Ці праўда, што Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Пра такое вам наўрад ці расказвалі ў школе

Ці праўда, што Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Пра такое вам наўрад...
Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага – паваротная падзея ў нашай гісторыі. І не толькі нашай. Невядома, як выглядала б сёння карта Усходняй Еўропы, калі б у свой час зачаткі беларускага, украінскага, літоўскага народаў не атрымалі магчымасць разам развівацца ў межах ВКЛ.

Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага – паваротная падзея ў нашай гісторыі. І не толькі нашай. Невядома, як выглядала б сёння карта Усходняй Еўропы, калі б у свой час зачаткі беларускага, украінскага, літоўскага народаў не атрымалі магчымасць разам развівацца ў межах ВКЛ.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

ВКЛ было цудам – новая дзяржава ўзнікла там, дзе ніхто не чакаў. Так з хімічных элементаў, саміх па сабе маламоцных, утвараецца новы сплаў або незвычайная хімічная рэакцыя.

У сярэдзіне 15-га стагоддзя гэта дзяржава зрабілася адной з найбуйнейшых у Еўропе. А сфарміравалася яна нібыта на голым месцы, воддаль старых цэнтраў сілы – Полацка, Кіева, Ноўгарада, Валыні.

Эліта Наваградка жыла ў дамах з фрэскамі і падвяснымі свяцільнікамі

Ядром Вялікага Княства было Панямонне – землі паўднёва-ўсходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі з гарадамі Наваградкам, Ваўкавыскам, Слонімам.

У нашым сённяшнім успрыманні гэта райцэнтры. Але ў сярэдзіне 13-га стагоддзя Наваградак быў найбагацейшым горадам рэгіёна – яго вярхі жылі ў дамах са сценамі, упрыгожанымі фрэскамі, з падвяснымі свяцільнікамі, у якіх гарэла аліва. Археолагі знайшлі там візантыйскае шкло, залатыя ўпрыгажэнні (і майстэрні, дзе іх рабілі).

Наваградак меў умацаваны замак-дзядзінец, вакольны горад і пасады-прыгарады, быў значнейшым за Горадню, адзначае гісторык Алесь Краўцэвіч, называючы яго «самым вялікім і багатым на Панямонні». А яму як гарадзенцу, паверце, нялёгка такое прызнаваць.

Руіны Наваградскага замка. Ён быў узарваны падчас расійска-шведскай Паўночнай вайны ў 18-м ст.

Наваградак стаяў ва ўнікальным лагістычным месцы – аточаны прытокамі Нёмана, непадалёк ад водных сістэм Дзвіны і Дняпра, на скрыжаванні гандлёвых маршрутаў. Пра даўняе гандлёвае значэнне гэтага краю сведчыць і назва Ваўкавыск: ваўкі тут ні пры чым, у аснове слова «волак» – месца, праз якое перацягвалі сушай купецкія караблі з адной ракі ў іншую.

У сярэдзіне 13-га стагоддзя старыя цэнтры сілы аслаблі. Кіеў і іншыя рускія княствы выпалілі мангола-татары ў 1240-я. Полацк страціў дынаміку развіцця, калі крыжакі, збудаваўшы Рыгу, пачалі рэгуляваць гандаль па Дзвіне. У Галіцка-Валынскім княстве, якое часткова ацалела падчас Батыевага нашэсця, ішла барацьба за ўладу, падаграваная Польшчай і Венгрыяй.

Ніводная з гэтых навал не зачапіла Панямонне. І ўтварэнне Літоўскай дзяржавы бачыцца як памкненне мясцовых сіл кансалідавацца, займець уласную дзяржаву і разам процістаяць захопнікам. А пасля, увабраўшыся ў моц, пажывіцца за кошт слабейшых суседзяў. Гэта – Сярэднявечча.

Мячы са збораў Літоўскага нацыянальнага археалагічнага музея.

Старажытная літва – славяне ці балты? І ці ёсць сэнс пра гэта спрачацца?

ВКЛ узнікла ў выніку нечаканага палітычнага саюза.

Калі гавораць пра паходжанне беларусаў, звычайна ўспамінаюць славян – плямёны крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, – а пра балтаў забываюцца. Тым часам на паўночным захадзе Беларусі аж да Слоніма, Маладзечна, Свіры жыла літва, на Заходнім Палессі – яцвягі, на поўначы – латгалы. Выяўнай мяжы між славянамі і балтамі не было.

Ад племені літва і атрымала назву новая дзяржава.

Упершыню назва «Літва» згадваецца ў хроніках яшчэ ў 1009 годзе – у часы князя Брачыслава Полацкага – у сувязі з забойствам недзе на памежжы Літвы і Русі нямецкага хрысціянскага місіянера.

Некаторыя гісторыкі спрабавалі даказаць, што літва – таксама славяне. Выводзілі, карыстаючыся цьмянасцю летапісаў, яе назву ад люцічаў – паморскіх славян, што ўцякалі на ўсход ад нямецкага націску.

Але археалагічных слядоў, назваў вёсак і рэк, якія б такую тэорыю пацвярджалі, не знаходзіцца. Выключна балцкія. Ды і сама праблема падаецца надуманай: калі яны былі балтамі, яны што – не продкі беларусаў?

Шлем літоўскага тыпу, знойдзены на слонімскім замчышчы ў 1968 г.

Землі балтаў яшчэ з антычных часоў былі ўключаны ў сістэму сусветнага гандлю – па «Бурштынавым шляху» сюды трапляла срэбра. У літоўскіх курганах знаходзяць упрыгажэнні тонкай работы і дасканалую зброю мясцовага вырабу, на гарадзішчах – конскі рыштунак, рымскі посуд і брытвы для галення (датаваныя, як піша археолаг Яраслаў Звяруга, 6-м стагоддзем!).

Тое, што да сярэдзіны 13-га стагоддзя літва не мела дзяржавы, можа значыць, што дзяржава ёй проста не патрабавалася. Без дзяржавы жылі ў той самы час многія балцкія ды вугра-фінскія плямёны, выбіраючы сабе правадыроў на час ваенных паходаў.

Чаму літва не чапала Полацк і Менск. А каля Віцебска адпачывала

Літва плаціла даніну і давала войска магутнаму Полацку, пасля брала ўдзел у міжусобіцах Рагвалодавічаў. Так, у 1162 г. літва дапамагла менскаму князю Валадару Глебавічу разбіць полацкія палкі, якія абклалі яго ў Гарадцы (цяпер Гарадок Маладзечанскага раёна).

З часам літва пачала весці сваю вайну – дзеля здабыцця трафеяў, рабоў, запасаў ежы. Гісторык Генадзь Сагановіч падлічыў, што цягам 1201–1236 гадоў літва зрабіла 40 паходаў.

Гэта не былі бязладныя налёты дробных бандыцкіх шаек. Літва была ў стане захапіць такія вялізныя гарады, як Смаленск ці Чарнігаў, яна мела сваю тактыку і баявыя парадкі. Яна не раз біла рыцарскае войска – як пад Шаўлямі ў 1236-м ці на возеры Дурбе ў 1260-м.

Бітва літвы з крыжакамі-тэўтонамі. Рэльеф з замка Марыенвердэр (цяпер Квідзінас, Літва), пачатак XIV ст.

Прычым з тых 40 паходаў усяго некалькі былі скіраваны на самы, здавалася б, зручны аб’ект: суседнюю Полацкую зямлю. Менчукі і палачане прапускалі літоўскае войска праз сваю тэрыторыю – туды і назад са здабычай.

Вось жывая карцінка, якая дапамагае ўявіць жыццё ў тыя часы. Рыжскія купцы-немцы скардзяцца віцебскаму князю Міхаілу Канстанцінавічу (1270-я) і апісваюць, як нейкія людзі збілі ў Віцебску іх суайчынніка, які ішоў «дзевак купіць» у літоўскай раці, што стаяла пад горадам. Яўна гаворка не вядзецца пра аблогу, літва проста адпачывала і прадавала захопленых у паходзе рабоў.

Таксама ў той скарзе згадваецца, як нямецкія купцы ехалі з Віцебска ў Смаленск: «Тады літва злавіла іх на шляху… княжа, вязалі іх і мучылі, і тавар адбіралі ў іх. А ў тваёй воласці гэта дзеялася». Рыжане разумеюць, што адбываецца гэта з ведама віцебскага князя, які з літвой у саюзных адносінах. Тым больш, што па мацярынскай лініі князь Міхал і сам быў унукам аднаго з літоўскіх князёў.

Міндоўг быў зяцем наваградскага князя?

Рагвалодавічы часта мацавалі шлюбамі палітычны саюз з суседзямі-балтамі. Самы вядомы прыклад з пазнейшых часоў – шлюб вялікага князя літоўскага Альгерда з Марыяй Віцебскай. Але гісторык Андрэй Шаланда лічыць, што запачаткаваў гэту выгадную традыцыю яшчэ Міндоўг, ажаніўшыся з дачкой князя Ізяслава Навагародскага.

Гэта выява паўсюль называецца партрэтам Міндоўга. Тым часам гэта выпадковая нямецкая віньетка з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні (1578 г.).

У Іпацеўскім летапісе пад 1235 годам згадваецца іх сумесны ваенны паход: галіцкі кароль Даніла Раманавіч «навёў» на яцвягаў «літву Міндоўга і Ізяслава Навагародскага».

«Ад першай жонкі, найверагодней дачкі князя Ізяслава Наваградскага, ён меў сына Войшалка», – піша гісторык.

Магчыма, вайсковая і фінансавая падтрымка Наваградка і дапамагла Міндоўгу зрабіцца наймагутнейшым чалавекам у літоўскай зямлі.

Правадыроў у літвы было многа – напрыклад, падпісваць мірную дамову з галіцка-валынскім княствам у 1219 годзе прыехалі 20 князёў. Пяцёра з іх лічыліся «старэйшымі», і чацвёртым па значнасці ў гэтым спісе быў Міндоўг. Але да 1240-х ён аб’яднаў усю літву пад сваёй рукой.

Метады, якімі гэта рабілася, былі адпаведныя жорсткім часам – пазней і самога Міндоўга забілі разам з двума сынамі. А следам аднаго з яго забойцаў забіў другі, паклікаўшы дзяліць уладу. Дый апошні неўзабаве загінуў, зарэзаны Міндоўгавымі слугамі на парозе лазні. А cтарэйшага сына Міндоўга, Войшалка, засек шабляй галіцкі князь Леў падчас сяброўскай выпіўкі ў манастыры.

Канкурэнты Міндоўга загінулі або вымушаны былі ўцякаць – нават яго пляменнікі Эрдзівіл і Таўцівіл ратаваліся ад дзядзькі на Валыні.

І датай нараджэння ВКЛ можна лічыць 1248 год, калі ўладар Галіцка-Валынскага княства, кароль Даніла Раманавіч, паслухаўшы Эрдзівіла з Таўцівілам, павёў свае войскі супраць Міндоўга – на Наваградак. З гэтага гісторыкі робяць выснову, што ў той час Міндоўг ужо быў наваградскім князем.

Міндоўг разбурыў варожую кааліцыю, прапанаваўшы аднаму ворагу сваю веру, а другому – руку дачкі. І ў выніку стаў каралём

Супраць яго тады склалася кааліцыя, у якую, апроч Данілы, увайшлі жамойцкі князь Выкінт, яцвягі і крыжакі. Галоўны ўдар галічан быў скіраваны на Ваўкавыск, Слонім і Наваградак. У той самы час войскі Лівонскага ордэна спусташалі Літву.

Каб разбурыць варожую кааліцыю, Міндоўг замірыўся з крыжакамі. Бо Даніла хацеў усю яго зямлю, сваякі – яго ўладу, а крыжакі – каб ён стаў хрысціянінам. Гэта было самае простае.

Папа Інакенцій IV, які каранаваў Міндоўга.

Міндоўг паабяцаў хрысціцца ў каталіцтва і прыняць каралеўскую карону з рук Папы. Не паспеўшы з’явіцца, Літва рабілася каралеўствам!

У архівах Ватыкана захавалася перапіска літоўскага ўладара з Папам Інакентыем IV – на лаціне, у вытанчаных фармулёўках. У той перапісцы згадваюцца і назвы тых-сіх літоўскіх тэрыторый, якія Міндоўг абяцаў перадаць Ордэну: двары Таўрогі, Расіены, іншыя мясцовасці ў сённяшняй цэнтральнай Літве. А ў наступным лісце – яшчэ трошкі, а ў наступным – яшчэ…

Урэшце новы еўрапейскі кароль адпісаў крыжакам Жамойць – зямлю, якая ляжала паміж Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі, не даючы ім злучыцца. Фактычна і Міндоўг ёй не валодаў.

Фрагмент адзінай ацалелай пячаткі Міндоўга 1255 года, прывешанай да ліста Рымскаму Папу. Калі пячатка сапраўдная, на ёй – прыжыццёвая выява караля Літвы. Праўда, гэта можа быць і падробка: некаторыя элементы афармлення ўвайшлі ва ўжытак толькі праз 50 гадоў.

Уласнай канцылярыі, дзе працавалі б пісцы і перакладчыкі, у Міндоўга не было – яна з’явіцца ў ВКЛ толькі ў часы вялікага князя Вітаўта. Складаць першыя дакументы маладога каралеўства, напэўна, дапамагалі нямецкія каталіцкія манахі.

Але адсутнасць уласных архіваў і ўпарадкаванай перапіскі мела і плюсы. Калі праз 150 гадоў крыжакі выставілі Вітаўту і Ягайлу прэтэнзіі, што абяцаная Жамойць дагэтуль не аддадзена, – пачулі ў адказ літаральна наступнае: не ведаем, хто такі Міндоўг і ці быў ён увогуле; а калі і быў – напэўна ж не меў паўнамоцтваў вырашаць такія важныя пытанні.

Ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ?

На самой справе ў раннефеадальныя часы сталіца не асабліва і патрабавалася. Што гэта – месца, дзе жыве кароль?

Але Міндоўг жыў у сваім умацаваным міні-замку Руце (або Варуце) – яе ніхто ніколі не лічыў сталіцай ВКЛ. А можа, сталіца – месца, дзе знаходзяцца органы дзяржаўнай улады? Дык імі ў часы Міндоўга быў ён сам і некалькі яго хаўруснікаў ды сваякоў. Ні скарбу, ні канцылярыі не было, а першая манета Вялікага Княства Літоўскага з’явіцца ў часы Ягайлы.

Можа, сталіца – месца галоўнай святыні? У Наваградку былі храмы, але і Міндоўг, і яго літва маліліся іншым багам. Дый нават у хрысціянскім Галіцка-Валынскім княстве – які горад быў сталіцай? Уладзімір, Галіч, Холм, Драгічын, Львоў?

Барысаглебская царква 12-га стагоддзя ў Наваградку, пазней моцна перабудаваная. Гэты храм дакладна бачыў Міндоўг.

Каралі тады не сядзелі ў сталіцах, а мусілі ўвесь час аб’язджаць краіну, гасцяваць у васалаў, разбіраць іх спрэчкі, чыніць суд, пацвярджаючы права на ўладу.

Гісторыкі спрачаюцца, дзе адбылася каранацыя Міндоўга і Марты, яго жонкі. Называюць і Вільню, і Латаву (вёска на поўначы сучаснай Літвы), і поле пад Наваградкам – бо не было, маўляў, тады храмаў, здольных змясціць такую вялікую колькасць гасцей.

Сярод іх быў і лівонскі магістр Андрэй фон Сцірланд, кароны прыслалі з Рыма, у новай дзяржаве стваралася Літоўскае каталіцкае біскупства. Літва ўрывалася ў еўрапейскую гісторыю фарсіраваным тэмпам.

У хуткім часе кароль Міндоўг замірыўся і з уладарамі Галіцка-Валынскага княства. Сын караля Данілы Раманавіча Шварн ажаніўся з дачкой Міндоўга, атрымліваў Наваградак, але заставаўся ў падпарадкаванні цесця. З’яўляецца ў Літве і яшчэ адзін Данілавіч – Раман. А сын Міндоўга Войшалк стрыгся ў манахі ды ішоў у манастыр на Валыні. Такая сітуацыя нагадвае абмен закладнікамі – звычайны спосаб мірнага суіснавання дзяржаў у даўнія часы.

Наўрад ці Міндоўг са шчырым сэрцам абяцаў крыжакам Жамойць ці марыў перадаць уладу галіцкім княжычам. Ён глядзеў не на рэгаліі, а на рэаліі. Як толькі жамойты паўсталі супраць крыжацкага панавання, Міндоўг скінуў з сябе папскую карону, вярнуўся да паганства і з войскам пайшоў ім дапамагаць. Бо і сам прэтэндаваў на Жамойць.

За што насамрэч забілі Міндоўга

Гібель Міндоўга драматычна апісваецца ў «Хроніцы Быхаўца»: нібыта пасля смерці жонкі ён сілай узяў замуж яе сястру, якая на той час ужо была за нальшчанскім князем Даўмонтам (Нальшчаны – гэта там, дзе Крэва і Свір). Той змовіўся са сваякамі Міндоўга Таўцівілам і Тройнатам, яны падпільнавалі момант падчас паходу на Бранск і забілі першага караля Літвы разам з двума сынамі.

Гісторыя з жонкамі моцна нагадвае рамантычнае паданне (як і многія іншыя сюжэты «Хронікі Быхаўца»). Асноўнай прычынай гібелі Міндоўга было тое, што меншыя літоўскія князі не хацелі мірыцца з яго аднаасобнай уладай. Але і самі не ўтрымалі яе ў руках. Гэта быў новы для літоўскіх правадыроў досвед, яны ўпершыню ядналася, рабіліся вялікай сілай, але мусілі паступіцца вольнасцямі.

Магчыма, легенда адлюстравала і рэальную Міндоўгаву дэспатычнасць. Ніводзін з сярэднявечных вялікіх князёў літоўскіх не паводзіў сябе як «першы сярод роўных». Альгерд загадаў забіць правадыра аднаго з балцкіх плямён проста за тое, што загаварыў на роўных. Кейстут зрынуў пляменніка Ягайлу – за тое, што аддаў сястру замуж за пасцельнічага Вайдылу. Вітаўт, паланіўшы стрыечнага брата, загадаў падвесіць за ногі і расстрэльваў з лука – за тое, што ажаніўся з прасталюдзінкай.

Мы не мусім ацэньваць іх з пункта гледжання нашых уяўленняў пра мараль і гуманізм. Яны яшчэ не ведалі, што гэта такое.

Тое самае – з этнічнай самасвядомасцю. Бессэнсоўна спрачацца, чыё ВКЛ – літоўскае ці беларускае. Ідэя нацыянальных дзяржаваў, як і сучасных нацый, сфарміравалася толькі ў 19-м стагоддзі. Для Міндоўга яго княжацкі статус значыў нашмат больш за этнічнае паходжанне, а ўласныя інтарэсы хвалявалі мацней за інтарэсы племені. І набліжаў да сябе ён не выключна літву: напрыклад, ваяводам у Міндоўга быў Астафей Канстанцінавіч, баярын з Разані, які цудам уцёк ад татараў.

Кернава (Літва) – адно з меркаваных месцаў каранацыі Міндоўга. І нібыта вотчына Тройдзеня.

Войшалк і Еўфрасіння Полацкая

Часта нават падручнікі пераймаюць міфалагізаваныя стэрэатыпы: Міндоўг – хцівы і здрадлівы, аматар чужых жонак, а Войшалк – манах-багамолец. Міндоўг быў не больш хцівы за любога іншага тагачаснага палітыка. А Войшалк добра паказаў, які ён багамолец, пасля смерці бацькі. Узяўшы пінскія дружыны (Войшалк у той час жыў у Пінску, у Лешчынскім манастыры), ён жорстка адпомсціў за Міндоўга і павыганяў з Літвы сваіх праціўнікаў. (Даўмонт апынуўся аж у Пскове, дзе ўладкаваўся князем і пазней быў нават кананізаваны.)

Чаму Войшалк не застаўся кіраваць дзяржавай, а вярнуўся ў манастыр, аддаўшы зноў уладу галіцкім княжычам? Па-першае, ці можам мы да канца верыць галіцка-валынскім летапісам? Па-другое, спакойнае і забяспечанае жыццё ў манастыры не выглядае такім ужо жахам на фоне галоднага і халоднага Сярэднявечча.

І з манастыра можна ўплываць на палітыку – у свой час так рабіла ў Полацку святая Еўфрасіння, чаму б не мог і святы Лаўрыш? (Пад гэтым іменем праваслаўная царква кананізавала Войшалка.) Супадзенне ці не: забілі яго ў той момант, калі галіцкія князі зразумелі, што іх нашчадкам улада ў Літоўскім княстве не дастанецца.

Літоўская баявая сякера з Крэва, канец 13-га стагоддзя. Яе адшукалі ў пахаванні знатнага ваяра, які загінуў у часе нападу татар і галіцка-валынскіх князёў у 1274–1277 гадах.

Чаму Літоўскае княства пасля смерці Міндоўга і Войшалка не распалася

Чаму не было разадрана суседзямі? Магчыма, таму, што яго жыхары зразумелі выгаду самастойнасці. А літоўскія правадыры адчулі смак і навучыліся дзейнічаць у новых маштабах. Вялікі князь Тройдзень вадзіў палкі на Польшчу і радніўся з мазавецкімі князямі, прымаў бежанцаў-прусаў, што ўцякалі ад крыжацкага наступу ў Памор’і.

А пры Віценю Літва выйшла з лясоў: прыядналіся Менск і Полацк – і полацкі праваслаўны епіскап у дакументах называў паганца Віценя сынам. Рыга прыняла літоўскую дружыну, каб бараніцца ад залішняй апекі братоў-мечаносцаў.

Ад Віценя пачалася дынастыя вялікіх князёў літоўскіх – праўда, назваліся яны Гедымінавічамі. Кіраванне Віценя падвяло рысу пад першым этапам існавання ВКЛ – дзяржава выстаяла, пачала расці ды ўбірацца ў моц. Наперадзе былі слаўныя часы.

 

#Беларусь
Еще по этой теме:
Рагвалода і Рагнеды не існавала! Што?! Пачытайце гэты артыкул – вельмі здзівіцеся
Каханай жанчыне ён падарыў уласнае забальзамаванае сэрца. Прачытайце гісторыю дзіўнага беларуса, у гонар якога ў ЗША стаіць каля дзясятка помнікаў
Такога пра Францыска Скарыну вы не ведалі. Беларускі першадрукар быў неўрастэнікам? І, падаецца, выкрадаў людзей. Пачытайце: такое ў школе не раскажуць
поделиться