«Добра, што муж са мной яшчэ не развёўся». Паглядзіце, які надзвычай эстэтычны інтэр’ер стварыла ў сваёй кватэры беларуска ва Вроцлаве

«Добра, што муж са мной яшчэ не развёўся». Паглядзіце, які надзвычай эстэтычны інтэр’ер стварыла ў сваёй...
У рубрыцы «Мая кватэра за мяжой» беларусы з розных краін паказваюць, у якіх кватэрах жывуць. На гэты раз CityDog.io зазірнуў у госці да сям’і, якая тры гады таму пераехала ва Вроцлаў.

У рубрыцы «Мая кватэра за мяжой» беларусы з розных краін паказваюць, у якіх кватэрах жывуць. На гэты раз CityDog.io зазірнуў у госці да сям’і, якая тры гады таму пераехала ва Вроцлаў.

Ксенія з мужам і сабачкам пераехала ў Польшчу ў красавіку 2021 года – у часы, калі з Беларусі яшчэ ляталі самалёты ў Еўропу. Пераезд аказаўся незапланаваным, таму бюджэт на жыллё быў невялікі, «будучыня выглядала незразумелай».

– Кожны з нас прывёз па адным чамадане з найважнейшым. У мяне гэта былі фотатэхніка, пыласос «Дайсан» і фен, – смяецца дзяўчына.

Жыллё знайшлі праз знаёмых знаёмых

Сярод асноўных крытэрыяў пры пошуку жылля Ксенія называе магчымасць жыць з сабакам, вялікія вокны і вялікую колькасць святла ў кватэры, новы рамонт. «Белыя роўныя сцены, нейтральныя падлогі – гэта як чысты ліст, на якім можна ствараць свой інтэр’ер».

Кватэру досыць хутка ўдалося знайсці праз знаёмых знаёмых, якія на той момант ужо 6 гадоў жылі ў Польшчы і дапамагалі «сваім» асвоіцца на новым месцы. Рабяты пагаварылі з гаспадаром жылля і даведаліся, што ён завяршае рамонт у іншай кватэры, – у яе і заехалі новаспечаныя рэлаканты. З самім уладальнікам, дарэчы, пазнаёміліся толькі праз два тыдні – тады і заключылі дагавор.

Першапачаткова ў кватэры была танная мэбля з IKEA

Жыллё размешчана ў таўнхаўсе на ўскраіне горада. У пад’ездзе ўсяго 3 кватэры. Ксенія сцвярджае, што ўсе суседзі вельмі дружныя. Лакацыя таксама не праблема: на раёне ёсць усё неабходнае, даволі хутка можна дабрацца да цэнтра.

Рамонт быў свежы – праўда, пры засяленні прыйшлося спачатку адмыць кватэру пасля будаўнікоў. Уся мэбля – базавая з IKEA: ложак і тумбачкі, канапа, тумба з тэлевізарам, абедзенны стол з крэсламі і кухня, абсталяваная ўсім неабходным.

– Канапу мы называлі канапай катаванняў. Яна была самай таннай ікееўскай, і мы з яе проста спаўзалі. Сядзець удваіх было ўвогуле немагчыма.

 

Упрыгожваць жыллё не хацелася, бо маглі вярнуцца ў Беларусь

– Першым дэкорам, які я купіла ў гэту кватэру, сталі дыван і таршэр з той жа IKEA. У красавіку было дастаткова холадна, дом і кватэра былі яшчэ не прагрэты, таму дыван і цёплае святло, на маю думку, дадалі крыху цяпла, – успамінае Ксенія. – На самой справе першы час нічога не хацелася купляць. У галаве ўвесь час круцілася: а раптам мы тут ненадоўга? раптам мы хутка вернемся? Гэтыя думкі не давалі зазямліцца і прыняць новую рэальнасць.

Але паступова я пачала прыносіць дадому ўсё новыя і новыя прадметы дэкору. А потым пазнаёмілася з польскімі анлайн- і афлайн-барахолкамі – і панеслася. Мяне да гэтага часу не спыніць.

– Гаспадар кватэры прыходзіць кожны месяц за аплатай – і кожны раз дзівіцца майму густу, – смяецца дзяўчына. – Ну і паволі забірае тую мэблю, якая была тут пры засяленні і нам больш не патрэбна. Цяпер застаўся толькі ложак, які я б таксама была не супраць памяняць, але пакуль трымаю сябе ў руках.

Цяпер усе рэчы ў кватэры любімыя

На дадзены момант сям’я жыве ў кватэры ўжо 3 гады. Кошт арэнды за гэты час вырас амаль у два разы. Першы год плацілі 1700 (425$) + 200 (50$) злотых за камунальныя. Цяпер – 3600 злотых (амаль 900$) за ўсё.

Сярод любімых рэчаў Ксенія называе… увогуле ўсё: яе калекцыя шынуазры, якую яна пачала збіраць у гэтым годзе, гіпсавае пано, якое было зроблена на замову і ўзарвала TikTok.

 

– Канапа мне абышлася ў 20$. У рэальнасці яна вельмі адрознівалася ад карцінкі ў аб’яве, а забіраць яе прыйшлося з нейкай пракуранай самаробнай саўны ў мужыка ў гаражы на ўскраіне горада. Антыкварны стол з трумо стаў першай сур’ёзнай пакупкай. Гэта дацкая фірма, якая рабіла мэблю яшчэ для каралеўскай сям’і ў палац. Я падарыла яго сабе на дзень нараджэння – і на ім жа думала спыніцца.

У кожнай здымнай кватэры рабілі рамонт: «Добра, што муж са мной яшчэ не развёўся»

– Для мяне з дзяцінства было важным месца, у якім я жыву. Памятаю, як кожную суботу паказвалі праграму «Квартирный вопрос», я яе любіла. Мама прыходзіла пасля працы, і я вяла яе да сябе ў пакой паказаць, як пераставіла мэблю па-новаму.

Пасля вяселля мы з мужам за два гады памянялі тры кватэры – і ў кожнай рабілі рамонт сваімі рукамі: фарбавалі сцены, падлогу. Перад пераездам у Польшчу мы жылі ў кватэры майго дзяцінства, у якой ужо на другі дзень проста разабралі сцяну паміж кухняй і гасцёўняй. Як я ўдзячная мужу, што ён са мной яшчэ не развёўся!

Для таго каб мяняць пад сябе прастору, ёсць некалькі прычын.

  • Я эстэтка. Калі вакол мне брыдка і некамфортна, я абсалютна непрацаздольная, незадаволеная і злая. Прыгажосць маёй прасторы на першым месцы.
  • Я кантэнт-крэатарка і блогерка, кожны дзень здымаю для сацсетак, таму з прыгожым інтэр’ерам мне не трэба арандаваць студыю для працы. Я магу тыднямі не выходзіць з дому, таму што мне прыгожа і ёсць усё неабходнае для творчасці.

Цяпер мы ўжо думаем пра куплю ўласнага жылля ва Вроцлаве, таму, думаю, пераедзем адсюль ужо ў нешта пастаяннае. Ну а калі прыйдзецца выселіцца раней, то проста знойдзем іншую кватэру – рынак нерухомасці тут вялікі.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: з асабістага архіва гераіні.

#Польша
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter