Лагатыпы Мінска эпохі Сталіна, Машэрава, Слюнькова

Лагатыпы Мінска эпохі Сталіна, Машэрава, Слюнькова
Мы рэканструявалі лагатыпы, якія маглі б пабачыць мінчукі і госці горада, калі б Чэмпіянат свету па хакеі вырашылі ладзіць у Мінску ў 1950-1980-ых.

Мы рэканструявалі лагатыпы, якія маглі б пабачыць мінчукі і госці горада, калі б Чэмпіянат свету па хакеі вырашылі ладзіць у Мінску ў 1950-1980-ых.

Вось ужо другі тыдзень рэкламістаў і маркетолагаў ліхаманіць. З дня на дзень тэндэрны цэнтр Мінгарвыканкама можа абвясціць конкурс на стварэнне брэнда Мінска. Лога, слоган і шрыфты сталіцы хочуць паспець распрацаваць да Чэмпіянату свету па хакеі. На жаль, з конкурсамі лагатыпаў у беларускай сталіцы неяк не склалася. Вось мы і падумалі: а што, калі капнуць гісторыю? І рэканструяваць лагатыпы, каб сучасныя дызайнеры натхняліся і не паўтараліся?

CityDog парыўся на паліцах бібліятэк, паглядзеў, як на вокладках кніг, у картах, на паштоўках у свой час абыгрываўся вобраз горада. І рэканструяваў некалькі лагатыпаў...

1950: сталіца сталінскага ампіру

Крыніца натхнення: История Минска. Институт истории (Академия наук БССР), Мн, 1957. Мастакі Ф.Навікоўскі, В.Харэўскі. Скан вокладкі адсюль (дзякуй Скрыпу).

Гісторыя да лагатыпа: у другой палове 50-х Мінск стаў горадам, пра які марыў таварыш Сталін. З горада «уездного типа, с кривыми узкими улочками» за дзесяцігоддзе ён ператварыўся ў сацыялістычны мегаполіс з вуліцамі «пошире и попрямее».

Мінск мусіў наглядна ўвасабляць моц, веліч і псеўдакласіцыстычную гламурнасць Краіны Саветаў. Дзікая сумесь барока, ампіру, позняга класіцызму і ар-дэко дапаўнялася пампезнасцю, раскошай, веліччу і манументальнасцю. Сталіца БССР стала музеем сталінскага ампіру. Сярпы, молаты, калгасніцы з рабочымі – і зоркі, зоркі, зоркі.

1960: адліга, свабода, сэксуальнасць

Крыніца натхнення: Минск. Краткий СПРАВОЧНИК. Выд. «Полымя», Мн, 1967. Вокладка У.Ярмоленкі. Скан адсюль (c) А.Харашэўскі, В.Зелянкоў).

Гісторыя да лагатыпа: у гэты год Мінск святкаваў 900-ы дзень нараджэння. 5 год таму ў цэнтры знеслі помнік Сталіну (пасля смерці правадыра ён стаяў амаль дзесяць год). І да горада на Свіслачы паціху-патроху даплялася хрушчоўская адліга.

Па Мінску гулялі нефармалы-бітнікі (праз год у іх быў першы фэст), на Нямізе пабудавалі Дом мадэляў, а па адрасе пр-т Леніна, 44 размясцілася легендарная «Вечерка». Горад на Нямізе ў свае 900 быў такім маладым, свабодным, сэксуальным! Не верыце – паглядзіце фільм «Любимая» з Віталём Саломіным, дзе Мінск не проста дэкарацыя – асобны герой.

 

1970: пануры і салідны, як сама ўлада

Крыніца натхнення: Минск – город-герой. Справочник. Выдавецтва БелСЭ, 1976. Афармленне В.Філімонава.

Гісторыя да лагатыпа: у 1974 Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-герой», другі ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка». Кажуць, Машэраў выпакутаваў гэтыя ўзнагароды для сталіцы БССР потам і крывёю.

Мінск часоў застою – ціхая гавань для адстаўных чынуш з усіх куткоў СССР. І горад Сонца для беларускіх вяскоўцаў. Горад-мільённік сёлета ўключыў в.Зялёны Луг у свае межы, а праз год пачне будаваць метро. Мясцовы завод «Гарызонт» выпускае з канвеера 3-мільённы тэлевізар – сімвал дабрабыту сярэднестатыстычнай сям’і.

У БССР – эра стабільнасці і дастатку з кілбасой па 2.20. Мінск – горад «у футляры»: пануры і салідны, як сама савецкая ўлада.

1980: перабудова, гісторыя, амаль Менск

Крыніца натхнення: Мінск учора і сёння. Выдавецтва «Беларусь», Мн, 1988. Мастацкія рэдактары А.А.Бетанава, В.П.Курусь і Б.Е.Ярота.

Гісторыя лагатыпа: перабудова пачынаецца нават у Савецкай Беларусі, якая дагэтуль не дазваляла сабе адхіляцца ад цэнтральнай лініі партыі. Тэма адраджэння гістарычнай памяці становіцца для Мінска дамінантнай. У газеце «Літаратура і Мастацтва» выходзіць артыкул Пазняка і Шмыгалёва пра мінскае ўрочышча Курапаты. На Дзяды праходзіць шматтысячны мітынг-рэквіем, утвараецца «Мартыралог Беларусі» і БНФ. Мінчукі паспяхова адбіваюць нападкі ўладаў і будаўнікоў на Стары горад. Усё часцей чуецца прапанова вярнуць Мінску гістарычную назву Менск.

У сталічных кнігарнях папулярнасцю карыстаюцца фаліянты кшталту альбома Васіля Каляды «Мінск учора і сёння», дзе сабраныя мінскія фоты і паштоўкі розных эпох. Тыраж 60 000 разлятаецца – не спыняе нават кошт: амаль 11 рублёў. Ніхто не задумваецца, што гэта 6 кіло варанай кілбасы, – гістарычную памяць не праясі…

Многа год таму назад...

Калі б пры двары самага першага і самага лепшага мінскіх губернатараў былі дэпартаменты маркетынгу, то Захар Карнееў і Карл Чапскі насілі б брэндзіраваныя майкі. Прынамсі, у нефармальнай абстаноўцы.

Захар Карнееў (губернатар Мінска з 1797 па 1808 гады, злева), хутчэй за ўсё, зацвердзіў бы такі класіцыстычны лагатып. Яго мы рэканструявалі па карце Мінскай губерні 19 стагоддзя. Карл жа Чапскі (губернатар Мінска з 1890 па 1901 гады, справа) відавочна ацаніў бы такія модныя напачатку 20 стагоддзя мадэрнавыя шрыфт і візуальнае рашэнне. Гэты лагатып мы рэканструявалі па паштоўцы таго часу.

Мастак Галіна Лазарчык

поделиться