Наведалі Мінск упершыню? Лавіце 3 цікавыя маршруты, якія пазнаёмяць з горадам за адзін дзень

Пакуль надвор’е яшчэ дазваляе, трэба як мага больш часу праводзіць на вуліцы. CityDog.io склаў тры небанальныя і цікавыя маршруты, якія дапамогуць пазнаёміцца з Мінскам за адзін дзень.

Пакуль надвор’е яшчэ дазваляе, трэба як мага больш часу праводзіць на вуліцы. CityDog.io склаў тры небанальныя і цікавыя маршруты, якія дапамогуць пазнаёміцца з Мінскам за адзін дзень.

Мінск гістарычны

Пакуль даследчыкі і археолагі спрачаюцца паміж сабой, колькі ж насамрэч Мінску гадоў, мы адпраўляемся шпацыраваць па вулачках, дзе гісторыю горада можна ўбачыць ужывую.

Пачынаем з сабора Пятра і Паўла на вуліцы Ракаўскай. Гэта найстарэйшая царква Мінска — будаваць яе пачалі яшчэ ў 1612 годзе. Пасля знаёмства з архітэктурай царквы робім перапынак у кавярні «Кифа», якая адкрылася зусім нядаўна. Мінчане, якія ўжо паспелі яе наведаць, адзначаюць камернасць і ўтульнасць установы.

Працягваем шпацыр уздоўж вуліцы Максіма Багдановіча – убачым і раку Свіслач, і оперны тэатр. Але ідзём далей да дворыкаў Асмалоўкі, каб палюбавацца забудовай 1950-х гадоў. Невялікія ўтульныя домікі, шмат дрэў, а калі пашанцуе, на ганках сустрэнеце коцікаў.

Побач знаходзіцца і завод «Аліварыя». Напрыканцы 1890-х бровар адышоў мінскаму граданачальніку графу Яну Чапскаму, які і ўзвёў каменны будынак. Ёсць магчымасць трапіць унутр «Аліварыі», каб убачыць працэс стварэння піва. Але для гэтага трэба загадзя запісацца на экскурсію.

Пасля завода ідзём у касцёл святога Роха. Дабрацца да яго можна наўпрост па вуліцы Кісялёва, але дарога зойме каля 40 хвілін. Калі ўжо адчуваеце стому, можна скарыстацца грамадскім транспартам.

Касцёл яшчэ ў XIV стагоддзі заснаваў князь Ягайла. Але храм вынішчалі пажары і войны. Свой сучасны выгляд ён набыў у другой палове ХХ стагоддзя. Цяпер тут ладзяць канцэрты арганнай музыкі. Таму аматарам гатычных вайбаў абавязкова трэба наведаць гэты касцёл.

Выходзім з касцёльнага дворыка і за некалькі хвілін дабіраемся да Вайсковых могілак. Сюды мы прыйшлі дзеля таго, каб убачыць пахаванні выбітных беларускіх дзеячаў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дарэчы, тут жа пахаваны і заснавальнік «Песняроў» Уладзімір Мулявін.

Пад фінал экскурсіі выходзім на праспект Незалежнасці. Вуліца як найлепей адлюстроўвае прыклад мінскага архітэктурнага неакласіцызму. Падчас будаўніцтва праспекта ў 1930-х гадах планы былі амбітныя — хацелі, каб атрымаўся «ідэальны савецкі горад».

Завяршаем шпацыр у «Цэнтральным». Гэта месца, якое аб’ядноўвае вакол сябе розныя сацыяльныя слаі, пачынаючы ад былых оперных спевакоў і заканчваючы студэнтамі. Дзе, як не ў «Цэнтральным», знайсці новыя і цікавыя знаёмствы?

Мінск культурны

Шпацыр па Мінску культурным пачынаем з вуліцы Карла Маркса – менавіта тут сканцэнтравана шмат музеяў. Варта звярнуць увагу на літаратурны музей Петруся Броўкі. Яго арганізавалі ў кватэры пісьменніка. Так што падчас наведвання атрымаецца адчуць сапраўдную творчую атмасферу.

Але сам дом на Карла Маркса таксама незвычайны. Яму ўжо больш за 100 гадоў, і раней тут жылі вельмі забяспечаныя людзі. Нават праз гады ў доме захавалася арыгінальная плітка і кованыя парэнчы.

Развітваемся з багемным домам. Але далёка ісці не давядзецца. У гэтым жа квартале знаходзіцца кінатэатр «Піянер». І нават калі ў афішы цікавых фільмаў няма, зазірнуць у «Піянер» варта дзеля дэкаратыўнага пано. Манументальную працу пад назвай «Шчаслівае дзяцінства» ў 1965 годзе стварылі мастакі Іван Ціханаў і Яўген Зайцаў. Выглядае маштабна і яскрава.

Перад наведваннем аднаго з галоўных сімвалаў культурнага Мінска робім невялікі прыпынак у кафэ-бары «Персонажи». Калі пашанцуе, можна трапіць на кінапаказ.

Пасля адпачынку ідзём у Нацыянальны мастацкі музей – дастаткова толькі перайсці дарогу, і мы на месцы. У Мінску музей з’явіўся ў 1957 годзе, а цяпер налічвае самую вялікую калекцыю замежнага мастацтва ў краіне.

Выбіраемся з вуліцы Карла Маркса і крочым у бок Нямігі. Непадалёк ад яе, на вуліцы Герцэна, знаходзіцца галерэя сучаснага беларускага мастацтва. Часам у «ДК» ладзяць імпрэзы — сустрэчы з мастацтвазнаўцамі, перформансы і публічныя лекцыі.

Далей нам трэба дабрацца да Залатой Горкі. Можна пешшу – дарога па праспекце Незалежнасці зойме каля паўгадзіны, – а можна грамадскім транспартам. Усё дзеля Палаца мастацтва. У гэтым музеі беларускія мастакі прэзентуюць свае працы, а акурат цяпер праходзіць штогадовы «Восеньскі салон». Гэта, бадай, адна з самых маштабных выстаў сучаснага беларускага мастацтва.

Пасля Палаца мастацтва каля 20 хвілін ідзём уздоўж вуліцы Першамайскай, каб дабрацца да фінальнай кропкі нашай экскурсіі – музея-майстэрні Заіра Азгура.

Менавіта тут можна паўнавартасна паглыбіцца ў гісторыю ХХ стагоддзя і адначасова падзівіцца розным скульптурам. Калі няма асаблівага жадання гуляць уздоўж гіпсавых прац у адзіноце, можна паўдзельнічаць у івентах. Яны ў музеі ладзяцца рэгулярна.

Мінск тусовачны

На экскурсію па тусовачным Мінску лепш за ўсё адпраўляцца ў пятніцу або суботу. І няхай некаторыя кажуць, што вуліцы горада ўжо страцілі непаўторную атмасферу, адшукаць цікавыя лакацыі ўсё яшчэ можна.

Шпацыр пачынаем з праспекта Незалежнасці. А дакладней, з «Лучшей улицы» – гарадской лакацыі, якая працуе ажно з 12:00. Тут можна не толькі паесці або замовіць кактэйлі, але і паслухаць музыку, паглядзець кіно ці паўдзельнічаць у майстар-класах.

Тусовачныя лакацыі раскіданыя па Мінску, таму без грамадскага транспарту або таксі абысціся будзе складна. Каб з «Лучшей улицы» дабрацца да наступнага пункта – вуліцы Кастрычніцкай, – лепш за ўсё скарыстацца метро.

Але гэта таго варта. Цяпер на Кастрычніцкай людзей не так шмат, як раней. І ўсё ж некаторыя клубы і бары пакуль працуюць. Напрыклад, у будынку былога завода на Кастрычніцкай, 16/3, ёсць адразу некалькі цікавых пунктаў. За тэхна-вечарынкамі адпраўляемся на арт-платформу Modul. А на вячэрнія кінапаказы аўтарскіх фільмаў ідзём у прастору «Манахром». Тут жа працуе бар BackDoor з крафтавым півам і летняй тэрасай.

Калі Кастрычніцкая надакучыла, едзем у новы тусовачны квартал на Кальварыйскай. На жаль, зноў карыстаемся транспартам – дабрацца пешшу будзе складана.

За апошнія гады Кальварыйская стала адной з галоўных вуліц, дзе бурліць начное жыццё. Усё дзякуючы прасторы К21. У бары Аccidental Point ладзяць «гаражныя» вечарынкі з мясцовымі дыджэямі. Івенты праходзяць кожны тыдзень з чацвярга па суботу.

«Разагрэўшыся» у Аccidental Point, адпраўляемся на тусоўку ў «Пролетариjат». Часцей за ўсё тут ладзяць тэхна- і драм-н-бэйс-вечарыны. Выдатны варыянт, калі хочацца танцаваць да самага ранку.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: Aleksej Zaitcev, Unsplash.com.

#Минск #Беларусь
Еще по теме:
13 лучших книг о Минске, которые точно помогут лучше понять наш город. Спойлер: некоторые книжки вот-вот станут библиографическими редкостями
Минск празднует День города – ему вроде бы исполнилось 958 лет. На самом деле он намного старше – почитайте и расскажите другим
Гісторыя
Как станция «Інстытут культуры» связана с крематорием? Почитайте, какие городские легенды хранит минское метро
Гісторыя
поделиться