Разам з Samsung мы робім рубрыку «Мінск 1067» пра невядомыя і паўзабытыя гісторыі, пра людзей, будынкі і артэфакты, звязаныя са сталіцай.
Плошчы Якуба Коласа, Перамогі, Кастрычніцкая, вуліца Камсамольская і Дом урада – першым скульптарам, які афармляў Мінск пасля вайны, быў Заір Азгур. Пра таго, без каго Мінск выглядаў бы зусім інакш, расказваюць супрацоўнікі музея-майстэрні Азгура – галоўны захавальнік Мікалай Паграноўскі і старшы навуковы супрацоўнік Дзмітрый Міхееў.

НАСАМРЭЧ БЫЎ АЗГУРАМ, А НЕ АЗГУРАМ
– Так, націск у прозвішчы Заіра Ісакавіча на другі склад, – кажа Дзмітрый. – Ён нарадзіўся на Віцебшчыне ў простай сям’і, маці – хатняя гаспадыня, тата – вознік, які вельмі рана памёр. У скульптара яшчэ быў брат, лётчык, які ўсё жыццё правёў у Ленінградзе, і сястра, пра лёс якой нам нічога невядома.
Падчас акупацыі маці Азгура жыўцом закапалі ў зямлю. Сын пра гэта даведаўся ўжо пасля вайны. Калі яго потым пыталіся, чаму ён не з’ехаў у Ізраіль або яшчэ куды, дзе мог бы рэалізавацца лепш, ён казаў: “Я не магу пакінуць зямлю, у якую была закапана мая маці”.
У нас у калекцыі ў асабістых рэчах ёсць бант, які маці павязала яму на шыю, калі ён ехаў паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. У архівах захавалася шмат фота, дзе Азгур на афіцыйных прыёмах у гэтым самым банце.

Ці сапраўды самы вядомы мінскі скульптар вучыўся ў Шагала і перанёс на мінскія вуліцы трохі шагалаўскай манеры?
– Падчас навучання ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме Азгур не вельмі захапляўся тым, чым захапляліся іншыя – Шагал, Малевіч. Ён быў рэалістам. А яго сапраўдным настаўнікам стаў Міхаіл Керзін, скульптар-рэаліст, які прыехаў з Петраграда. Ён пераарыентаваў Азгура з жывапісу на скульптуру.
У Заіра Азгура быў талент да жывапісу. Некалі яго сябар Рабушкін паказаў малюнкі Заіра знакамітаму Юдалю Пэну, і той пазваў хлопца да сябе вучыцца. Мы не ведаем, што было б, калі б Рабушкін гэтага не зрабіў. Мастацкія азы Азгуру далі майстар па дрэве і ганчар, і ў 5 гадоў ён ужо ляпіў цацкі з гліны. Але, можа, так бы і застаўся ў сваім мястэчку, каб не той Рабушкін.

ЗБІРАЎ КАМПРАМАТ НА МІХАІЛА САВІЦКАГА
– Лепшым сябрам Азгура яшчэ з Віцебска быў Кузьма Чорны. Да апошніх дзён ён сябраваў з Янам Скрыганам. Блізкім сябрам быў і Якуб Колас. Калі Азгур быў студэнтам ленінградскай Акадэміі мастацтваў, Колас мог непрыкметна падкласці яму ў паліто пару рублёў. А Янку Купалу Азгур называў сваім духоўным настаўнікам і адказна ставіўся да яго парад.

Многія літаратары лічылі яго сваім сябрам і называлі паэтам у скульптуры.
Азгур напісаў некалькі тамоў мемуараў, з якіх складаецца ўражанне, што ён меў мноства сяброў. А ці былі ў яго ворагі?
– Меў, канечне, ён і ворагаў, – кажа Мікалай Паграноўскі. – Іх ужо няма на свеце, як і Азгура. Галоўным ворагам быў Міхаіл Андрэевіч Савіцкі.
– Можа, не ворагам, а супернікам?
– Не, менавіта ворагам. Міхаіл Андрэевіч быў жорсткі антысеміт. І Заір Ісакавіч абараняўся як мог. На ўсялякіх імпрэзах, з’ездах у іх былі сапраўдныя схваткі. І не толькі на з’ездах, а і ў жыцці.
Азгур нават шукаў кампраматы на Савіцкага, звязаныя з яго творчасцю, абвінавачваў яго ў плагіяце сюжэтаў. Трэба сказаць, што Міхаіл Андрэевіч Савіцкі сапраўды не вельмі ламаў галаву: браў чыйсьці сюжэт, устаўляў у сваю карціну – і гатова.



Вось перайманні з Пятрова-Водкіна, вось з румынскага мастака, венгерскага: узяў у яго твар, трохі павярнуў, а больш у твары нічога не змяніў. А вось партызанская Мадонна: проста ўзяў твор чэшскага фотамастака, пасадзіў нашу беларускую жанчыну замест афрыканскай – і ўсё.
Была такая Клара Калінычава, мастачка дзіцячых кніжак, яна зрабіла вось такое афармленне ў сваёй кніжцы. А ў Міхаіла Андрэевіча быў заказ на дзіцячую кніжку з беларускага выдавецтва, і ён узяў малюнак Калінычавай ды проста перавярнуў. А замест дзяцей намаляваў жабак.

Адкуль карані антысемітызму Савіцкага?
– У некаторых творах знакамітага цыклу “Лічбы на сэрцы” ён наўмысна паказваў яўрэяў не ў лепшых ролях. Ён казаў, што ў канцлагерах менавіта яўрэі былі ў стасунках з лагернай адміністрацыяй. Адсюль яго антысемітызм.
ПАДПІСАЎ ЛІСТ СУПРАЦЬ СВАЙГО НАСТАЎНІКА
– Як Азгур перажыў пасляваенную кампанію антысемітызму?
– Больш-менш спакойна. За выключэннем таго, што яму прыйшлося разбурыць партрэт тэатральнага рэжысёра Міхоэлса. А ў 1994 годзе аднавіць, – расказвае Дзмітрый.

Але пасляваенны час – гэта не толькі антысемітызм, але і кампанія барацьбы з касмапалітызмам. І мінскія скульптары, у тым ліку Азгур, у гэтым касмапалітызме абвінавацілі свайго настаўніка Міхаіла Керзіна, пачынальніка савецкай скульптуры, рэктара мастацкага інстытута.
Керзін вымушаны быў з’ехаць у Ленінград, стаў там загадчыкам кафедры. Так Заір Ісакавіч паўдзельнічаў у кампаніі. Ці то прыйшлося яму падпісаць паперы на свайго настаўніка, ці то ён наўмысна гэта зрабіў – незразумела, цьмяная гісторыя. Але ўсе вучні выступілі супраць свайго настаўніка.
– Здрадзілі яму, – пацвярджае Мікалай Міхайлавіч.
ПЕРАЖЫВАЎ І ПРА РЭПРЭСІІ, І ПРА ЗНОС ПОМНІКА СТАЛІНУ
– Як Азгур, сябра ўсіх мінскіх творцаў, перажыў рэпрэсіі?
– Да вайны Азгур жыў недзе за вакзалам, у адной хаце з іншай сям’ёй. І вось аднойчы на вуліцу заехаў варанок. Усе напружыліся. Але варанок паехаў у суседні дом. І Азгур з суседзямі так усцешыліся, што ўсю ноч на радасцях пілі, – такую гісторыю з мемуараў узгадаў Дзмітрый. – Канечне, усе жылі ў страху тады. Але гэта не перашкодзіла потым зрабіць помнік Сталіну.

– А як скульптар ставіўся да гэтага свайго стварэння?
– Любы мастак як па сваім дзіцяці плача, калі нішчаць яго працу. Ёсць звесткі, што ён назіраў за знішчэннем помніка Сталіну. З’явілася таксама легенда, нібы Азгур уратаваў гузік з помніка. Вядома, гэта толькі легенда.
Па-першае, гэты гузік быў памерам з крышку ад люка, дацягнуць такое ў майстэрню было нерэальна. Па-другое, гузік ніяк не мог адкалоцца: на буйных помніках такія элементы зліваюцца адразу, разам з усім астатнім помнікам.
– Натуральна, ён быў чалавек свайго часу, – уступае Мікалай Міхайлавіч. – Калі распаўся Савецкі Саюз і Камуністычная партыя разам з ім, каля ЦК КПБ (цяперашняй Адміністрацыі прэзідэнта на Маркса) засталіся дзве велізарныя галавы – Леніна і Маркса. Азгур не хацеў, каб яны згубіліся, наняў брыгаду, якая прывезла гэтыя дзве галавы сюды, у майстэрню (для гэтага прыйшлося разабраць частку сценкі). Зараз яны стаяць каля музейнай касы.
АФАРМЛЯЎ ПЛОШЧЫ І МОГІЛКІ
– У мастака звычайна па два адрасы: дзе мастак жыве і дзе стварае (і другі звычайна важнейшы). Першая пасляваенная майстэрня Азгура была на вуліцы Някрасава, у мастацкім камбінаце, там і па сённяшні дзень скульптурныя майстэрні, – кажа Дзмітрый.
– Гэта месца сярод мастакоў чамусьці называлі “Мельніца”, – дадае Мікалай Паграноўскі. – А кватэра Азгура была над кінатэатрам “Цэнтральны”. Аднойчы ён пазваніў Машэраву і сказаў, што больш не будзе займацца скульптурай, бо яму цяжка хадзіць, спускацца па лесвіцы ў доме без ліфта. І Машэраў распарадзіўся, каб яму далі кватэру на Захарава ў доме з ліфтам, дзе ён і жыў да апошніх дзён. А для майстэрні дзяржава пабудавала яму вось гэты будынак, у якім цяпер музей. Азгур не ўтойваў: усё, што зрабіў, збіраецца перадаць дзяржаве.

“Заір Ісакавіч рыхтаваў свой будучы музей. Ён ствараў архіў, захоўваў лісты, тэлеграмы, чарнавікі выступленняў. Ён пра сябе рупіўся, ведаў сабе цану і ведаў, што ён будзе чалавекам, знакамітым і пасля смерці”.
Асноўнае месца працы Азгура – акадэмічныя майстэрні пры Міністэрстве культуры СССР на вуліцы Някрасава. Там цяпер Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. У гэтых майстэрнях вучыліся аспіранты Акадэміі мастацтваў. З графікамі працаваў Георгій Паплаўскі, з жывапісцамі Міхаіл Савіцкі (ён кіраваў усімі майстэрнямі), а скульптараў навучаў Заір Азгур. Самым вядомым вучнем Азгура стаў Уладзімір Жбанаў – аўтар большасці мінскіх скульптур.
– А дзе ў Мінску можна пабачыць скульптуры самога Азгура?

– Гэта плошча Якуба Коласа, плошча Перамогі (усходні рэльеф, бліжэйшы да плошчы Коласа). Гэта таксама Дзяржынскі на Камсамольскай, лётчык Грыцавец на Леніна (некалі гэты помнік стаяў у скверы на месцы Купалы, потым яго перанеслі). Азгур таксама быў старшынёй брыгады мастакоў , якія афармлялі Дом урада. Захаваліся яго барэльефы над уваходам у галоўную залу.
– А найбольш яго прац там, куды людзі нячаста заходзяць, – заўважае Мікалай Міхайлавіч. – На Усходніх могілках ці не кожны пяты помнік вядомым людзям. Ёсць помнікі і на Вайсковых могілках, напрыклад генерал Чыбісаў. Азгур зрабіў вазу для праху Янкі Купалы, якую павінны былі ўсталяваць на магіле, цяпер яна стаіць у музеі Купалы.
– І, канечне, працы Азгура захоўваюцца ў нас, гэта 465 скульптур. Яшчэ больш за дзясятак – у Мастацкім музеі.

– У нас у музеі стаіць партрэт Мадэста Мусаргскага, над якім Азгур працаваў 10 гадоў. І, калі скончыў, развітаўся: “Мадэст Пятровіч, да пабачэння, спадзяюся, больш ніколі з табой не сутыкнуся”. Але, канечне, 10 гадоў – гэта вельмі многа. Звычайна ён працаваў хутка. Наваяць столькі можа толькі вельмі спрактыкаваная рука.

ЗЫЧЛІВЫ, АЛЕ З ЦЯЖКІМ ХАРАКТАРАМ
Мікалай Паграноўскі, будучы галоўным захавальнікам Нацыянальнага мастацкага музея, паспеў папрацаваць з Заірам Азгурам. Якое ўражанне пакінуў скульптар?
– Ён быў чалавек добразычлівы, але з характарам, без характару ў скульптуры не выжывеш. Напрыклад, ён у сябе тут задумаў зрабіць нейкую выставу і папрасіў з Мастацкага музея пэўныя свае творы, якія музей у яго раней набыў. Яму далі 11 ці 12 скульптур.
Выстава праходзіла некалькі месяцаў. А потым ён не захацеў нам іх вяртаць! Я кажу: “Заір Ісакавіч, трэба вярнуць”. А ён кажа: “Гэта мае скульптуры”. Я кажу: “Заір Ісакавіч, вы грошы за гэтыя скульптуры ўжо даўно прагулялі-прапілі, набудавалі дач, гаражоў для сваіх сваякоў, так што вярніце, калі ласка, скульптуры ў музей”. Ён у адказ: “Я вам нічога не вярну”.
Канечне, цяпер я магу ўзгадаць гэта як такую забаўную гісторыю. Тады я вымушаны быў напісаць ліст міністру культуры. Міністр культуры пазваніў Азгуру, а ён адказвае: “Я гэтаму Паграноўскаму не давяраю, ён, кажуць, па аўторках адбівае вушы і насы ў маіх скульптур”. Ну, вы ж разумееце, ніводнага вуха я яшчэ не адбіў, гэта была такая старэчая адмазка.
Мы з міністрам культуры дамовіліся, што больш не будзем Азгура чапаць, бо хадзілі чуткі, што ён збіраецца ўсё завяшчаць дзяржаве. Так і адбылося, і музей вярнуў свае скульптуры без скандалу і боек.

ЗАФІКСАВАЎ У СКУЛЬПТУРЫ ЎСЁ ХХ СТАГОДДЗЕ
– Талент Заіра Азгура прызнавалі ў свеце, – кажа Дзмітрый. – У яго ёсць міжнародныя ўзнагароды: напрыклад, срэбны медаль Французскай акадэміі мастацтваў. Помнікі Азгура стаяць па ўсім свеце. Партрэт Чэрчыля мастацтвазнаўцы лічаць адным з лепшых у іканаграфіі брытанскага прэм’ер-міністра... Азгур быў выключна таленавітым скульптарам, але нарадзіўся ў такой краіне і ў такі час...
– Я бы паасцярогся казаць, што ён скульптар сусветнага ўзроўню, але для Беларусі ён фігура знатная. Нехта называў яго прыстасаванцам, маўляў, Леніна-Сталіна ляпіў, але быў такі час! Нехта з біёлагаў сказаў, што чалавек таксама біялагічная адзінка, і калі ён не будзе мімікрыраваць, прыстасоўвацца, то проста згіне.
Заір Ісакавіч хацеў жыць, працаваць і вымушаны быў мімікрыраваць. Я не магу яго абвінавачваць, не маю маральнага права, – разважае Мікалай Паграноўскі.
– Азгур звяртаўся і да гісторыі, ён стварыў галерэю партрэтаў самых значных беларускіх дзеячаў: Каліноўскага, Багушэвіча, Гусоўскага, – дадае Дзмітрый.
– Што тычыцца далейшых зрухаў наконт гэтай фігуры, то Рэмбранта, напрыклад, праз 300 гадоў сталі ўспрымаць. Можа, пройдзе час, і пра Азгура будуць казаць, што гэта найвялікшы скульптар.

“Азгур стаў родапачынальнікам беларускай скульптуры, да яго ў Беларусі скульптуры не было. Разам з Керзіным, Селіханавым, Глебавым, Бембелем Азгур стварыў тут скульптурную школу”.
Калі вам падабаецца рубрыка «Мінск 1067», рабіце рэпост артыкула і не забывайцеся на хэштэгі #сваё, #SamsungBelarus, #Minsk1067. Дзякуй!
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фото: Citydog.by, azgur.by, wikipedia.org.
*ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910