Найлепшыя кнігі з карцінкамі пра Мінск

Найлепшыя кнігі з карцінкамі пра Мінск
Якім быў кінатэатр, што планавалі пабудаваць на месцы Чырвонага касцёла; як бы на GoogleMap выглядала рэчышча ракі Няміга; чаму ў Менску да вайны было забаронена фотаць. CityDog.by адшукаў на паліцах букіністаў самыя цікавыя альбомы пра сталіцу.

Якім быў кінатэатр, што планавалі пабудаваць на месцы Чырвонага касцёла; як бы на GoogleMap выглядала рэчышча ракі Няміга; чаму ў Менску да вайны было забаронена фотаць. CityDog.by адшукаў на паліцах букіністаў самыя цікавыя альбомы пра сталіцу.

Яшчэ 5-7 гадоў таму букіністы ламіліся ад кніг пра сталіцу. Зараз ад пытання «А ці ёсць у вас кнігі пра Мінск?» прадавачкі хапаюцца за галаву, маўляў, калі гэта скончыцца! Мінчукі прагнуць гісторый пра родны горад. І ў першую чаргу гісторый з карцінкамі.

Мы вырашылі скласці невялікі гід па кнігах – а фактычна, па фотаальбомах, – дзе галоўным героем будзе Мінск. Ну, ці Менск – усё залежыць ад эпохі. Расставілі, так бы мовіць, букіністычныя арыенціры.

 

Мінск. Стары і новы. Аўтар-складальнік Уладзімір Валажынскі

Мінск, «Харвест», 2006.

Калі блогеры абмяркоўваюць, з якой кнігі варта пачынаць вывучаць гісторыю Мінска, спіс звычайна ўзначальваюць бестселер Захара Шыбекі «Минскъ сто гадоў таму» (2007, прадаецца ў кнігарнях) альбо «Мінск. Стары і новы» Уладзіміра Валажынскага.

Пра што: кніга Валажынскага як лемантар для тых, каго цікавіць гісторыя сталіцы. Шмат карцінак, просты, але цікавы тэкст. Ясна, што ад такой трэшовай вокладкі не чакаеш нічога добрага, але варта пагартаць фаліянт – вы адурэеце ад нечаканасці. Уявіце: GoogleMap пра Менск X-ХХ стагоддзяў, са спісам вуліц, падрабязнай гістарычнай даведкай і такімі-сякімі гісторыямі пра кожны раён сталіцы.

Гэтая кніга як гульня: на адной старонцы вуліца выглядае так, перагарнуў – у тым жа ракурсе яна выглядае зусім па-іншаму. Ну напрыклад, на гэтай старонцы бачна, дзе цякла Няміга, як атачала менскі дзядзінец і ўлівалася ў вірлівую Свіслач. А вось на гэтай – гоп! – дзядзінца як і не было: прывітанне, «мадэрнізацыя сталіцы БССР», і да пабачэння, тысячагадовы пласт гісторыі старажытнага горада.

Рэзюмэ: для песімістаў гэтая кніга як пакрокавая эпітафія «гораду, які збаёдалі», для аптымістаў – ілюстраваны доказ: усё, што ў Мінску не робяць, да лепшага.

Дзе набыць: у кнігарнях горада.

 

 

Минск. Послевоенный опыт реконструкции и развития. Коллектив авторов

Масква, «Издательство литературы по строительству», 1966.

Кніга, напісаная мінскімі архітэктарамі, была выдадзеная да 50-годдзя Вялікага кастрычніка. Адпаведны і яе пафас: вось так мы будавалі Горад Сонца!

Пра што. «Минск сегодня весь в строительных лесах, в созидательном устремлении в прекрасное будущее» – за паўстагоддзі мантры ў сталічных горадабудаўнікоў фактычна не змяніліся. У 1960-ых кніга мусіла засведчыць прагрэсіўнасць і юнацкую ўпартасць беларускай савецкай архітэктуры. Зараз яна ўспрымаецца як старадаўні сямейны альбом: тут самая банальная хрушчоба выбівае настальгічную слязу і замілаванне ад эпохі.

Мінск пасляваенны для архітэктараў быў дужа амбіцыйным месцам: той, стары, Менск сцёрлі і з планаў, і з памяці. А на яго месцы будавалі новы Мінск: адпаведны новым сацыльна-палітычным «выклікам», архітэктурным тэндэнцыям і новаму вобразу «горад моладзі» (за 30 пасляваенных гадоў за кошт вяскоўцаў і прыбышоў з іншых рэспублік колькасць гараджан вырасла ў 20 разоў). Штосьці атрымалася (праспект Леніна), штосьці, дзякуй Богу, не (паглядзіце, які кінатэатр хацелі ўзвесці на месцы Чырвонага касцёла - фотка ніжэй, злева ўверсе). Такая ілюстраваная энцыклапедыя пра Мінск спраўджаны і няспраўджаны.

Рэзюмэ: must have маладых архітэктараў, якія, гледзячы на мінскую забудову «нулявых», любяць паўтараць: «Гадоў праз 20 нам спатрэбіцца шмат дынаміту».

Дзе набыць: калі пашанцуе, у букінісце на Маркса.

 

 

Мінск. Учора і сёння. Аўтар-складальнік В.І.Каляда

Мінск, «Беларусь», 1988.

Калекцыя фотаздымкаў і паштовак легендарнага мінскага оталарынголага, а лепей сказаць, шчырага мінчука і калекцыянера гарадской даўніны Васіля Каляды.

Пра што: тады, у апошнія гады БССР, гэты фотаальбом успрымалі як вялікі падарунак. У прамым сэнсе: у «саўку» кніга, асабліва калі яна каштавала 10 руб. 70 кап., сапраўды была «найлепшым падарункам». І ў пераносным: палова фотак альбома – рэдкія здымкі губернскага Мінска.

…Дызайнер аднаго мінскага выдавецтва, што рыхтавала іншую кнігу Каляды, узгадвала: нягледзячы на тое, што Васіль Іванавіч быў доктарам, кожная фота і паштоўка з яго калекцыі ззаду былі падпісаныя акуратным почыркам. Што, як вы разумееце, рэдкасць для медработнікаў.

Тады, 25 год таму, кніга Каляды стала каштоўнасцю: столькі рэдкіх фотаздымкаў! Зараз яна каштоўнасць удвая: нават здымкі савецкага перыяду з адміністрацыйнымі будынкамі цяпер сталі каляровым адбіткам абрысаў горада, які не вернеш. І ўтрая каштоўней тое, што кніга – помнік Мінчуку з вялікай літары: інтэлігентнаму, няўрымсліваму, талерантнаму і такому апантанаму сваім горадам Васілю Калядзе.

Рэзюмэ: Васіль Іванавіч, дзякуй, што столькі зрабілі для нашага горада. Светлая памяць…

Дзе набыць: у шмат якіх букіністах сталіцы.

 

 

Мінск на старых паштоўках. Мінск, 1984. Аўтар-складальнік Вячка Целеш

Мінск, «Беларусь», 1984.

Вячка Целеш, рыжскі мастак беларускага паходжання, адным з першых падрыхтаваў і надрукаваў старадаўнія паштоўкі пра дасавецкі Мінск, праз што ледзь не быў абвешчаны антысаветчыкам.

Пра што: у 1984-м Целеш рызыкнуў учыніць фактычна ідэалагічную дыверсію. Ён не проста друкуе досыць рэдкія паштоўкі пра гісторыю сталіцы БССР з уласнай калекцыі. Не проста робіць невялічкія анатацыі да кожнай з іх. Ён адмыслова павялічвае тыя фрагменты фотак, дзе адлюстраваныя людзі.

Гараджане. Сапраўдныя мінчукі ХІХ-ХХ стагоддзяў. Жывыя, з эмоцыямі: нехта ўсміхаецца, нехта саромеецца, хтосьці наогул не зважае на немалую па памерах фотакамеру, якая ўтыркнулася ў яго жыццё. Мінчукі незвычайна апранутыя – як для нашага часу, так і для міфа пра тое, што «Мінск да рэвалюцыі – губернскае мястэчка, правінцыйнае і нікчэмнае».

Рэзюмэ: «Гэта кніжка пра Парыж?» – спытаў наш сябар, калі мы рыхтавалі гэты артыкул. А пытанне ж зусім не дурное, як падаецца на першы погляд.

Дзе набыць: дзякуючы накладу – 27 000 асобнікаў – кніга яшчэ доўга будзе хаатычна з’яўляцца ў мінскіх букіністах.

 

 

Мінск незнаёмы. 1920-1940. Аўтар-укладальнік Ілья Куркоў

 

Мінск, «Ураджай», 2002.

Ні хвіліны не думайце, калі ўбачыце гэты альбом. Гэта бестселер, бібліяграфічная рэдкасць, гістарычны дэфіцыт, на які палюе палова мінскіх краязнаўцаў і блогераў. Купляйце – і будзе вам шчасце: эстэтычнае і інфармацыйнае.

Пра што: феномен кнігі Куркова відавочны: зусім невядомыя фотаздымкі, выдатная прадмова і своеасаблівае пасляслоўе. І самае галоўнае – якасць. Тэкстаў – яны напісаныя чалавекам, які вывучаў савецкі даваенны Менск не па вікіпедыі (хутчэй, вікіпедысты вывучаюць Менск па Куркову). Фотак – яны сабраныя па розных архівах і ўражваюць сваімі сюжэтамі, відамі горада, героямі.

Ілья Куркоў пабудаваў кнігу па прынцыпе экскурсіі – ад вакзала па праспекце і ў раёны. Падчас экскурсіі аўтар не проста пералічвае даты, назвы, імёны. Ён жангліруе гістарычнымі фактамі, цытатамі з газет і часопісаў – і вось ужо перад намі зусім іншы Менск. Напрыклад, ці ведалі вы, што ў даваеннай памежнай з белапалякамі сталіцы БССР нельга было фатаграфаваць без дазволу адпаведных органаў? А ўзімку крывавага 1937-га выйшлі новыя правілы праезду ў трамваі: забараняецца знаходзіцца ў транспарце асобам з вінтоўкай, а таксама канваірам з арыштаванымі.

Рэзюмэ: але самае галоўнае ў гэтай кнізе – незамыленыя фотаздымкі.

Дзе набыць: калі ведаеце, пішыце ў каментах.

 

 

Мінск. Фотаальбом. Зянон Пазняк. Мінск, 1968

Мінск, «Беларусь», 1968.

Самая загадкавая кніга пра Мінск – нам нават не ўдалося знайсці яе вокладку. Альбом мала хто бачыў, мала хто гартаў. Але яго хочуць усе, хто цікавіцца тэмай.

Пра што: 20-гадовы студэнт тэатральнага інстытута з дзіўным імем Зянон узяў у рукі фотаапарат і пайшоў фатаграфаваць сталіцу. Тое, што ў выніку атрымалася, без сумненняў можна назваць найлепшым і ўнікальным фотаальбомам пра пасляваенны Мінск. Выдатныя кампазіцыі (Пазняк па адукацыі мастацтвазнаўца), колеры (хаця сам аўтар узгадвае, што друк тады быў на мяжы фолу, а ягоныя фотаапараты – гэта звычайныя савецкія «мыльніцы») і горад герояў Мінск. Мінчукі ў альбоме сустракаюцца хоць рэдка, але гэта сапраўды героі нейкага ненайгранага фільма: іх цікава разглядаць, углядацца ў твары і паставы, цікава прыдумляць, пра што яны зараз думаюць, мараць, каго кахаюць ці ненавідзяць. І горад тут – самы выдатны драматычны акцёр.

…Але дзесьці ў глыбіні гэтай фотарамантыкі шасцідзясятых нараджаецца рэзкі боль сямідзясятых і васьмідзясятых, калі з Мінска літаральна выражуць яго гісторыю.

Рэзюмэ: калі не знойдзеце гэтую кнігу, абавязкова паглядзіце фільм «Любимая» , зняты прыкладна ў тыя ж часы, у тым жа Мінску, з тым жа настроем.

Дзе набыць: каб мы ведалі.

Фота Аляксей Літвінка.

Еще по этой теме:
Минск на фотокарточках иностранцев в 1950-60-х
Лагатыпы Мінска эпохі Сталіна, Машэрава, Слюнькова
Замок в центре Минска: сюда бы Леди Гагу
поделиться