Места Квартиросъемка
CityDog.io

Кватэраздымка: неверагодны дом у класічным стылі пад Валожынам

Кватэраздымка: неверагодны дом у класічным стылі пад Валожынам
Класічны беларускі стыль звонку і беларуская класіка з міжземнаморскім стылем унутры. І бясконцы свет у вялікіх вокнах. Каб нам дазволілі – мы б засталіся тут жыць.

Класічны беларускі стыль звонку і беларуская класіка з міжземнаморскім стылем унутры. І бясконцы свет у вялікіх вокнах. Каб нам дазволілі – мы б засталіся тут жыць.

У 2007-м Сяржук і Галіна шукалі летні домік. Для гэтага аб’ехалі ўсё наваколле Мінска ў радыусе 40 кіламетраў. І ў Валожынскім раёне натыкнуліся на стары будынак былой польскай школы плошчай 400 квадратаў, якую аж закарцела набыць. Але пакуль “трэслі” гаспадароў школы, заўважылі, што побач, на ўзгорку, у высачэзнай траве стаіць стары дом.

– Мы хутка знайшлі гаспадара, і ўсё аказалася вельмі проста, – распавядае Сяржук. – Дом быў яму не патрэбен, таму мы набылі яго за нейкія смешныя грошы – за 500 баксаў, падаецца, можа ў 1 000 з усімі афармленнямі гэта стала. Я памятаю, як мы знайшлі гэты дом, селі ў гэтай высокай траве і кажам: “Так, гэта яно!” Проста бываюць у жыцці такія месцы.

– Зараз дом выглядае зусім па-іншаму, будавалі мы яго каля двух гадоў: набылі ў 2007-м, а пераехалі ў 2009-м. Жылы пакуль што толькі першы паверх. З улікам усіх-усіх дабудоваў, працаў на другім паверсе, якія мы ўжо пачалі, з улікам гаража, які мы дабудавалі, – я думаю, што каля 150 000 мы выдаткавалі. Гэта кошт добрай кватэры ў Менску.

Гэта беларуская класіка: перыметр з 45-кутавым дахам, са шпакоўняй наверсе. Толькі што тут няма аздабляльных ці “а-ля класічных” рэчаў, калон, напрыклад. То бок па канструкцыі ён класічны беларускі, а калі аздаблялі яго, то былі незалежныя ад Беларусі. Чорныя вакніцы, шалёўка ўжо больш амерыканская, гараж дабудаваны, таму што нам так захацелася.

Ад плоту гаспадары адмаўляюцца прынцыпова. І трэба пагадзіцца, што від на дом і від з дому былі б плотам толькі папсаваныя. Будынак драўляны, бо гаспадары хацелі больш натуральнасці. Хоць Сяржук прызнаецца, што, калі б была магчымасць, сёе-тое зрабіў бы інакш.

– Ёсць некалькі фактараў, якія прымушаюць выкарыстоўваць больш сучасныя матэрыялы.

Па-першае, мышы. Тут калгаснае поле, і яны лезуць, як дзікія. Другі фактар – вецер. У нас не было жадання будаваць каля возера, рэчкі ці лесу. Калі ўзгадаць які сярэднявечны замак – яго ж не будавалі каля рэчкі, а будавалі на гары, каб было бачна, хто ідзе, хто едзе. Так і мы хацелі – далягляду. І таму, што ён стаіць на ўзгорку, ён прадзімаецца. Не тое, што мы паміраем, але калі ўзімку тры дні запар вецер дзьме ў адзін бок, у нас куты ў некалькіх пакоях становяцца больш халоднымі.

 

КАЛІДОР

– Тут у нас мінімалізм, такі, хутчэй, скандынаўскі стыль з элементамі беларускай класікі і Міжземнамор’я, асабліва кухня і ванная. Сэнс быў у тым, каб сцены заставаліся такімі, якія яны ёсць. Яны няроўныя, такія калдырнаватыя, але нас гэта радуе, – пачынае Сяржук экскурсію па доме.

Усё, што павінна быць зроблена прафесіяналамі, – было зроблена імі. То бок брус, напрыклад, усе цяжкія працы. Але я і сам прыязджаў сюды і рабіў усё, што мог. Напрыклад, каналізацыю сам раскладаў, шпатляваў; фарбавалі самі, з дапамогай сваякоў.

 

СПАЛЬНЯ

Калі ўваходзіш у спальню – бярэ зайздрасць. Кожны ранак і кожны вечар бачыць не шафу ці сцяну, а вось такія краявіды – як раз тое, дзеля чаго патрэбен уласны дом.

– Мы глядзім на зоркі, калі засынаем. А спім у гэтым пакоі ўсе: Настасік засынае ў сваім ложку, а прачынаецца з намі. А Антося спіць з намі і пакуль што так і будзе, нас гэта цалкам задавальняе. Ложак двухметровы, нам хапае.

– Тут сцены нефарбаваныя, бо мы хацелі, каб было дрэва, пахла дрэвам. Ложак дацкі, вельмі класны, дзіцячы ложак – ІКЕА, украінская качалка, шафа – дацкая. У прынцыпе, у доме сабраная мэбля з усяго свету, беларуская ў тым ліку.

Гэта шкло не прадзімаецца, але, канешне, пры моцным ветры тыя пакоі, якія зашклёныя, становяцца трошкі халаднейшымі. Пры тым шкло энергазберагальнае, яно назапашвае ўсю сонечную энергію, якая на яго трапляе. Найлепшы дзень для нас – гэта калі -30 і сонца. Мы тады можам выключаць ацяпленне, і ў доме будзе выдатна. Калі мы рабілі гэтыя вокны, нам усе круцілі пальцам ля скроні, што, маўляў, вы прыдуркі, вам ніхто такога не зробіць. У тыя часы не было ніводнага будаўнічага супермаркета, а такія здаравенныя шклопакеты ніхто не браўся ставіць. Але ўсё атрымалася.

 

ДЗІЦЯЧЫ ПАКОЙ

– Тут цёмна, бо за вакном стогадовыя дуб і клён, мы іх не выразалі, таму што яны вельмі прыгожыя. І гэта адзін з нешматлікіх пакояў, дзе акно не на захад. Дом так рабіўся, каб вокны былі на захад, таму толькі гэта на ўсход і яшчэ адно ёсць на поўдзень. Гэты пакой спецыяльна зроблены, каб быў халаднейшы ўлетку.

– Сістэма ацяплення ў доме геатэрмальная. У зямлю закапаны трубы, якія даюць цяпло. Электраэнэргія дае ўсё: і цяпло, і святло, і пліта на ёй працуе. Па выдатках атрымліваецца не вельмі танна, канешне. Каля 100 баксаў у сярэднім на месяц – летам менш, узімку больш.

У пакоі дзеці пакуль не жывуць, толькі складваюць цацкі, гуляюць ці тут, ці ў любым іншым пакоі. Але ці не сумна тут і дзецям, і бацькам? Усё ж дабірацца сюды ад Мінска трэба мінімум гадзіну.

– Людзей, якія гатовы сюды прыхаць, шмат. Мы можам некуды ехаць. Але гэта дом, дзе ты ўвечары і раніцай можаш сапраўды адпачываць. У мяне неабмежаваны графік, але дома я атрымліваю проста асалоду. Наконт дзяцей – ёсць суседзі, ёсць сябры ў радыусе 10 км, да якіх можна хутка заехаць, ёсць Менск, ёсць садок. Мы спачатку хацелі Настася аддаць у мясцовы садок, але вырашылі аддаць у ангельскамоўны. І возім чатыры разы на тыдзень. І ніколі больш за гадзіну ў мяне дарога да садка не займае. 50 хвілін звычайна.

 

ВАННАЯ

– Ванная зроблена ў міжземнаморскім стылі. Ідэя ў тым, каб яна і кухня выглядалі як пакоі. Каб ад пакоя іх адрознівала толькі сантэхніка. Ванну мы знайшлі ў сталінскім доме, яна 1953 года. Я сам яе рабіў, зачышчаў, абліваў.

Дарэчы, Сяржук сцвярджае, што фіранкамі ў доме карыстаюцца вельмі рэдка, нават у гэтым пакоі. Госці – так, а гаспадары ўжо не звяртаюць на вокны ўвагі. Усё роўна суседзяў няма.

 

ЗАЛА

– Уся ідэя дома – у спалучэнні натуральных матэрыялаў. Бетон, дрэва і некаторыя металічныя рэчы. І шмат белага – у нас была мара, каб усё было белае і каб была максімальная прастора. У пакоі ёсць тэлевізар, але мы яго амаль не глядзім, гэты пакой больш для таго, каб пасядзець, выпіць гарбаты, паразмаўляць. З дзецьмі тут гуляем. Мяккі набор рабілі па нашай замове, а камоды – з ІКЕА.

На сцяне, дарэчы, бабулін гадзіннік, якому ўжо больш за сотню гадоў. Гаспадары яго адмыслова не рэстаўрыравалі – каб усё засталося, як ёсць.

 

ПАКОЙ ДЛЯ ЁГІ

Уваходзім у яшчэ адзін пакой і кажам: “А вось і кабінет!” Але не. Высвятляецца, што “кабінет” насамрэч – пакой для йогі.

– Мы займаліся ёгай і хацелі пакой, дзе б увогуле не было мэблі, – распавядае Сяржук. – Дзе можна было б адпачыць. Стол стаяў у залі, але ён там не пасаваў, і мы пераставілі яго сюды. Я тут працую, але гэта не кабінет, а проста месца, дзе можна працаваць. Ложак паставілі сюды, бо патрэбна было спальнае месца, каб маглі адпачываць сваякі ці госці. Калі даробім другі пакой, то пакой для гасцей будзе там, а тут мэблю можна будзе прыбраць.

У пакоі два вокны, таму ён самы цёплы ў доме. Мы хацелі зрабіць так, каб кута не было, было толькі шкло, але ніхто з будаўнікоў за гэта не ўзяўся. Ніхто не мог гарантаваць, што дом будзе стаяць пры такім дызайне. Фатэлі ікееўскія, вінтажныя, яны іх толькі ў гэтым сезоне выпусцілі – і мы адразу набылі. Хацелі набыць шэсць, але столькі да нас цяжка прывезці. Гэтыя мы прывезлі з Масквы, але звычайна ўсё возім з Варшавы.

 

КУХНЯ

– Увесь сэнс гэтага дома ў балансе, які ёсць паміж усім: праца, сям’я, твой час, які ты праводзіш насам-насам, – распавядае Сяржук. – Ежа, якая побач. Мы не ямо тут мяса, затое ў нас ёсць свежыя прадукты, якія мы бярэм са свайго гародчыка і гатуем вячэру. І гэта ідэальна. Мы збіраем розныя зёлкі і з гэтага гатуем гарбату. Такі дом – стыль жыцця. Нельга стварыць дом асобна, як проста “месца, дзе мы жывем”.

– Кухня таксама задумвалася як пакой, рабілі яе з татам, сабекошт усіх матэрыялаў – 1 000 даляраў. На той час гэтымі матэрыяламі была толькі ІКЕА, бярозавая сталешніца ў нас каштавала шалёныя грошы, а там яе можна было набыць за адэкватны кошт. Па стылі ўсё проста: адліваеш слупкі і ў іх ставіш шафы. Ніякіх “навясных” шафаў, выспа з плітой і адсутнасць выцяжкі. Апошняя, дарэчы, зробленая, але не патрэбна, і мы адмовіліся ад яе.

Праблема толькі ў тым, што за шафамі ёсць месца, і гэта для мышэй шчасце. Іх каты ловяць узімку, можаш прачнуцца, а тут крывавыя разборкі. Таму хачу перарабіць шафы так, каб мышам за іх не было доступу. У ваконнай пене яны таксама павыразалі дзіркі і там лазяць, таксама трэба перарабіць.

– Калі будзеце набываць дом, бяжыце з Менскага раёна, – падводзіць вынік Сяржук. – У Валожынскім, напрыклад, усе пытанні вырашаюцца нашмат прасцей, чым у Менску. Прывезці дрэвы, падпісаць дакументы – усё можна зрабіць, усюды нармальныя людзі. Мы паставілі мэту: пабудаваць дом без хабараў, і ў нас гэта атрымалася. І я ўпэўнены, што, калі ты зменіш падыход да іншых людзей, яны таксама адразу зменяцца. Калі ты адэкватна размаўляеш – то бачыш адэкватны адказ ва ўсіх жыццёвых сферах. І гэта робіць камунікацыю нашмат прасцейшай, што ў горадзе, што ў вёсцы.

Дарэчы, гаспадары дома плануюць з’ехаць на 6 месяцаў у верасні і шукаюць для дома арандатараў. Падрабязнасці Серж можа распавесці лістом: naurodski@gmail.com (у тэме дапішыце “Ад Сіцідога”).

 

Фота CityDog.by.

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут .

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter