«Cнегавік, Дзед Мароз і іншая шла*бень». Чаму Мінск часта безгустоўна выглядае на навагоднія святы і што з гэтым рабіць – меркаванне экспертаў

«Cнегавік, Дзед Мароз і іншая шла*бень». Чаму Мінск часта безгустоўна выглядае на навагоднія святы і што...
Хутка ў Мінску з вуліц пачнуць прыбіраць навагоднія ўпрыгажэнні. Нехта ўздыхне з сумам – маўляў, «вось і святы мінулі». А хтосьці – з палёгкай: «Нарэшце прыбяруць гэты трэшак». CityDog.io вырашыў спытаць у экспертаў: тое, як упрыгожваюць сталіцу Беларусі на святы, гэта наогул норм ці безгустоўны кітч?

Хутка ў Мінску з вуліц пачнуць прыбіраць навагоднія ўпрыгажэнні. Нехта ўздыхне з сумам – маўляў, «вось і святы мінулі». А хтосьці – з палёгкай: «Нарэшце прыбяруць гэты трэшак». CityDog.io вырашыў спытаць у экспертаў: тое, як упрыгожваюць сталіцу Беларусі на святы, гэта наогул норм ці безгустоўны кітч?

«Каралеўскі сіні», «парадны залаты»: хто і як упрыгожвае Мінск да свят?

За навагодняе ўпрыгожванне Мінска сёлета (як і ў папярэднія гады) адказвала дзяржаўнае прадпрыемства «Мінскрэклама». Яго прадстаўніца – начальніца аддзела дызайну Таццяна Бугаркова за месяц да свят расказала агенцтву «Минск-Новости», якія «фішкі» прыдумалі ў гэты раз.

Галоўнымі навагоднімі і каляднымі колерамі Новага года – 2024 выбралі насычаны чырвоны, глыбокі зялёны, «каралеўскі сіні», «парадны залаты», «элегантнае срэбра» і снежна-белы. Дызайнеры ставілі акцэнт «на класіку» – россып шароў усіх памераў, матавых і глянцавых, а таксама разьбяных фрэзераваных цацак – зорак і сняжынак. У гэту ж кампанію дадалі ледзяшы, фігурных анёлаў, званочкі і нават летнія валошкі.

Для галоўнай ёлкі, якую па традыцыі змясцілі на Кастрычніцкай плошчы, падрыхтавалі «рознакаляровыя шары, ажурныя фрэзераваныя цацкі і піксельную сетку». Ёлка каля Палаца спорту – «дызайнерская», з «фантазійнай аркай» з агнямі і светлавым шатром, які імітуе зорнае неба.

 

Ёлкі на Кастрычніцкай і ля Палаца спорту.

На плошчы Незалежнасці вырашылі ўсталяваць шэсць гарадскіх ліхтароў і светлавую панэль з навагодняй графікай і ажурнымі ўстаўкамі на шкляным купале ГЦ «Сталіца». А на тэрыторыі перад Белдзяржцыркам ёлка ў рэтра-стылі: па словах Бугарковай, такое афармленне адсылае да другой паловы мінулага стагоддзя. Там цацкі ў выглядзе чароўных персанажаў савецкіх казак і мультфільмаў і гірлянды з чырвоных сцяжкоў.






Мастак: «Дызайнерскія ялінкі – найчасцей плагіят старых замежных праектаў, якія можна танна замовіць у Кітаі»

Па меркаванні беларускага мастака Максіма Восіпава (ён у 2018 годзе быў адным з арганізатараў Каляднага кірмашу ў Верхнім горадзе), святочнае афармленне, «ад якога кроў ідзе з вачэй», – гэта наступствы сістэмных праблем Мінска.

– Што мы маем. Перад любым святам, – тлумачыць Максім, – горад праводзіць тэндар на афармленне горада. Умовы пішуцца такім чынам, каб у ім перамагала адна арганізацыя – «Мінскрэклама». На гэтым прадпрыемстве сядзіць дызайнер – альбо зусім без прафесійнай адукацыі, альбо проста кепскі спецыяліст, які больш нікуды не змог уладкавацца.

Пры поўнай адсутнасці матывацыі ён склейвае з нейкіх кліп-артаў пару візуалаў, якія размазвае на фота мінскіх лакацый. Потым іх раздрукоўваюць, нясуць у аддзел культуры Мінгарвыканкама і падпісваюць.

Звычайна там мае быць ялінка-конус, нейкая фігня з надпісам «З Новым XХXX годам» і асобныя элементы, якія можна прымацаваць на ялінку-конус, павесіць над дарогай альбо паставіць побач: снегавік, сняжынка, Дзед Мароз, якаясь жывёліна і іншая шла*бень першага ўзроўню, намаляваная ў Corel Drаw. Варыянты звычайна адрозніваюцца хіба колерамі. Выбіраюць «самый красочный».

Потым гэта кіслата друкуецца на кіламетрах вінілу і размазваецца па ўсім горадзе. Асобныя быццам удалыя элементы афармлення, напрыклад дызайнерскія ялінкі, найчасцей плагіяцяць са старых замежных праектаў, якія можна танна замовіць у Кітаі.

 

І што цяпер з гэтым рабіць? Адхіліць «Мінскрэкламу» і абвяшчаць сапраўдныя конкурсы на лепшы дызайн

Па-першае, адмовіцца ад уніфікаванага афармлення ўсяго горада ў адным стылі. Горад розны, і кожная яго частка заслугоўвае асобнага падыходу. Няма ніякай карысці ад копіпастаў аднага і таго ж візуалу паўсюль.

Трэба падзяліць Мінск на пляцоўкі, прычым не толькі ў межах цэнтра, але і на раёнах. Пляцоўкі маюць быць падзелены паводле функцыяналу, іх вызначэнне павінна адбывацца па выніку працы з грамадствам, прадстаўнікамі бізнесу і аналізу даных па трафіку.

Па-другое, на кожнай з пляцовак павінны праводзіцца конкурсы. Напрыклад, частку пляцовак можна аддаць бізнесу і зэканоміць гарадскі бюджэт. Багата хто будзе гатовы паставіць нейкую ўнікальную ялінку ці арганізаваць канцэрты проста за права паралельна праводзіць нейкія піяр-акцыі альбо дэгустацыі на пляцоўцы.

Па-трэцяе, па дызайне вялікіх пляцовак маюць праводзіцца конкурсы сярод агенцтваў, індывідуальных дызайнераў і мастакоў альбо нават калабарацыі паміж агенцтвамі, мастакамі і прадакшн-прадпрыемствамі. Для гэтага трэба проста стварыць дакладнае тэхнічнае заданне, абазначыць бюджэт і сабраць прафесійнае журы. Можа быць і проста галасаванне гараджан на адпаведным сайце – абы было празрыста.

І такія конкурсы павінны быць платнымі, бо любая праца мае аплачвацца, асабліва калі ўдзельнікі выконваюць умовы тэхнічнага задання і ўсе праекты рэалістычныя для ажыццяўлення. Гэта стымулюе якасць праектных прапаноў.

Наколькі гэта рэальна ў цяперашніх умовах, гэта іншая справа і іншая размова. Але без сістэмных змяненняў пра густы разважаць неяк недарэчна.

Што пра такі дызайн думае ўрбаністка: «Упрыгажэнні ў Мінску часам сапраўды вельмі сумныя»

– Ад пачатку, – кажа актывістка «Мінскай урбаністычнай платформы», – давайце разгледзім, што, акрамя колеру лямпачак і дызайну канструкцый, уплывае на наша ўспрыманне.

Па-першае, выгляд упрыгажэнняў удзень і ўночы: большасць канструкцый разлічана на захапленне ўначы, а як яны выглядаюць днём, часта не задумваюцца. Часам гэта досыць жудасныя кампазіцыі, якія зусім не нагадваюць адчуванне свята.

Па-другое, упрыгажэнні мусяць улічваць асаблівасці надвор’я. Цяпер нашы зімы – асабліва пад Новы год – выглядаюць не як снежная казка, а хутчэй як ялінка ў лужыне на плітцы. І гэта таксама ўплывае на настрой.

У паўднёвых краінах (напрыклад, у Італіі) не толькі ставяць ялінкі, але і размяшчаюць алеі з ліхтарыкамі, што робіць фрагмент гарадской прасторы вельмі святочным – і снег не патрэбен.

Горад Салерна, Італія.

А часам снег звозяць на нейкую вялікую плошчу і выкарыстоўваюць як месца, дзе могуць гуляць дзеці. Файная часовая пляцоўка! Падладжванне пад надвор’е – вельмі важная частка свята.

Па-трэцяе, памер упрыгожанай прасторы. Ёсць адчуванне, што нашы гарады хочуць часам цалкам заматаць лямпачкамі, каб зрабіць адчуванне свята. Але, на жаль ці на шчасце, нашы гарады не маюць такіх рэсурсаў, і ў выніку ўсё размазваецца на досыць вялікую прастору. Пытанне: навошта?

Другі момант – такія прасторы беларускіх гарадоў, як, напрыклад, плошчы, настолькі вялікія, што, калі ўсталёўваецца адна канструкцыя, яна губляецца ў суадносінах з памерамі самой плошчы. Гэта вельмі ўплывае на ўспрыманне: ёсць адчуванне недаўпрыгожанай прасторы, якая выглядае сумна.

І яшчэ: святочнае ўпрыгажэнне не мае дачынення да дзяржсімволікі і дзяржколераў у кожным дэкаратыўным элеменце.

Што тычыцца дызайну саміх упрыгажэнняў у горадзе – часам яны сапраўды вельмі агідныя ці выглядаюць несучасна. Але таксама варта адзначыць, што за апошнія, скажам, 10 гадоў здарыўся вялікі прагрэс: напрыклад, чаго варты калядны маркет каля Опернага? Праўда, у супрацьвагу застаецца шмат дурных скульптурных кампазіцый.

Што можна было б зрабіць, каб палепшыць сітуацыю?

Першае – пазбавіцца ад манаполіі на гарадскі дызайн. Правядзенне конкурсу на ўпрыгожванне асобных знакавых пляцовак рознымі дызайнерамі можа дапамагчы знайсці новыя рашэнні. Але каб у гэтым удзельнічалі розныя дызайнеры і студыі, варта гэтым людзям даць грашовую ўзнагароду. На жаль, у бюджэце няма такога радка, і вырашыць гэта можна наступным пунктам.

Памяншэнне колькасці пляцовак для ўпрыгожвання горада. Наколькі ўсталяваныя цяпер ёлкі ці іншае ўпрыгожванне, скажам, недзе перад МТЗ створаць святочны настрой замест, умоўна кажучы, 10–15 кропак у горадзе, якія аздоблены больш якасна?

Трэцяе – фірстыль і дызайн-код. Апошні прадугледжвае месцы для размяшчэння шыльдаў, рэкламы і іншых элементаў на будынках. Таксама ў яго можна было б уключыць і правілы размяшчэння ўпрыгажэння вуліц, фасадаў.

Фірмовы стыль горада ці яго брэнд – гэта набор пазнавальных элементаў і ідэй, якія візуальна чытаюцца як жыхарамі, так і гасцямі. Гэтыя дзве рэчы таксама могуць дапамагаць фарміраваць візуальнае аблічча Мінска.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: CityDog.io, Minsknews.by, Media.architecturaldigest.com.

#Минск
поделиться