20 крутых беларускіх кніг, якія мусіць прачытаць любы адукаваны чалавек

20 крутых беларускіх кніг, якія мусіць прачытаць любы адукаваны чалавек
Кнігі, без якіх вы наўрад ці зразумееце, што такое сапраўдная беларуская літаратура. Ці варта казаць, што гэты спіс вельмі-вельмі-вельмі суб;ектыўны і далёка-далёка-далёка не канчатковы.

Кнігі, без якіх вы наўрад ці зразумееце, што такое сапраўдная беларуская літаратура. Ці варта казаць, што гэты спіс вельмі-вельмі-вельмі суб;ектыўны і далёка-далёка-далёка не канчатковы.

Саламея Пільштынова, “Авантуры майго жыцця”

Пра што: кнігу мемуараў Саламея Рэгіна Пільштынова з дома Русецкіх пісала ў Стамбуле ў 1760 годзе. Гэта споведзь-самаапраўданне – і перад блізкімі людзьмі, з якімі ў аўтаркі “не склалася”, і перад нашчадкамі, якія дагэтуль не могуць зразумець, адкуль у беларускіх жанчын столькі адвагі, якую даўно страцілі мужчыны-суайчыннікі.

Чаму варта прачытаць: гэта апісанне жыцця-правакацыі. У наш час Саламею назвалі б радыкальнай феміністкай – столькі забаронаў і забабонаў яна дазваляла сабе пераступаць. Вазьміце хаця б тое, што свайго другога мужа яна выкупіла (!) з рабства. Нездарма многія даследчыкі называюць гэтыя мемуары авантурным раманам.

Васіль Быкаў, “Знак бяды”, “ЖоўТЫ пясочак”

Пра што: на наш погляд, гэта два безумоўныя шэдэўры беларускай літаратуры.

Простыя па сюжэце – адзін пра феномен “маленькага беларуса” ў вайну, а другі – пра чалавека на краі расстрэльнай магілы НКУС, – яны прасякнуты нечалавечай трагедыяй і сімвалізмам. (Адна сцэна сцэджвання малака на зямлю – а гэта сапраўды знак бяды ў беларускай міфалогіі – чаго вартая).

Чаму варта прачытаць: мала хто ведае, але за вонкавым дабрабытам творчасці “савецкага Быкава” стаялі пастаянная цэнзура, знявагі і адчайнае непрызнанне таленту генія. Напрыклад, калі малады Быкаў яшчэ жыў у Гродне, у яго вокны “мінакі” не раз кідалі камяні – маўляў, у адплату за “паклёп на савецкі лад і на герояў вайны”.

Прытым што сам Быкаў ваяваў і бачыў усе жахі татальнай мясарубкі Другой сусветнай на свае вочы. Але кроў – гэта ўсяго фон. Самае галоўнае – трагедыя чалавека ў памежнай сітуацыі.

Кошт кнігі “Знак бяды” у інтэрнэт-кнігарні: каля 3 руб.

Кошт кнігі “Знак бяды” (па руску) у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна, калі прачытаць за тры дні.

Кузьма Чорны, розныя творы

Пра што: пра тое, чаму мы, беларусы, сталі такімі, якія ёсць цяпер. Кузьма Чорны спрабаваў фіксаваць і раскрыць наш генатып у моманты яго найбольш актыўнага станаўлення і пераламлення. Сялянскае рабства, рэвалюцыі, войны, калектывізацыя, рэпрэсіі – пісьменнік сутыкае герояў і чытача з люстэркам, у якім можна разгледзець не толькі сваіх продкаў, але і самога сябе.

Чаму варта прачытаць: шчыра кажучы, Чорнага з яго “Трэцім пакаленнем” шмат хто недалюблівае са школы. Аднак уся праблема – у спрошчанай інтэрпрэтацыі на ўроках літаратуры. Гэта як “Вайна і мір”: у школе вы перагортваеце ўсё, апроч кахання, а ў сталым узросце хапаецеся за кожны радок Талстога. Гісторыя пра Чорнага менавіта ў гэтым: да яго трэба дайсці з узростам.

Да таго ж не лішнім будзе пачытаць дзённікі Чорнага – у іх ён апісаў у тым ліку жахі катаванняў у засценках НКУС.

Кніга “Пошукі будучыні” ў інтэрнэт-кнігарні: каля 2 руб.

Кніга “Пошукі будучыні” ў Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна.

Янка Купала, “Тутэйшыя”

Пра што: хрэстаматыйная п;еса пра тое, як дзеля самазахавання чалавек гатовы да поўнай ці частковай мімікрыі. Добрая гэта ці дрэнная рыса, кожны вольны вырашаць самастойна. Але тое, што гэта рыса характару дзеліць беларускую душу па жывым, – факт, даказаны Максімам Гарэцкім у “Дзвюх душах” і замацаваны Купалам у “Тутэйшых”.

Чаму варта прачытаць: каб зразумець саміх сябе.

Кошт у інтэрнэт-кнігарні: каля 2 руб.

Кошт у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна.

Максім Багдановіч, “Вянок”

Пра што: пра тое, як можна змяніць лёс мільёнаў людзей адным-адзіным зборнікам паэзіі.

Дарэчы, пашукайце артыкул пра скандальны любоўны дзённік Багдановіча, які бачылі толькі адзінкі. Кажуць, у ім паэт паўстае зусім “не хлопчыкам, але мужам”.

Чаму варта прачытаць: таму што Максім – гэта лепшае, што здарылася з беларускай літаратурай за шмат-шмат гадоў.

Кошт зборніку вершаў у інтэрнэт-кнігарні: каля 30 руб.

Кошт зборніку вершаў у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна.

Якуб Колас, “Новая зямля”

Пра што: на паверхні гэта раман-паэма пра жыццё беларускай збяднелай шляхты ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Пра жыццё падчас наступу не відавочнай, але адчувальнай катастрофы.

Чаму варта прачытаць: Колас фіксуе і пераасэнсоўвае ключавыя словы (чытай, архетыпы) беларускай культуры, якія прапісаны ў нашым геноме стагоддзямі. “Зямля”, “хата”, “воля”, “хутар”, “асоба” – здаецца, гэтыя моўныя адзінкі дагэтуль уплываюць на нас з вамі. Хочам мы таго ці не.

Кошт у інтэрнэт-кнігарні: каля 2 руб.

Кошт у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна.

Вацлаў Ластоўскі, “Лабірынты”

Пра што: гэту першую беларускую ўтопію Вацлаў Ластоўскі напісаў у 1923 годзе. Ідэю пабудовы ідэальнага грамадства Власт (такі псеўданім быў у пісьменніка, гісторыка і палітыка) звязаў з неабходнасцю захавання нацыянальнай спадчыны і стварэннем арыгінальнай рэлігійнай сістэмы.

Ластоўскі абапіраўся на польскамоўную ўтапічную паэму “Лабірынт, або заблытаная дарога” (1625), аўтару якой свет здаваўся заблытаным лабірынтам, дарогай без выхаду. Герою ж Ластоўскага таямніца лабірынта, які сімвалізуе непарыўную сувязь сённяшніх беларусаў і іх продкаў, становіцца вядомай.

Чаму варта прачытаць: прыгожая проза з элементамі фантастыкі. Дарэчы, ведаеце, што можа дапамагчы герою ў праходжанні Лабірынта? Мудрасць, Любоў і Вера.

Ян Баршчэўскі, “Шляхціц Завальня,
або Беларусь у фантастычных апавяданнях”

Пра што: зборнік фантастычных “прыпавесцей” і навэл у выкананні шляхціца Завальні. Іншымі словамі, гэта жахлівыя гісторыі з міфалагічным і дзе-нідзе філасофскім падтэкстам, якія мы не раім чытаць на ноч. (А калі шчыра, то якраз на ноч мы іх вам і раім чытаць.)

Чаму варта прачытаць: калі вы фанат містыкі і фантастыкі, то вам гэта чытво падасца вельмі незвычайным хоць бы з-за незвычайнага беларускага фону. Калі вы любіце разгадваць розныя рэбусы сімвалістаў-рамантыкаў, кніга таксама прыйдзецца да месца.

Кошт у інтэрнэт-кнігарні: каля 2 руб.

Кошт у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна, калі прачытаць за тры дні.

Адам Глобус, “Толькі не гавары маёй маме”

Пра што: пра першыя эратычныя і сэксуальныя перажыванні хлопчыкаў і мужчын, за якія ніякавата і вельмі сорамна – асабліва калі пра іх даведаецца мама.

Чаму варта прачытаць: Адам Глобус піша выразна, без эківокаў, часта вельмі натуралістычна і часам нават вульгарна. Але гэта сапраўды добра напісаныя тэксты і выдатныя гісторыі, якія на добры лад варта далей хаваць ад дзяцей.

Віктар Марціновіч, “Мова”, “Возера Радасці”

Пра што: “Мова” – фантастычны раман пра тое, як у недалёкай будучыні Мінск і наваколлі ператвараюцца ў кітайскі горад, а тутэйшыя жыхары падсаджваюцца на вельмі моцны сінтэтычны наркотык, які называецца “мова”.

“Возера Радасці” – сумная гісторыя жыцця дачкі беларускага алігарха. Ніякіх “сенсацый і расследаванняў" – проста раман пра тое, як жыццё (не) мяняе чалавека.

Чаму варта прачытаць: без перабольшання, Марціновіч стаў адным з самых прыкметных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Калі профільныя саюзы ўжо даўно не забяспечваюць аўтараў ні папулярнасцю, ні ганарарамі, Марціновіч паставіў сабе на службу толькі велізарны талент і больш-менш умелыя менеджмент з маркетынгам. У выніку Віктар піша сапраўдныя bestsellers – небанальныя гісторыі, якія выдатна чытаюцца і прадаюцца.

Кошт кнігі “Возера Радасці” (па-руску) у інтэрнэт-кнігарні: каля 29 руб.

Кошт кнігі “Возера Радасці” (па-руску) у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна, калі прачытаць за тры дні.

Максім Танк, розныя творы

Пра што: безумоўна, мы гаворым пра больш познюю паэзію, калі Максім Танк куды далей сышоў ад сацрэалізму і стаў пісаць вельмі філасофскія паэтычныя тэксты. Зборнікі 1970–1990-х гадоў – гэта дзіўныя па прыгажосці і глыбіні вершы чалавека, які спазнаў і юнацкі максімалізм, і бессаромную закаханасць, і турму, і вайну, і ўзнагароды.

Чаму варта прачытаць: таму што гэта адзін з самых неацэненых паэтаў краіны.

Святлана Алексіевіч, розныя творы

Пра што: дакументальныя апавяданні пра “савецкага” (ці “чырвонага”) чалавека як пра сацыякультурны феномен, які змяніў найноўшую гісторыю свету і зараз не ведае, як застацца самім сабой. І не разумее, ці трэба заставацца.

Чаму варта прачытаць: давайце шчыра – Святлана Алексіевіч насамрэч не столькі беларуская, колькі “савецкая” пісьменніца. Гэта не спроба выкрыць нобелеўскага генія, патаптаўшыся па святым. Гэта ўсяго толькі спроба падабраць ключ да разумення таго, што і навошта піша Алексіевіч. Так, шмат у чым яна піша пра нас – але часцей за ўсё пра тых, хто застаўся там, у абдымках “імперыі 1/6”, да якой шмат каму з нас ужо проста няма справы.

Любая кніга Святланы Алексіевіч у інтэрнэт-кнігарнях каштуе ад 25 руб.

Любая кніга Святланы Алексіевіч у Мабільнай бібліятэцы МТС каштуе 3 руб., калі прачытаць яе за 15 дзён.

Майсей Кульбак, “Зельманцы”

Пра што: “Зельманцы” (лічыцца лепшым празаічным творам Кульбака) – гэта сотні кароценькіх гісторый пра некалькі гадоў жыцця велізарнай яўрэйскай сям;і, чый продак, рэбе Зелмеле, пакінуў Менску своеасаблівых нашчадкаў.

Кульбак смяецца, здзекуецца, гаруе над героямі, якія ўжо відавочна не ўпісваюцца ў жыццё пострэвалюцыйнай (забіяцкай неафіцкай, але ўсё яшчэ мілай местачковай) сталіцы БССР. Дарэчы, загадку, у якім раёне Менска жылі Зельманцы, вы будзеце спрабаваць разгадаць падчас чытання гэтага шэдэўра. І такі разгадаеце.

Чаму варта прачытаць: крытыкі любяць параўноўваць Кульбака з Шолам-Алейхемам – але з агаворкай: “Натуральна, яны зусім розныя”.

І ў дадзеным выпадку “розныя” не значыць, што Кульбак як пісьменнік менш цікавы, чым Шолам-Алейхем. Наадварот, пачытаўшы гэту кнігу, вы зразумееце, як катастрафічна мала мы ведаем і цэнім беларускую, у тым ліку яўрэйскую, літаратуру. Таму парэкамендуем усім, хто любіць тонкі, цынічны і часам парадаксальны яўрэйскі гумар.

Сяргей Пясецкі, “Запіскі афіцэра Чырвонай арміі

Пра што: кніга напісана ад асобы афіцэра, які ўступіў з Чырвонай арміяй у Вільню, у Заходнюю Беларусь, у 1939 годзе. Спадзеючыся “вызваліць” мясцовых ад панскага прыгнёту, ён сутыкаецца з такім цывілізацыйным чэленджам, пра які яму і думаць страшна. Кніга вельмі іранічная, калі не сказаць злая, у адносінах да таго, што звалася “нашай савецкай радзімай”.

Чаму варта прачытаць: Пясецкі – гэта мадэратар паміж польскай масавай літаратурай і беларускай рэчаіснасцю. Усе кнігі гэтага шпіёна і кантрабандыста (гэта не метафары, а канстатацыя яго біяграфічных дадзеных) карысталіся ў да- і пасляваеннай Польшчы велізарнай папулярнасцю, прытым што напісаны яны былі аб і на беларускім матэрыяле.

Андрэй Мрый, “Запіскі Самсона Самасуя”

Пра што: вельмі смешныя запіскі кіраўніка культаддзела райвыканкама Самсона Самасуя, чалавека недалёкага, але вельмі актыўнага ў грамадскім, культурным і палітычным жыцці. Калі коратка – гэта лагічны працяг “Сабачага сэрца”, толькі без Шарыкава і напісаны на тры гады пазней за аповесць Булгакава.

Савецкая крытыка заклеймавала “Запiскi” як “злосны пасквіль на савецкую рэчаіснасць”, а праз некалькі гадоў Андрэя Шашалевіча арыштавалі.

Чаму варта прачытаць: каб зразумець, што ў нас змянілася за апошнія 90 гадоў.

Алесь Разанаў, розныя творы

Пра што: пра тое, што такое актуальная паэзія сусветнага маштабу на беларускай мове. Вельмі прыгожа, вельмі вобразна і вельмі глыбока.

Чаму варта прачытаць: Алесь Разанаў стаіць у беларускім шорт-лісце на літаратурнага Нобеля. І мы ўпэўненыя, што ён яго атрымае.


 

Уладзімір Караткевіч, “Каласы пад сярпом тваім”,
“Дзікае паляванне караля Стаха”

Пра што: пераказваць хрэстаматыйныя творы Караткевіча – маветон, вядома. Усё, што трэба ведаць пра гэтыя кнігі, – на іх вырасла не адно пакаленне беларусаў. І менавіта дзякуючы гэтым бестсэлерам мы зразумелі, што нічога не ведалі пра сваю гісторыю. Іншае пытанне – што вы з гэтым няведаннем збіраецеся далей рабіць.

Чаму варта прачытаць: менавіта такімі павінны быць кнігі на гістарычную тэму – рамантыка, дэтэктыў, каханне, дабро і зло, якое перамагаюць.

Дарэчы, ёсць легенда, што Уладзімір Сямёнавіч напісаў працяг “Каласоў...”, але кнігу ці то знішчыў сам аўтар, ці то выкралі спецслужбы, інсцэніраваўшы рабаванне, – ад граху далей. І зло там усё-такі перамагло дабро…

Кніга “Каласы пад сярпом тваім” у інтэрнэт-кнігарні: каля 19 руб.

Кніга “Каласы пад сярпом тваім” (па-руску) у Мабільнай бібліятэцы МТС: бясплатна, калі прачытаць за тры дні.

 


 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: google.com.

ЧУП “Лабс Паблисити Груп”, УНП 191760213

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter