Разам з Samsung расказваем вам забытыя і падзабытыя гісторыі з мінскага мінулага. Сёння пагутарылі з журналістам і літаратарам Сяргеем Шапранам пра яго новую кнiгу «Беларускі гістарычны анекдот».
Сяргей Шапран – журналіст і літаратуразнавец. Працаваў у газетах «Имя» і «Белорусская деловая газета». Аўтар двухтомніка «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах». Адшукаў і выдаў невядомыя творы Быкава другой паловы 1950-х гадоў. Аўтар кнігі «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным» і кніг ліставання Барадуліна з Быкавым. Выканаў апошняе жаданне Генадзя Бураўкіна — падрыхтаваў і выдаў яго кнігу паэзіі «Нагаварыцца з зоркамі» за 3 дні да яго смерці.
Зараз да друку рыхтуецца новая кнiга Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот», на выданне якой iдзе збор сродкаў.
Быкаў даў тэлеграму Барадуліну “Уключы тэлефон!”
– Гэтыя анекдоты я пачаў збіраць 15 гадоў таму. І першыя гісторыі пачуў яшчэ ад Рыгора Барадуліна – ён быў бліскучым апавядальнікам, невыпадкова сам напісаў у адным з вершаў: “Любіць час мінулы небыліцы й былі”.
Напрыклад, Барадулін любіў расказваць пра свайго, як ён казаў, “залатога сябра” Уладзіміра Караткевіча. Аднойчы, калі ў Караткевіча дома паставілі тэлефон, яму далі нумар, які раней належаў нейкаму начальніку. Па першым часе дома ў Караткевіча бесперапынна раздаваліся тэлефанаванні: “Фама Фаміч, аплачвайце заказ!”, “Фама Фаміч, чакаем машыну!”
Аднойчы позняй ноччу зноў раздаўся званок: “Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?” – “Так! – зароў Караткевіч. – Абавязкова разгружаць!” Пасля таго тэлефанаванні спыніліся, а Караткевіча сталі зваць Фама Фаміч.
– Але ж, відаць, не адзін толькі Рыгор Барадулін ведаў падобныя гісторыі?
– Безумоўна, не. Напрыклад, ад Васіля Быкава я пачуў гісторыю ўжо пра Барадуліна – пра тое, як ён за савецкім часам асцерагаўся, што праз тэлефон кадэбісты могуць праслухоўваць кватэру, і таму часта адключаў яго.
І аднойчы Быкаў, які не мог дазваніцца сябру, даў тэлеграму: «Рыгор, уключы тэлефон», – Васіль Уладзіміравіч хацеў прапанаваць паехаць разам на рыбалку.
Непераўзыдзеным апавядальнікам быў Генадзь Бураўкін, які вясёлыя гісторыі з жыцця беларускіх літаратараў расказваў, што называецца, у асобах, па-акцёрску паўтараючы нават чужыя галасы, да прыкладу, таго ж Івана Пятровіча Шамякіна. І дагэтуль памятаю, як Генадзь Мікалаевіч у тую сваю апошняю вясну, калі ўжо з ложка не падымаўся (жыць яму заставалася два месяцы), раптам на зусім кароткі час адчуў сябе лепш.
Ён з гумарам апавядаў пра тое, як за савецкім часам прымалі маладых літаратараў у Саюз пісьменнікаў. Генадзь Мікалаевіч расказваў у той красавіцкі вечар гісторыю за гісторыяй, мы смяяліся разам з яго жонкай Юліяй Якаўлеўнай, і сам ён рагатаў разам з намі.
Да таго ж шмат вясёлых і не надта старонак (гістарычныя анекдоты – гэта не абавязкова смешна, тут, як і ў жыцці, камічнае суседнічае з драматычным) – гэта аповеды Святланы Алексіевіч, Янкі Брыля, Уладзіміра Някляева, абодвух Уладзіміраў Арловых – пісьменніка і кінарэжысёра, гісторыка Анатоля Грыцкевіча, кінарэжысёра Ігара Дабралюбава, дыктара беларускага тэлебачання Уладзіміра Шаліхіна ды шмат каго яшчэ. Усяго больш за 500 анекдотаў, героямі якіх сталі больш за 100 асоб.
Як Мінск стаў горадам-героем
Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе, аднак званне горада-героя атрымаў толькі праз 30 гадоў. Ды і тое дзякуючы найперш гучнай публікацыі ўласнага карэспандэнта газеты “Известия” ў Беларусі Мікалая Матукоўскага.
Ужо і Кіеў стаў горадам-героем (у 1965-м), а Мінску званне ўсё не давалі, бо супраць выступалі асобныя члены Палітбюро ЦК КПСС. Пакуль аднойчы да Пятра Машэрава не звярнуўся Матукоўскі:
– Пётр Міронавіч, вы зрабілі для Беларусі вельмі шмат, але не зрабілі аднаго, і гэтага Беларусь ніколі вам не даруе.
Машэраў паглядзеў на Матукоўскага як на вар’ята:
– Што ты маеш на ўвазе?
– Вы не дамагліся для Мінска звання горада-героя.
Машэраў, расхваляваўшыся, забегаў па кабінеце:
– Думаеш, я не спрабаваў гэта зрабіць?! “Зарэзалі”, на Палітбюро “зарэзалі”! Украінцы не хочуць, каб наш Мінск зраўняўся з Кіевам! А я ўсяго толькі кандыдат у члены Палітбюро!
Тады Матукоўскі і прапанаваў напісаць у “Известиях” пра мінскае падполле ў часы Другой Сусветнай вайны, ды так, каб пытанне пра наданне Мінску звання горада-героя паўстала само сабой…
Пасля публікацыі ў “Известиях” дакументальнай аповесці “1100 дней” Мікалая Матукоўскага ў рэдакцыю прыйшло шэсць мяхоў лістоў ад чытачоў з усяго Савецкага Саюза, і ў кожным было пытанне: “Чаму Мінск — не горад-герой?” Калі загадчык аддзела “Известий” патэлефанаваў у ЦК КПСС і запытаўся: “Што рабіць з тымі лістамі – даслаць вам?”, то пачуў у адказ: “Не трэба. У нас столькі ж…”
Між іншым, калі дакументальная аповесць “1100 дней” была напісана, але яшчэ не апублікавана, Машэраў сказаў Матукоўскаму:
– Прасі ўсё, што хочаш.
– У мяне толькі адна просьба: скажыце мне першаму, калі будзе прынята рашэнне.
– Вядома, скажу! — засмяяўся Машэраў.
І слова стрымаў: калі рашэнне пра наданне Мінску звання нарэшце з’явілася, Машэраў папрасіў свайго памочніка патэлефанаваць Матукоўскаму і сказаць толькі два словы: “Усё адбылося”. Матукоўскі тут жа ўзяў шампанскае і паехаў да Генадзя Бураўкіна і Ніла Гілевіча, бо толькі яны сярод яго сяброў ведалі пра гэту гісторыю. Выпiўшы шампанскага, Матукоўскі ўшчэнт разбіў свой келіх. Бураўкін і Гілевіч, пра ўсё здагадаўшыся, зрабілі тое ж самае.
Пра каго можна прачытаць у кнізе?
Але не ўсе гэтыя аповеды пачуты і запісаны мною ад вядомых людзей. Кніга была б няпоўнай, калі б не ўспаміны, дзённікавыя нататкі ці дакументальныя запісы, зробленыя Алесем Адамовічам, Васілём Быкавым, Адамам Мальдзісам, Максімам Танкам, Станіславам Шушкевічам… Справядліва будзе сказаць, што гэта праца шмат у чым калектыўная, як, зрэшты, калектыўнай формай творчасці з’яўляецца любы фальклор. І ў гэтым унікальным шматгалоссі таксама свой подых часу і свая гістарычнасць.
Часам гісторыі для кнігі я збіраў наўпрост з жыцця. Напрыклад, праводзілі мы неяк разам з Рыгорам Барадуліным Васіля Быкава да таксоўкі, і Васіль Уладзіміравіч папрасіў сябра: “Толькі, Рыгор, не прадстаўляй мяне таксісту, бо мінулым разам ты так адрэкамендаваў, што я заплаціў удвая болей”.
Як Ніл Гілевіч біў у дзверы Уладзіміру Караткевічу
Калі Уладзімір Караткевіч пасяліўся ў доме на вуліцы Карла Маркса, сцены якога адразу прызначаліся пад мемарыяльныя шыльды, у госці да яго прыехаў польскі пісьменнік. Як прыгадваў Рыгор Барадулін, былі наладжаны застолле і скокі. Сусед, які жыў пад Караткевічам, патрабуючы творчай цішыні, пачаў грукацца ў дзверы не кулаком, а чамусьці малатком. З таго часу і засталіся на Караткевічавых дзвярах, як алімпійскія кольцы, ямінкі ад малатка.
Тым суседам быў паэт Ніл Гілевіч.
Навошта беларусам такая кніга?
– Гістарычныя анекдоты – гэта своеасаблівыя побытавыя хронікі, часам дакладныя, часам міфалагізаваныя, але заўсёды без афіцыйнага глянцу і ідэалагічных выкрутасаў. Без гістарычных анекдотаў бытапісанне нацыі няпоўнае не толькі таму, што персанажы тут – пераважна асобы, чые імёны практычна ўсім вядомы.
Гістарычныя анекдоты – гэта ў нечым альтэрнатыўная некананізаваная гісторыя, якой няма месца ў падручніках, але адмаўляць яе існаванне бессэнсоўна – гэтыя анекдоты існуюць незалежна ад таго, хочам мы таго ці не.
– У маёй кнізе ёсць таксама гісторыі пра Янку Купалу, Якуба Коласа, дзеда Талаша і Юдаля Пэна – яны вядомы ў запісе Глеба Лабадзенкі ад яўрэйскага паэта Рыгора Рэлеса, які асабіста ведаў Купалу і Коласа. Але такіх анекдотаў, канечне, няшмат. Ведаю, што гістарычныя анекдоты 1920-х гадоў збірае бліскучая даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец. У жанры гістарычнага анекдота працуе і яшчэ адзін наш славуты літаратуразнавец.
Дарэчы, толькі ўчора раптам узгадалася гісторыя, якая, на жаль, у кнігу ўжо не трапіць. Набліжаўся юбілей знакамітай актрысы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зоі Белахвосцік. Ёй тэлефануе маладая журналістка і пытаецца пра інтэрв’ю. Прыма Купалаўскага прызначае месца і час сустрэчы, пасля чаго чуе пытанне: “Скажыце, калі ласка, а як я вас пазнаю?”
Як падтрымаць кнігу анекдотаў?
Новую кнiгу Сяргея Шапрана “Беларускі гістарычны анекдот” можна падтрымаць на “Талацэ”.
Як вядомы археолаг стаў ганаровым “рознарабочым”
1973 год. Стараннямі КДБ была “выкрыта” найбуйнейшая “нацыяналістычная змова”, што дазволіла першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву публічна заявіць: магчымасць нацыяналістычнага адраджэння ліквідавана канчаткова, дзейнасць нацыяналістаў не ўяўляе вялікай пагрозы.
Адзін з актыўных удзельнікаў “нацыяналістычнай змовы” – археолаг Міхась Чарняўскі – пасля шматлікіх допытаў у КДБ звольнены з Інстытута гісторыі Акадэміі навук і не можа працаўладкавацца нават ахоўнікам у Батанічны сад, затое яго ўзялі грузчыкам і рознарабочым на мастацка-вытворчы камбінат (ён, у прыватнасці, усталёўваў велізарныя літары “Подвиг народа бессмертен” на жылым шматпавярховіку на плошчы Перамогі).
Вярнуцца ў інстытут Чарняўскаму дазволілі толькі праз год. Хоць адпускаць з камбіната не хацелі і прапаноўвалі стаць брыгадзірам і ўступіць у партыю, абяцалі кватэру. На камбінаце не ведалі біяграфіі “рознарабочага” Міхася Чарняўскага.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: CityDog.by.
*ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910