Аказваецца: сапраўдныя шатландцы жылі пад Гродна, а галандцы – блізу Брэста. І добра там пачуваліся!

Аказваецца: сапраўдныя шатландцы жылі пад Гродна, а галандцы – блізу Брэста. І добра там пачуваліся!
Мы прывыклі думаць, што беларусы – гэта беларусы. Тым часам беларусы – гэта трошкі галандцы, трошкі татары, а яшчэ прусы, шатландцы, яўрэі, немцы… Сабралі для вас цікавыя гісторыі пра беларускія народы.

Мы прывыклі думаць, што беларусы – гэта беларусы. Тым часам беларусы – гэта трошкі галандцы, трошкі татары, а яшчэ прусы, шатландцы, яўрэі, немцы… Сабралі для вас цікавыя гісторыі пра беларускія народы.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Шоты – гэта шатландцы (а не тое, пра што вы падумалі)

16-гадовы шатландзец Патрык Гордан прыбывае ў Рэч Паспалітую, бо не хоча вучыцца ў пратэстанцкім універсітэце на радзіме. Тут ён адчувае сябе як дома: заначаваў у адных шатландцаў, паабедаў у іншых…

Пабачыўшы ў нейкім двары чалавека з мехам, які адмярае тасьму на продаж, Патрык запісвае ў дзённіку: «Думаю, гэта мой суайчыннік». У тыя ж гады Ян Антоній Храпавіцкі з-пад Гродна запісаў у мемуарах: «Па абедзе заехаў шот з сукном, якога я нямала купіў». Так, нездарма харват Юрый Крыжаніч у 1660-я называе Рэч Паспалітую шатландскай калоніяй!

У Беларусі таго часу вандроўныя шатландскія гандляры – шкоты, ці шоты, як іх называлі, — былі паўсядзённасцю. Мікалай Радзівіл Сіротка падчас паломніцтва ў Палесціну пісаў пра вулічных гандляроў-друзаў у Дамаску і Трыпалі: «Яны ў каробках носяць па вуліцах для продажу розныя дробныя рэчы, як нашы шкоты».

Цэлыя катэгорыі тавараў называлі тады «рэчы шкоцкія»: ручнікі і рукавіцы, пацеркі і бялілы, венікі і нажы, грабяні і ніткі, іголкі, напарсткі і панчохі – шатландцы манапольна імі гандлявалі. Мясцовыя камерсанты спрабавалі пратэставаць, і ўрад рабіў што мог: забараняў шатландцам гандляваць па-за кірмашамі, забараняў гандляваць без рэгістрацыі…

У выніку сярод аселых купцоў Пінска ў 1620-я гады сустракаем: «Стамляла Алешкавіч, шот, Пётр Шымковіч, шот, Алешка Ахрамовіч, шот, Луц’я Літвіновіч, шот»…

Шатландскія наёмнікі 1630-х гадоў.

Шатландскія наёмнікі 1630-х гадоў ужо насілі кілты, на малюнку ўжо відаць тартан – клятчасты арнамент. Неяк так выглядаў і Патрык Гордан, толькі спачатку без барады.

А Патрык Гордан доўга ва ўніверсітэце не вытрымаў і пайшоў у войска. Шатландскія наёмнікі служылі ў войсках Рэчы Паспалітай, Швецыі і Расіі (і расійскі паэт Лермантаў – нашчадак такога наёмніка Лермонта). Наёмніцтва для шатландцаў было чыстым бізнесам: трапіўшы ў палон, яны пераходзілі на бок пераможцаў.

Суайчыннік скіраваў Гордана ў роту аховы князя Радзівіла, якая складалася амаль уся з шатландцаў. Цэнтрам шатландскіх кальвіністаў быў Слуцк, дзе Багуслаў Радзівіл ствараў ім умовы.

Шатландцы ў ВКЛ яшчэ і варагавалі паміж сабой: каталікі, якія шукалі спакою пасля ганенняў у Шатландыі, біліся з кальвіністамі, а гандляры недалюблівалі наёмнікаў.

Немец-акушэр Гіндэнбург дапамог нарадзіцца палове Мінска і хадзіў на візіты з катом

«Не было ніводнага мінчаніна, які б не пайшоў паплакаць над ім і цалаваць яго ногі, асабліва бедныя яўрэйкі, якім ён так многа памагаў, плакалі і маліліся, каб ён патрапіў адразу ў рай… Усе замкнулі крамы і беглі за труной, – успамінае мінчанка Соф’я Лур’е. – У яўрэяў ёсць хлопчыкі, якія на пахаваннях пяюць псальмы, але забаронена праваджаць іншаверца гэтымі псальмамі. А тут перад труной хадзілі хлопчыкі і гучна спявалі гэтыя псальмы.

Ва ўсіх сінагогах маліліся за яго душу, званы ўсіх цэркваў званілі. Над яго магілай прамаўлялі пастар і равін, і абодва плакалі, а ён сабе ляжаў у старэнькім, пацёртым мундуры, старой хусткай была абвязаная яго галава, гэта мілая галава…»

Акушэр Вільгельм Гіндэнбург у Минску быў легендай.
 

«Не помню ў Мінску пахавання больш урачыстага, чым доктара Гіндэнбурга. Тысячныя натоўпы плакалі. Шчырыя слёзы беднякоў, абарванцаў, валацуг сведчылі, кім быў доктар для мінчан» –, пісаў сучаснік. Доктар памёр у 1877 годзе.

77-гадовы мінскі акушэр Вільгельм Гіндэнбург быў легендай. Нікому не адмаўляў і лячыў бясплатна, калі пацыент не мог заплаціць. Сусед успамінае, як доктар аднойчы вывернуў кішэні, а ў іх – «адны капейкі і гузікі, усё, што зарабіў за прыёмы».

Гіндэнбург заканвчаў Віленскі ўніверсітэт у 1821 годзе, разам з філаматамі. Потым атрымаў спецыялізацыю акушэра і асеў на радзіме, у Мінску. Сябры ўспаміналі, як ён цешыўся, «указваючы таварышам на 50-гадовых старых, некалі прынятых ім з мацярынскага ўлоння». На візіты доктар Вільгельм хадзіў з катом Бурмістрам, піша Міхаіл Валодзін у «Мінскіх гісторыйках».

Соф’я Лур’е пераказвае легенду пра Гіндэнбурга: «Доктар вылечыў беднага яўрэя-дрывасека, затым яго жонку, дваіх дзяцей, і, калі ўсіх паставіў на ногі, пытае: чым ты мне заплаціш? Яўрэй кажа, што сёння прадасць апошнюю казу. Прадаў за 4 рублі і прынёс доктару грошы, тады доктар даў свайму лёкею яшчэ 12 рублёў і адправіў купіць карову, а дрывасеку сказаў ісці дамоў, яму прывядуць карову, бо доктар прызнаў казінае малако для іх шкодным».

Гіндэнбург не абмяжоўваўся акушэрствам, ён стаў штатным доктарам турэмнага замка на Валадарцы. Архівіст цытуе яго медычнае заключэнне па выніках назірання за селянінам Паўлам Жданюком у турэмнай бальніцы: «Размова яго штодзённая была, што ён бесперапынна чарцей вакол сябе бачыць, павінен іх карміць і дзяліцца хлебам, яму здаецца, што палову ежы чэрці з’ядаюць, вушы заўжды мае заткнутыя хлебам, каб чэрці ў галаву не лезлі. Ноччу мала спіць, рассыпае крошкі хлеба, гаворыць сам з сабой і нават розныя нечыстоты раздае чарцям і сам іх есць… Заўжды сумны і змрочны, часта Богу моліцца і кажа, што і тады чэрці яму замінаюць…»

«Дзень і ноч можна было сустрэць яго на вуліцы ў старой карафашцы (так называлася невялікая павозка-двухколка), на старым кані, са старым кучарам. Ён спаў у сваёй карафашцы». У канцы жыцця ён чатыры разы хварэў на запаленне лёгкіх – «і чацвёрты раз уклаў яго ў магілу», – цытуе сучасніка архівіст Юрый Снапкоўскі.

Неслі доктара ад сённяшняга праспекта, дзе насупраць будучага ўніверсама «Цэнтральны» стаяла высокая кірха, якую доктар дапамагаў адбудоўваць пасля пажару, – да вуліцы Карла Лібкнехта (тады – Нямецкай), на якой былі мінскія лютэранскія могілкі. У савецкі час іх знясуць і зробяць сквер, потым вернуць хаця б першае слова назвы – Лютэранскі.

Менск у 1918 годзе, від з вежы касцёла святога Тамаша.

Менск у 1918 годзе, від з вежы касцёла святога Тамаша. Унізе цяперашняя Энгельса, за ёй – праспект. Удалечыні справа відаць лютэранскую кірху, адзін з самых высокіх будынкаў Менска. У савецкі час у ёй зрабілі дзіцячы кінатэатр «Новости дня».

Немцы з’явіліся ў ВКЛ яшчэ ў часы Гедыміна, гэта былі купцы. У часы Рэфармацыі дадаліся навукоўцы, дактары, рамеснікі і вайскоўцы. Мноства прыехала прыканцы 18-га стагоддзя ўжо ў Расійскую імперыю, дзе імператрыца была немкай. Сярод такіх, верагодна, былі і Гіндэнбургі. Аднак бацька доктара даказваў мінскай гарадской управе, што ў шостым пакаленні з’яўляецца нашчадкам сакратара караля Яна Казіміра, – і такі атрымаў дваранства.

Няпроста ўявіць, што нядаўна вялікая частка мінчан размаўляла па-нямецку. Перапіс канца 19-га стагоддзя знайшоў у Беларусі больш за 27 тысяч нямецкамоўных. Усё гэта былі людзі сацыяльна значных прафесій: аптэкары, гадзіншчыкі, кілбаснікі, чыноўнікі і інжынеры. Гарадскі галава Караль Чапскі – таксама з немцаў.

У 1920-я немцаў любілі работнікі мінскіх хлебазаводаў: згружаючы ранкам хлеб на вазы гандлярам-немцам, боханы нават не падлічвалі – немцы не падмануць, аддадуць усю выручку.

Пад Брэстам былі вёскі Нэйдорф і Нэйброў, у якіх жылі галандцы

Ад 16-га стагоддзя пад Брэстам, ля Дамачава, жылі галендры. Так называлі галандцаў, якія ўспрынялі мясцовую мову, культуру, але захоўвалі лютэранскую веру і галандскія звычаі. Напрыклад, жанчыны пад Дамачавам стагоддзямі насілі галандскія чапцы.

Бужскія галендры спецыялізаваліся на меліярацыі, будаўніцтве дарог, пазней чыгункі. Ёсць версія, што іх паклікала каралева Бона асушаць багны Вялікага Княства Літоўскага.

У канцы 19-га стагоддзя перапіс зафіксаваў у Заходняй Беларусі 1700 дарослых галендраў. У 1928 годзе, пры Польшчы, іх пастар абвясціў забастоўку школьнікаў: усе настаўнікі былі каталікамі, хоць большасць школьнікаў з ваколіц Дамачава – лютэране. Польскія ўлады ў адказ змянілі векавыя назвы галоўных мястэчак галендраў: быў Нэйдорф – сталі Масціцэ Гурнэ, быў Нэйброў – сталі Масціцэ Дольнэ.

У трох пасёлках Іркуцкай вобрасці жывуць 2000 галендраў.

У трох пасёлках Іркуцкай вобрасці жывуць 2000 галендраў. Іх продкі перасяліліся сюды з-пад Брэста ў пачатку ХХ стагоддзя, пасля сталыпінскай рэформы. Завялі вялікія гаспадаркі, перавезлі сем’і… Галендры дагэтуль захоўваюць сваю культуру і мову. Тут іх ідэнтыфікуюць як украінцаў. Фота з галяндрэрскага вяселля – Алены Людвіг.

У 1939 годзе СССР і Германія правялі па Бугу дэмаркацыйную лінію, і большасць галендраў выселілі: або пад Познань, бліжэй да немцаў, або ў Сібір. Галандскія вёскі знеслі – пра іх нагадваюць цяпер толькі надмагіллі і кветкі, якія рассеяліся з галандскіх садоў. Жырандолі і звон з іх кірхі дагэтуль вісяць у царкве ў Дамачаве, а самі яны расталі ў мясцовым людзе.

Хоць Гансамі і Гертрудамі тут ужо дзяцей не называюць, але нямецкіх прозвішчаў на Брэстчыне хапае: Людвіг, Зелент, Баўм… Як і частае прозвішча Алендар – ад галендр.

У Брэсце рускія праваслаўныя святары пераходзілі на ўкраінскую і служылі малебны за Тараса Шаўчэнку

«Оголошення. Магістрат міста Берестя подає до відома власників нерухомостей…» У 1920-я гарадскія загады і аб’явы ў Брэсце выходзілі па-ўкраінску. Гэтага дамогся брэсцкі гарадскі дэпутат, мясцовы ўкраінец Іван Парэнюк. Польскія ўлады не маглі перашкодзіць, калі большасць рады прагаласавала «за».

А большасць, між іншым, складалі яўрэі. Яны ў міжваенны час не раз выступалі заадно з украінцамі, у адным блоку балатаваліся ў сейм.

У 1927 годзе брэсцкія ўкраінцы дамагліся, каб абвесткі магістрата друкавалі на дзвюх мовах.

У 1927 годзе брэсцкія ўкраінцы дамагліся, каб абвесткі магістрата друкавалі на дзвюх мовах.

Тое, што ў Беларусі жывуць украінцы, не сакрэт. Але здзіўляе колькі. На Брэстчыне для многіх людзей беларуская такая ж чужая «школьная мова», як і руская, – дома яны прывыклі «говорыты по-свойму».

Брэстчына ў пачатку 20-га стагоддзя была фактычна ўкраінскім рэгіёнам, і ў 1918-м нават уваходзіла ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі. Тут было 480 украінскіх школ. Пазней, пры Польшчы, у Брэсце працавала адзіная за межамі Львоўшчыны ўкраінская прыватная школа. Падручнікі ім прывозілі львоўскія скаўты-«пластуны» – чаўнамі па Бугу, каб паліцыі цяжэй было сачыць.

Калі чарговага дырэктара проста з дырэктарскага кабінета палякі звезлі ў канцлагер у Бярозе Картузскай, дырэктаркай стала настаўніца рускай мовы Лідзія Гарбачова. Вядомая мясцовая феміністка, яна нядаўна вярнулася з Сусветнага ўкраінскага жаночага кангрэса і напісала «Азбуку жаночага руху»: «Пра якую свабоду можа думаць жанчына, калі яна рабыня ва ўласным доме?.. Якія жанчыны – такі і народ».

Грошы на школу збіралі адусюль: і з бацькоў, і з грамадскасці. «Адзін пан, уласнік рэстарана, ахвотна даў 50 злотых, але папрасіў не абвяшчаць яго імя», – успамінаў украінскі дзеяч з Брэста Васыль Дмытрыюк.

Вучаніцы ўкраінскай школы Брэста.

Вучаніцы ўкраінскай школы Брэста паказваюць Трызуб. Фота захавала ўнучка апошняй дырэктаркі школы.

Нават брэсцкі праваслаўны святар і рускі пісьменнік Канстанцін Зноска служыў малебны ў памяць Тараса Шаўчэнкі і здаваў домік пры царкве ўкраінскай арганізацыі «Просвіта».

Украінскі рух у Брэсце быў настолькі заўважны, што пасля вайны за яго падтрымку Саветы арыштавалі каля 12 тысяч чалавек. Сутычкі адбываліся нават у цэнтры горада: байцы Украінскай паўстанцкай арміі адстрэльваліся ад НКВД з вакон Дома культуры чыгуначнікаў каля вакзала.

Сярод гараджан і сялян сапраўды было нямала сувязных украінскіх партызанаў. Але, каб трапіць у ГУЛАГ на гады, дастаткова было і адзін раз пасціраць партызанам бялізну або падзяліцца з імі ежай.

На Трышынскіх могілках Брэста ў 1990-я паставілі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Яго аўтар, мясцовы ўкраінскі актывіст Уладзімір Харсюк, перш чым стаць каменачосам, быў артыстам Брэсцкага тэатра драмы. Яго звольнілі, бо мясцовы акцэнт «не адпавядаў рускаму тэатру», расказвае гід «Берасце. Украінскія гісторыі».

Землі паўстанцаў Каліноўскага пад Гомелем аддавалі чэхам

Ад Францыска Скарыны ў нашу мову прыйшлі чэхізмы: гарцаваць (уступаць у паядынак перад строем войскаў), гасла (пароль), табар (абоз), піша фалькларыст Ігар Карашчанка. А былі і чэхі, якія перанялі беларускую. Пасля адмену прыгону ў 1861 годзе ў Беларусь прыехалі сотні чэхаў і славакаў.

Памешчыкі Горваты запрасілі ў свае маёнткі на Гомельшчыне 130 чэшскіх сем’яў. А расійскія ўлады аддавалі ім землі шляхты, высланай пасля паўстання Каліноўскага.

Брама – усё, што засталося ад сядзібы Горватаў у Галоўчыцах Нараўлянскага раёна.

Брама – усё, што засталося ад сядзібы Горватаў у Галоўчыцах Нараўлянскага раёна. Горваты стварылі тут велізарныя сады і вінакурню і запрасілі больш за сотню чэшскіх сем’яў на працу.

Паводле перапісу 1926 года, у ваколіцах Нароўлі, Мазыра і Рэчыцы жылі паўтысячы чэхаў. Гэта былі каталікі, яны ездзілі ў касцёл у Жытомір, а пры Саветах зрабілі сабе ў вёсцы Чэхі чэшскую школу. Даследчыкі цытуюць меркаванні вяскоўцаў пасля года дзейнасці школы:

Юзя Травнічэк: «Я хачу, каб чэшская школа засталась, патаму што я па-чэшскі гавару дома».

Габрыэля Вафэк: «Маюцца выпадкі, што муж чэх, а жэна беларуска, і наадварот. Дома вядуць разгавор па-беларуску, а пагэтаму лічу чэшскую школу непатрэбнай».

Антон Травнічэк: «Чэшскі язык для дзяцей трудны, яны яго не разумеюць і пагэтаму сідзяць па два гады ў адным класе».

Стася Сінек: «Учыцель Варжышэк незразумелыя словы па-чэшскі растлумачывае па-беларускі...»

Чэшскія прозвішчы гэтых мясцін: Працівенскія, Сыровы, Бачыны, Вафэкі, Карасікі, Ружычкі, Суботкі, Хмелікі, Мішакі, Траўнічкі, Свобады (ці Слабоды), Новакі, Сынакі, Патачкі… Чэшскую мову ў тым рэгіёне можна было пачуць да 1960-х. А даўнія чэшскія рэчы дагэтуль захоўваюцца ў гомельскіх сем’ях.

Зорка вестэрнаў Чарльз Бронсан нарадзіўся з татарскім прозвішчам

У Лоўчыцах пад Навагрудкам жыў пастух Кунтусь. Ён умеў імгненна пераляцець з Лоўчыц у Меку, каб прачытаць намаз. Пра гэта ніхто не ведаў, пакуль ён не сустрэў у Мецы свайго пана, які прыйшоў туды паломнікам, і не дапамог яму хутка вярнуцца дамоў. Пан не змог захаваць Кунтусёву таямніцу, і пастух памёр. Яго магіла і цяпер – месца паломніцтва беларускіх татар.

Мінскія татаркі ў 1918 годзе.

Мінскія татаркі ў 1918 годзе.

Раён Палаца спорту ў Мінску яшчэ нашы бацькі называлі Татарскімі агародамі, а найлепшая цыбуля і агуркі на Камароўцы заўжды былі ад татар.

Адкуль у Беларусі татары? Вялікія князі сялілі на сваіх землях татарскі палон, а таксама запрашалі да сябе апальных ханаў з іх прыхільнікамі. Тыя хутка ўвялі ў свой алфавіт літары для перадачы гукаў мясцовай мовы – «ц», «дз» – і перайшлі на беларускую. Іх кнігі напісаны па-беларуску арабскай вяззю.

Татары былі не толькі агароднікамі. І ўвогуле, раней крыўдавалі, калі іх называлі татарамі. «Мы – шляхта-мусульмане», – папраўлялі яны. З такой шляхты паходзіў неўтаймаваны паплечнік Касцюшкі Якуб Ясінскі, які ў 1794-м вешаў у Вільні тых, хто прадаўся Расіі, і кіраўнік беларускіх часцей у польскім войску Гасан Амуратавіч Канапацкі, і мастак Напалеон Орда, і наша ўсё – браты Луцкевічы.

Адамовічы, Абрамовічы, Александровічы, Кучынскія, Бэт-Гусаімы – таксама прозвішчы беларускіх татар. Цяпер іх у Беларусі каля 10 тысяч чалавек. Было куды больш, але ў 19-м стагоддзі многія выехалі ў Турцыю і ў Амерыку (у тым ліку дзед і баба акцёра Чарльза БронсанаФранцішак і Лізавета Бучынскія). «Славянскае» прозвішча Бучынскі акцёр памяняў у 1950-я, падчас савецка-амерыканскай канфрантацыі.

З татарамі звязаны назвы многіх вёсак, і нават вуліца Амуратарская каля мінскай «Кароны» на «Фрунзенскай» – ад татарскага імені Амурат.

У 2016 годзе ў Мінску на месцы старых татарскіх могілак пабудавалі мячэць. Гэта дакладная копія той мячэці, што стаяла на праспекце Пераможцаў.

У 2016 годзе ў Мінску на месцы старых татарскіх могілак пабудавалі мячэць. Гэта дакладная копія той мячэці, што стаяла на праспекце Пераможцаў. Яе разбурылі ў 1962-м, каб узвесці гасцініцу «Юбілейная».

На Шчучыншчыне жыў народ, які знішчылі на радзіме

Kails rekyse!
Tho ne aw labonache thewelyse,
Eg koyte poyte
Nykoyte pennega doyte.

(«Прывет, спадар! Ты не такі добры чалавек, калі выпіць жадаеш, а грошай даць не хочаш».) Гэта глупства, напісанае невядомым студэнтам-прусам з Карлавага ўніверсітэта ў 14-м стагоддзі – адзін з некалькіх узораў прускай мовы, які дайшоў да нашага часу.

Прусы, саюз дзевяці плямёнаў заходніх балтаў, жылі на землях сучаснай паўночнай Польшчы і Калінінградскай вобласці Расіі.

Выява на дзвярах кафедральнага сабора польскага горада Гнезна.

Прусы забіваюць місіянера Адальберта пасля дзесяці дзён пропаведзяў і апаганьвання свяшчэннага прускага гаю. Выява на дзвярах кафедральнага сабора польскага горада Гнезна.

Прусы назалялі князю Конраду Мазавецкаму набегамі, і той паклікаў рыцараў-крыжакоў Тэўтонскага ордэна, каб дапамаглі яму адбараніцца. Рыцары ўзяліся хрысціць прусаў агнём і мячом, і тыя папрасіліся ў ВКЛ – ідэйна блізкае, бо паганскае. Вялікі князь Трайдзень (1270–1282) рассяліў іх пад Гродна і Слонімам. Летапіс зафіксаваў два племені: прусы і борці (з цэнтральнага рэгіёна Прусіі – Бартніі). Трэцяе прускае племя, скаловы, Кейстут і Альгерд прывялі палонам з набегу на Тэўтонскі ордэн.

У ВКЛ для прусаў стварылі асобнае Барцянскае староства, падчас вайны яны рабілі інжынерную працу – будавалі гаці, масты і дарогі для войска. Вялікія князі спецыяльна пасялілі іх на забалочаным участку дарогі Вільня – Кракаў, каб сачылі за мастамі. Ва «Уставе на валокі» быў нават адмысловы артыкул «Аб борцях», адзначае этнолаг Юрый Унуковіч.

На гістарычнай радзіме заходніх балтаў знішчылі, а ў ВКЛ яны доўга захоўвалі мову і дагэтуль захоўваюць саманазву. Этнолаг Унуковіч запісаў у экспедыцыі: «Ну, а літоўцы мы – барцякі. У Пелясе – барцякі, а ў Подзітве скалікі дразняць». Пеляса і Подзітва – гэта вёскі ў Воранаўскім раёне Гродзеншчыны. Сёння гэтыя людзі ўсё яшчэ гавораць на балцкай мове – праўда, ужо ўсходнебалцкай: паўплывала суседства з блізкімі па мове літоўцамі. У пачатку ХХ стагоддзя тут выпісвалі літоўскія газеты, адкрывалі літоўскія школы і садкі, курсы і бібліятэкі.

Пеляса Воранаўскага раёна.

Пеляса Воранаўскага раёна. Нашчадкі старажытных прусаў жывуць тут.

Нашчадкі прусаў жывуць не толькі на Воранаўшчыне, але і на Шчучыншчыне (паблізу Жалудка).

Так што, зазірнуўшы глыбей у любы беларускі радавод, каго там толькі не адшукаеш. Беларусь ніколі не была ізаляванай ад свету. Спадзяемся, і не будзе.

 

#Беларусь
Еще по этой теме:
Хлопцы прыносілі на сустрэчы вёдры малака і цалаваліся (дзяўчат сярод іх не было) – як вам такая студэнцкая забава?
«Цябе ж усё адно арыштуюць – прадай свой ложак». Беларусы часам дзіка рэагуюць на рэпрэсіі – пачытайце гэты артыкул
Беларуская мова не заўжды была «як чуецца, так і пішацца». Ёй мінімум 800 гадоў
поделиться