З 19 па 25 красавіка ў Мінску пройдзе трэці кінафестываль “Паўночнае ззянне”: у “Міры” пакажуць 14 фільмаў паўночных і балтыйскіх краін. Мы папрасілі Волю Чайкоўскую, заснавальніцу і дырэктарку фестывалю, скласці ўласны топ.
22 красавіка, субота, кінатэатр “Мір”, 21:40, квіткі: 5 руб.
– Сёлета на фестывалі ўпершыню будуць фільмы з балтыйскіх краін і дакументальныя стужкі. “Мурашнік” красамоўна сведчыць пра абодва новаўвядзенні. Гэты прыгожы фільм распавядае пра талінскі раён Ласнамяэ, дзе жывуць пераважна рускія і які, як я абсалютна выпадкова даведалася, з’яўляецца раёнам-пабрацімам Партызанскага раёна ў Мінску.
Ласнамяэ вядомы сваімі гаражнымі масівамі. У цэнтры фільма адзін з такіх гаражных комплексаў з 700 ячэйкамі. У кожнай з іх адбываюцца нейкія дзівы: мужчыны сыходзяць туды, каб пабыць сам-насам з сабой. Асабліва цікава будзе паглядзець жонкам, каб даведацца, што робяць іх мужчыны, калі сыходзяць у гаражы.
Цікава, што адбываецца ў Партызанскім раёне тым часам?
УСІМ ВІДОВІШЧАМ ВІДОВІШЧА, Ісландыя
25 красавіка, аўторак, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.
Гэты фільм я прыкмеціла два гады таму на кінафестывалі ў Вільні, адразу ў яго закахалася і зразумела, што не паказаць яго ў Мінску нельга. Гэта дакументальная стужка зманціравана з так званых found footage – архіўных матэрыялаў даўніны. Яна прысвечана 100-годдзю фарсу, вадэвіля і цырка і аздоблена музыкай тытанаў сусветнай музычнай сцэны Sigur Ros. Гэты фільм – цудоўны прыклад мантажнага кіно, драматургія якога выбудавана выключна паслядоўнасцю секвенцый. Тое яшчэ відовішча, сапраўдны калейдаскоп!
23 красавіка, нядзеля, кінатэатр “Мір”, 21:00, квіткі: 5 руб.
Фільм, які атрымаў прыз на кінафестывалі ў Сан-Себасц’яне, журы якога ўзначальваў культавы дацкі рэжысёр Біле Аўгуст. “Гігант” аб’ехаў бадай усе фестывалі свету, фільм вельмі любяць менавіта таму, што гэта светлае і добрае кіно пра незвычайнага чалавека.
Незвычайных людзей або людзей з адрознасцямі грамадства ўспрымае вельмі крытычна. І вельмі дарма. “Гігант” як ніякі іншы фільм адпавядае сёлетняму слогану фестывалю “Сусвет унутры”, таму што галоўны герой зусім не бачыць сябе такім, якім яго бачаць навакольныя людзі. А бачыць сябе добрым, высокім і ўсёмагутным гігантам.
20 красавіка, чацвер, кінатэатр “Мір”, 18:30, квіткі: 5 руб.
Гэта фільм адкрыцця фестывалю, і ён невыпадкова фінскі. Сёлета Фінляндыя адзначае 100 гадоў сваёй незалежнасці – “Паўночнае ззянне” не магло абмінуць гэты факт. “Маленькія крылы” распавядаюць пра ўаземаадносіны маленькай дачкі і маці, якая насамрэч з’яўляецца больш няспелай, чым яе малалетняя дачка. У ролі маці выступае фінская спявачка і суперзорка Паўла Весала, на канцэрты якой звычайна збіраецца паў-Фінляндыі.
Разам з авіякампаніяй AirBaltic мы ладзім розыгрыш: пераможца атрымае два квіткі на самалёт Мінск – Рыга – Мінск, а таксама квіткі на гэты фільм.
19 красавіка, серада, кінатэатр “Мір”, 21:00, квіткі: 5 руб.
У першы балтыйскі дзень фестывалю мы пакажам гульнявы фільм адной з маіх самых улюбёных рэжысёрак ever Лайлы Пакалніні з Латвіі.
У нас з ёй ёсць цудоўная традыцыя рабіць сэлфі пры кожнай сустрэчы. Гэта звязана з яе кароткім дакументальным фільмам Waterfall, які расказвае пра тое, як людзі фатаграфуюцца на фоне вадаспаду ў Кульдзіге. “Світанак” распавядае трошку пра іншае і з'яўляецца абсалютна неверагодным відовішчам пра жыццё хлопчыка ў калгасе. Прататыпам для героя Лайлы стаў Паўлік Марозаў. Што ім кіруе, такім блізкім і такім далёкім для нас “чырвоным чалавекам”? Гэта вельмі смешны і дасціпны чорна-белы фільм, які таксама расказвае пра ўнутраны свет чалавека – дзіцёнка, якога паглынула ідэалогія.
24 красавіка, панядзелак, кінатэатр “Мір”, 21:00, квіткі: 5 руб.
Гэты фільм быў паказаны ў праграмах “Берлінале”, Таронта, Ратэрдама. Радыкальная драма пра дзяўчынку з народнасці самі, якая ў 1930-я вырашыла пайсці да сваёй мары і знайцсі сваю сапраўдную ідэнтычнасць. Дзеля таго каб рэалізаваць сябе ў жыцці і мець магчымасць не быць прыгнечанай, яна з’язджае з роднай Лапландыі, адмаўляецца ад сваіх каранёў, каб стаць шведкай. Гэты шлях да ўсведамлення сябе – пакручасты.
23 красавіка, нядзеля, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.
Неверагодна стылёвы (менавіта гэта слова) фільм пра сяброўства чатырох датчан, іх прыгоды, перашкоды і праблемы на фоне цудоўнага Капенгагена. “У крыві” – гэта рэжысёрскі дэбют Расмуса Хэйстэрберга, які з’яўляецца сусцэнарыстам “Дзяўчыны з татуіроўкай дракона”. Фільм пра пакаленне людзей каля 30 і троху за 30, усё яшчэ інфантыльных, нявызначаных, у пастаянных развагах пра тое, чым займацца ў жыцці, ці варта заводзіць сям’ю, пра сяброўства, здрадніцтва і растанне.
24 красавіка, панядзелак, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.
Рэжысёр фільма Кадры Кыўсаар сама з’яўляецца маці дваіх дзяцей, корміць малодшага грудзямі і займаецца зараз сваім новым фільмам з бюджэтам у паўтары мільёны еўра. Неверагодная жанчына! Мала таго, яе фільм “Маці” быў вылучаны ад Эстоніі на “Оскара”, і яна рухаецца толькі наперад у сваіх творчых памкненнях. “Маці” распавядае пра жанчыну, якая абсалютна зняможана побытам, кухняй і нешчаслівым сямейным жыццём. Усім тым, што так, напэўна, знаёма беларускім жанчынам пакалення маёй маці. Гераіня фільма вырашае пайсці на крайнія меры, каб вырвацца з пасткі жыцця, якое зусім яе не задавальняе.
22 красавіка, субота, кінатэатр “Мір”, 19:00, квіткі: 5 руб.
Гэты фільм – сатыра на сучаснае нарвежскае грамадства, якое пазіцыянуе сябе вельмі адкрытым і прыязным, для бежанцаў у тым ліку, але на самой справе такім не з’яўляецца. Герой фільма, сірыйскі бежанец, аказваецца ў Нарвегіі і вымушаны прыстасоўвацца і асімілявацца ў новым грамадстве. Якія цяжкасці стаяць за гэтым? Чаму перасяленцу так цяжка асімілявацца і чаму грамадства так няпроста ставіцца да людзей з іншай ідэнтычнасцю? “Нарвежскі дамок” – абсалютны апафеоз слогана “Сусвет унутры”. Тут спалучаюцца два сусветы, якія ўступаюць у дзіўную рэакцыю ўзаемадзеяння паміж сабой. Са смешнага: беларускі Дзяржрэгістр доўга думаў, якую ўзроставую катэгорыю прысвойваць фільму з-за сцэны з фалаімітатарам.
Рэжысёр Ян Вардзён сам прыедзе прадставіць фільм у Мінск, так што ў яго можна будзе спытаць пра нарвежскае грамадства.
25 красавіка, аўторак, кінатэатр “Мір”, 20:30, квіткі: 5 руб.
Фільм зроблены экс-удзельнікам культавага ў Фінляндыі хэві-метал-гурта Apulanta – я, напрыклад, ведаю гэты гурт яшчэ са школы. Ён у адным шэрагу з такімі не менш вядомымі фінскімі бэндамі, як Rasmus і HIM.
Фільм распавядае пра зараджэнне і фарміраванне музычнага калектыву на фоне фінансавага крызісу ў Фінляндыі ў 90-я. Гісторыя суправаджаецца не толькі сацыяльнымі і творчымі канфрантацыямі, але і любоўнымі. Усё гэта адбываецца ў тым ліку таму, што “ўнутраныя сусветы” розных людзей сутыкаюцца. Вынік: за ўсім значным і вялікім стаяць звычайныя чалавечыя ўзаемаадносіны, поўныя складанасцей, непаразуменняў – і радасці таксама.
Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі. Акрамя паказаў абяцаюць шырокую адукацыйную праграму: майстар-класы кінематаграфістаў, кінакрытыкаў і нават дызайнераў. Сачыце за абвесткамі ў групе фестывалю.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.