Каб не яны, не было б цяпер незалежнай Беларусі. У памяць гэтых двух братоў у самым цэнтры Мінска нядаўна ўстанавілі… валун

Каб не яны, не было б цяпер незалежнай Беларусі. У памяць гэтых двух братоў у самым цэнтры Мінска нядаўн...
У часы СССР у падручніках па гісторыі пра газету «Наша Ніва» або не пісалі нічога, або пісалі дрэнна. Цяпер пішуць занадта мала. Тым часам невядома, ці была б цяпер беларуская дзяржава, калі б у 1906 годзе братам Луцкевічам не давялося ўцякаць з Мінска ў Вільню.

У часы СССР у падручніках па гісторыі пра газету «Наша Ніва» або не пісалі нічога, або пісалі дрэнна. Цяпер пішуць занадта мала. Тым часам невядома, ці была б цяпер беларуская дзяржава, калі б у 1906 годзе братам Луцкевічам не давялося ўцякаць з Мінска ў Вільню.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

У савецкі час беларусаў спрабавалі пераканаць, што яны ўсім абавязаныя рускім. Што гісторыя Беларусі пачалася з 1917 года і толькі далучэнне да СССР – абноўленай Расійскай імперыі – прынесла ім дзяржаўнасць. Каб падагнаць рэчаіснасць пад гэту карцінку, сапраўдную гісторыю даводзілася перакручваць і засакрэчваць.

Так на месцы цэлых перыядаў і з’яў беларускага мінулага ўтвараліся чорныя дзіркі. Але іх, як і чорныя дзіркі ў космасе, можна было выявіць па гравітацыйным прыцягненні. Адкуль раптам у пачатку 20-га стагоддзя бяруцца нібы з пустаты Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч – класікі нацыянальнай літаратуры? На якіх матэрыялах складаюцца слоўнікі і граматыкі – база літаратурнай мовы? Чаму з’яўляюцца выдавецтвы, арганізацыі беларускіх настаўнікаў, грамадскія дзеячы, а ўрэшце палітыкі, якія ў 1918-м абвясцілі беларускую незалежнасць насуперак жаданням усіх суседзяў?

З савецкіх падручнікаў проста была выкраслена згадка пра газету «Наша Ніва», вакол якой у вырашальныя 1906–1915 гады круцілася беларускае жыццё. Дый у сучасным падручніку гэтай тэме аддадзена зусім мала месца.

«Наша Ніва» выходзіла ў Вільні, але яе стваральнікі былі з Менска і жылі пад фальшывымі дакументамі

Заснавальнікі «НН», браты Іван і Антон Луцкевічы, раслі на Хрышчэнскай вуліцы – цяпер гэта парк імя Янкі Купалы. Іх дом стаяў за цяперашнім Купалаўскім музеем, бліжэй да ракі. Там быў прыватны сектар, які згарэў ад бамбёжак у Другую сусветную. Цяпер на месцы іх дома стаіць камень з памятнай шыльдай.

Той самы валун, які стаіць у парку Янкі Купалы.

Луцкевічы былі рэвалюцыянерамі, яны стварылі першую беларускую палітычную партыю – Беларускую сацыялістычную грамаду, а ў Вільні апынуліся вымушана.

«Бунтавалі, баставалі ўсе студэнты, далучыліся работнікі і сяляне, самадзяржаўе скранулі з гранітнага фундаменту. Энергія была ў нас каласальная, энтузіязм моладасці. Менск 1905/6 г. …З Бурбісам і братамі Луцкевічамі і яшчэ з кучай моладзі арганізавалі забастоўкі шаўцоў, парыкмахэроў, музыкантоў... Я не меў кватэры, быў падпольнік», – успамінаў тыя часы рэдактар «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў.

У рэвалюцыю 1905 года войска расстраляла на вакзале 20-тысячную мірную дэманстрацыю мінчан, загінула 100 чалавек. У адказ адбыўся замах на губернатара Курлова, які дазволіў страляць у натоўп. Менскі эсэр-тэрарыст Пуліхаў кінуў бомбу, яна не ўзарвалася, з рэвальвераў таксама ў губернатара не пацэліў.

Пасля таго паліцыя граміла рэвалюцыйныя асяродкі – а з домам Луцкевічаў на Хрышчэнскай «на той час была звязаная ўся рэвалюцыйная работа ў Менску і Меншчыне». У падвале ляжала зброя. Заўважыўшы, што за домам сочаць – ціхары-«філёры» ўвесь час стаялі проста за дрэвамі насупраць, – Луцкевічы мусілі бегчы. У Вільні яны жылі нелегальна, змяняючы кватэры, часта начуючы пад адкрытым небам, а зімой – блукаючы па начной Вільні.

У іх былі фальшывыя пашпарты, якія тады называлі «акуляры», на імя Івана Міхальчука і Генрыка Букавецкага. Часам яны пазычалі гэтыя дакументы і іншым сацыялістам-нелегалам. Для параўнання: «суперрэвалюцыянер», кіраўнік расійскіх бальшавікоў Ульянаў пад псеўданімам Ленін у гэты час паседжваў у нямецкіх піўных ды адпачываў у Італіі на віле Горкага.

Апошнія фота Антона Луцкевіча з савецкай следчай справы. Яго сляды губляюцца ў ГУЛАГу, недзе ў Свярдлоўскай вобласці, у 1942 годзе.

У магіле братоў Луцкевічаў на віленскіх могілках Росы няма ніводнага цела – Антон памёр пад Свярдлоўскам, Іван пахаваны ў Закапаным (Польшча).

Задушыўшы, як яму здавалася, рэвалюцыю, царскі рэжым аслабіў рэпрэсіі. Хоць саджаць людзей працягвалі – напрыклад, маладому Якубу Коласу далі 3 гады за арганізацыю з’езду настаўнікаў. Але цар пайшоў і на лібелальныя крокі – дазволіў друкаваць па-беларуску кнігі і газеты (беларускі друк быў забаронены з 1865 года). І браты Луцкевічы ўхапіліся за магчымасць дзейнічаць легальна. Бо газеты па-беларуску бывалі і раней, але толькі падпольныя – як «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага.

Першым рэдактарам «Нашай Нівы» быў ляснік

Першая легальная газета «Наша Доля» (каб здабыць на яе грошы, Іван Луцкевіч «з болем сэрца» прадаў сваю калекцыю ордэнаў) за пару месяцаў зрабілася шалёна папулярнай, а пасля яе забаранілі.

У «Нашай Ніве» ўлічылі памылкі. У перадавіцы заснавальнікі напісалі, што збіраюцца «служыць усяму беларускаму працоўнаму народу». Пасля паасцерагліся – і замест «працоўнаму» напісалі «скрыўджанаму». За 15 гадоў існавання газета ніводнага разу не кінула ў масы лозунг «Далоў цара!» (хоць пра палітыку пісала вельмі многа) або «Няхай жыве незалежная Беларусь!» Але ўся яе праца была скіравана на тое, каб чытач сам дайшоў да такой думкі.

І справа тут не ў выхаванні «экстрэмісцкіх настрояў» – проста любая нацыя, як чалавек, вырастаючы, імкнецца да незалежнасці і самастойнага жыцця.

Супрацоўнікі і наведвальнікі «Нашай Нівы» каля рэдакцыі.

Першым рэдактарам газеты была падстаўная асоба – Зыгмунт Вольскі, ляснік. Ён крыўдаваў на царскую ўладу, лічыў, што яго звольнілі з працы за тое, што быў каталіком.

Узаемаразумення з Луцкевічамі Вольскі не знайшоў, і праз пару нумароў яго замяніў Аляксандр Уласаў – адзін з кіраўнікоў БСГ, менш «засвечаны» ў арганізацыі пратэстаў 1905-га. Дзеля гэтага ён пераехаў у Вільню са свайго фальварка Мігаўкі пад Радашковічамі.

«Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасць, нязломная воля і энтузіязм!» – расказваў Уласаў.

Фактычным кіраўніком «Нашай Нівы» быў Антон Луцкевіч. Ён пісаў праграмныя артыкулы. Ідэі да іх часта даваў Іван, які сам «не любіў пяра». Браты ўсё жыццё працавалі ў тандэме, хоць у дзяцінстве, як успаміналі, яны часта вадзіліся і нават біліся.

Пасля года нелегальнасці яны з братам паспрабавалі выйсці з падполля: прапісаліся пад сваімі імёнамі ў кватэры, дзе жылі. «Праз два тыдні гэтакай раскошы была зроблена ахранкай аблава», – добра, што нікога не заспела дома.

Аляксандр Уласаў быў чалавек з неймаверным гумарам і пісьменніцкім вокам. Але, вечна заняты іншым, пакінуў толькі караценькія ўспаміны. Вось як ён, напрыклад, апісвае дзяцінства і свайго дзеда, праваслаўнага святара-рускага: «Дзед, сельскі поп, каторы нас любіў, і сам быў старое дзіця... Калі бабця, клапатлівая, ашчадная гаспадыня, яшчэ спіць па абедзе, дзед нас перакіне праз плот у сад, і мы лупілі не ў свой дух ягады і яблыкі, а ён стаіць на варце... Нас часта лячылі ад абжорства рознымі дамовымі спосабамі. Помню, што мы крычалі дзікімі галасамі, калі нам закатвалі клізмы».

Дзе беларуская газета брала грошы?

Нелегальнае становішча, праўда, не перашкодзіла Івану Луцкевічу ездзіць у Прагу, Пецярбург, Варшаву, Львоў, Кракаў, «кідацца на ўсе бакі», здабываючы грошы на выданне газеты.

«Ён бярэ прадстаўніцтва ад розных фірмаў, пасярэднічае ў трансакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод яўрэяў, у сваіх частых раз’ездах выконвае розныя гандлёвыя даручэнні, за што дастае пэўны працэнт, – успамінала нявеста Івана, віленская немка Юліяна Менке. – Больш пэўны прыбытак прыносіў перапродаж антыкварных рэчаў.

Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасветчыны і мастацтва на ўвесь край. Усюды, дзе ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасвецкай разьбы, мастацкіх абразоў, свецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў.

З калекцый Івана Луцкевіча склалася экспазіцыя Віленскага беларускага музея (1921–1945). Толькі невялікая частка яго экспанатаў трапіла ў Беларусь – на фота выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, якая адбылася некалькі гадоў таму.

Ён знаходзіў іх на кірмашах, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупшчыкаў і рызнікаў або і ледзь што не на сметніках. Набываў ён іх пераважна як бязвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку – пакідаў іх у сваіх музейных зборах. Больш вартасныя рэчы не беларускага значэння ён прадаваў».

Адна з найбольшых музейных знаходак Івана Луцкевіча – старажытная духоўная кніга Аль-Кітаб, напісаная арабскімі літарамі па-беларуску, з вёскі Сорак Татар пад Вільняй. Луцкевічы і самі былі з татарскага шляхецкага роду і захоўвалі памяць пра гэта.

Ён і работнік грамадзянскі,
Мужыцкі пан і служка панскі,
І антыквар, і археоляг,
І бібліёляг, і філёляг,
А быў бы слаўным ён зусім,
Каб быў чым-колечы адным.

– гэту эпіграму на Івана Луцкевіча, якую напісаў у 1913-м з’едлівы Янка Купала, цытуе даследчык Антон Адамовіч. Але з адлегласці часу бачна, што ўніверсальнасць была моцным бокам Івана Луцкевіча.

Праз некалькі гадоў, калі «НН» набрала абароты, частку выдаткаў кампенсавалі продажы і падпіска. У 1911 годзе, напрыклад, газета мела 1017 падпісчыкаў, расказвае гісторык Андрэй Унучак. Падпіска на год каштавала 2 рублі 50 капеек. Пры найлепшым раскладзе газета атрымлівала 2542 рублі 50 капеек. На год трэба было каля 5 тысяч рублёў.

Ад 1909 года ў газеце пачала з’яўляцца рэклама. Прычым не толькі сельскагаспадарчых машын, але і алкаголю, і прэзерватываў.

Рэкламны дадатак да «НН», такі друкавалі многія газеты. Калантытул напісаны лацінскім шрыфтам, бо першыя некалькі гадоў газета выдавалася і кірыліцай, і лацінкай. Пасля ад лацінкі адмовіліся.

Былі і ахвяраванні. «Я не ўспульнік вашага кружка, але гатоў памагаць каждаму, хто шануе сваю веру і язык прэдкаў», – напісаў у «НН» трасянкай буйны землеўласнік Эдвард Вайніловіч, фундатар мінскага Чырвонага касцёла. І перадаў 10 рублёў – на тыя часы эквівалент месячнага заробку тэхнічнага работніка газеты.

Багатыя беларусы таксама адчувалі сябе часткай «скрыўджанага народа», уціснутага ў нацыянальных правах. Княгіня Магдалена Радзівіл, якой належаў, дарэчы, даходны дом каля самага Чырвонага касцёла, перадала на беларускую выдавецкую справу аж 20 тысяч рублёў.

У той самы час чарнасоценная газета «Северо-Западная жізнь» выдавалася за грошы прэм’ер-міністра Сталыпіна. Яе рэдактара Луку Саланевіча Уласаў аднойчы так напаіў на нейкім прыёме, што той не змог прачытаць запланаваны даклад.

Ці праўда, што Луцкевічы і Ластоўскі былі смяротнымі ворагамі?

За грошы княгіні Магдалены выдалі і кнігу Максіма Багдановіча «Вянок». У свой адзіны прыезд у Беларусь Багдановіч жыў у фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечнам, у Луцкевічавых сваякоў.

Хоць спачатку вершы маладога паэта, якія ён дасылаў з Яраслаўля, у «НН» ледзь не спісалі ў архіў з кляймом «дэкадэнтшчыны». З шуфляды сшытак Багдановіча выцягнуў супрацоўнік рэдакцыі Сяргей Палуян і скандалам пераканаў Луцкевічаў і Уласава друкаваць.

Гэта гісторыя вядомая з успамінаў Вацлава Ластоўскага, аднаго з рэдактараў. Ластоўскі не скончыў нават гімназіі, але дзякуючы самаадукацыі напісаў першую гісторыю Беларусі, а ў БССР 1920-х стаў акадэмікам. Луцкевічаў ён не цярпеў.

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі. Дзякуючы самаадукацыі ён без фармальнай асветы стаў і акадэмікам, і прэм’ер-міністрам БНР.

Ластоўскі пісаў пра падзел «НН» на «верхнюю» і «ніжнюю» палаты – арыстакратычную і дэмакратычную. Луцкевічы і Уласаў нібыта засядалі ў адным пакоі, а шараговыя супрацоўнікі – у іншым. Камунікавалі праз замкнутыя дзверы – прасоўвалі паперы і карэктуру ў шчыліну пад імі.

«За зачыненымі і завешанымі цяжкай драперыяй дзвярыма ў гасподзе “верхняй” палаты вяршыліся “высокія” палітычныя матэрыі... Ад вуліцы ж у “ніжнюю” палату ішла публіка “чорная” і “шэрая”. Ясна, што пры такім падзеле “верхняя” і “ніжняя” палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламі».

Праўда, Юліяна Менке запэўнівала, што Ластоўскаму тут нельга верыць: «У яго была хвараблівая амбіцыя, ён ня мог прымірыцца, чаму ня ён, а браты Луцкевічы, асабліва Іван, іграюць першую скрыпку сярод беларусаў».

Унучак лічыць, што канфлікт перабольшаны. Ластоўскі нават быў у масонскай ложы, якую ўзначальваў Антон Луцкевіч. Так, бацькі беларускага руху былі яшчэ і масонамі.

Беларускага дзеяча спецыяльна заразілі сухотамі ў турме

З Юліянай Менке Луцкевіч так і не ажаніўся. Ён казаў, што не можа «будаваць асабістае шчасце», пакуль ідзе Першая сусветная вайна (і гонар не дазваляў яму жыць у цесця, бо свайго жытла не было). А пасля не дазваляла здароўе: у 1919-м Іван памёр ад сухотаў.

Іван Луцкевіч і Юліяна Менке падчас пікніка каля вогнішча. Мець сухоты і курыць было па тых часах звычайнай справай.

Іван Луцкевіч у апошнія месяцы жыцця.

Ён захварэў яшчэ студэнтам. Арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць, трымаў галадоўку ў СІЗА ў Пецярбургу. А пасля яго спецыяльна паклалі ў сухотны аддзел турэмнай бальніцы Крастоў, успамінаў брат.

Хапала трагедый, але было і камедый. Рэдактарам «НН» на пачатку работы было каля 30 гадоў, супрацоўнікам – яшчэ менш, гэта былі маладыя жыццярадасныя людзі.

Уласаў успамінаў: «Помню, раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троіцкай у Вільні. Колас а гадзіне трэцяй ночы кажа: “Вот бы выпіў гарэлкі!” – “На грошы і купі”. – Колас за паўгадзіны вярнуўся з цёмнай вуліцы і кажа: “Няма, усё зачынена! Тут і генерал не дастане”. – Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: “Калі ласка, гдзе тут можна дастаць гарэлкі?” – “Ды вось у стоража №58”». Гарадавы яўна меў працэнт з нелегальнага начнога гандлю.

Першы кіраўнік БССР Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) таксама друкаваўся ў «НН»

Азіраючыся назад, Антон Луцкевіч падлічваў, што «Наша Ніва» дала аўдыторыю больш чым 60 паэтам, некалькім дзясяткам празаікаў, друкавала ў год каля 600 карэспандэнцый з больш чым 300 мясцін Беларусі. «З кожным годам прыбывалі і выпрацоўваліся новыя сілы. У Вільню, свой натуральны цэнтр, цягнуцца хоць на пару дзён усе свядомыя беларусы. Сюды прыязджае Максім Багдановіч. Праходзяць праз рэдакцыю і Колас, і Цішка Гартны. На даўжэйшы час асядаюць Ядвігін Ш., Ластоўскі, Палуян, Бядуля, Гарэцкі, урэшце – Янка Купала».

Луцкевіч забыўся тут згадаць Цётку, Алаізу Пашкевіч, «экспансіўную, як феерверк». «Поўна было яе ўсюды. Працавала ў газеце, брала ўдзел у сходах, спробвала прамаўляць на мітынгах. Ейны “Хрэст на свабоду” ў 1905 годзе быў адным з найпапулярнейшых і публічна дэкламаваных вершаў», – успамінаў яе муж, літоўскі дзеяч Стэпонас Кайрыс. Беларусы і літоўцы ў тагачаснай Вільні моцна сябравалі супраць засілля палякаў.

Лёсы Купалы і Луцкевічаў скрыжуюцца яшчэ раз у 1930-я. У Івана і Антона быў брат Стафан, названы ў гонар дзядзькі – паўстанца 1863-га, забітага царскімі карнікамі ў Мінску. Стафан Луцкевіч у палітыку не лез, працаваў доктарам і жыў у Мінску, у сямейным доме на Хрышчэнскай. У 1920-я побач пасяліўся Купала. Калі паэт, прыйшоўшы дамоў з допыта ў ГПУ, уткнуў сабе ножык у жывот, пабеглі па доктара Луцкевіча. І Купала пражыў яшчэ 11 гадоў.

Чым Менск быў лепшы за Вільню?

«Кампанія нашаніўцаў усё думала аб беларускай акупацыі Менска, – успамінаў Уласаў. – Афіцыянальна рэдактарства «Нашай Нівы» я перадаў Купалу».

Гэта было ў 1913-м.

«Купала, кончыўшы вячэрнія курсы сярэдняй школы ў Пецярбургу пад апекай дабрэйшай душы – беларуса Эпімаха-Шыпілы, – настолькі ўжо адшліфаваўся, што мы яго з “дзядзькоў” павысілі ў рэдакцыйныя “палкоўнікі”, – працягваў Уласаў. – Я любіў Менск больш Вільні. З Крашчэнскай альбо Захараўскай быў відаць агромны кругазор з сінеючымі ўдалі барамі-лясамі – гэта таямнічая і спячая Беларусь».

Яшчэ Менск быў Уласаву дарагі тым, што тут у дзяцінстве ён пабачыў першае друкаванае слова па-беларуску – у календары, што выдаваўся пры ліберальнай газеце «Минский листок»: «Гэта было адкрыццём Амерыкі, як кажуць, адкрылі цэлы народ, каторы займаў гэту зямлю… Гэта першая беларуская ластаўка ў Менску».

Уласаў вярнуўся ў Менск у 1913-м, Луцкевічы – ніколі. Яны прыедуць сюды ў сакавіку 1918-га – на пасяджэнне, якое абвесціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але «Наша Ніва» пра гэта не пісала: яна праіснавала да 1915-га і закрылася перад тым, як Вільню занялі нямецкія войскі.

Царская ваенная цэнзура выкідала з газеты цэлыя прасціны тэксту.

Чаму закрылася? Прычын многа: надышло ваеннае безграшоўе, Беларусь была расколата фронтам, аўтары трапілі ў войска ды ў бежанства, вайсковая цэнзура выкідала з газеты цэлыя палосы, паэтычную натуру Купалы абцяжарвала рэдактарская работа і здабыццё дроў на апал офіса.

Але глыбінная прычына была ў тым, што «Наша Ніва» зрабіла сваю справу. За 15 гадоў нацыя прайшла 100-гадовы шлях. «НН» пакінула Беларусь з жывымі літаратурнымі класікамі, амаль кадыфікаванай мовай, колам грамадскіх дзеячаў. Пачынаўся новы гістарычны этап – здабыццё незалежнасці.

 

#Беларусь
поделиться