«Мяне кінула ў жар, сэрца стала калаціцца – ды мяне проста трэсла!» Разбіраемся, што такое мікрачытынг і як яго ўспрымаюць беларусы

«Мяне кінула ў жар, сэрца стала калаціцца – ды мяне проста трэсла!» Разбіраемся, што такое мікрачытынг і...
З развіццём сацсетак паняцце мікрачытынгу (ці мікрападману) становіцца ўсё больш актуальным. CityDog.io вырашыў разабрацца, што гэта такое, і спытаўся ў беларусаў, што, акрамя фізічнага кантакту, яны ўспрымаюць як здраду.

З развіццём сацсетак паняцце мікрачытынгу (ці мікрападману) становіцца ўсё больш актуальным. CityDog.io вырашыў разабрацца, што гэта такое, і спытаўся ў беларусаў, што, акрамя фізічнага кантакту, яны ўспрымаюць як здраду.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Што такое мікрачытынг?

Тэрмін «мікрачытынг» з’явіўся ад англійскага microcheating, а перакласці яго можна як «мікрападман», «мікраздрада» ці «лёгкая здрада».

Пад мікрачытынгам звычайна разумеюць неадназначныя паводзіны чалавека, які знаходзіцца ў манагамных адносінах; нейкія яго словы ці дзеянні, якія нельга наўпрост назваць здрадай, але можна ўбачыць у іх патэнцыйную пагрозу вернасці.

Напрыклад, гэта могуць быць таемныя перапіскі, рэакцыі на сторыс, дробны падман, захаваныя нюдсы, недагаворванне, зносіны з былымі партнёрамі, флірт, абмеркаванне праблем у бягучых адносінах з іншымі і г. д. Гэта значыць па факце, што ў такіх сітуацыях фізічнай здрады няма. Але, як адзначаюць спецыялісты, эмацыянальная здрада такога роду можа нанесці нават больш шкоды не толькі адносінам, але і асабіста партнёру: у яго можа знізіцца самаацэнка, павысіцца трывожнасць і падазронасць, могуць з’явіцца комплексы і г. д.

Пры гэтым варта разумець, што спіс дзеянняў, якія могуць быць аднесены да мікрачытынгу, у кожнага свой. Таму ў пары важна абмяркоўваць асабістыя межы кожнага партнёра і дамаўляцца, каб кожнаму было камфортна.

А вось што беларускі лічаць мікрачытынгам

На жаль, на наша апытанне ў Instagram адгукнуліся толькі дзяўчаты. Але, хлопцы, матайце на вус.

Вікторыя (33): «Мне мой бойфрэнд казаў, што я поўная, а іншай дзяўчыне рабіў кампліменты»

Вікторыя (33)
 

– Мне адразу ўспамінаецца сітуацыя з адным з маіх былых, які любіў мне паказваць на тое, што я нібыта поўная (хаця насамрэч я такой не была, проста яму падабаліся максімальна хударлявыя).

Аднойчы мы сядзелі ў кампаніі яго сяброў, з якімі яны па маладосці любілі ездзіць адпачываць на мора на нудысцкі пляж. І там была жонка яго сябра, якая, відаць, падыходзіла пад яго стандарты прыгажосці. І калі яны пачалі ўспамінаць тыя часы, мой былы і кажа: «Та-а-ак, усе мы памятаем тую Машыну сукенку ў сетачку!» Усе засмяяліся, а на мяне як цэбар лайна вылілі.

То бок вось ёсць я – чалавек, з якім ты сустракаешся, спіш, праводзіш час, нават кажаш, што кахаеш. Але мне ты навешваеш комплексы, што мая фігура не такая, як табе трэба. А вось ёсць умоўна старонні чалавек, якому ты адвешваеш кампліменты. Гэта было максімальна непрыемна. Настрой сапсаваўся на ўвесь вечар.

Вольга (50): «Я лічу здрадай хлусню»

Вольга (50)
 

– Для мяне здрада – гэта хлусня. Напрыклад, калі чалавек кажа, што на працы, а сам у гэты час з сябрамі. І як быццам бы ўсё нявінна, стандартнай здрады няма, але ніяк інакш я назваць гэта не магу. З’яўляецца недавер, падазрэнне. Падаецца, што блізкі чалавек цябе не разумее.

І наадварот: калі мужчына здрадзіць фізічна па хвіліннай слабасці і больш не будзе працягваць адносіны з гэтай жанчынай, то я не палічу гэта здрадай. Мы ўсе памыляемся. Выдатна, калі ў каго атрымліваецца ідэальнае жыццё, але гэта неабавязкова.

 

Ганна (28): «Агеньчыкі ў сторыс з пасылам пазначыць чыюсьці прывабнасць і сваю зацікаўленасць»

Ганна (28)
 

– Я лічу мікрачытынгам вось гэтыя ўсе агеньчыкі на сторыс і флірт у перапісках. Ну, дакладней, не ўсе запар агеньчыкі, а тыя, што з пасылам пазначыць чыюсьці прывабнасць і сваю зацікаўленасць. То бок здрадай будзе не рэакцыя сама па сабе, а падкат, які за ёй стаіць.

Ні ў адных маіх адносінах канфліктаў на фоне агеньчыкаў не было, але, напрыклад, адзін былы хлопец здрадзіў мне фізічна, калі мы былі разам. Праз некалькі гадоў ён ажаніўся, але да гэтага часу перыядычна то мне, то нашым агульным сяброўкам дасылае агеньчыкі. Я на гэта гляджу як на доказ таго, што ён у гэтым плане не змяніўся і яму складана заставацца манагамным. Спачуваю яго жонцы. Калі б я была на яе месцы і даведалася пра гэта, мне было б непрыемна.

Ульяна (30): «Я адчувала, што муж здрадзіў нашаму каханню, таму што перапісваўся з іншай дзяўчынай»

Ульяна (30)
 

– Мой муж пазнаёміўся на працы з дзяўчынай, якая яму амаль адразу спадабалася. Калі ў яго з’явіўся яе кантакт у тэлеграме, у іх пачалася перапіска і па-за працоўнымі пытаннямі. Менш чым праз месяц яна звольнілася і пераехала ў іншы горад. Але іх перапіска працягвалася і па выніку доўжылася прыкладна год, хаця за гэты час яны ні разу не бачыліся.

Яны размаўлялі амаль кожны дзень, часам стэлефаноўваліся. Наколькі я разумею, перапіска насіла характар і простых зносін, і рамантычнага флірту. Тая дзяўчына таксама была замужам, з дзіцем – то бок ніхто нічога не хаваў, абодва ведалі, што знаходзяцца ў шлюбе. Праблем у бягучых адносінах таксама ні ў аднаго не было.

Як я зразумела, асабістых сустрэч ніхто з іх не шукаў, такі анлайн-фармат рамантыкі абодвух задавольваў. І мой муж, і тая дзяўчына хацелі заставацца ў сваіх сем’ях, маючы такую вось інтрыжку на баку.

Пра ўсё гэта я даведалася ад мужа ў адзін вечар – ён расказаў як нейкую гісторыю з мінулага. А для мяне гэта здрада. Эмацыянальная здрада, якая вельмі раніць і разбівае сэрца. Такая форма здрады, пры якой адзін з партнёраў прымае рашэнне закрываць свае адсутныя патрэбнасці на баку замест таго, каб працаваць над бягучымі адносінамі.

Адносіны ў нас, на жаль, сапсаваліся. Я адчувала, што муж здрадзіў нашаму каханню. Я заўсёды лічыла яго хоць і не самым лепшым мужчынам на свеце, але самым лепшым асабіста для мяне – са сваімі добрымі якасцямі і недахопамі. Мы спрабавалі будаваць сваё каханне насычаным, глыбокім, гарачым, цікавым. Але, відаць, не атрымалася. У мяне ўжо няма ранейшага ўзроўню даверу, мая душа разбітая – у тым ліку з-за таго, што ён так доўга і часта быў у гэтай перапісцы.

На жаль, мае спробы схадзіць на сумесную тэрапію не ўвянчаліся поспехам – ён не хоча. Паспрабаваў схадзіць адзін – не спадабаўся псіхолаг, больш не хадзіў. А я цяпер у тэрапіі, мне вельмі дапамагае.

Алена (30): «Мяне кінула ў жар, сэрца стала калаціцца – ды мяне проста трэсла»

Алена (30)
 

– У пачатку адносін, калі мой (цяпер ужо былы) хлопец быў яшчэ не вельмі сур’ёзны да мяне, ён казаў, што можа мець зносіны і бачыцца з іншымі дзяўчынамі – маўляў, ён з імі не спіць і не заціскаецца, таму нічога такога ў гэтым няма. Я адразу пазначыла, што для мяне так ненармальна, таму ў такім выпадку нам лепш спыніць зносіны. У адказ ён сказаў, што разумее маю пазіцыю, таму «ок, іншых дзяўчат не будзе».

Праз нейкі час ён пачаў шарыцца па маіх чатах у сацсетках. Казаў, што праграміст, таму лёгка ўзламаў усе паролі. Я спачатку паверыла, а потым даведалася, што ён за «праграміст»: калі мяне не было дома, ён проста адкрываў мой ноўтбук і чытаў там усё, што хацеў.

Аднойчы мы з ім палаяліся, ён з’ехаў на вечарынку, а я таксама вырашыла адкрыць яго камп’ютар у адплату – хоць раней ніколі так не рабіла. І знайшла там некалькі цікавых перапісак. Думаю, большасць ён выдаліў, але сёе-тое я ўсё ж такі ўбачыла.

Напрыклад, у адным чаце ён кожны дзень пісаў дзяўчыне, якая на той час была ў Кітаі, з такім пасылам, што яны нібыта сустракаюцца і ён чакае яе вяртання: «добрай раніцы», «што робіш?», «скінь фоткі» і гэтак далей. Аднойчы тая дзяўчына напісала, што бачыла ў яго сторыс іншую (то бок мяне), на што ён адказаў, што гэта проста знаёмая, з якой яны весяліліся ў барах.

У іншым чаце ён перапісваўся з дзяўчынай, якая нібыта сама падышла да яго пазнаёміцца ў тралейбусе і першая зрабіла яму камплімент, што ён добра апрануты. І, паводле яго слоў, калі ён выйшаў з транспарту, напісаў ёй, што яна таксама прыгожая, растлумачыўшы гэта тым, што ён чалавек такі, не можа не адказаць узаемнасцю.

А яшчэ ў адным чаце ён перапісваўся з барменкай з аднаго бара, куды любіў хадзіць, і нават запрашаў яе дадому «павесяліцца». А калі яна спыталася пра мяне (бо мы прыходзілі туды і разам), адказаў, што гэта проста левая дзяўчына і ў нас нічога сур’ёзнага.

Калі я ўбачыла ўсе гэтыя перапіскі, мяне кінула ў жар, сэрца стала калаціцца – ды мяне проста трэсла. Я зразумела, што мне здрадзілі, падманулі, выкарыстоўвалі. Я адразу стала пісаць яму гнеўныя паведамленні са скрынамі з гэтых чатаў і выставіла ўсе яго рэчы за дзверы. На наступны дзень ён пачаў тэлефанаваць і спрабаваць вытлумачыцца. Сказаў, што гэта ўсё ад нуды і несур’ёзна, нібыта яму проста бывае сумна і ён па прыколе вось так тузае дзевак.

На жаль, на той момант мне аказалася прасцей паверыць яму і дараваць, чым расстацца. Пазней, калі я часам пра гэта ўспамінала, ён адразу спыняў – маўляў, мы ўжо ўсё высветлілі. Хаця мая інтуіцыя адчувала, што гэта ўсё няпраўда.

Тым не менш з майго боку на нашы адносіны гэтая сітуацыя глабальна не паўплывала. Хіба што трывожнасці стала больш.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

поделиться