Люди, истории
CityDog.io

Беларус стварыў парк каля свайго ўніверсітэта: пачытайце яго гісторыю

Беларус стварыў парк каля свайго ўніверсітэта: пачытайце яго гісторыю
Кірыл Кветка апантаны раслінамі ўсё сваё жыццё. У 10 гадоў ён пачаў гандляваць імі на рынку, каб зарабіць на іншыя экзэмпляры для свайго саду. У 15 стаў вырошчваць расліны ў цяпліцы. Студэнтам Кірыл стварыў на тэрыторыі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта «Кветка Парк», які цяпер ужо стаў візітоўкай горада. Памерам больш за два гектары, ён мае больш за 3000 розных раслін.

Кірыл Кветка апантаны раслінамі ўсё сваё жыццё. У 10 гадоў ён пачаў гандляваць імі на рынку, каб зарабіць на іншыя экзэмпляры для свайго саду. У 15 стаў вырошчваць расліны ў цяпліцы. Студэнтам Кірыл стварыў на тэрыторыі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта «Кветка Парк», які цяпер ужо стаў візітоўкай горада. Памерам больш за два гектары, ён мае больш за 3000 розных раслін.

Цяпер хлопец скончыў універ, але працягвае развіваць парк. Пра сваю гісторыю ён расказаў adu.place.

Рынак – калыска натхнення

– Я займаюся раслінамі амаль з нараджэння. Пакуль жылі ў кватэры, вырошчваў хатнія расліны, але мае магчымасці абмяжоўваліся трыма падваконнямі. Калі мне было 10, мы пераехалі ў прыватны дом, і я перакваліфікаваўся на садовыя расліны. Тады ж я ўпершыню пайшоў на рынак і стаў зарабляць капейчыну, каб купляць новыя расліны. Пагандлявалі на рынку з бацькамі, на зваротным шляху заехалі ў кветкавую краму – і ўсе грошы імгненна разышліся на новыя расліны.

Калі мне было гадоў 15, я адначасова вучыўся, гандляваў на рынку, вырошчваў нешта ў цяпліцы, якую мне дапамагаў змайстраваць бацька, і прафесійна займаўся водным пола. Часам нават бабуля ездзіла за мяне на рынак і старалася прадаваць расліны па шыльдачках з апісаннямі, якія я рабіў.

Тады рынак быў эпіцэнтрам усяго ў нашым горадзе, а я не магу расказваць ціха, без эмоцый, таму мае аповеды для аднаго чалавека пра догляд за пэўнай кветкай прываблівалі яшчэ шмат мінакоў. Цяпер рынак ужо не такі папулярны, але каля майго пункта і дагэтуль збіраюцца людзі: у мяне нізкія кошты, я ўсім раблю падарункі і заахвочваю людзей сваімі расказамі.

Мая мэта – натхніць людзей кветкамі, каб у іх загараліся вочы. Цяпер некаторыя людзі нават і не хочуць нешта пасадзіць, але падыходзяць проста падтрымаць мяне.

«Кветка Парк».

Мара, якая аказалася рэальнасцю

– Калі прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, я спыніўся на сваім родным горадзе Брэсце, бо не хацеў кідаць сваю калекцыю раслін. Выбраў максімальна блізкую да тэмы спецыяльнасць у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце – «меліярацыя і водная гаспадарка». У той час я ўжо даволі шмат выказваўся ў інтэрв’ю пра сваю мару – стварыць уласны парк, пра гэта прачытаў рэктар Аляксандр Бахановіч. Ён прапанаваў мне рэалізаваць гэта на тэрыторыі ўнівера. Так мая вучоба стала лёсавызначальнай.

Мы пачалі ствараць «Кветка Парк» вясной мінулага года. Спачатку я перасаджваў матачныя кусты са свайго дамашняга саду, сеяў аднагадовыя кветкі з насення – яны ствараюць маштаб. На клумбы пачалі звяртаць увагу студэнты, супрацоўнікі ўнівера, мінакі. Неяк хтосьці праходзіў міма і спытаў мяне, колькі гадоў гэтаму месцу, – парку на той момант было ўсяго тры месяцы.

«Кветка Парк».

Я імкнуся развіваць парк, але для гэтага трэба пастаянна ўкладацца ў яго грашыма, часам і высілкамі. Дагэтуль я рабіў усё сам, але цяпер скончыў універсітэт і маю планы маштабаваць праект, сабраць каманду. Я яшчэ не паспеў запаланіць усю тэрыторыю, а хацелася б – таму буду старацца.

Акрамя ўласна вырошчвання раслін, я арганізую імпрэзы. У «Кветка Парку» ўжо прайшлі выставы 60 гатункаў майго вінаграду – я хацеў паказаць гораду, што ў Брэсце магчыма такое рабіць, каб людзі ўбачылі і натхніліся. Мы таксама рабілі выставы больш за 50 гатункаў астраў да 1 Верасня, да Дня маці – выставы хрызантэм, духмяных раслін і кавуноў. На іх заўсёды ўсё можна мацаць і нюхаць. Я ладжу экскурсіі па парку – пэўна, ужо ўсе школы, дзіцячыя садкі і працоўныя калектывы Брэста на іх пабывалі. Летам правёў, пэўна, экскурсій 150. Я стараюся знайсці падыход да розных людзей: напрыклад, з дзеткамі мы нюхаем і мацаем расліны, бо ім так цікава.

«Кветка Парк».

Любому месцу значнасці надаюць людзі, якія там гуляюць. Каб іх не было, яно б не мела такога сэнсу. Таму я рады, што ёсць людзі, якія шмат значэння надаюць «Кветка Парку». Сюды прыходзяць пасля працы прагуляцца, панюхаць кветкі, пабавіць час з сябрамі. Я стараюся рабіць усё магчымае, каб развіваць парк, – напэўна, таму ў мяне атрымліваецца.

Задаваць свае трэнды

– У школе я пачаў дзяліцца натхненнем у сацсетках. Спачатку ўсе нават асуджалі і смяяліся – маўляў, хлопец вырошчвае кветкі. Але я гэта перарос: зразумеў, што гэта маё жыццё, і мне стала ўсё адно на ўсіх. Насамрэч стэрэатыпы адносныя: усе адэкватныя людзі разумеюць, што гендар не пераклікаецца з хобі ці са справай. Можна ўсё перавярнуць і задаць іншыя трэнды – паказаць, як варта.

Свой першы цікток я запосціў падчас кавіду: зрабіў фотасэт у масках з кветак, які праглядзела паўмільёна чалавек. Усім вельмі спадабаліся відэа пра вінаград – людзі не разумелі, як у Беларусі можна вырасціць такую прыгажосць. Шмат хто скідвае мне фоткі, людзі дзеляцца, што купілі і вырасцілі.

Але цяпер я мала камунікую праз сацсеткі – больш часу выдаткоўваю на «Кветка Парк». Хачу маштабаваць яго, каб ён стаў такім зялёным эпіцэнтрам. Таксама маю планы даць там уласны сольны канцэрт, бо ўжо маю свой альбом.

Вядома, шмат высілкаў сыходзіць на ўсё гэта, але лічу, што самае галоўнае – не здавацца. Варта спрабаваць, нават калі не атрымліваецца! Нікога не слухаць, а ісці наперад. Калі не атрымалася – прааналізаваць памылкі, прыкласці больш высілкаў, параіцца з іншымі – і гэта прывядзе да выніку. Калі ўсё кідаеш, пэўна, не так моцна і хацеў чагосьці.

Парады ад Кірыла, як вырошчваць кветкі

– Большасцю я прыйшоў да ўсяго праз уласны досвед. Я з дзяцінства не люблю ісці па чужых слядах. Але я раіў бы шукаць інфармацыю, зыходзячы з прыбліжанага да тваіх абставін досведу. Напрыклад, мне, жыхару Брэста, будзе малакарысным артыкул пра вырошчванне пэўнага гатунку раслін, які напісаў чалавек, які жыве ў іншым клімаце.

Вядома, шмат што я вучыў праз свае памылкі. Калі мы толькі пераехалі ў прыватны сектар, я купіў свой першы вінаград на грошы, якія мне падарылі на дзень нараджэння. Але быў маленькім, прадавец нічога мне не патлумачыў, я сам з часам даходзіў да высноў, як і што варта рабіць, таму першы ўраджай атрымаў толькі праз шэсць гадоў. Цяпер у мяне будзе пара паўнавартасных гронак вінаграду на наступны пасля пасадкі год. Але я хаця і магу пасябраваць з любымі раслінамі, бываюць розныя сітуацыі.

Адна аграфірма даслала мне на тэсцтраванне больш за сто гатункаў петуній – я нічога не вырасціў, бо разбавіў добры грунт з зямлёй з гароду, а там аказаліся шкоднікі і захворванні. Падавалася, я ведаў, як варта рабіць, але паўплывалі розныя фактары: лянота, жаданне зэканоміць грошы, думкі «а мо і так пранясе». У ідэале трэба рабіць усё як мае быць.

Цяпер зіма, таму людзі сутыкаюцца з шэрагам тыповых праблем, калі вырошчваюць кветкі. Нашы кватэры і так створаны для жыцця чалавека зімой, а не трапічнай расліны, таму ім даводзіцца цяжка. Галоўнае пытанне – недахоп свету і цеплыні. Таму раю пазбягаць марозных скразнякоў, а калі бракуе свету – выкарыстоўваць фіталампы.

Яшчэ адна праблема не зусім абазнаных людзей – інтэнсіўнасць паліву. Расліны хочуць своечасовага паліву, і галоўнае – каб земляны ком не перасыхаў. І калі чалавек кіруецца выключна інструкцыяй, дзе напісана «паліваць два разы на тыдзень», гэта можа спрацаваць летам, а не ўзімку. Зімой расліне трэба менш вільгаці, таму варта адчуваць гэта і паліваць, калі высыхае верхні слой. Такія нескладаныя інструкцыі дапамогуць вам правільна даглядаць расліны!

Хуткая апытанка для Кірыла:

– Самая дарагая адзінкава купленая расліна?

– Лілейнік. Я купіў яго яшчэ да дэнамінацыі за адзін мільён трыста тысяч рублёў.

– Любімы твор пра кветкі?

– «Маленькі прынц». У нейкім разуменні мы падобныя ізаляванасцю і прыхільнасцю да чагосьці пэўнага.

– Адзін з першых успамінаў пра кветкі?

– Мне было гадоў сем. На плошчы пасля 8 Сакавіка дагандлёўвалі кветкамі, і я ўгаварыў бацькоў, каб мне купілі адну. Добра памятаю, як назіраў за працэсам кожны дзень: недзе кветачка завяла, недзе з’явілася новая, павытрасаў зямлю – там цыбулінка засохла. Цяпер я ведаю, што гэта быў крокус – ранняя вясенняя кветачка.

– Ці дорыш ты кветкі?

– Я не дару букецікі на нейкія святы, бо ва ўсіх маіх знаёмых маіх кветак і так мора. Бо калі камунікую з людзьмі вакол мяне, яны самі сабой насычаюцца нейкімі саджанцамі. Таму з букецікамі гэта нават не параўнаць.

– Любімая кветка?

– Усе да адзінай аднолькава любімыя. Нават у маленькай кветачцы можна разглядзець нешта вялікае і натхняльнае, цэлы сусвет. Але асаблівыя для мяне тыя, што я сам выводжу. Напрыклад, я вывеў лілейнік, зарэгістраваў, назваў «Кветка Кірыла». У мяне ёсць мэта: праз гадоў 50, калі ў мяне будзе шмат выведзеных мной раслін, пасадзіць парк з выключна выведзеных мной раслін.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Instagram.com/kvetka_kirilla, Unsplash.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter