Паўтара тыдні таму мы расказвалі гісторыю мінскай сям’і, якая літаральна ваявала за сваё «нязручнае» дзіця са школай. У адказ на публікацыю наш чытач Сяргей (39) расказаў, як ратаваў сына, з’ехаўшы ў ЗША сем гадоў таму.
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
Як на дзіця навесілі кляймо ў мінскім садку: «Ваш сын праблемны, у першым класе вы гэта зразумееце»
– У Мінску мой сын паспеў пабываць у трох садках. Першы быў самым ідэальным, але потым мы пераехалі ў іншую частку горада, і перадапошні год перад школай сын хадзіў у садок каля станцыі метро «Усход». Установу я б назваў жахлівай: напрыклад, адной з любімых дзіцячых забаў там была «гульня» «пяцёра б’юць аднаго».
Неўзабаве адкрыўся садок-школа па месцы жыхарства, куды мы дзіця і перавялі. Выхавальнікі там былі ўпэўнены, што маё дзіця па змаўчанні павінна іх слухацца. Але сын нікому нічога не павінен у прынцыпе, тым больш мой сын – хлопец з характарам, напорысты: «Бачу мэту, не бачу перашкод».
Неўзабаве дырэктарка пачала расказваць, што ў нас праблемнае дзіця, бо «ў мяне дваццаць гадоў педагагічнага стажу, мне ёсць з чым параўноўваць». Я спрабаваў пераканаць, што трэба выбудоўваць адносіны з дзіцём. Напрыклад, у мяне і раней быў досвед зносін з выхавацелямі, якія казалі: «Хлопчык не павінен біць дзяўчынак». Але ж ніхто нікога біць не павінен, пры чым тут палавыя адрозненні?! Аднойчы дзяўчынка стукнула сына крэслам, але прамахнулася: замест галавы трапіла ў руку. Сына абвінавацілі, што ён «першы пачаў».
Выхавацелі чакалі ад сына паслухмянства, а ён іх надзей не апраўдваў. Тады на яго навесілі кляймо, а мяне пачалі рыхтаваць да школы: «Дзіця праблемнае, і ў першым класе вы гэта адчуеце».
Пераезд у ЗША: аказваецца, тут нельга выбіраць школу
Наш пераезд у Штаты аказаўся раптоўным: мне нечакана прапанавалі там працу. Я перавёз сям’ю ў Пенсільванію, дзе сын пайшоў у першы клас.
Выбіраць школу ў ЗША нельга – ідзеш у тую, да якой адносіцца твой дом. У падатак на нерухомасць уваходзіць і школьны падатак: чым даражэйшыя дамы ў акрузе, тым больш школе перападае. Таму сем’і з дзецьмі выбіраюць месца жыхарства па ўзроўні школы і па ўзроўні свайго дастатку.
Наш сын не ведаў англійскай, таму школьная акруга адправіла яго ў пачатковую школу, да якой мы не адносіліся, але там былі дадатковыя заняткі па мове. Гэта ў тым ліку дапамагае ў сацыялізацыі дзяцей, якія не размаўляюць па-англійску.
За нашым дзіцём кожны будны дзень прыязджаў адмысловы школьны аўтобус. Як аказалася, школа дзейнічае ў інтарэсах дзіцяці.
Як дзіця адаптавалася да амерыканскай школы: «Сын аказаўся хітрым»
Праблемы, якія былі ў апошняй групе мінскага сада, вядома, усплылі. Дзіця парушала асабістыя межы, не бачыла праблемы кагосьці штурхнуць: ён усё гэта бачыў і пераймаў у мінскім асяроддзі. З аднаго асяроддзя ён акунуўся ў зусім іншае, але па звычцы прымяняў правілы асяроддзя першапачатковага пражывання. Плюс няведанне мовы.
Мы два разы былі ў дырэктара, і мяне ўразіла прыязнасць педагогаў. Не было пазіцыі «з дзіцём нешта не так» – настаўнікі задавалі пытанне: «Як мы можам дапамагчы?» Так, у дзіцяці складанасці з мовай, але яму трэба дапамагчы адаптавацца, уліцца ў калектыў.
Для таго каб мова «пайшла» хутчэй, мы прапанавалі напісаць карткі – сын ужо ўмеў чытаць па-руску, – дзе на адным боку будзе зразумелая руская фраза, а на адваротным – яе англійскі варыянт. Але сын аказаўся хітрым: ён паказваў настаўніку картку, той разумеў, што хлопчык хоча сказаць, але, калі настаўнік хацеў адказаць, картку сын яму не даваў. Маўляў, у мяне самога на ўсё ёсць адказы.
Тады мы зрабілі другі набор картак і для настаўніка. Ужо праз два месяцы дзіця адаптавалася, зразумела правілы, знайшло сяброў.
Цяпер сын вучыцца ў сёмым класе, з чацвёртага грае на віяланчэлі, разам з аднакласнікамі атрымлівае прызы на розных конкурсах, удзельнічае ў канцэртах. Аказалася, што ў гэтай школьнай акрузе адна з моцных музычных праграм.
Нядаўна пазнаёміліся з сям’ёй з Расіі, іх дачка таксама пайшла займацца музыкай, яна сказала з захапленнем: «Уяўляеце, яны тут нават інструменты дазваляюць кранаць!»
Як паводзяць сябе амерыканскія настаўнікі: «Яны проста паводзяць сябе прафесійна»
Нам пашанцавала з настаўнікамі, але, па вялікім рахунку, яны проста паводзяць сябе прафесійна, спрабуюць пабудаваць адносіны з кожным вучнем і з бацькамі.
У пачатковых класах два разы на год рабілі сесіі з бацькамі. Гэта аналаг нашага бацькоўскага сходу, але з важным адрозненнем: у нас усе чуюць, каго хваляць, а каго і за што лаюць. Тут інакш: кожнаму з бацькоў устанаўліваюць час, я прыходжу і размаўляю з настаўнікамі тэт-а-тэт пра сваё дзіця. Што добра, а што не вельмі, чую толькі я. Гэта асабістая прастора кожнага, і тут яе не парушаюць.
Мне расказвалі пра яго тэсты, пра вынікі вучобы. Напрыклад, у сына былі праблемы з пісьмовай англійскай, з пераказам. Мы дамовіліся з настаўнікам, што сын чытае кніжку і піша эсэ пра тое, што прачытаў. Дзякуючы гэтаму падцягнулася і пісьмо, і мова, і так мы прывілі дзіцяці любоў да чытання.
Дзяцей тут прынята любіць і песціць. Так, узнікаюць некаторыя перакосы. У выхадцаў з постсавецкіх краін ёсць адчуванне, што ў некаторых тутэйшых дзяцей няма дысцыпліны. Але амерыканцы вельмі любяць прытрымлівацца правіл. Галоўнае – памятаць: твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Тое ж самае тычыцца і правоў. Напрыклад, у школе нельга штурхацца, і за гэтым пільна сочаць.
Калі ў Беларусі настаўнікі могуць нейкія адносіны аддаць на водкуп вучням, то тут ёсць так званы завуч па выхаваўчай рабоце – настаўнік, які працуе з эмоцыямі дзяцей. Калі ў цябе нейкая праблема, то ён умешваецца і дапамагае. Спецыяліст дапамагае дзецям зразумець іх эмоцыі. Да яго хадзіў і мой сын, калі ўзніклі праблемы; яны размаўлялі пра тое, што хлопчык адчувае. Гэта мяне моцна здзівіла: увага да эмоцый і пачуццяў дзіцяці.
«Я злуюся» – чаму? і што далей рабіць з гэтай злосцю? Увесь час ідзе праца з усвядомленасцю дзіцяці, каб яно разумела, што з ім адбываецца. Так спецыяліст дапамог сыну разабрацца з эмоцыямі і рэакцыямі. Агрэсія першым часам узнікала з-за моўнага бар’ера: сын не разумеў, таму і злаваўся.
Чаму яшчэ вучаць у амерыканскай школе
Амерыканцы прытрымліваюцца правіл і гэтаму ж вучаць дзяцей. Вельмі мякка і прыязна нон-стоп нагадваюць аб правілах з дапамогай розных спосабаў. Ёсць і пакаранні. Напрыклад, сядзець у класе пасля школы.
Нельга бегаць на пераменах – для гэтага ёсць спецыяльна адведзеныя месцы, дзе даволі прасторы. Калі дзіця ўпала і паранілася, вам дадуць справаздачу, дзе апішуць кшталту «ваша дзіця ўпала-падрапалася, мы далі яму пластыр».
Калі дзеці пачынаюць дрэнна сябе паводзіць у аўтобусе, кіроўца аўтобуса мае права перасадзіць іх. Калі дзеці працягваюць сябе дрэнна паводзіць, могуць пазбавіцца магчымасці карыстацца школьным аўтобусам. Таму што школа абавязковая, а аўтобус – прывілей.
Тут вучаць дзяцей, як паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях, што рабіць у выпадку булінгу, расказваюць, што гэта і чаму гэта дрэнна. Таксама ўдзяляюць час бяспецы. Тлумачаць дзецям, што даросламу нельга, а што можна.
Змагаюцца са злачынствамі на сексуальнай глебе і крадзяжамі. Гэта самы вялікі страх некаторых выхадцаў з постсавецкай прасторы: «Што гэта за сексуальная асвета? Раптам дзяцей будуць вучыць займацца сексам?» Але «секспрасвет» – гэта пра цела, пра тое, што з ім можна рабіць, а што нельга, што нармальна, а што не. Для кожнага ўзросту свая праграма.
Колькі каштуе вучыцца ў амерыканскай школе
Мы плацім школьны падатак, які ўваходзіць у падатак на нерухомасць, сума залежыць ад кошту дома. Для нас школьны падатак складае некалькі тысяч долараў у год. Дарэчы, прыватны садок для дзяцей да года каштаваў у 2021 годзе прыкладна 1200$ у месяц, пасля года – каля 800–1000$, прыватная школа – каля 900$. Абед у школьнай сталовай – 2-3$ у дзень.
У пачатку навучальнага года настаўнік рассылае спіс неабходнага для вучобы дзіцяці і спіс рэчаў для ахвяраванняў, напрыклад вільготныя сурвэткі, іншыя рэчы. Калі першы абавязковы, то другі не правяраюць. Кожны прыносіць столькі, колькі палічыць дастатковым ці магчымым
Часам школа аб’яўляе збор грошай, звычайна дабрачынны. Аднойчы збіралі на бегавую дарожку каля школы. Дзеці беглі дабрачынны марафон, бацькі данацілі. Мы першы раз нават не зразумелі, што адбываецца: наша дзіця пабегала, павесялілася, выдатна правяло час. За некалькі дабрачынных забегаў школа сабрала 30 тысяч долараў.
Тут ёсць культура дабрачынных ахвяраванняў, і яны не добраахвотна-прымусовыя. Ніхто не будзе потым казаць: «А вось сям’я Сідаравых не здала грошы». Была праграма і па зборы ежы для бедных сем’яў. Хто хоча і можа – нясе, але гэта не абязалаўка. Зборы ёсць, аднак арганізаваны яны зусім па-іншаму.
Як дзіця ставіцца да школы: «Ён не любіць канікулы»
Тут дзеці любяць школу. Гэта не тая сістэма, дзе на цябе ціснуць, а часам і зневажаюць. Гэта месца, дзе весела і цікава. Сын пасля адаптацыі да амерыканскай школы не вельмі любіў канікулы, яму было сумна.
Нядаўна школьнікі пачатковых класаў намалявалі малюнкі – настаўнікі зрабілі выставу, запрасілі бацькоў. Бацькі хадзілі па школе і разглядалі карціны. Школа тут улічвае патрэбы дзяцей. Дзяцей у школе ўспрымаюць маленькімі дарослымі, гэта такія ж людзі.
Я не гавару пра ўсе школы, яны тут таксама розныя. У ЗША ёсць вельмі кепскія школы. Дабрабыт установы залежыць ад дабрабыту бацькоў, буйных прадпрыемстваў і штата. Я расказваю пра наш вопыт. Нам пашанцавала апынуцца ў нашай школьнай акрузе.
На мой погляд, школа – гэта ў першую чаргу настаўнікі. Яны не зарабляюць тут супервялікіх грошай, але атрымліваюць годны заробак і могуць працаваць з задавальненнем. У настаўнікаў тут таксама ёсць правы, іх адстойвае прафсаюз. Магчыма, таму гэта задаволеныя людзі, якія кожную раніцу рады бачыць сваіх вучняў.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Unsplash.com.