Люди, истории Подкасты
CityDog.io

«Мне ўжо 35, маладосць прайшла». Стоп! А як доўга можна лічыць сябе маладым? А што адбываецца з паняццем «маладосць»? Разабраліся з сацыёлагам

«Мне ўжо 35, маладосць прайшла». Стоп! А як доўга можна лічыць сябе маладым? А што адбываецца з паняццем...
Заўважылі, як моцна размыліся ўзроставыя рамкі за апошнія гады? Мы пагаварылі з эксперткай, каб разабрацца, што адбываецца з паняццем «маладосць», ці павялічыўся гэты перыяд і каго зараз можна лічыць маладым. CityDog.io пагутарыў с магістаркай сацыялогіі Анастасіяй Радзівонавай.

Заўважылі, як моцна размыліся ўзроставыя рамкі за апошнія гады? Мы пагаварылі з эксперткай, каб разабрацца, што адбываецца з паняццем «маладосць», ці павялічыўся гэты перыяд і каго зараз можна лічыць маладым. CityDog.io пагутарыў с магістаркай сацыялогіі Анастасіяй Радзівонавай.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Чаму маладосць працягваецца даўжэй: «Усе грамадствы імкліва старэюць – а значыць, нормы таго, што лічыць маладосцю, будуць вельмі ссоўвацца»

Анастасія Радзівонава

магістарка сацыялогіі

– Да якога ўзросту чалавек лічыцца маладым? Хто ўвогуле вызначае гэтыя лічбы?

– Узроставыя катэгорыі вызначаюцца па розных крытэрыях, і ў кожнай дзяржавы ёсць свае прынцыпы, на якія яны пры вызначэнні гэтых рамак абапіраюцца. Напрыклад, у Беларусі, паводле звестак 2021 года, моладдзю лічацца грамадзяне, якія не дасягнулі 31 года. А ў Расіі – людзі да 35 гадоў. Такім жа чынам па розных крытэрыях класіфікуецца і ўзрост старасці.

Калі дзяржавы вызначаюць гэтыя паказчыкі, яны менш за ўсё глядзяць на нейкія філасофскія ці псіхалагічныя пытанні. Часцей за ўсё вырашальнымі аспектамі становяцца эканоміка і статыстыка.

У тэорыі гэтыя рамкі створаны для таго, каб вызначыць, якія дзеянні дзяржавы і знешнія кантралёры (напрыклад, міжнародныя арганізацыі) могуць і павінны рабіць у адносінах да пэўных катэгорый грамадзян, як падтрымліваць іх і абараняць.

Тым не менш ёсць дзве сусветныя арганізацыі, на статыстычныя параметры якіх у гэтым пытанні абапіраецца амаль кожная краіна, – гэта СААЗ і ААН. Традыцыйна людзі да 14 гадоў лічацца дзецьмі, з 14 да 18 – падлеткамі, а моладдзю – ад 18 да 25 гадоў. З нядаўніх часоў з’явіўся яшчэ тэрмін young adult – малады дарослы. І ў гэту катэгорыю трапляюць усе, чый узрост ад 25 да 35 гадоў. На сярэдні ж узрост прыпадае перыяд з 44 да 60 гадоў.

– А якія паказчыкі, акрамя статыстычных, вызначаюць узрост?

– Гэта шматграннае паняцце, і на яго ўплываюць не толькі сацыялагічныя фактары, але і фізіялагічныя, эканамічныя і нават гістарычныя.

Напрыклад, ёсць традыцыі, якія склаліся гістарычна, калі чалавек ідзе ў школу, пачынае працаваць, бярэ шлюб – і гэтак далей. Ёсць і біялагічныя крытэрыі, якія вызначаюць, да якога моманту арганізм чалавека расце, з якога знаходзіцца ў спакойным стане, а з якога пачынае зніжаць сваю актыўнасць. Усё гэта таксама вызначае ўзрост.

– Уявім, што чалавеку 50 гадоў, але ён мае выдатнае здароўе, усё яшчэ вучыцца ва ўніверсітэце, не замужам ці не жанаты, без дзяцей. Увогуле па ўсіх крытэрыях пачуваецца максімальна маладым. Да якой катэгорыі ў такім разе яму сябе аднесці?

– Нават па афіцыйных статыстычных даных чалавека ў 50 гадоў мы ніяк не можам назваць старым. Калі з 25 да 35 у нас працякае маладая даросласць (young adulthood), то далей надыходзіць проста сталасць, сярэдні ўзрост якой доўжыцца да 60 гадоў, – і наш патэнцыйны герой ці гераіня цалкам можа прылічыць сябе да гэтай катэгорыі.

Тая ж СААЗ адносіць да пажылых людзей тых, чый узрост перавышае 60. Для ААН гэты паказчык наогул 65. Ды і сама старасць зараз дзеліцца на тры этапы: ад 60 да 70 гадоў – гэта пажылы ўзрост, ад 70 да 90 гадоў – старэчы, і толькі тых, хто старэйшы за 90, называюць старымі.

Хоць мы з вамі разумеем, што варта выбіраць больш тактоўную тэрміналогію, і таму з’яўляюцца такія новыя выразы, як «трэці ўзрост», «залаты ўзрост», «срэбная эканоміка» і гэтак далей – для таго каб людзі ў гэтых катэгорыях не адчувалі на сабе ціск стэрэатыпаў.

Наогул усе грамадствы, а асабліва развітыя і якія развіваюцца, імкліва старэюць – гэта сусветны трэнд, вельмі ўстойлівы і стабільны. У 2019 годзе, напрыклад, сярэдні ўзрост па 27 краінах ЕС быў 43,7 года – гэта партрэт сярэднестатыстычнага еўрапейца. А да 2050 года кожнаму шостаму чалавеку на планеце будзе больш за 65 гадоў.

А значыць, нормы таго, што лічыць маладосцю, будуць вельмі ссоўвацца. І маладым чалавек цалкам можа лічыцца, пакуль ён эканамічна і сацыяльна актыўны.

Гаворачы пра ўзрост, мы звычайна маем на ўвазе толькі каляндарныя характарыстыкі, так званы біялагічны ўзрост. Але сапраўды ёсць і разуменне псіхалагічнага ўзросту – і ён у наш час часам мае большае значэнне, чым лічбы ў пашпарце.

Паглядзім на гэта, напрыклад, праз прызму стварэння традыцыйнай нуклеарнай сям’і (гэта значыць сям’і, якая складаецца з бацькоў (аднаго з бацькоў) і дзяцей альбо толькі з мужа і жонкі. – Рэд.). Узрост, у якім людзі бяруць шлюб і заводзяць першае дзіця, сапраўды некалькі змяніўся. У краінах Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і Беларусь, зараз ён набліжаецца да 30. Для параўнання, у сярэдзіне 20-га стагоддзя гэты ўзрост быў ледзь за 20.

– Гэта значыць, можна выказаць здагадку, што з гадамі людзі будуць яшчэ пазней браць шлюб, нараджаць першае дзіця і, адпаведна, яшчэ даўжэй лічыць сябе маладымі бацькамі?

– Мне здаецца, мы можам казаць пра гэта з адноснай доляй упэўненасці.

Вядома, важным застанецца фактар фертыльнасці. Але дзякуючы сучаснай медыцыне ўзрост, у якім можна зачаць дзіця, усё павялічваецца – так што магчымасць мець дзяцей ёсць у людзей самых розных узроставых груп.

Чаму людзі так не хочуць старэць: «У свеце ўсё яшчэ вельмі моцны культ маладосці»

– Дарэчы, пра медыцыну і тэхналогіі ў цэлым. Наколькі на тое, што маладосць зараз працягваецца даўжэй, паўплывала развіццё гэтых сфер?

– Гэта паўплывала наўпрост, асабліва ў развітых краінах. Па-першае, людзі атрымліваюць шырокі доступ да больш якаснай медыцыны, і гэта дазваляе даўжэй захоўваць актыўны перыяд жыцця і старэць пазней, даўжэй купіраваць хранічныя захворванні і спраўляцца з пагрозамі накшталт голаду, эпідэмій і войнаў.

Вядома, ёсць пэўныя непазбежныя біялагічныя фактары – напрыклад, старэнне клетак. І да пажылога ўзросту часта актывізуюцца захворванні, звязаныя з гэтымі працэсамі, тая ж хвароба Альцгеймера. Але сучасная медыцына можа адносна запаволіць і гэта.

Па-другое, калі мы гаворым пра тэхналогіі, нельга не згадаць і тое, як яны паўплывалі на адукацыю. Існуе назіранне, паводле якога чым больш грамадства адукаванае, тым пазней людзі ўступаюць у шлюб, заводзяць дзяцей, уваходзяць у фазу прафесійнай актыўнасці і пазней выходзяць на пенсію. Груба кажучы, чым больш мы багатыя і развітыя – тым даўжэй мы жывём і тым больш актыўныя ў свае сталыя гады.

– Чаму нягледзячы на тое, што маладосць як быццам працягваецца даўжэй, у грамадстве да гэтага часу стаіць праблема эйджызму?

– На жаль, гэта пакуль яшчэ мае месца для многіх грамадстваў, дзе доля старэйшага ўзроставага насельніцтва расце. Устойлівасць эйджызму часта звязана з культурай мыслення, дзе старэнне разглядаецца праз негатыўную прызму – як быццам гэта пагроза для дабрабыту дзяржавы і цяжар для моладзі.

Але рэальнасць мяняецца, і нам давядзецца прыняць, што людзі, якіх яшчэ 20 гадоў таму лічылі пажылымі, цяпер усё яшчэ актыўныя члены грамадства. Яны здольныя перавучвацца, адпавядаюць тэндэнцыі lifelong learning, і гэта дазваляе ім асвойваць актуальныя прафесіі і не выпадаць з эканомікі – тым самым яшчэ доўга быць актыўнай часткай грамадства.

Не так даўно эксперты ААН звярнулі ўвагу, што ўвогуле няма нічога страшнага ў старэнні насельніцтва, і гэта становіцца пагрозай толькі тады, калі сацыяльныя інстытуты не рыхтуюцца і не прыстасоўваюцца да гэтага. Менавіта тады і з’яўляецца эйджызм і іншыя праблемы, якія асабліва моцна закранаюць людзей падчас гуманітарных крызісаў.

Таму задача нармальнай дзяржавы – ствараць магчымасці для людзей усіх узростаў, якія дазволяць ім больш актыўна ўключацца і ў эканамічную, і ў сацыяльную сферы. Немагчыма ж выключаць людзей, якія неўзабаве складуць чвэрць сусветнай папуляцыі.

Як правіла, тут мы з глыбокай павагай глядзім на скандынаўскія краіны. Там сярэдні ўзрост выхаду на пенсію – 65 гадоў. Але тут можна трапіць у пастку, калі здаецца, што калі мы таксама хутка павысім пенсіённы ўзрост у нашым рэгіёне, то прынясём неадкладную карысць для эканомікі.

На самой справе гэта няхуткі працэс, і нават калі такі пераход фактычна адбыўся, то не заўсёды гэта пацягне за сабой выкараненне ўзроставай дыскрымінацыі. У цэлым павышэнне пенсійнага ўзросту павінна быць шматступеньчатым і збалансаваным працэсам, ды і наогул гэта пытанне выклікае вельмі шмат дыскусій.

Чаму ў скандынаваў атрымалася? Таму што ў іх у прынцыпе вельмі развіты сацыяльныя інстытуты і механізмы на ўсіх этапах, што дазваляе падыходзіць да сталага ўзросту без страху быць выключаным з грамадства і пазбавіцца звыклай якасці жыцця.

Калі вярнуцца да дыскрымінацыі, яна здараецца і таму, што ў свеце ўсё яшчэ вельмі моцны культ маладосці – а з-за гэтага людзі складаней перабудоўваюцца да роўнага стаўлення да даросласці і старасці.

Але трэба заўважыць, што грамадства становіцца ўсё больш адчувальным да любых формаў праяўлення эйджызму – як для малодшых, так і для старэйшых катэгорый. І мы ўсё больш глядзім на прафесійныя і чалавечыя якасці, а не на лічбу ў пашпарце.

Ці можна наогул пазбавіцца ад узроставых рамак: «Строгія алгарытмы пачалі разбурацца»

– Усё часцей можна заўважыць, як людзі ў 25, 30, 35 гадоў да гэтага часу не ведаюць «кім хочуць стаць, калі вырастуць», чым хочуць займацца і ў чым іх пакліканне. Наколькі размыццё часовых рамак маладосці тут грае з намі злы жарт? Бо на многіх такі груз адказнасці маральна вельмі цісне.

– Гэта тэндэнцыя, якая будзе развівацца, і, на мой погляд, нічога страшнага ў ёй няма. Проста цяпер свет дазваляе чалавеку крыху пазней уступаць у працэсы, якія патрабуюць ад яго яркага самавызначэння.

Калі раней прафесія была выбарам на ўсё жыццё і так было прынята ў грамадстве, то зараз мы разумеем, што ў нас больш часу, таму навошта спяшацца?

Ёсць і яшчэ адзін фактар: з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны і да пачатку пандэміі свет не ўзрушвалі такія маштабныя трагедыі (за некаторымі драматычнымі выключэннямі апошніх перыядаў). Так што некалькі пакаленняў паспелі назапасіць пэўны сацыяльны і эканамічны капітал.

У бацькоў большасці сучасных маладых людзей, як і ў многіх з іх саміх, ёсць жыллё і нейкія зберажэнні – і ў цэлым людзі досыць доўгі час адчувалі сябе бяспечна і цалкам упэўнена. А гэта азначала, што калі ты працягнеш вучыцца і шукаць сябе, то не акажашся ў сітуацыі, калі табе няма чаго есці.

Ды і з часам на нас усё менш сталі ціснуць сацыяльныя нормы. Вядома, усё яшчэ можна пачуць: «Ты што, у 25 гадоў яшчэ адукацыю атрымліваеш? Я вось у тваім узросце ўжо другога нараджала». Але, на шчасце, цяпер такія размовы сустракаюцца ўсё радзей.

Грамадская думка стала ціснуць з меншай інтэнсіўнасцю, пачалі разбурацца строгія алгарытмы і выразныя тэрміны для стварэння сям’і, для выхаду на працу і дасягненні прафесійнага піку. А значыць, у людзей з’явілася больш часу на самарэалізацыю – і гэта добрая навіна.

– А ці можам мы ў перспектыве наогул пазбавіцца ад грамадскіх рамак і стэрэатыпаў, калі ўзрост ператворыцца проста ў лічбу ў пашпарце? Ці гэта ўтопія і нейкі падзел будзе з намі заўсёды?

– Узрост так ці інакш будзе важным фактарам для таго, каб забяспечваць абарону і правы дзяцей і пажылых людзей, таму што калі ты эканамічна выключаны, а тваё цела і мозг яшчэ ці ўжо не могуць сябе абслугоўваць, то павінны быць нейкія механізмы, якія дапамагаюць якасна пражыць адведзены час. Таму нейкія ўзроставыя рамкі будуць і далей неабходныя грамадству.

Іншае пытанне, што стане з дыстанцыяй паміж гэтымі катэгорыямі. Думаю, у хуткім часе ў любым узросце ад маладосці і да біялагічнай старасці ўсе мы будзем мець практычна аднолькавыя шанцы на рэалізацыю і дабрабыт, што дазволіць нам пражываць больш якаснае і насычанае жыццё.

Ці застанецца ўзрост важным фактарам? Безумоўна. Але, хутчэй за ўсё, мы будзем глядзець на яго не як на нейкае абмежаванне, а проста як на факт.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com, архив героини.

#Вильнюс
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter