладанне ішло па-беларуску. Потым я паступіла ў беларускамоўную гімназію. Да пэўнага часу ў сям’і размаўлялі выключна па-беларуску, а потым русіфікацыя зрабіла сваю справу (смяецца): маці і брат цалкам перайшлі на рускую, бацька – часткова”.

У студэнцкія часы дзяўчына размаўляла па-беларуску толькі з асобнымі беларускамоўнымі сябрамі і з бацькам. З усімі астатнімі – па-руску: “неяк саромелася”. Тое ж адбылося і з братам. “Да пятага класа ён размаўляў выключна па-беларуску, а цяпер перастаў – прычыну не расказвае. Бацька падазрае, што нехта ў двары з яго пасмяяўся. То быў перыяд сталення. Нават цяпер, калі мы бачымся, ён не пераходзіць у размове са мной на беларускую мову”.

Пяць гадоў таму Настасся прыйшла на працу ў музей Якуба Коласа: “Тады гэта быў беларускамоўны асяродак. Існаваў касцяк беларускамоўных супрацоўнікаў, якія лічылі дурным тонам на тэлефонныя званкі ў музей адказваць па-руску. За імі цягнуліся і маладыя. А вось цяпер заўважаю, што асобныя маладыя запісваюць экскурсію па-руску, гэтаксама размаўляюць з настаўнікамі. Добра яшчэ, што па-беларуску вядуць экскурсіі”.

У музеі Настасся пазнаёмілася з будучым мужам, які заўсёды размаўляе па-беларуску. Самым галоўным штуршком да пераходу на матчыну мову стала нараджэнне іх дзіцяці. “Тады я падумала: трэба, каб і мама размаўляла з сынам на адной мове. Першыя паўгады размаўляла з мужам па-беларуску, з дзіцём – то па-беларуску, то па-руску, з суседзямі ў інтэрнаце – толькі па-руску. Потым начыталася разумных артыкулаў: калі мама гаворыць адразу на некалькіх мовах, у дзіцяці ўзнікае неразуменне. Калі бацькі хочуць практыкаваць білінгвізм у сям’і, пажадана, каб нехта размаўляў на адной мове, а нехта на іншай. Але я не магу з мужам гаварыць па-руску”.

Настассю падтрымалі сяброўкі па інтэрнаце. “Самі яны не размаўлялі па-беларуску. Але ім вельмі падабалася, калі размаўляе хтосьці іншы. Калі я спрабавала зноў вярнуцца на рускую, спынялі: “Ты ужо вырашыла. Трэба гаварыць!” Цяпер я размаўляю па-беларуску ўсюды: у аптэцы, паліклініцы і ў інтэрнаце”.

Прыкладна ў 90% выпадкаў рэакцыя людзей на беларускую мову Настассі станоўчая. “Звычайна людзі радуюцца: “Як вы хораша гаворыце!”, “Шкада, што мы так не ўмеем!” Неяк куплялі крэсла для кармлення. Калі патэлефанавала ў фірму, па голасе адчула, што там вельмі здзіўлены беларускай гаворцы. Але калі нам прывезлі крэсліца, скінулі прыстойную суму. Сказалі: “Гэта вам за беларускую мову!” У паліклініцы я ведаю, што нас ні з кім не зблытаюць”.

Зрэшты, пра негатыў Настассі таксама ёсць што распавесці. «На мяне пачынаюць ціснуць: “Нашто вы блытаеце сваё дзіця? Хай бы ён вывучыў хаця б адну мову! Нашто яму яшчэ адна?” Хтосьці кажа так ад неразумення, хтосьці лічыць, што гэта нейкі “выпендрёж”».

Якая галоўная цяжкасць? “Ніколі не ведаеш, якая будзе рэакцыя ў чалавека, да якога ўпершыню звяртаешся па-беларуску. Ведаю, што часцей за ўсё адкажуць па-руску. Такое ўражанне, нібы размаўляеш на замежнай мове. Спачатку, калі нехта нешта не разумеў, я пераходзіла на рускую. Потым прачытала ў інтэрнэце артыкул: калі вас не разумеюць, трэба патлумачыць тое ж самае беларускімі словамі, толькі больш простымі”.

Але ў Настассі была свая прычына, каб пераадолець унутранае напружанне. “Я – чалавек дастаткова сціплы. Доўга збіраюся, каб нават патэлефанаваць каму-небудзь. Але, калі прыходжу ў магазін і пачынаю размаўляць па-беларуску, мяне выкідваюць з зоны камфорту. Адпаведна, вымушана адчуваць сябе больш разняволена”.

Большасць людзей з бліжэйшага асяроддзя Трафімчыкаў саромеюцца браць з іх прыклад, маўляў, “мова прыгожая – не хочацца яе псаваць сваім страшным вымаўленнем”. Прыклад Настассі натхніў толькі яе маці, якая зноў імкнецца гаварыць з ёй па-беларуску, а таксама суседа па паверху, які вітаецца на мове.

Не дзіўна, што яе двухгадовы сын чуе беларускую мову толькі ў сям’і. Настасся гатова, што калісьці ён можа перайсці на рускую. Яна падтрымлівае мужа, які кажа: “З намі дзіцё будзе размаўляць па-беларуску, гэту мову ён абавязкова павінен ведаць. А як ён будзе размаўляць у дарослым жыцці, яго асабістая справа”.

 

«ТАКАЯ ВОСЬ “ХРОНІКА АБ’ЯЎЛЕНАЙ СМЕРЦІ”»

«Я нарадзіўся ў нацыяналістычнай сям’і, – прызнаецца наш наступны герой, дызайнер Стась Карпаў. – Бацькі і бабуля адстаялі ўсе мітынгі, што ішлі з канца 1980-х гадоў. Яшчэ ў дзіцячым садку яны выхоўвалі з мяне дысідэнта. Я прыходзіў да сваіх аднагодкаў і расказваў, як дзядуля Ленін забіў царскую сям’ю. Пасля выхавацелька выклікала бацькоў і казала: “Вы своему Карпову это не рассказывайте. Вы не знаете всей этой истории”».

У маленстве Стась гаварыў на мове некалькі месяцаў, але ў старэйшых класах не пераходзіў “свядома, бо быў вельмі закамплексаваны”. “У 10–11-м класах мой рост быў менш за 160 см, саромеўся ўставаць з-за парты на перапынку. Мне толькі беларускай мовы тады не хапала! Ведаў, што пачну размаўляць па-беларуску, калі адчую сябе больш-менш упэўнена і пазбаўлюся ўсялякіх комплексаў”.

Стась лічыць, што адна з галоўных праблем беларускай мовы – яна становіцца “спосабам рэалізацыі сябе ў разрэджанай прасторы”. “Людзі не вытрымліваюць асяродку з моцнай канкурэнцыяй. Напрыклад, у іх не атрымліваецца пісаць добрыя вершы па-руску. Таму яны пачынаюць ствараць іх па-беларуску. Адпаведна, якасць нашай культуры паніжаецца. Я свядома не хацеў папаўняць шэрагі закамплексаваных непрыгожых прышчавых падлеткаў з сальнымі валасамі, якія за кошт беларускай мовы нешта хочуць даказаць свету”.

Стась згадвае, як аднойчы ўбачыў каля шапіка “Белсаюздруку” высокага рэспектабельнага чалавека, які купляў “Нашу Ніву” і размаўляў па-беларуску. «А я, закамплексаваны падлетак без капейкі ў кішэні, глядзеў на яго і думаў: “Вось якіх людзей нам не хапае, упэўненых, паспяховых”».

Гісторыя пераходу Карпава на белмову не пахне эпічнасцю і гераічнасцю. Аднойчы ён з сябрам выпіваў і спрачаўся пра мову. Той яго падкалоў, маўляў, такі патрыёт, а па-беларуску не размаўляеш: “Назаўтра я прачнуўся са страшэннага бадуна і пачаў размаўляць па-беларуску”.

Зараз Стась працуе графічным дызайнерам, яго кліенты “вельмі вітаюць” родную мову: “Літаральна пару разоў мяне прасілі размаўляць па-руску. Чалавеку трэба было тэрмінова вырашыць свае пытанні і зэканоміць час. Ёсць зусім іншы прыклад: раблю замовы для фірмы, якая займаецца вытворчасцю лазераў. Калі размаўляў з іх дырэктарам, той прасіў прабачэння, што не размаўляе са мной па-беларуску”.

“Праблема не ў тым, каб вывучыць словы, – упэўнены Карпаў. – Каб вырашаць свае надзённыя справы, чалавеку хопіць пару тысяч. Эйнштэйн, здаецца, дык увогуле абыходзіўся васьмюстамі. Праблема ў тым, каб справіцца з пастаянным напружаннем. Найбольшы моўны камфорт я атрымаў у Варшаве. Два дні кантактаваў з людзьмі, які размаўлялі толькі па-беларуску. Забыўся, што можна трапіць у рускамоўны асяродак. Зразумеў гэта, калі вярнуўся ў Мінск. Лягчэй тым, каму ёсць з кім пагаварыць. Цяжэй тым, хто чуе толькі рускую. У мяне па вялікім рахунку беларускай супольнасці няма”. Як лічыць Стась, сваім прыкладам ён паўплываў хутчэй на сваіх родных: жонку, якая імкнецца перайсці на мову, і брата, які цудоўна ёй авалодаў.

“Чым мне падабаюцца вышываначныя фэсты? Калі ты прыходзіш на казённыя беларускія мерапрыемствы, трапляеш у атмасферу, якую перадаў Васіль Быкаў у “Жураўліным крыку”. Такая вось “хроніка аб’яўленай смерці”. Вядома, што ўсе напрыканцы памруць. Ваша функцыя – сабрацца, узяцца за рукі і сказаць: “Нам усім гамон. Але давайце возьмемся за рукі, сябры. Калі не пераможам, дык хаця б абдымемся перад смерцю”. Але большасць людзей абсалютна не жадае паміраць. Прыходзіш на вышыванкавыя фэсты, адчуваеш, што ў фразе “Жыве Беларусь” няма знаку пытання”.

 

ПРАЧЫТАЛІ FACEBOOK, ПАРУ РАЗОЎ ПРАКАМЕНТАВАЛІ,
А ПОТЫМ СПЫНІЛІ КАНТАКТЫ

“Мая маці – руская па нацыянальнасці, бабуля з дзядулем пераехалі ў Мінск пасля вайны, бацька – беларус. Але сям’я заўсёды была рускамоўная, – расказвае Аляксандра Баярына, архітэктарка і актыўная блогерка, з якой мы снедаем у адной з мінскіх кавярняў. – Выключэннем быў толькі брат, філосаф Міхась Баярын. Ён яшчэ ў школе зацікавіўся мовай і гісторыяй Беларусі, таму здаваў іспыты і пісаў усе сачыненні па-беларуску. Брат чытаў фантастыку, а я яе не чытала. Міхась слухаў Цоя, а я яго не любіла. Можа, таму беларуская мова, якой ён захапляўся, не выклікала ў мяне ў дзяцінстве цікавасці”.

У студэнцкія часы Аляксандра таксама цуралася мовы, у тым ліку з-за рэакцыі наваколля. “На нашым курсе – я ў 2001 годзе скончыла архітэктурны факультэт БНТУ – быў толькі адзін такі студэнт. Усе глядзелі на яго як на вялікага дзівака. Нешматлікія выкладчыкі, якія чыталі лекцыі па-беларуску, выклікалі ў студэнтаў незадавальненне. На працы – я займаюся дызайнам інтэр’ераў, праектую катэджы – мова мне ніколі не была патрэбна. А ўвесь беларускі свет існаваў паралельна”.

Праз Саюз дызайнераў Аляксандра пазнаёмілася з вялікай колькасцю цікавых людзей, у першую чаргу з дызайнерам і паэтам Міхалам Анемпадыставым. Пачала наведваць прэзентацыі, выставы, курсы “Мова нанова”. Беларусізаваў дзяўчыну і Facebook.

“У дыскусіях касмапаліты любяць сцвярджаць: “Я не супраць беларускай мовы. Але вы мяне зацікаўце!” Я доўга думала, чым можна зацікавіць пэўнага чалавека. Ён мае свой бізнес, нікуды не ходзіць і не выязджае, а на выходных любіць гатаваць шашлыкі на лецішчы, піць гарэлку або піва. У нейкі момант супаставіла жыццё такога чалавека, якога нічым нельга зацікавіць, і жыццё Міхала Анемпадыстава. І зразумела: усё, што можна было зрабіць, каб зацікавіць людзей, ужо зроблена. Паглядзеўшы на скарб, які напрацавала беларуская культура за апошнія 25 гадоў, я вырашыла: мой крок – перайсці на беларускую мову і быць удзячнай, што хтосьці працаваў 25 гадоў дзеля мяне без грошай”.

З 2014 года Аляксандра стала пакрысе пераходзіць на беларускую мову. “Стала пісаць у Facebook толькі па-беларуску. У першыя месяцы па кожнае слова даводзілася лезці ў перакладчык. Сядзіш і думаеш: “А “стол” па-беларуску так і будзе – “стол?”. Праз паўгады пісаць стала вельмі лёгка. Увосень правяла першую публічную лекцыю на мове – распавядала пра злачынствы савецкіх архітэктараў. Пагаварыўшы па-беларуску паўтары гадзіны, стала размаўляць на мове з беларускамоўнымі сябрамі і братам”.

Аляксандра спрабуе размаўляць па-беларуску і дома, але не вельмі атрымліваецца: “У побытавай гаворцы мы карыстаемся нейкімі слэнгамі, “междометиями”, скарачэннямі. Незразумела, як іх перакладаць на мову. Тым больш яны самі “выскокваюць” са свядомасці. Таму мне застаўся адзін крок – перайсці на беларускую мову цалкам. Гэта вельмі істотна. Бо калі пішаш артыкул па-беларуску, а потым размаўляеш па-руску… Трэба выбраць, якая мова стане для цябе асноўнай. А ўжо потым, праз некалькі гадоў, карыстацца ўсімі мовамі, якімі зручна”.

Яшчэ адна цяжкасць – з лексікай. Адзін архітэктар запытаўся на Facebook: “Як па-беларуску будзе “плавающий пол”?” Яму прапанавалі надзвычай шмат варыянтаў: напрыклад, “плыткая падлога”, “вольная падлога”. Спыніліся на “плыткай падлозе”. Такіх сучасных тэрмінаў няма. Але, думаю, можна карыстацца ўсімі. Якое слова прыжывецца, такое і добра. Або як перакласці “напольный светильник”? Пакуль спынілася на французскім слове “таршэр”.

Якая была рэакцыя сяброў і знаёмых? “Цалкам розная. Некаторыя сябры з Расіі напісалі “вельмі шкада”, бо нічога не разумелі з таго, што я пішу (а нас са школы вучылі, што беларуская мова – спрошчаная руская). Блізкія сябры папярэджвалі, што згублю ў Facebook вялікую частку аўдыторыі. Затое дадалося шмат беларускамоўных сяброў”.

Праўда, летась вясной Аляксандра страціла адных сваіх кліентаў: “Ад маіх паслуг адмовілася сямейная пара, рускія. Яны прачыталі мяне на Facebook, пару разоў пракаментавалі (кшталту “Навошта вам, беларусам, увесь час пісаць пра сябе? Няўжо ў вас нейкія праблемы?”), а потым спынілі кантакты. Вядома, такія сітуацыі могуць паўтарацца, але мне ўсё адно. Дырэктар адной буйной кампаніі расказваў: калі ёсць магчымасць нешта замовіць з Літвы, а ў нас дорага, я лепш дам зарабіць сваім. Зразумела, ён мае фінансавыя магчымасці. Але гэта пазіцыя мне блізкая”.

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: CityDog.by.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter