«Многія бяруць крэдыты, каб аплачваць бальнічныя рахункі». Мінчанка пераехала ў Нью-Ёрк і расказвае пра з’явы з мясцовага жыцця, якія яе ўразілі

«Многія бяруць крэдыты, каб аплачваць бальнічныя рахункі». Мінчанка пераехала ў Нью-Ёрк і расказвае пра ...
У рубрыцы «А ў нас не так» расказваем пра ментальныя, культурныя і побытавая адрозненні беларусаў і жыхароў тых краін, у якія яны пераехалі. На гэты раз – пра асаблівасці жыцця ў Нью-Ёрку.

У рубрыцы «А ў нас не так» расказваем пра ментальныя, культурныя і побытавая адрозненні беларусаў і жыхароў тых краін, у якія яны пераехалі. На гэты раз – пра асаблівасці жыцця ў Нью-Ёрку.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Таша пераехала ў Нью-Ёрк больш за два гады таму і кажа, што прасцей было б скласці спіс таго, чым Беларусь і Амерыка падобныя: пунктаў было б нашмат менш. Аднак вось некалькі фактаў, па якіх краіны (і людзі ў іх) кардынальна адрозніваюцца.

Грамадства: Беларусь – пра беларусаў, ЗША – пра ўвесь астатні свет

– Першае, што трэба зразумець: Беларусь – гэта пэўная культура, традыцыі, менталітэт і г.д. А ЗША – гэта пра ўвесь астатні свет. І Нью-Ёрк асабліва. Нягледзячы на тое, што мой малады чалавек з Малдовы, а мае сябры зараз – гэта беларусы і ўкраінцы, я штодня (па працы і проста ў жыцці) перасякаюся з усім светам. Італьянцы, французы, аўстралійцы, брытанцы, індусы, азіяты – кожны дзень я бачу вось гэта змешванне велізарнай колькасці культур, якія спрабуюць суіснаваць у адной плоскасці.

Кожны дзень ты вучышся прымаць і паважаць кожную асобную культуру, кожнае асобнае меркаванне, кожнае асобнае права на існаванне. Мабыць, гэта самае вялікае адрозненне, з якім ты сутыкаешся, калі прыязджаеш у Штаты. Я б нават сказала, што здараецца культурны шок, калі навокал раптам столькі людзей, на цябе не падобных. І яны ўсе розныя!

Як вынік – у Амерыцы ёсць абсалютна ўсё. У любой сферы тут ёсць свае забаўкі ад кожнай культуры. Мексіканскія рэстараны, азіяцкія кавярні, лацінскія дыскатэкі, рэп-вечарынкі, выставы ўсходніх мастакоў – проста выбіраеш любы напрамак, які падабаецца, і абавязкова знойдзеш кучу ўсяго па гэтай тэматыцы.

Медыцына: «Яна тут каштуе шалёных грошай, але, калі працаваць у гэтай сферы, можна добра зарабляць»

– У Беларусі калі ты не стаматолаг, хірург ці нейкі вельмі важны ўрач, дык твая праца кепска аплачваецца. У Амерыцы дактары – гэта адна з самых высокааплатных прафесій.

Медыцына тут каштуе шалёных грошай, і ўсе, хто хоць неяк звязаны з гэтай сферай, добра зарабляюць. Напрыклад, мая сястра – графічная дызайнерка, працуе на медкампанію. Яе заказы аўтаматычна каштуюць даражэй – проста таму, што яна выконвае іх для медыцыны. Калі ты «прадажнік» і цікавішся, што, каму і як больш выгадна прадаць, пачынай прадаваць медыцынскае абсталяванне – на гэтым можна вельмі добра зарабіць.

У Беларусі ты павінна спачатку адвучыцца некалькі гадоў – і толькі пасля гэтага зможаш стаць медсястрой. Тут жа ты можаш прайсці спецкурс і пайсці працаваць медсястрой у любую медустанову. Нават калі рабіць нейкія базавыя рэчы: збіраць аналізы, ставіць кропельніцу, падрыхтоўваць пацыента да працэдур – ужо можна зарабляць добрыя грошы. У гэтым я бачу плюс, таму што ў цябе больш магчымасцей.

З мінусаў медыцыны ў ЗША – гэта кошты. Яны тут проста вар’яцкія. Я год таму трапіла ў «хуткую» з хворым страўнікам (прычым сама прыехала, машыну не выклікала). У мяне ўзялі некалькі аналізаў, зрабілі УГД, укалолі абязбольвальнае, раніцай пакармілі сняданкам (варанае яйка, ёгурт, садавіна і кава). Увогуле я правяла ў бальніцы 6 гадзін. А потым атрымала тры рахункі на аплату: 700$, 380$ і 1500$ – і гэта ўжо з пакрыццём страхоўкай. Медстрахоўкі тут таксама каштуюць вельмі дорага. Таму пераязджаць у Штаты з праблемамі са здароўем не вельмі добрая ідэя. Выдатна, калі атрымаецца знайсці працу з медстрахоўкай ад работадаўцы. У адваротным выпадку калі нешта раптам адбудзецца, то можна і не расплаціцца. Многія тут нават бяруць крэдыты, каб аплачваць бальнічныя рахункі.

Праца і грошы: «У Амерыцы абсалютна ўсё пра грошы»

– З гэтага, мабыць, трэба было пачаць: у Амерыцы абсалютна ўсё пра грошы. Ёсць нават такі мясцовы жарт: прачнуўся раніцай у Нью-Ёрку – з цябе 35$ (проста за тое, што расплюшчыў тут вочы).

Усе людзі заточаны на грошы. Мала адпачываюць, не бяруць выхадныя, не ходзяць у адпачынкі, а працуюць 24/7 без прерапынку, каб атрымаць поспех. У Беларусі ў людзей неяк заўсёды знаходзіцца магчымасць вольнага часу – сабрацца з сябрамі, кудысьці схадзіць, патусавацца. Тут я такога не назіраю. У Амерыцы гэта выглядае так: у мяне ёсць на цябе паўгадзіны праз тыдзень у сераду ўвечары, мы можам зладзіць пікнік у Цэнтральным парку ці пайсці ў кіно, але далей я пабягу па сваіх справах, і ў наступны раз мы ўбачымся ў лепшым выпадку праз два тыдні. Усе занадта занятыя тым, каб зарабіць грошай і добра ўладкавацца. І без гэтай культуры «багатай працы» ў Штатах нікуды.

Не хачу сказаць, што ў Беларусі мала працуюць, але проста тут гэта адчуваецца асабліва моцна. Мусіць, таму што ў Амерыцы ўсё вельмі дорага і нават базавыя патрабаванні каштуюць нямала.

Зберажэнні: «У Беларусі даводзілася жыць ад заробку да заробку, тут усе адкладаюць»

– У Беларусі часта даводзілася чуць гісторыі пра жыццё ад заробку да заробку – я і сама так жыла. Як бы ты ні планаваў свае выдаткі, адкладаць грошы не атрымлівалася. У Амерыцы ж вельмі развіта культура «збіральніцтва». Тут людзі заўсёды і пры любых абставінах адкладаюць грошы. І гэта не на чорны дзень, а на дом, падарожжы, вучобу дзецям – на што заўгодна. І гэта вельмі развіта.

Чаявыя: пакідаць чаявыя ў Амерыцы прынята заўсёды і ўсюды

– Калі ў Беларусі пакідаць чаявыя прынята ў асноўным ва ўстановах, то ў Амерыцы гэта неад’емная частка культуры. Не важна, ідзеш ты ў рэстаран, на манікюр ці ў цырульню – усюды трэба пакідаць 20% ад чэка, інакш на цябе могуць скоса паглядзець. А яшчэ ў Амерыцы амаль усё абкладаецца падаткам. Так што калі ідзеш у рэстаран, то будзь гатовы заплаціць яшчэ 8% зверху.

Аўташкола: атрымаць правы нашмат прасцей, але ездзіць па Нью-Ёрку страшна

– У мяне быў вельмі цікавы вопыт з аўташколай. У Беларусі ты спачатку доўга вучыш тэорыю, потым займаешся з інструктарам, пасля здаеш унутрышкольны іспыт – і толькі потым ідзеш у ДАІ. У Амерыцы ўсё працуе зусім па-іншаму. Тут ты сам купляеш кнігу з правіламі дарожнага руху ў любой кнігарні. Вучыш правілы самастойна – ніхто над табой не стаіць, усё пад тваю асабістую адказнасць.

Дадаткова трэба толькі праслухаць 6-гадзінную лекцыю пра бяспеку кіравання. Потым у спецыяльнай установе запісваешся на тэст: прыходзіш і здаеш яго на камп’ютары. Калі здаеш, атрымліваеш learner’s permit – спецыяльны дазвол, па якім ты можаш кіраваць аўтамабілем, калі побач сядзіць інструктар або чалавек, у якога ўжо ёсць правы кіроўцы. Далей ты сам шукаеш сабе інструктара, бярэш у яго столькі прыватных урокаў, колькі табе трэба, а потым разам з ім едзеш здаваць іспыт. Для гэтага зноў запісваешся ў спецыяльнай установе на канкрэтны час і дату, прыязджаеш і здаеш. Здаў – атрымліваеш пасведчанне кіроўцы.

Гэта значыць, у Амерыцы гэта ўсё значна хутчэй і прасцей. Па факце ты нават урокі ў інструктара можаш не браць – цябе можа вучыць любы знаёмы, у якога ёсць правы. І, з аднаго боку, гэта плюс. З іншага – вадзіць машыну ў Нью-Ёрку вельмі страшна.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архив героини, unsplash.com.

поделиться