Must read от преподавателей литературы: 34 книги, которые должен прочесть приличный минчанин

Must read от преподавателей литературы: 34 книги, которые должен прочесть приличный минчанин
Во время преподавания в американских колледжах Иосиф Бродский составил для своих студентов список книг, которые должен прочесть каждый.

Во время преподавания в американских колледжах Иосиф Бродский составил для своих студентов список книг, которые должен прочесть каждый.

Мы же решили попросить минских преподавателей литературы составить свои списки обязательного чтения по всемирной и белорусской литературе. Получилось внушительно – зато точно будет что почитать в отпуске.

Ганна Бутырчык

загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ

– Абмяжоўваць сусветную літаратуру спісам на 15-20 кніг вельмі цяжка. Гэта ж і славянская літаратура, і амерыканская, і еўрапейская, а ёсць яшчэ і Кітай, Японія, Лацінская Амерыка і гэтак далей.

Таму я параілася з калегамі на кафедры – не, мы не перасварыліся, але кожны выкладае адну з нацыянальных літаратур і лічыць, што важна прапанаваць знакавыя творы менавіта гэтай літаратуры. Я паспрабавала ўсё аб’яднаць, каб стварыць такі маст-рыд для любога адукаванага чалавека.

У спісе – літаратура ХХ стагоддзя, пераважна нават другой яго паловы. Калі трэба разабрацца з класічнай, антычнай літаратурай, то можна ўзяць спіс Бродскага. Для тых, хто любіць сучасную літаратуру, ёсць спіс Бегбедэра, таксама можна паглядзець спіс найбольш уплывовых кніг Бібліятэкі кангрэсу ЗША. У мяне ж атрымаўся суб’ектыўны і няпоўны пералік знакавых тэкстаў ХХ стагоддзя.

Умбэрта Эка “Імя ружы”

Культавы тэкст – спалучэнне дэтэктыўнага сюжэту і інтэлектуальнага рамана. Калі пераадолець першыя 50–60 старонак, якія могуць падацца складанымі, то далей з захапленнем можна ісці па Экаўскіх лабірынтах і разбірацца з тым, што прапануе гэта кніга-айсберг.

Джон Фаўлз “Калекцыянер”

Калі Умбэрта Эка падасца складаным (а такое магчыма), то ёсць цудоўны англійскі аўтар Джон Фаўлз, які таксама геніяльна спалучае дэтэктыў і інтэлектуальны раман, але ў больш простым і чытэльным тэксце.

Джон Фаўлз “Жанчына французскага лейтэнанта”

Яшчэ адзін твор Фаўлза – класічны раман ХХ стагоддзя, які прапануе некалькі фіналаў. Гэта такі варыянт для чытача выступіць у ролі суаўтара і выбраць для сябе акурат той фінал, які падабаецца.

Габрыэль Гарсіа Маркес “100 гадоў адзіноты”

Маркес – гэта абсалютны маст-рыд: ён вельмі ўплывовы аўтар з адмысловым стылем пісьма, калі ёсць адчуванне, што падзеі адбываюцца ў рэальнасці і свядомасці чалавека адначасова. І канечне, гэта своеасаблівае бачанне свету вельмі адрозніваецца ад еўрапейскага.

Хуліа Картасар “Гульня ў класікі”

Другім у пераліку абавязковых аўтараў Лацінскай Амерыкі будзе Картасар. Раман “Гульня ў класікі” – гэта тэкст, які мадэліруецца самім чытачом: аўтар спачатку прапануе чытаць раман звычайным чынам, а потым – па спецыяльнай схеме.

Міларад Павіч “Хазарскі слоўнік”

Яшчэ адзін раман з мадэліраваннем сюжэта: матэрыялы размешчаны як артыкулы ў слоўніку і расстаўлены па алфавіце. Я не ўпэўнена, што любы чалавек здолее яго прачытаць, але паспрабаваць варта.

Коба Абэ “Жанчына ў пясках”

Гэты раман варта прачытаць хаця б для таго, каб зразумець, што японская літаратура – гэта не толькі Муракамі. А яшчэ ў гэтай кнізе вельмі прытчавая аснова, і кніга спадабаецца тым, хто любіць такія шматузроўневыя тэксты.

Мо Янь “Стаміўся нараджацца і паміраць”

Аўтар стаў вельмі папулярны сярод інтэлектуальных чытачоў пасля таго, як атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Яго стыль і манера вельмі характэрныя, таму кніга можа быць цікавай і карыснай для знаёмства з кітайскай літаратурай у цэлым.

Патрык Зюскінд “Парфумер”

Гэты раман не такі просты, як здаецца, ён не толькі пра пахі. У кнізе ўздымаецца шмат сур’ёзных пытанняў: праблема чалавечых стасункаў, праблема адзіноты. І на беларускую гэты раман выдатна перакладзены Васілём Сёмухам.

Лао Шэ “Запіскі аб каціным горадзе”

Антыўтопія пра нівеліраванне асобы ў соцыуме, якая ўздымае тыя ж пытанні, якія потым будуць разглядаць Оруэл у “1984”, Брэдберы ў “451 градус па Фарынгейце” і Хакслі ў “О дзівосны новы свет”.

Канечне, класічныя антыўтопіі таксама варта чытаць, але ў нашым спісе хай будзе Лао Шэ, які выбраў вельмі цікавую форму для свайго расповеду.

Айн Рэнд “Атлант расправіў плечы”

Гэты вядомы раман варта прачытаць – таксама як і другі раман аўтара “Гімн”. Але “Атлант” цікавы тым, што яго альбо чытаюць – і ён адразу ўплывае на светапогляд, – альбо чытаюць 20 старонак і адкладаюць. Я яшчэ не бачыла нікога, хто б нейтральна паставіўся да гэтага тэксту.

Уільям Голдынг “Уладар над мухамі”

Таксама класічны твор-антыўтопія, які, мне здаецца, ужо ўключаны ў школьную праграму. Але прачытаць ці перачытаць яго варта кожнаму.

Герта Мюлер “Арэлі дыхання”

Кніга пра вельмі актуальныя праблемы існавання чалавека ў дзвюх культурах, пра праблемы мульцікультуралізму. Герта Мюлер – немецкі аўтар румынскага паходжання, таму яна добра ведае тое, пра што піша.

Тоні морысан “Каханая”

У гэтым рамане выдатна раскрываецца афраамерыканская культура. Ужо ёсць экранізацыя, але ў ёй раман прачыталі як гісторыю дома с прывідамі, якая не галоўная ў гэтым тэксце. Насамрэч у кнізе – сур’ёзная работа з пытаннямі, якія датычаць не толькі афраамерыканскага народа.

Джонатан Сафран Фоер “Надзвычайна гучна і неймаверна блізка”

Вельмі важны тэкст, прынамсі для амерыканскай літаратуры. Тэрарызм, 11 верасня – усе гэтыя падзеі і іх асэнсаванне.

Фрэдэрык Бегбедэр “WINDOWS ON THE WORLD”

Пытанне катастроф і тэрактаў у наш час вельмі вострае. Калі яны кранаюць вас, то Бегбедэра варта пачытаць, тым больш што гэты тэкст вельмі добры і якасны сам па сабе.

Уільям Стайран, “Выбар Сафі”

Класічны тэкст пра падзеі Другой сусветнай вайны і праблему выбару. Трэба прачытаць хаця б для таго, каб пабачыць, як кніга адрозніваецца ад знакамітай экранізацыі з Мэрыл Стрып.

Маркус Зусак “Кніжны злодзей”

Хацелася б спадзявацца, што экранізацыі правакуюць чытанне кніг. Таму вось прыклад добрай кнігі і нашумелай экранізацыі. Дарэчы, экранізацыя вельмі якасная, рэдкае разуменне сцэнарыстам і рэжысёрам аўтарскай задумкі. Для інтрыгі можна яшчэ дадаць, што ў кнігі абсалютна незвычайны апавядальнік – смерць.

Анры Барбюс “Пяшчота”

Вось вы пытаецеся, што пачытаць пра каханне. Здаецца, што каханне ў літаратуры скончылася ў XIX стагоддзі. Але заўсёды можна пачытаць навелу “Пяшчота” – нечакана кранальна, як аўтар “страчанага пакалення” (якое вельмі натуралістычна апісвала падзеі Першай сусветнай) можа пісаць пра каханне. Добрая кніга на лета.

Марына Казлоўская

выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ў Ліцэі БДУ

– Складаючы спіс, я найперш думала пра знакавыя нацыянальныя тэксты, якія даюць разуменне таго, што сабой уяўляюць беларусы, што сабой уяўляе беларускі шлях, чаму мы знаходзімся ў той кропцы шляху, у якой знаходзімся, і што рабіць, каб рухацца далей. Тут, з аднаго боку, класічныя тэксты, якія людзі радасна не чыталі ў школе, бо займаліся больш важнымі справамі, а з другога – творы новай літаратуры, якія могуць стаць чароўным пендзелем, каб чытаць далей. Мне здаецца, што гэты спіс – такі мінімальны маст-хэв, каб усведамляць сябе беларусам і разумець, што адбываецца з намі.

Калі пасля гэтага спіса з’явіцца жаданне пачытаць сучасную беларускую літаратуру, то заўсёды можна звярнуцца да прэміі Гедройца – паглядзець, за што яе ўручаюць, у чым прычыны гэтых жахлівых скандальных баталій вакол прэміі. Насамрэч гэта добра ілюструе літаратурны працэс, а ён ёсць. Як бы гэта ні здзіўляла большасць беларусаў, беларуская літаратура развіваецца – і вельмі цікава. Аматару любой літаратуры тут ужо можна знайсці што пачытаць.

Ян Баршчэўскі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”

Гэта адзіны тэкст XIX стагоддзя, на якім я спынілася. Гэта кніга для аматараў фэнтэзі, рознай анамальшчыны і чартаўшчыны. Часам людзі могуць чытаць гэта ў замежнай літаратуры, абсалютна не ўсведамляючы, што тое ж ёсць і ў нас.

Янка Купала “Тутэйшыя”

Гэта знакавы тэкст. Мне здаецца, што без гэтага тэксту наогул не атрымаецца зразумець, што адбылося з намі ў ХХ стагоддзі.

Максім Гарэцкі “Дзве душы”

Тэкст, які трэба прачытаць хаця б для таго, каб зразумець, што адбываецца на сцэне Купалаўскага. А калі сур’ёзна, то кніга вельмі дакладна апісвае беларускую ментальнасць – гэту нашу прамежкавасць, неўпісанасць ні ў адну парадыгму, немагчымасць адказаць на пытанні “хто я?” і “з кім я?”. Вось гэта знакамітая двудушнасць, якая нікуды не падзелася, была Гарэцкім адлюстравана нават раней за Купалу.

Вацлаў Ластоўскі “Лабірынты”

Гэта кніга – прышчэпка ад комплексу нацыянальнай непаўнавартасці. Калі вы лічыце, што ў нас нічога не было, акрамя мужыкоў у лапцях, варта прачытаць Ластоўскага.

Андрэй Мрый “Запіскі Самсона Самасуя”

Мне падаецца, што гэта адзіны такі раман у беларускай літаратуры – выключна цікавы сваёй формай і стылістыкай. Твор, які дае нам адказ на пытанне, што ёсць сучасны чалавек. У гэтым плане з часоў Мрыя мала што змянілася.

Кузьма Чорны “Пошук будучыні”

Адзін з самых важных тэкстаў, напісаных у беларускай літаратуры за ХХ стагоддзе. Чаму? Тут пакінем інтрыгу. На самой справе трэба прачытаць, каб даведацца.

Іван Мележ “Людзі на балоце”

Раман варта перачытаць (нават калі вы чыталі яго ў школе) хаця б для таго, каб зразумець, што ён не толькі пра каханне. Гэты тэкст прэзентуе ў сусветнай літаратуры вельмі дзіўны канфлікт: мужчына, жанчына і зямля.

Уладзімір Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”

Без Караткевіча ўвогуле ніяк. Таму ў маім спісе тры ягоныя тэксты – у залежнасці ад узросту і стадыі развіцця чытача. “Дзікае паляванне караля Стаха” – ідэальны тэкст для аматараў дэтэктыва. У 1958 годзе Караткевіч зрабіў тое, што некалі планаваў зрабіць Умбэрта Эка, – раман, дзе на паверхні дэтэктыўны сюжэт, а ў падтэксце – адказы на вельмі сур’ёзныя пытанні.

Уладзімір Караткевіч “Ладдзя роспачы”

Гэту аповесць ведаюць менш, але яна заслугоўвае ўвагі, бо гэта адзін з самых пазітыўных тэкстаў, якія існуюць у беларускай літаратуры. У нас ёсць стэрэатып, што беларуская літаратура – гэта літаратура, якая ўвесь час разбіраецца з некімі негатыўнымі з’явамі жыцця. Ну, з аднаго боку, гэта стэрэатып, а з другога – праўда. Але ў гэтай аповесці Караткевіч расказвае, як спусціцца ў пекла і выйсці адтуль жывым, паразумнелым і з каханай жанчынай.

Уладзімір Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”

Гэта кніга таксама перамагае стэрэатып пра тое, што ў нас нічога ніколі не было, і стварае вобраз героя, на якога хочацца арыентавацца. Добрая кніга для тых, хто хоча даведацца, які ён, ідэальны беларус, да якога хочацца быць падобным.

Міхась Стральцоў “Свет Іванавіч, былы Донжуан”

Гэта, напэўна, самы еўрапейскі і самы недаацэнены беларускі аўтар, які піша цудоўную прозу. Мне часам падаецца, што мы проста да яго не дараслі. Гэта аўтар для аматараў асацыятыўнай прозы. Ідэальна пасуе для таго, каб атрымаць эстэтычную асалоду і пачытаць прозу, у якой знешне нічога не адбываецца.

Васіль Быкаў “Аблава”

Гэты тэкст тлумачыць, як аграрная Беларусь ператварылася ў краіну, дзе “калхознік” – гэта абразлівае слова. Рэдкая ў беларускай літаратуры кніга пра 30-я гады і разбурэнне кроўных сувязей.

Васіль Быкаў “Сцяна”

Вельмі раю пачытаць позняга Быкава. Тым больш, што калі цяжка чытаць вялікі тэкст, то апавяданні і аповесці заўсёды можна асіліць.

Людміла Рублеўская “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула”

Гэтыя тэксты выйшлі ў адной кнізе. Абодва – тэксты-лабірынты, якія можна прачытаць як займальную гісторыю пра пошук Грааля, а можна заўважыць за гэтай займальнай канвой шмат вельмі сур’ёзных пытанняў. Гэта такая кніга, што можна праехаць сваю станцыю ў метро, можна прагуляць працу, але пакуль не дачытаеш – не спынішся.

Артур Клінаў “Малая падарожная кніжка па Горадзе сонца”

Гэта кніга, з якой вельмі прыемна гуляць па Мінску. А яшчэ гэта адна з тых кніг, у якой ствараецца мінская міфалогія. Мінск – горад, які быў гістарычна пазбаўлены міфа. Зараз літаратура пачынае засвойваць гэту прастору і паступова стварае мінскую міфалогію.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: google.com.

ЧУП «Лабс Паблисити Груп», УНП 191760213

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter