У Беларусі пачаў квітнець лён – сацсеткі паступова запаўняюцца здымкамі пяшчотных бэзавых кветак. Некаторыя беларусы нават жартуюць: навошта ехаць у Праванс, калі ў нас ёсць і свае прыгожыя кветкі. CityDog.io паказвае, як выглядае льняны сезон.
«Гэта мора, толькі льняное»
Беларуска Ірына ехала па трасе Мінск – Вільнюс і ўбачыла вялікае поле з квітнеючым лёнам.
«Рабяты, як жа хораша! Уся траса сёння стаяла, ніхто не таптаў, не лез унутр», – расказала дзяўчына.


Фота: @botanica_by, Threads.com.
Аксана ўбачыла квітнеючы лён упершыню – дзяўчына адзначыла, што палі вельмі прыгожыя і пяшчотныя.
«Гэта проста мора, толькі льняное. Люблю лён», – дадала ў каментарыях карыстальніца zoiadanilova41.


Фота: @b.oksi, Threads.com.
«Квітнеючы лён у гэты час года ў Беларусі – гэта проста казка! І навошта нам Праванс, калі такая прыгажосць ёсць побач» – цікавіцца Таццяна.

Фота: @mazanik_tatsiana, Threads.com.
А колькі часу засталося, каб палюбавацца лёнам?
Па словах спецыялістаў, лён квітнее каля 10 дзён. Дарэчы, зацвітаць лён пачаў у пачатку ліпеня, так што шанц убачыць кветкі яшчэ ёсць.
Убіраць лён аграномы пачнуць прыкладна праз месяц пасля таго, як ён адцвіце.



Фота: @andreinaronski, Threads.com.
Дзе шукаць ільняныя палі
У Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці знаходзіцца адно з самых вялікіх ільняных палёў – каля 3,2 тыс. гектараў.
Каардынаты: 54.5776, 30.67173.
Таксама вялікія палі лёну можна адшукаць у Гродзенскай вобласці, у прыватнасці пад Карэлічамі і пад Лідай.
Каардынаты: 53.5388, 26.19512.
У сацсетках беларусы папярэджваюць, што ехаць любавацца лёнам лепш у першай палове дня – да абеду пялёсткі кветак зачыняюцца.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













