Мінскае супольства 100 гадоў таму мала чым адрознівалася ад нашага: тыя ж крымінальныя схемы, тая ж прага зарабіць.
ЯК КАСІЛІ АД ВОЙСКА
У 1906 годзе чарговая рэформа арміі Расійскай імперыі скарачае тэрмін вайсковай службы да трох гадоў. Здавалася б: гэта ж табе не 25-гадовы абавязак, які быў раней. Але ўсё адно – у Мінску знаходзілася досыць маладых хлопцаў, якія не надта гарэлі ісці ў царскае войска.
Дзесьці стагоддзе таму ў нашай сталіцы выбухнула гучная справа: паліцыя злавіла цэлую хеўру. Яна рознымі “размавітымі шальмоўствамі вызваляла маладых хлопцаў ад ваеннай службы”. Вядома, і раней самым папулярным сродкам для “адкосу” з’яўлялася наяўнасць якой-небудзь небяспечнай ці рэдкай хваробы. Таксама не бралі ў войска нізкарослых, касавокіх і тых, што заікаліся. Але тут гаворка ішла пра арганізаваную злачынную групоўку. Затрымаўшы хеўру, паліцыя пачала вобыскі і арышты. Выявілася, што група махляроў стварыла цэлую сетку для “адкосу”. У яе апроч Мінска ўваходзілі іншыя губернскія паветы (найбуйнейшая філія месцілася ў Барысаве). Паліцыя пачала трэсці вярхі і ў рэшце рэшт знайшла крайняга – старасту Фердынанда з Плешчаніц.
ПРЫВАТНЫ БАРДЭЛЬ
У 1912 годзе ў Мінску афіцыйна дзейнічала 12 дамоў цярпімасці пад юрысдыкцыяй дзяржаўнага санітарнага кантролю. Але газетныя артыкулы сведчаць: інтымны сэрвіс у нашым горадзе быў значна шырэйшым, шмат у чым дзякуючы закрытым клубам.
Так, ніхто і не падумаў перашкаджаць мінскаму служачаму аднаго з казённа-фінансавых упраўленняў запусціць бардэль… у сябе дома. Авантуру звычайнага маладога кур’ера адразу празвалі ў горадзе "домам распусты і непатрэбства", але ніхто закрываць бардэль не спяшаўся. Казалі, што хітры прадпрымальнік найбольш зацягваў да сябе бедных кабет – кухарак, пакаёвак, жонак старажоў, кандуктараў – і тым самым добра набіваў свае кішэні. Пра тое, як пакаралі сутэнёра, гісторыя ўмоўчвае.
КАРУПЦЫЯ НА МАДЭРНІЗАЦЫІ
Расійская імперыя ніколі не адрознівалася навукова-тэхнічным прагрэсам. А любая мадэрнізацыя ператварался ў банальны распіл грошаў. Так будзе, ёсць і было.
Возьмем Мінск пачатку ХХ стагоддзя. У тутэйшым аддзяленні Лібава-Роменскай чыгункі служачыя, якіх там было каля двухсот чалавек, атрымлівалі па тым часе някепскія заробкі. Але, вядома, хацелася крышачку больш. Таму група чыгуначных службоўцаў скааперавалася і пачала сістэматычна браць хабары за прыняцце на работу і прасоўванне па кар;ернай лесвіцы. Так, нейкага Макарвіча адразу павысілі да “обэр-кандуктара радзівілішскіх брыгад”, а жонцы былога начальніка далі “многа отпускоў”. Здаралася і такое, што з кагосьці маглі ўзяць пэўную суму, але на працу не бралі.
Але аднойчы дамарослыя HR дагуляліся: пра іхнія схемы даведаліся ў Пецярбургу ў Міністэрстве шляхоў зносін Расійскай імперыі. Якое дзеля вырашэння пытання правяло ў Мінску рэвізію праўлення чыгункі. У выніку на некалькіх чыноўнікаў завялі крымінальныя справы. А ў дадатак на час праверак спынілі ім выплату заробкаў. Ад безвыходнасці дробныя служачыя падаліся пазычаць грошы і, такім чынам, папалі на вялікія працэнты.
БУЙНЫЯ РАСТРАТЫ
Лічбавых тэхнічных сродкаў раней не існавала, таму калі чалавек уцякаў, то знайсці яго было вельмі складана. Гэтым часта і карысталіся стомленыя мінскія службоўцы.
Робіш, робіш, не высыпаешся, а грошаў усё роўна не хапае. Менавіта так сто гадоў таму падумаў памочнік бухгалтара акцызнага ўпраўлення Осьвецімскі. Аднойчы ён проста растраціў пяць тысяч казённых грошаў і ўцёк. І гэта пры тым, што звычайны рабочы зарабляў у тыя часы 25 рублёў, чыноўнік сярэдняга класа – каля 60, а настаўнік гімназіі – 85.
Крыху пазней прыкладам Осьвецімскага скарыстаўся мінскі чыноўнік банкаўскай канторы “Стрэмбэрг”. Банкір узяў з касы тры тысячы рублёў і таксама збег.
Фатаздымкі: oldmensk.net, minsk1067.livejournal.com, архіў аўтара.